Перайсьці да зьместу

Берасьцейская Біблія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Берасьцейская Біблія
Тытульная старонка
Поўная назва: Biblia święta, tho iest, Księgi Starego y Nowego Zakonu, właśnie z Żydowskiego Greckiego y Łacińskiego, nowo na Polski ięzyk, z pilnością y wiernie wyłożone
Іншыя назвы: Радзівілаўская Біблія, Піньчаўская Біблія
Скарачэньне: ББ
Мова: Польская
Поўная Біблія апублікаваная: 4 верасьня 1563 (461 год таму)
Мова крыніцы: Габрэйская, грэцкая
Выдавец: Цыпрыян Базылік
Канон: Пратэстанцкі

Берасьце́йская Бі́блія (ад месца выданьня, Радзіві́лаўская паводле фундатара, Пі́ньчаўская паводле месца выкананьня перакладу) — другі (пасьля каталіцкае Бібліі Леапаліты(pl)) поўны пераклад Сьвятога Пісьма на польскую мову, выдадзены на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага ў 1563 року.

У падрыхтоўцы перакладу бралі ўдзел каля 20 эўрапейскіх тэолягаў. Берасьцейская Біблія стала адным зь першых поўных перакладаў новага часу з моваў арыгіналу: іўрыту і грэцкай мовы. Яе наклад, як раней меркавалі, складаў больш за 500 асобнікаў, сучасныя дасьледчыкі дапускаюць, што было выпушчана ў два разы больш паасобнікаў.

На першым аркушы зьмешчаны герб Радзівілаў, пасьля ліст-прысьвячэньне Мікалая Радзівіла каралю Жыгімонту Аўгусту, прадмова князя, поўныя тэксты Старога і Новага Запаветаў[1]. Зьмяшчала прадметны паказальнік.

Помнік беларускага кнігадрукаваньня XVI стагодзьдзя. Зь яе пачалося разьвіцьцё рэфармацыйнае біблеістыкі і экзэгетыкі ў Беларусі[1]. Асобнікі захоўваюцца ў Расейскай дзяржаўнай бібліятэцы ў Маскве, Цэнтральнай бібліятэцы АН Летувы і ў Ягелонскай бібліятэцы ў Кракаве. Няпоўны экзэмпляр захоўваецца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі[2]. З 2014 году ў фондах Берасьцейскай абласной бібліятэкі таксама зьявіўся няпоўны экзэмпляр Радзівілаўскай Бібліі. Падчас сьвяткаваньня 1000-годзьдзя Берасьця 6 верасьня 2019 году гораду быў падораны яшчэ адзін, найбольш поўны асобнік Берасьцейскай Бібліі, які захоўваецца ў Музэі гісторыі гораду. У 2019 годзе ў навукоўцы Беларусі падрыхтавалі таксама факсымільнае выданьне Берасьцейскай (Радзівілаўскай) Бібліі, прэзэнтацыя якой адбылася ў Берасьці падчас сьвяткаваньня 1000-годзьдзя гораду.

У Беларусі доўгі час лічылася, што пасьля сьмерці фундатара большую частку накладу выданьня спалілі ў двары Нясьвіскага замка (Наваградзкі павет) на загад сына-каталіка Мікалая Радзівіла «Сіроткі»[3]. Аднак, як сьцьвярджае дасьледчык Берасьцейскай Бібліі намесьнік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алесь Суша, гэта адзін зь мітаў пра гэтую Біблію, які стала прыжыўся. Наадварот, гэтую Біблію шанавалі, бераглі, часам бацькі перадавалі кнігу ў пасаг дочкам, і гэта быў багаты дар. Той факт, што ў сьвеце сёньня вядома больш за 130 асобнікаў кнігі, сьведчыць пра яе добрую захаванасьць.[4]

Крыніцы і заўвагі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ а б І.І. Трацяк. Паслядоўнікі Францыска Скарыны: Біблія ў XVI—XVIII стст. // Біблія ў кантэксце беларускай культуры: Вучэб. дапам.. — Горадня: ГрДУ, 2003. — С. 30. — ISBN 985-417-454-9
  2. ^ Лідзія Кулажанка, Адам Мальдзіс, Сьвятлана Сачанка. Літаратурныя мясьціны Беларусі (Пачатак) // Маладосць : часопіс. — Кастрычнік 2007. — № 10 (647). — С. 116. — ISSN 0131-2308.
  3. ^ Дзьве даты. 4 верасьня // Зьвязда : газэта. — 4 верасьня 2009. — № 166 (26524). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ Святлана Яскевіч. Сімвалам святкавання тысячагоддзя Брэста стала Біблія, якая зараз дэманструецца на выстаўцы // Зьвязда : газэта. — 5 кастрычніка 2019.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Берасьцейская Бібліясховішча мультымэдыйных матэрыялаў