Гісторыя Жлобіна
Жлобін — даўняе мястэчка гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя).
Старажытнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вынікі археалягічных абсьледаваньняў паказваюць, што першыя паселішчы людзей на тэрыторыі сучаснага Жлобіна ўзьніклі ў часы першабытнага грамадзтва, задоўга да заснаваньня места. На ўзьбярэжжы Дняпра ў межах Жлобіна археолягі знайшлі рэшткі паселішча пэрыяду бронзавага веку (ІІ-е — пачатак І-га тысячагодзьдзя да н. э.), на тэрыторыі мескага парку культуры і адпачынку «Прыдняпроўскі» — сьляды паселішча пэрыяду жалезнага веку[1], якое існавала ў канцы І тысячагодзьдзя да н. э. — пачатку І тыс. н. э.[2]
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У публікацыях сустракаецца меркаваньне пра тое, што першы пісьмовы ўпамін пра Жлобін пад назвай Хлепень датуецца 1492 годам, але гэта памылка[3]. Відаць, упершыню яна ўзьнікла ў 12 томе Энцыкляпэдычнага слоўніка Бракгаўза і Эфрона[4] — у выніку таго, што зь местам Рагачовам (паблізу Жлобіна) пераблыталі сяло, якое ў XV ст. знаходзілася на сумежжы з Маскоўскай дзяржавай — Рагачова(ru) (у сучасным Дмітраўскім раёне Маскоўскай вобласьці), а непадалёк ад яго ёсьць вёска Хлепень(ru) (Сычоўскі раён Смаленскай вобласьці). Менавіта да апошняй належыць упамін за 1492 год. Паводле высновы Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дакумэнтаў пра тое, што ў Жлобіна была назва Хлепень, няма[2].
Пад 1563 годам упамінаецца паселішча пад назвай Хлобін, у валоданьні полацкага шляхціца[5], якое, магчыма, знаходзілася ў Рагачоўскай воласьці[6]. У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) казацкі гетман Іван Залатарэнка, які ваяваў на баку Маскоўскай дзяржавы, у сваім лісьце ад 15 ліпеня 1654 году паведаміў, што яго войскі спалілі «замак Злобін» (разам з замкамі Рэчыца, Стрэшын, Рагачоў і Горваль). Больш позьніх зьвестак пра гэты замак не існуе[7]. Злобін упамінаецца як мястэчка і ў некаторых іншых дакумэнтах, зьвязаных з вайной у 1654—1655 гадах[2].
Паводле археалягічных зьвестак, Жлобінскі замак існаваў у XV—XVII стагодзьдзях на адлегласьці каля 100 м ад утоку ручая Чорначка ў раку Дняпро, побач з сучасным мескім паркам «Прыдняпроўскі». Замак умацоўвалі земляны вал і драўляныя сьцены-гародні зь вежамі і брамамі. Абарончыя ўмацаваньні складаліся з 2-х частак: замка і падзамка. Пляцоўка замка ўзвышаецца над нізінай на 3—4 м (цяпер тут знаходзіцца сучасны будынак — спартовая школа). Пляцоўка падзамка, якая выцягнута з поўначы на поўдзень, узвышаецца над нізінай на 2—3 м (стадыён спартовай школы). Побач знаходзіцца і першапачатковае месца неўмацаванай забудовы — сярэдневечнае селішча[8]. На ім разьмясьціўся парк «Прыдняпроўскі»[9]. Пры археалягічных абсьледаваньнях знойдзены матэрыял XIV—XVIII стагодзьдзяў. Такім чынам, вызначана, што гістарычная частка Жлобіна разьмяшчаецца ў асноўным паміж царквой Сьвятой Тройцы, ракой Дняпро, колішнім ручаём Чорначка (цяпер у калектары, каля ранейшага вусьця захавалася невялікая затока ад Дняпра) і старажытным гасьцінцам Рагачоў — Рэчыца[2].
У XV—XVI стагодзьдзях Злобін быў у валоданьні Хадкевічаў. З 1509 году паселішча знаходзіцца ў Рагачоўскай воласьці, у валоданьні каралевы Боны Сфорцы, з 1556 году ў складзе скарбовага Рагачоўскага маёнтку. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Злобін увайшоў у склад Рэчыцкага павету Менскага ваяводзтва.
Злобін значыцца на мапах 1772, 1776 і 1799 гадоў (лацініцай Złobyn, Zlobyn)[2]. У 1790 годзе кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі выдаў прывілей на штотыднёвыя таргі і 4 кірмашы штогод у Жлобіне, які тады належаў І. Халецкаму. Існавалі прыстань і паромная пераправа, вялося будаваньне рачных суднаў. З 1792 году дзейнічала Крыжаўзьвіжанская царква.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Жлобін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Рагачоўскім павеце Магілёўскай губэрні. У вайну паміж Францыяй і Расеяй францускія войскі 20 ліпеня 1812 году занялі паселішча, але неўзабаве адступілі. Паводле рэвізіі 1816 году ў Жлобіне было 189 двароў. У 1818 годзе Жлобін зноў стаў мястэчкам. Паводле зьвестак за 1824 год, тут штогод зьбіралася 4 кірмашы[10].
На 1860 у Жлобіне дзейнічала царква, працавалі паштовая станцыя (24 камплекты коней), прыстань і пераправа. У 1863 годзе замест састарэлага ўзьвялі новы будынак царквы, працавалі народная вучэльня (у 1864 годзе 15, у 1889 годзе 92 вучні) і хлебазапасны магазын. 16 лістапада 1873 году пачаўся рух на чыгунцы Асіповічы — Гомель, адкрылася чыгуначная станцыя Жлобін 2-й клясы. За 1 км на захад ад мястэчка збудавалі паравознае дэпо, вагонныя майстэрні, памяшканьні для пасажыраў. Пазьней узьвялі 1-павярховы драўляны вакзал. З 1876 году ў Жлобіне працаваў дрожджавы завод, з 1868 году — крупарушка. Празь мястэчка праходзіла дарога з Магілёва на поўдзень Беларусі.
13 траўня 1880 году ў пажары згарэла 159 дамоў, царква, усе 5 юдэйскіх малітоўных дамоў, народная вучэльня, хлебазапасны магазын, 65 крамаў і складоў з таварамі. Адбудоўвалася мястэчка паводле новага пляну. На 1880 год тут было 164 двары, 6 крамаў, цукровы завод. На 1886 году існавалі чыгуначная станцыя, суднаходная прыстань (пераведзеная з Рагачова ў 1879 годзе), царква, каталіцкая капліца, 2 юдэйскія малітоўныя дамы, пачатковая вучэльня, 2 ветракі, 53 крамы. 16 траўня 1889 году ў пажары згарэла 89 дамоў з надворнымі пабудовамі.
У 1893 годзе побач з Жлобінам прайшла лінія Гомель — Бабруйск Лібава-Роменскай чыгункі. Паступова мястэчка ператварылася ў значны транспартны вузел на перакрыжаваньні чыгункі і воднага шляху; разьвіваўся гандаль, расла колькасьць насельніцтва. У 1895—1913 гадах на чыгуначнай станцыі працавала дэпо з майстэрнямі (115 працоўных). Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у Жлобіне было 725 двароў, 2 царквы, 2 каталіцкія капліцы, 4 юдэйскія малітоўныя дамы, народная вучэльня, хлебазапасны магазын, гандлёвыя дамы, гатэль, карчма, 3 млыны; цагельнае, гарбарнае, крупадзёрнае прадпрыемствы; штогод праводзіўся кірмаш. У вёсцы Карпілаўка, якая пазьней увайшла ў склад Жлобіна быў 301 двор, капліца, юдэйскі малітоўны дом, хлебазапасны магазын, чыгуначная вучэльня, 8 крупарушак, 4 заезныя двары, 2 карчмы. Паблізу разьмяшчаўся скарбовы завод прэсаваньня сена, якое накіроўвалася ў вайсковыя акругі.
24 сьнежня 1902 году пачаўся рух цягнікоў на лініі Віцебск — Жлобін. 2 лістапада 1915 году адкрылася лінія Жлобін — Шапятоўка (праз Каленкавічы) чыгункі Пецярбург — Адэса. Пашыраўся гандаль, асабліва хлебам, лёнам, пянькой. Працавалі 2 вінакурні. З 22 сьнежня 1905 году да 2 студзеня 1906 году адбываўся страйк чыгуначнікаў. З 1908 году дзейнічала пазыкова-ашчадная каса. Існавала паштовае аддзяленьне. На 1909 год у Жлобіне, які адносіўся да Лукаўскай воласьці, налічвалася 486 гаспадарак, 613 драўляных і 4 мураваныя будынкі. 27 красавіка 1910 году местачкоўцы на беразе Дняпра сустракалі мошчы прападобнай Эўфрасіньні, якія на параходзе «Галавачоў» перавозіліся з Кіева ў Полацак. У 1911 годзе адкрылася прыватная гімназія зь бібліятэкай пры ёй, у 1913 годзе — крэдытнае таварыства.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў 1915 годзе на чыгуначнай станцыі Жлобін адбылося хваляваньне салдатаў, адбываліся сутыкненьні з паліцыяй. 13 студзеня 1918 году Жлобін занялі войскі 1-га польскага корпуса генэрала Ю. Доўбар-Мусьніцкага, у лютым 1918 году адбываліся ваенныя сутычкі з Чырвонай арміяй. З 2 сакавіка да лістапада 1918 году мястэчка займалі нямецкія войскі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Жлобін абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. 3 сакавіка 1924 году Жлобін вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам раёну. 3 ліпеня 1925 году Жлобін атрымаў статус места. На 1933 год тут працавалі электрастанцыя чыгуначнага вузла, шпаларэзны завод «Любава», камбінаты — дрэваапрацоўчы імя М. Горкага, птушыны; варэньняварны завод, 2 крухмальныя заводы; палявы тэхнікум, іншыя прадпрыемствы і ўстановы.
У Другую сусьветную вайну з 3 па 13 ліпеня 1941-га і з 14 жніўня 1941-га да 25 чэрвеня 1944 году Жлобін знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. 13 ліпеня 1941 году 63-і стралковы корпус(ru) Чырвонай арміі пад загадам генэрал-лейтэнанта Леаніда Пятроўскага завалодаў Жлобінам, які ўтрымліваў да 14 жніўня 1941 году[11].
30 сьнежня 1978 году ў Жлобіне пабудавалі завод штучнага футра, у канцы 1984 году — Беларускі мэталюргічны завод.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Рынак. Царква, да 1918 году
-
Сынагога, да 1918 году
-
Местачковы тэатар, да 1918 году
-
Мост праз Дняпро, да 1918 году
-
Вуліца Рынкавая, да 1918 году
-
Вуліца Дняпроўская, да 1918 году
-
Вуліца Галоўная, да 1914 году
-
Вуліца Набярэжная, да 1914 году
-
Вуліца Паштовая, да 1918 году
-
Вуліца Вакзальная, 1915 год
-
Невядомая вуліца, каля 1910 году
-
Невядомая вуліца, 1915 год
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Цісецкая К. Гліняны посуд жалезнага веку // Новы дзень. Жлобінская раённая газета, 23 красавіка 2013. [1]
- ^ а б в г д Маслюкоў Т. В. Археалагічныя абследаванні ў Жлобіне // Археологические исследования в еврорегионе «Днепр» в 2012 году: междунар. сб. науч. ст. / междунар. редкол. : О. М. Демиденко (отв. ред.), Н. Н. Кривальцевич (зам. отв. ред.), О. М. Макушников (науч. ред.), Ю. В. Панков (отв. секр.) [и др.] ; Гом. обл. исполн. ком., Ин-т истории НАН Б, Гом. гос. ун-т им. Ф. Скорины [и др.]. — Гомель: ГГУ им. Ф. Скорины, 2013. — С. 63—66. ISBN 978-985-439-791-7.
- ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Менск, 1991. С. 178
- ^ Энциклопедический словарь: в 43 т. — СПб., 1890—1907. — Т. 12: Жилы — Земпах. — СПб., 1894. — 480 с.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004. С. 412.
- ^ Грынявецкі В. Жлобін // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 626.
- ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Менск, 1991. С. 152—153
- ^ Ткачёв М. А. Изучение средневековых памятников Белоруссии // Археологические открытия 1983 года. — М., 1985. С. 407—408. (рас.)
- ^ Бабин В. Археологи изучают старый Жлобин // «Нюанс-плюс. Еженедельная информационно-рекламная газета» № 27, 2013. С. 2. (рас.)
- ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 120.
- ^ Натальля Голубева. «Чорны корпус» генэрала Пятроўскага // Зьвязда : газэта. — 18 лютага 2021. — № 32 (29401). — С. 20—21. — ISSN 1990-763x.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — 576 с. — ISBN 985-11-0106-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2005. — 520 с.: іл. ISBN 985-11-0330-6.
- Соркіна І. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с. ISBN 978-9955-773-33-7.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIV: Worowo — Żyżyn. — Warszawa, 1895.
- Бабин В. Сколько лет Жлобину? А Злобину? // «Свободные новости плюс» № 3, 2014. С. 15. [2] (рас.)