Перайсьці да зьместу

Дрыса

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Верхнядзьвінск»)
Дрыса
лац. Drysa
У цэнтры места
У цэнтры места
Герб Дрысы Сьцяг Дрысы
Першыя згадкі: 1386
Горад з: 1938
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Дрысенскі
Вышыня: 108 м н. у. м.
Насельніцтва: 7306 чал. (2018)[1]
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2151
Паштовы індэкс: 211631
СААТА: 2210501000
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 55°46′0″ пн. ш. 27°56′0″ у. д. / 55.76667° пн. ш. 27.93333° у. д. / 55.76667; 27.93333Каардынаты: 55°46′0″ пн. ш. 27°56′0″ у. д. / 55.76667° пн. ш. 27.93333° у. д. / 55.76667; 27.93333
Дрыса на мапе Беларусі ±
Дрыса
Дрыса
Дрыса
Дрыса
Дрыса
Дрыса
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Дры́са (з 1962 году — Верхнядзьві́нск[a]) — места ў Беларусі, на рацэ Дрысе пры ўтоку яе ў Дзьвіну. Адміністрацыйны цэнтар Дрысенскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2018 год — 7306 чалавек[1]. Знаходзіцца за 175 км на паўночны захад ад Віцебску, на аўтамабільнай дарозе Полацак — Дзьвінск; чыгуначная станцыя на лініі Полацак — Дзьвінск.

Дрыса — места гістарычнай Полаччыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і царква Сьвятога Мікалая, помнікі архітэктуры XIX ст.

Традыцыйная гістарычная назва места — Дрыса. Гэты тапонім утварыўся ад назвы ракі, на якой узьнікла паселішча. Тым часам гідронім, на думку географа Вадзіма Жучкевіча, мае балтыйска-фінскае паходжаньне ад асновы driksne — 'рака'[2]. Варыянты напісаньня назвы паселішча ў гістарычных крыніцах: Дрысь, Дриса, Дриза.

У 1962 годзе савецкія ўлады перайменавалі Дрысу ў «Верхнядзьвінск» з прычыны надуманай[3][4] немілагучнасьці назвы. З часоў аднаўленьня незалежнасьці Беларусі прапануецца вярнуць месту традыцыйную гістарычную назву Дрыса ў якасьці афіцыйнай[5].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле археалягічных зьвестак, даўняе паселішча існавала тут ужо ў глыбокай старажытнасьці. Першы пісьмовы ўпамін пра Дрысу зьмяшчаецца ў «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага і датуецца 1386 годам, калі князь Андрэй Полацкі захапіў тутэйшы замак[6]. Аднак на думку сучасных дасьледнікаў гэтая інфармацыя не выклікае даверу[7].

Панарама места, 1878 г.

Першыя надзейныя зьвесткі пра Дрысу зьмяшчаюцца ў нататках Жыгімонта Гербэрштайна і датуюцца 1517 годам[7]. Яшчэ раней пад 1503 годам у пагадненьні паміж вялікім князем Аляксандрам і маскоўскім гаспадаром Іванам III упамінаецца воласьць Дрыса, падпарадкаваная Полацку. У 1546 годзе ўпершыню дакумэнтальна ўпамінаецца Дрысенскі замак, узьвядзеньне якога было моцным штуршком да разьвіцьця паселішча ня толькі як фартэцыі, але і як важнага эканамічнага цэнтру Полацкага ваяводзтва. Замак знаходзіўся ў беспасярэднім кіраваньні ваяводы полацкага Давойны, які прызначаў сюды сваіх намесьнікаў.

У першай палове XVI стагодзьдзя Дрыса была гандлёвым цэнтрам на Дзьвіне, уладаньнем вялікіх князёў. Мясцовае насельніцтва займалася пераважна купляй-продажам лесу. У 1547 годзе тут заснавалі лясную камору, празь якую ішоў гандаль з усходнімі суседзямі. За часамі Інфлянцкай вайны Дрысу спустошылі маскоўскія захопнікі, на 1586 год ад яе засталося толькі 5 будынкаў[6]. У 1641 годзе соймавая канстытуцыя скасавала ў месьце спагнаньне прыватных мытных збораў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Герб, 1843 г.
Плян места, 1839 г.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Дрыса апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, сьпярша ў Пскоўскай, з 1776 году ў Беларускай, а з 1802 году — у Віцебскай губэрні. У 1777 годзе яна атрымала статус места (паўторна) і стала цэнтрам павету. У 1778 годзе адбылося зацьверджаньне рэгулярнага пляну Дрысы. 27 верасьня 1781 году паселішча атрымала герб: «у залатым полі Пагоня з чырвоным шчытом, на якім срэбны падвойны крыж»[8]. У вайну 1812 году каля места знаходзіліся ўмацаваныя пазыцыі расейскіх войскаў на чале з М. Барклаям-дэ-Толі («Дрысенскі лягер»).

За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў у ваколіцах Дрысы адбыліся актыўныя вайсковыя дзеяньні. На 1864 год у месьце было 28 кварталаў, 2 пляцы; працавалі 4 дробныя прадпрыемствы з 28 работнікамі. У 1866 годзе непадалёку ад Дрысы прайшла чыгунка Полацак — Дзьвінск. Аднайменная чыгуначная станцыя стала адным з галоўных пунктаў вывазу лёну за мяжу. Вялікія страты Дрысе наносілі паводкі: як сьведчыць «Памятная кніжка Віцебскай губэрні на 1864», у 1865 годзе вялікая паводка затапіла ўсё места, апрача 7 будынкаў. Чарговая буйная паводка адбылася ў 1878 годзе. На 1905 год існавалі 525 драўляных і 25 мураваных будынкаў, 14 саматужных прадпрыемстваў, меская і прыходзкая вучэльні, ніжэйшая рамесная школа, лякарня, аптэка.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Дрысу занялі войскі Нямецкай імпэрыі[9].

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дрыса абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Жыхары Пустынскай воласьці Дрысенскага павету атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[10]. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Дрыса ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Дрысу вярнулі БССР, дзе яна стала цэнтрам раёну (з 1944 году ў Полацкай, з 1954 году Віцебскай вобласьці). У 1925 годзе статус паселішча панізілі да мястэчка, аднак 27 верасьня 1938 году Дрыса зноў атрымала статус места. З 3 ліпеня 1941 да 12 ліпеня 1944 году места знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

25 сьнежня 1962 году савецкія ўлады перайменавалі Дрысу ў «Верхнядзьвінск». 26 ліпеня 2002 году афіцыйна зацьвердзілі гістарычны герб Дрысы з Пагоняй, а 28 лютага 2011 году — новы мескі сьцяг[11].

  • XVIII стагодзьдзе: 1797 год — 1310 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1838 год — 828 чал., зь іх пэрсанальнай шляхты 12, разначынцаў 12, сьвятароў з радзінамі 10, адстаўных вайскоўцаў з жонкамі 14, купцоў 3, мяшчанінаў 754, аднадворцаў 3, дваровых людзей 3, чалавек унутранай варты 116, кантаністаў 45[12]; 1848 год — 1036 чал.; 1866 год — 2079 чал.; 1881 год — 3077 чал., зь іх 2219 каталікоў[13]; 1897 год — 4238 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1905 год — 5750 чал.; 1939 год — 2,7 тыс. чал.; 1959 год — 3,6 тыс. чал.; 1969 год — 4,9 тыс. чал.[14]; 1991 год — 8,1 тыс. чал.[6]; 1995 год — 8,5 тыс. чал.[15]
  • XXI стагодзьдзе: 2006 год — 7,7 тыс. чал.; 2009 год — 7360 чал.[16] (перапіс); 2016 год — 7335 чал.[17]; 2017 год — 7320 чал.[18]; 2018 год — 7306 чал.[1]

У Дрысе працуюць гімназія, агульнаадукацыйная школа, дзіцяча-юнацкая спартовая школы, школа мастацтваў.

Дзеюць дом культуры, бібліятэка, дом рамёстваў.

У месьце выдаецца раённая газэта «Дзьвінская праўда».

Паводле ранейшага генэральнага пляну забудовы Дрысы 1970 году новае будаваньне вялося ўздоўж рэк Дзьвіны і Дрысы ў гістарычнай частцы места. У паўднёвай частцы зьявіўся мікрараён з 5-павярховымі дамамі. Згодна з новым генэральным плянам 1981 году пры ўезьдзе ў места з паўночнага ўсходу ўтварыўся новы мікрараён. Вядзецца будаваньне катэджаў. Прамысловая зона разьмяшчаецца пераважна ў паўночнай частцы места.

Афіцыйная назва Гістарычная назва
Гагарына вуліца Старамаскоўская вуліца[b]
Карла Маркса вуліца Дзісьненскі тракт
Ленінградзкая вуліца Паштовая вуліца
? Гейжэнаўская вуліца
? Дзьвінская вуліца
? Новая Каменная вуліца
? Рынак пляц

Прадпрыемствы лёгкай, дрэваапрацоўчай, будаўнічых матэрыялаў, харчовай прамысловасьці.

Пералік прамысловых прадпрыемстваў Дрысы
  • ААТ «Дрысенскі льнозавод» — адзін зь першых, пабудаваных у Беларусі ў 1929—1932 рр.
  • ААТ «Дрысенскі масласырзавод»
  • філія РУВП «Віцебскхлебпрам» Дрысенскі хлебазавод
  • КУП «Дрысенскі завод сталярных вырабаў»
  • Фабрыка мастацкіх вырабаў «Міла»

Праз Дрысу праходзіць аўтамабільная дарога Р18 (граніца Расеі — Шаркоўшчына — Казяны), непадалёк ад места — Р20 (Віцебск — граніца Латвіі).

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дрыса — цэнтар традыцыйнага мастацкага ткацтва[19]. Спыніцца можна ў мескай гасьцініцы (цяпер на рэканструкцыі), прыватным міні-гатэлі (насупраць Дому побыту) ці ў прыватных аграсядзібах.

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Замак (XVI стагодзьдзе)
  • Царква Сьвятых Барыса і Глеба (XIX ст.)
  1. ^ Зьнішчэньне традыцыйнай гістарычнай тапанімікі — адзін з захадаў палітыкі гвалтоўнай русіфікацыі і дэнацыяналізацыі беларусаў
  2. ^ Назва часоў Расейскай імпэрыі
  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 109.
  3. ^ Шур В. Беларускія ўласныя імёны: Беларуская антрапаніміка і тапаніміка. — Менск: «Мастацкая літаратура», 1998. С. 146.
  4. ^ Вячорка В. Як расейскія пісьменьнікі пакрыўдзілі старажытны беларускі горад // Радыё Свабода, 20 чэрвеня 2016 г.
  5. ^ Гарбацэвіч А. 9 беларускіх гарадоў, якім варта вярнуць спрадвечныя назвы, Наша Ніва, 27 траўня 2016 г.
  6. ^ а б в Зайцава В., Цярохін С. Верхнядзвінск // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 249.
  7. ^ а б Варонін В. Дрыса // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 605.
  8. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 159.
  9. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  10. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  11. ^ Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных единиц Витебской области. Указ Президента Республики Беларусь от 28.02.2011 г. № 86 (рас.)
  12. ^ Гісторыя Дрысы: Дарэвалюцыйны пэрыяд(недаступная спасылка), Прыдзвінскі крайн: Гісторыя і сучаснасць
  13. ^ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. S. 179.
  14. ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
  15. ^ БЭ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 110.
  16. ^ Перепись населения — 2009. Витебская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  17. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  18. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  19. ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]