Берасьцейскі мір

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Першая старонка Берасьцейскай мірнай дамовы

Берасьцейскі мір, Берасьцейская мірная дамова — сэпаратная міжнародная мірная дамова, падпісаная 3 сакавіка 1918 году ў Берасьці-Літоўскім прадстаўнікамі Савецкай Расеі, з аднаго боку, і Цэнтральных дзяржаваў (Нямеччыны, Аўстра-Вугоршчыны, Турэччыны і Баўгарыі) — зь іншага. Адзначыў паразу і выхад Савецкай Расеі зь Першай сусьветнай вайны.

Ратыфікаваны Надзвычайным IV Усерасейскім Зьездам Саветаў 15 сакавіка 2/3 галасоў і нямецкім імпэратарам Вільгельмам II 26 сакавіка 1918 року. Ануляваны УЦВК РСФСР у лістападзе таго ж року.

Перадумовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

7 лістапада [ст. ст. 25 кастрычніка] 1917 году ў выніку ўзброенага перавароту ў Расеі быў зрынуты Часовы ўрад. 8 лістапада [ст. ст. 26 кастрычніка] Другі ўсерасейскі зьезд Саветаў прыняў Дэкрэт пра мір, у якім прапанаваў усім дзяржавам-удзельніцам Першай сусьветнай вайны неадкладна заключыць замірэньне і пачаць перамовы пра мірнае пагадненьне.

Усе дзяржавы-хаўрусьніцы Расейскай імпэрыі ў вайне праігнаравалі заклік савецкага ўраду і ўручылі вярхоўнаму галоўнакамандуючаму расейскага войска Мікалаю Духоніну калектыўную ноту, у якой выказалі пратэст супраць парушэньня дамовы ад 5 верасьня 1914 року, якая забараняла заключэньне сэпаратнага міру або замірэньня.

Духонін, які адмовіўся зьвярнуцца да камандаваньня войскаў супернікаў з прапановаю замірэньня, быў зьняты з пасады 21 лістапада [ст. ст. 8 лістапада] , а ягонае месца заняў прапаршчык царскага войска Мікалай Крыленка. Савецкі ўрад, не дачакаўшыся ад Антанты падтрымкі мірнае ініцыятывы, пачаў сэпаратныя перамовы пра мір зь Нямеччынай.

Заключэньне замірэньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

2 сьнежня [ст. ст. 19 лістапада] мірная дэлегацыя Савецкага ўраду на чале з Адольфам Ёфэ прыбыла ў Берасьце-Літоўскае, дзе разьмяшчалася Стаўка нямецкага камандаваньня на Ўсходнім фронце.

Перамовы зь Нямеччынай пачаліся наступным днём. 4 сьнежня [ст. ст. 21 лістапада] савецкая дэлегацыя выклала свае ўмовы:

  • замірэньне заключаецца на 6 месяцаў;
  • ваенныя дзеяньні прыпыняюцца на ўсіх франтох;
  • нямецкія войскі выходзяць з Рыгі і з Маанзундзкіх астравоў;
  • забароненыя якія-кольвек перакідкі нямецкіх войскаў на Заходні фронт.

У выніку былі дасягнутыя наступныя пагадненьні:

  • замірэньне заключанае на пэрыяд з 7 сьнежня [ст. ст. 24 лістапада] да 17 сьнежня [ст. ст. 4] ;
  • войскі застаюцца на займаных пазыцыях;
  • спыняюцца ўсе перакідкі войскаў, акрамя тых, што ўжо пачаліся.

Перамовы пра мір[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля падпісаньня замірэньня пачаліся мірныя перамовы (22 сьнежня [ст. ст. 9] 1917). Дэлегацыі дзяржаваў Чацьвярнога саюзу ўзначальвалі: ад Нямеччыны — статс-сакратар ведамства замежных справаў Рыхард фон Кюльман; ад Аўстра-Вугоршчыны — міністар замежных справаў граф Атакар Чэрнін; ад Баўгарыі — міністар юстыцыі Хрыста Попаў(bg); ад Турэччыны — старшыня мэджлісу Талаат-бэй. У савецкую дэлегацыю на першым этапе ўваходзілі 5 упаўнаважаных — чальцоў УЦВК: бальшавікі Адольф Ёфэ — старшыня дэлегацыі, Леў Разэнфэльд і Рыгор Брыльянт), эсэры Настасься Біцэнка і Сяргей Маслоўскі-Мсьціслаўскі, 8 чальцоў вайсковай дэлегацыі, 3 перакладнікі і 6 тэхнічных супрацоўнікаў, а таксама 5 шараговых сябраў дэлегацыі[1].

Савецкі бок, грунтуючыся на Дэкрэце пра мір, прапанаваў прыняць за аснову перамоваў наступную праграму:

  1. Недапушчальныя ніякія гвалтоўныя далучэньні захопленых у час вайны тэрыторыяў; войскі, якія акупавалі гэтыя тэрыторыі, мусяць быць выведзеныя ў найкарацейшы тэрмін.
  2. Аднаўляецца поўная палітычная самастойнасьць народаў, якія былі яе пазбаўленыя ў часе вайны.
  3. Нацыянальным групам, якія ня мелі палітычнай самастойнасьці да войны, гарантаваная магчымасьць вольна вырашыць пытаньне пра прыналежнасьць да якое-кольвек дзяржавы ці пра сваю дзяржаўную самастойнасьць шляхам вольнага рэфэрэндуму.
  4. Забясьпечваецца культурна-нацыянальная і, пры наяўнасьці пэўных умоваў, адміністрацыйная аўтаномія нацыянальных мяньшыняў.
  5. Адмова ад кантрыбуцыяў.
  6. Разьвязаньне каляніяльных пытаньняў на падставе вышэй выкладзеных прынцыпаў.
  7. Недапушчальнасьць ускосных прыгнятаньняў свабоды больш слабых нацыяў з боку нацыяў больш моцных.

Па трохдзённым абмеркаваньні Рыхард фон Кюльман зрабіў заяву пра тое, што Нямеччына і ейныя хаўрусьнікі прымаюць гэтыя ўмовы з адной агаворкай, якая зьніякавала згоду Нямеччыны на мір без анэксіяў і кантрыбуцыяў. У выніку савецкая дэлегацыя ўзяла перапынак дзеля таго, каб паспрабаваць прыцягнуць да перамоваў дзяржавы Антанты. Падчас перапынку высьветлілася, што Нямеччына разумее мір без анэксіяў інакш, чым Саветы — яны ня маюць намеру адводзіць войскі да межаў 1914 року, тым болей што Польшча, Летува і Курляндыя ўжо выказаліся за аддзяленьне ад Расеі, таму гэта ня будзе лічыцца анэксіяй.

28 сьнежня [ст. ст. 15] савецкая дэлегацыя выехала на кансультацыю ў Петраград. На нарадзе ЦК РСДРП(б) было прынятае рашэньне як мага даўжэй зацягваць перамовы ў спадзеве на рэвалюцыю ў самой Нямеччыне. Пазьней пазыцыя была ўдакладненая: «Трымаемся да нямецкага ўльтыматуму, пасьля здаем.» На чале дэлегацыі быў пастаўлены Леў Троцкі, які зацягваў перамовы і адначасна за сьпінамі перамоўнікаў зьвяртаўся з заклікамі да паўстаньня да вайскоўцаў Нямеччыны й Аўстра-Вугоршчыны. Калі ж Нямеччына абвясьціла свае жорсткія ўмовы міру, Троцкі пайшоў супраць Леніна, які выступаў за мір любым коштам, аднак не падтрымаў і Бухарына, які заклікаў да «рэвалюцыйнай вайны». Замест гэтага Троцкі вылучыў прамежкавы лёзунг «ні вайны, ні міру», то бок заклікаў да спыненьня вайны, аднак без падпісаньня мірнай дамовы.

4 студзеня [ст. ст. 22 сьнежня 1917] 1918 нямецкі канцлер Георг фон Гертлінг паведаміў Райхстагу, што ў Берасьце-Літоўскае прыбыла дэлегацыя Украінскай цэнтральнай рады. Нямеччына спадзявалася выкарыстаць гэты факт і як рычаг супраць Расеі, і супраць свайго хаўрусьніка — Аўстра-Вугоршчыны. Перамовы з украінцамі зацягнуліся так, што адкрыцьцё канфэрэнцыі давялося перанесьці на 9 студзеня [ст. ст. 27 сьнежня 1917] 1918 року.

На 10 студзеня [ст. ст. 28 сьнежня 1917] 1918 была запрошаная ўкраінская дэлегацыя. Ейны старшыня Ўсевалад Галубовіч абвясьціў дэклярацыю Цэнтральнае рады пра тое, што ўлада Саветаў не распаўсюджваецца на Ўкраіну, а таму тая будзе самастойна весьці мірныя перамовы.

12 студзеня [ст. ст. 30 сьнежня 1917] 1918 савецкая дэлегацыя запатрабавала ад урадаў Нямеччыны й Аўстра-Вугоршчыны гарантыяў таго, што яны не намерваюцца далучаць да сябе якія-кольвек тэрыторыі былой Расейскай імпэрыі; генэрал Гофман у прамове ў адказ паведаміў, што нямецкі ўрад адмаўляецца вызваляць акупаваныя тэрыторыі Курляндыі, Летувы, Рыгі і астравы Рыскай затокі.

18 студзеня [ст. ст. 5] 1918 генэрал Гофман прад’явіў умовы Цэнтральных дзяржаваў — яны ўяўлялі сабою мапу былой Расейскай імпэрыі, на якой на карысьць Нямеччыны й Аўстра-Вугоршчыны адыходзілі Польшча, Летува, частка Беларусі й Украіны, Эстоніі й Латвіі, Маанзундзкія астравы й Рыская затока. Гэта дазваляла Нямеччыне кантраляваць марскія шляхі да Фінскай і Батніцкай затокаў, а таксама разьвіваць наступ на Петраград. Прапанаваная граніца была скрайне нявыгадная для Расеі, савецкая дэлегацыя запатрабавала дзесяцідзённага перапынку дзеля азнаямленьня з новымі патрабаваньнямі свайго ўраду. Пасьля гарачае ўнутрыпартыйнае барацьбы Ленін загадаў Троцкаму ўсемагчыма зацягваць перамовы, аднак у выпадку прад’яўленьня ўльтыматуму мір падпісаць.

Тым часам у Берасьці-Літоўскім нямецкая й аўстрыйская дэлегацыі падпісалі мір з Украінскай цэнтральнай радай. У абмен на вайсковую дапамогу супраць савецкіх войскаў УНР абавязвалася паставіць Нямеччыне й Аўстра-Вугоршчыне да 31 ліпеня 1918 року мільён тон зерня, 400 млн яек, да 50 тыс. тон мяса рагатай жывёлы, сала, цукар, пяньку, марганцавую руду й інш. Аўстра-Вугоршчына таксама ўзяла на сябе абавязьніцтва стварыць аўтаномную Ўкраінскую вобласьць ва Ўсходняй Галіччыне. Аднак ужо ў красавіку 1918 року нямецкія ўлады разагналі ўрад Цэнтральнае рады, замяніўшы яго на больш кансэрватыўны рэжым гетмана Скарападзкага.

Неадкладна пасьля падпісаньня мірнае ўмовы з УНР і па наўпроставым загадзе імпэратара Вільгельма II фон Кюльман выставіў Савецкай Расеі ўльтыматум з наступнай фармулёўкай: «Расея прымае да ведама наступныя тэрытарыяльныя зьмены, якія набываюць моц разам з ратыфікацыяй гэтай мірнай дамовы: рэгіёны між граніцамі Нямеччыны й Аўстра-Вугоршчыны і лініяй, якая праходзіць… адгэтуль ня будуць падлягаць тэрытарыяльнаму верхавенству Расеі. З факту іхняй прыналежнасьці да былой Расейскай імпэрыі для іх ня будуць выцякаць аніякія абавязьніцтвы ў дачыненьні да Расеі. Будучы лёс гэтых рэгіёнаў будзе вырашацца ў згодзе з гэтымі народамі, а менавіта на падставе тых пагадненьняў, якія заключаць зь імі Нямеччына й Аўстра-Вугоршчына».

Троцкі, парушыўшы прыказаньні Леніна, адрынуў нямецкія ўмовы, вылучыўшы лёзунг «Ні міру, ні вайны: мір не падпісваем, вайну спыняем, а войска дэмабілізуем». Нямецкі бок у адказ абвясьціў, што непадпісаньне Расеяй мірнай дамовы аўтаматычна спрычыньвае спыненьне замірэньня. Пасьля гэтага савецкая дэлегацыя дэманстрацыйна пакінула перамовы. У той самы дзень Троцкі аддаў загад вярхоўнаму галоўнакамандуючаму Крыленку неадкладна аддаць загад пра спыненьне стану вайны зь Нямеччынай і ўсеагульную мабілізацыю. Гэты загад быў скасаваны Леніным ужо праз 6 гадзінаў, аднак яго атрымалі ўсе франты.

Падпісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

13 лютага [ст. ст. 31 студзеня] 1918 на нарадзе з удзелам Вільгельма II, імпэрскага канцлера Гертлінга, кіраўніка нямецкага ведамства замежных справаў фон Кюльмана, Гіндэнбурга, Людэндорфа, начальніка марскога штабу і віцэ-канцлера было прынятае рашэньне аднавіць наступ на Ўсходнім фронце. Плянавалася заняць усю Прыбалтыку ўсутыч да Нарвы і аказаць узброеную падтрымку Фінляндыі.

Плян да апошняга моманту трымаўся ў сакрэце, і толькі 16 лютага ўвечары пра гэта было паведамлена савецкаму прадстаўніку, які заставаўся ў Берасьці-Літоўскім. Ужо 18 лютага ўдзень немцы пачалі наступ і да вечара ўзялі Дзьвінск, дзе на той час знаходзіўся штаб расейскай 5-й арміі Паўночнага фронту. Бальшавіцкія часткі не аказалі па ўсім фронце сур’ёзнага супраціву[2].

Савецкі ўрад уночы з 18 на 19 лютага накіраваў ураду Нямеччыны радыёграму з выказваньнем пратэсту і згодаю падпісаць мірную дамову на нямецкіх умовах. Тым часам у ходзе наступу немцы рушылі на Рэвель, Пскоў і Нарву. 19 лютага быў узяты Менск, 20 — Полацак, 21 — Рэчыца й Ворша, 22 — латвійскія Вольмар і Вэндэн і эстонскія Валк і Гапсала. 24 лютага немцы, страціўшы ў баёх за Пскоў каля 300 вайскоўцаў, спынілі прасоўваньне[3][4]. У гэты час у Пецярбургу нарэшце атрымалі ўльтыматум нямецкага ўраду.

Ва Ўкраіне 21 лютага нямецкія войскі ўвайшлі ў Кіеў, 1 сакавіка занялі Гомель, Чарнігаў і Магілёў. Бальшавіцкія войскі адступалі без усялякага супраціву. Як згадваў генэрал Гофман, «мне яшчэ не даводзілася бачыць такой недарэчнай вайны. Мы вялі яе практычна на цягнікох і аўтамабілях. Саджаеш на цягнік купку пяхоты з кулямётамі і адной гарматай і едзеш да наступнай станцыі. Бярэш вакзал, арыштоўваеш бальшавікоў, саджаеш на цягнік яшчэ жаўнераў і едзеш далей».

Прадпрынятая 21 лютага бальшавікамі спроба зладзіць абарону Петраграду правалілася ўжо 25 лютага. Хоць за дзень да таго большасьць ваенных частак прынялі рэзалюцыі «стаяць насьмерць», на справе ніхто ня рушыў на фронт, за выняткам латыскіх стралкоў. У такіх умовах пагроза акупацыі Петраграду стала цалкам рэальнай, і было вырашана перанесьці сталіцу ў Маскву.

На прыняцьце ўльтыматуму з 10 пунктаў Савецкаму ўраду надавалася 48 гадзінаў. Першыя два пункты паўтаралі ўльтыматум ад 27 студзеня, то бок тычыліся тэрытарыяльных прэтэнзіяў. Акрамя таго, было прапанавана неадкладна ачысьціць Ліфляндыю й Эстонію ад расейскіх войскаў і чырвонагвардзейцаў. Расея абавязвалася заключыць мір з Украінскай цэнтральнай радай, вывесьці войскі з Украіны і Фінляндыі, вярнуць Турэччыне анаталійскія правінцыі і прызнаць скасаваньне турэцкіх капітуляцыяў, неадкладна дэмабілізаваць войска, у тым ліку наваўтвораныя злучэньні, адвесьці свой флёт у Чорным і Балтыйскім морах і ў Паўночным Ледавітым акіяне ў расейскія парты і раззброіць яго. Акрамя вайскова-палітычных, ультыматум таксама зьмяшчаў патрабаваньні гандлёва-эканамічнага характару.

23 лютага, ужо ў пэрыяд 48-гадзіннага ўльтыматуму, адбылося паседжаньне ЦК РСДРП(б), на якім Ленін запатрабаваў прыняцьця нямецкіх умоваў, пагражаючы сваёй адстаўкай, што фактычна азначала раскол партыі. Пад уплывам пагрозы Леніна Троцкі, нягледзячы на непрыняцьце мірнай дамовы, адмовіўся ўдзельнічаць у дыскусіі. Ягоная пазыцыя прымусіла завагацца й іншых удзельнікаў. Падчас галасаваньня Троцкі, Дзяржынскі, Ёфэ й Красьцінскі ўстрымаліся, што дазволіла прыняць рашэньне сям’ю галасамі супраць чатырох.

Толькі за 2,5 гадзіны да сканчэньня тэрміну ўльтыматуму з агромністымі цяжкасьцямі, 126 галасамі супраць 85 з 26 устрымаўшыміся Ленін здолеў прасунуць рашэньне праз УЦВК. А 7-й раніцы 24 лютага ў Бэрлін пайшла тэлеграма пра прыняцьце нямецкіх умоваў і гатоўнасьць выслаць дэлегацыю ў Берасьце-Літоўскае. Гэтае рашэньне выклікала рашучыя пратэсты «левых камуністаў» і эсэраў.

Савецкая дэлегацыя вярнулася ў Берасьце-Літоўскае 1 сакавіка. Да гэтага часу міністры замежных справаў супернікаў ужо зьехалі ў Бухарэст заключаць дамову з Румыніяй. Ніхто з бальшавіцкіх лідэраў ня маў жаданьня ставіць свае подпісы пад ганебнай для Расеі дамовай (наркамзамспраў Троцкі сышоў у адстаўку, Ёфэ й Зіноўеў адмовіліся ехаць, Сакольнікаў пагражаў падаць у адстаўку), аднак пазьней Сакольнікаў усё ж пагадзіўся. Дэлегацыя на чале зь ім і ў складзе: Пятроўскі, Чычэрын, Карахан і 8 кансультантаў — падпісала дамову без усялякіх абмеркаваньняў 3 сакавіка. Цырымонія падпісаньня адбылася ў Белым палацы[a][5]. Пасьля падпісаньня мірнае дамовы ў асяродзьдзі вышэйшых ваенных кіраўнікоў адбыўся раскол з нагоды легітымнасьці дагавору. Кірыл Шутко, Мікалай Падвойскі й Мікалай Крыленка папрасілі Саўнаркам вызваліць іх ад займаных пасадаў, што было прынята 13 лістапада.

Умовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У канчатковым варыянце дамова складалася з 14 артыкулаў, розных дадаткаў, 2 заключных і 4 дадатковых дамоваў (між Расеяй і кожнай зь дзяржаваў Чацьвярнога зьвязу).

  • Ад Расеі былі адлучаныя прывісьлінскія губэрні, Украіна, губэрні зь пераважным беларускім насельніцтвам, Эстляндзкая, Курляндзкая і Ліфляндзкая губэрні, Вялікае княства Фінляндзкае. Большасьць гэтых тэрыторыяў мусілі быць пераўтвораныя ў нямецкія пратэктараты альбо ўвайсьці ў склад Нямеччыны, а ва Ўкраіне Расея была абавязаная прызнаць уладу Рады УНР.
  • На Каўказе Расея саступала Карскую і Батумскую вобласьць.
  • Савецкі ўрад спыняў вайну з Цэнтральнай Радай Украінскай Народнай Рэспублікі і заключаў зь ёй мір.
  • Армія і флёт дэмабілізаваліся.
  • Балтыйскі флёт выводзіўся са сваіх базаў у Фінляндыі і Прыбалтыцы.
  • Чарнаморскі флёт з усёй інфраструктурай перадаваўся Цэнтральным дзяржавам.
  • Расея выплочвала 6 мільярдаў марак рэпарацыяў плюс сплата стратаў, панесеных Нямеччынай у хадзе расейскай рэвалюцыі — 500 млн залатых рублёў.
  • Савецкі ўрад абавязваўся спыніць рэвалюцыйную прапаганду ў Цэнтральных дзяржавах й іхніх хаўрусьніках, утвораных на тэрыторыі Расейскай імпэрыі.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Колішняя царква сьвв. Пятра й Паўла, пабудаваная ў XVII стагодзьдзі

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Бутаков А. Н. Брестский мир. Ловушка Ленина для кайзеровской Германии. М.: Вече, 2012. — 448 с, ил. — (Военный аржив). 2000 экз., ISBN 978-5-9533-6333-4
  • «История дипломатии. Т. 2, Дипломатия в новое время (1872—1919 гг.)» под ред. акад. В. П. Потёмкина. ОГИЗ, М. — Л., 1945. Главы 14 — 15.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]