Гісторыя Дрысы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гарадзішча. Д. Струкаў, 1864

Дрыса — даўняе места гістарычнай Полаччыны. Да нашага часу тут захаваліся клясыцыстычныя царква Сьвятога Мікалая (1819) і касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі (1840-я).

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле археалягічных зьвестак, даўняе паселішча існавала тут ужо ў глыбокай старажытнасьці. Першы пісьмовы ўпамін пра Дрысу зьмяшчаецца ў «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М. Стрыйкоўскага і датуецца 1386, калі князь Андрэй Полацкі захапіў тутэйшы замак[1]. Аднак на думку сучасных дасьледнікаў гэтая інфармацыя не выклікае даверу[2].

Панарама места, 1878

Першыя надзейныя зьвесткі пра Дрысу зьмяшчаюцца ў нататках С. Гербэрштэйна і датуюцца 1517[2]. Яшчэ раней пад 1503 у пагадненьні паміж вялікім князем Аляксандрам і маскоўскім гаспадаром Іванам III упамінаецца воласьць Дрыса, падпарадкаваная Полацку. У 1546 упершыню дакумэнтальна ўпамінаецца Дрысенскі замак, узьвядзеньне якога было моцным штуршком да разьвіцьця паселішча ня толькі як фартэцыі, але і як важнага эканамічнага цэнтру Полацкага ваяводзтва. Замак знаходзіўся ў беспасярэднім кіраваньні ваяводы полацкага Давойны, які прызначаў сюды сваіх намесьнікаў.

У 1-й пал. XVI ст. Дрыса была гандлёвым цэнтрам на Дзьвіне, уладаньнем вялікіх князёў. Мясцовае насельніцтва займалася пераважна купляй-продажам лесу. У 1547 тут заснавалі лясную камору, празь якую ішоў гандаль з усходнімі суседзямі. За часамі Інфлянцкай вайны Дрысу спустошылі маскоўскія захопнікі, на 1586 ад яе засталося толькі 5 будынкаў[1]. У 1641 соймавая канстытуцыя скасавала ў месьце спагнаньне прыватных мытных збораў.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян места, 1839

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Дрыса апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, сьпярша ў Пскоўскай, з 1776 у Беларускай, а з 1802 — у Віцебскай губэрні. У 1777 яна атрымала статус места (паўторна) і стала цэнтрам павету. У 1778 адбылося зацьверджаньне рэгулярнага пляну Дрысы. 27 верасьня 1781 паселішча атрымала герб: «у залатым полі Пагоня з чырвоным шчытом, на якім срэбны падвойны крыж»[3]. У вайну 1812 году каля места знаходзіліся ўмацаваныя пазыцыі расейскіх войскаў на чале з М. Барклаям-дэ-Толі («Дрысенскі лягер»).

За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у ваколіцах Дрысы адбыліся актыўныя вайсковыя дзеяньні. На 1864 у месьце было 28 кварталаў, 2 пляцы; дзейнічалі 4 дробныя прадпрыемствы з 28 працаўнікамі. У 1866 непадалёку ад Дрысы прайшла чыгунка ПолацакДзьвінск. Аднайменная чыгуначная станцыя стала адным з галоўных пунктаў вывазу лёну за мяжу. Вялікія страты Дрысе наносілі паводкі: як сьведчыць «Памятная кніжка Віцебскай губэрні на 1864», у 1865 вялікая паводка затапіла ўсё места, апрача 7 будынкаў. Чарговая буйная паводка адбылася ў 1878. На 1905 існавалі 525 драўляных і 25 мураваных будынкаў, 14 саматужных прадпрыемстваў, меская і прыходзкая вучэльні, ніжэйшая рамесная школа, лякарня, аптэка.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дрыса абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 Дрысу вярнулі БССР, дзе яна стала цэнтрам раёну (з 1944 у Полацкай, з 1954 Віцебскай вобласьці). У 1925 статус паселішча панізілі да мястэчка, аднак 27 верасьня 1938 Дрыса зноў атрымала статус места. З 3 ліпеня 1941 да 12 ліпеня 1944 мясьціна знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

25 сьнежня 1962 савецкія ўлады зьмянілі гістарычную назву места на Верхнядзьвінск. 26 ліпеня 2002 адбылося зацьвярджэньне гістарычнага гербу Дрысы з Пагоняй, а 28 лютага 2011 — новага мескага сьцяга[4].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Зайцава В., Цярохін С. Верхнядзвінск // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 249.
  2. ^ а б Варонін В. Дрыса // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 605.
  3. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 159.
  4. ^ Об учреждении официальных геральдических символов административно-территориальных единиц Витебской области. Указ Президента Республики Беларусь от 28.02.2011 г. № 86 (рас.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Дрысысховішча мультымэдыйных матэрыялаў