Гомельскае Палесьсе
Го́мельскае Пале́сьсе — фізыка-геаграфічная акруга Беларускага Палесься, улучае частку Прыдняпроўскай нізіны, што заходзіць з боку Ўкраіны. Разьмешчанае на ўсходзе Гомельскай вобласьці ў Брагінскім, Гомельскім, Добрускім, Жлобінскім, Лоеўскім, Нараўлянскім, Рэчыцкім, Хвойніцкім, Шацілавіцкім і, часткова, у Буда-Кашалёўскім, Веткаўскім, Каленкавіцкім, Рагачоўскім, Рудабельскім і Чачэрскім раёнах. Мяжуе з Цэнтральнабярэзінскай і Чачорскай раўнінамі на поўначы, Мазырскім і Прыпяцкім Палесьсем на захадзе, Чарнігаўскім Палесьсем на поўдні і Бранскімі раўнінамі на ўсходзе. Плошча — 16,5 тыс. км², працягласьць з поўначы на поўдзень — каля 180 км, з захаду на ўсход — ад 78 да 126 км. Вышыні складаюць ад 100 да 150 м.
Геалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У тэктанічным адношаньні тэрыторыя прымеркаваная да Прыпяцкага прагіну, на крайнім поўдні — да Ўкраінскага шчыта і паўднёвым усходзе — да Варонескай антэклізы. Крышталічны падмурак перакрыты ападкавымі тоўшчамі верхняга пратэразою, палеазою і кайназою. Асоба разьвітыя верхнедэвонскія саляносныя адклады магутнасьцю да 2500 м. Палеаген-неагенавыя ападкі выходзяць на паверхню ў берагавых абрывах Дняпра (каля Рэчыцы і Лоева), Сажа і Іпуці. Антрапагенавая тоўшча магутнасьцю ад 20 м на поўдні да 60 м на паўночным захадзе складзеная адкладаньнямі трох ледавіковых і міжледавіковых пэрыядаў.
Рэльеф
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сучасная паверхня Гомельскага Палесься плоскахвалістая, радзей — хвалістая, з ухілам да поўдня. Ваганьні адносных вышыняў 3—5 м/км². Азёрна-алювіяльныя і алювіяльныя тэрасаваныя раўніны істотна пашыраюцца ў межах Прыдняпроўскай нізіны. У раёне асоба вылучаюцца Хвойніцка-Брагінскія вышыні (максымальныя вышыні да 153—157 м на марэнавых узгорках) і Юравіцкае ўзвышша (вышыня да 170 м) на крайнім захадзе па левабярэжжы Прыпяці. Уздоўж правага берага Дняпра вылучаюцца пясконыя зандравыя раўніны. У далінах Дняпра, Прыпяці і Сажа выразна выяўленыя абалоны і 2 надабалонавыя тэрасы. Абалона рэчак вышынёй 2—3 м, грывастая, месцамі плоскагрывастая, складзеная дробна- і сярэднезярновымі пяскамі. Вышыня грываў 1,5 м, шырыня 10—20 м, працягласьць — да 100—200 мэтраў.
Таксама характэрныя абалонавыя азёры. Першая надабалонавая тэраса (вышынёй 5—6 м) складзеная алювіяльнымі пяскамі, аснова другой (вышыня 12—18 м) — марэнавай, перакрытай алювіяльнымі ападкамі. Паверхня тэрасаў слабахвалістая, ускладненая выдмамі, рэшткамі марэны ў выглядзе ўзгоркаў з западдзінамі і лагчынамі.
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гомельскае Палесьсе разьмешчанае ў межах Гомельскага (усходняя частка) і Жыткавіцкага-Мазырскага (заходняя частка) агракліматычных раёнаў. Сярэдняя тэмпэратура ў студзені складае — 6,5 — −7,0 °C, у ліпені +18,5 — +19,0 °C. Мінімальныя тэмпэратуры ўзімку могуць апускацца да −36 °C і ніжэй, максымальныя летнія паднімаюцца вышэй за +36 °C. Сярэднярочная колькасьць ападкаў зьмяняецца ад 600 м на паўночным захадзе раёну да 530 мм на паўднёвым усходзе.
Гідраграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гомельскае Палесьсе перасякаецца Дняпром і нізоўямі ягоных прытокаў — Прыпяці, Сажа і Бярэзіны. На ўсходзе раёну разьмешчаныя нізоўі прытокаў Сажа — Беседзі, Іпуці, Вуць, у заходняй частцы цякуць Жалонь, Мыцьва, Віць, Іпа, на поўдні — Брагінка.
Глебы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тэрыторыя Гомельскага Палесься знаходзіцца ў межах Палескай аграглебавай правінцыі Любанска — Шацілавіцка — Каленкавіцка — Ельскага і Мазырска — Хвойніцка — Брагінскага раёнаў. Глебы дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя пяскова-супясковыя прымеркаваныя да надабалонавых тэрасаў і водна-ледавіковых раўнінаў. На Хвойніцка-Брагінскіх вышынях разьвітыя дзярнова-палева-падзолістыя легкасуглінкавыя і дзярнова-падзолістыя супясковыя глебы, на Юравіцкім узвышшы — дзярнова-падзолістыя суглінкавыя. Паўднёвей лініі Хвойнікі — Брагін, у басэйнах Віці і Ведрыча распаўсюджаныя тарфяна-балотныя глебы нізінных балотаў, часьцей за ўсё асушаныя. У абалонах буйных рэчак фармуюцца алювіяльныя дзярновыя забалочаныя глебы.
Расьліннасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гомельскае Палесьсе разьмешчанае ў межах Палеска-Прыдняпроўскай геабатанічнай акругі падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў, паўночная частка | у Бярэзінска-Перадпалескай акрузе падзоны грабава-дубова-цёмнахваёвых лясоў. Максымальная лясістасьць адзначаецца на паўднёвым захадзе (да 55%), мінімальная (да 22%) на паўднёвым усходзе. Распаўсюджаныя хваёвыя лішайнікава-хмызьняковыя і хмязьнякова-зялёнамховыя, шыракаліста-хваёвыя арлякова-зялёнамхова-кісьлічныя, чорнаалешнікавыя вятроўнікавыя, бярозавыя лясы і дубровы.
У абалонах рэчак разьвітыя зёлкавыя астэпаваныя і зёлкавыя гідрамэзафітные лугі. Сярод балотаў, якія займаюць 7% тэрыторыі, пераважаюць нізінныя. Найвялікшыя балотныя масівы Паганянскае, Васілевічы-1, Васілевічы-2, Ладава, Кабылянскае, Булеў Мох, Іпра-Вішанскае.
Ахова прыроды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У межах раёну разьмешчаныя Прыпяцкі радыяцыйна-экалягічны запаведнік, Веткаўскі, Чачэрскі, Шабрынскі батанічныя, Буда-Кашалёўскі біялягічны, Чыркавіцкі журавінавы заказьнікі дзяржаўнага значэньня, а таксама шэраг заказьнікаў абласнога і мясцовага значэньня: Закрашынскі Мох, Ратміравіцкі, Шацілавіцкі, Выдрыца, Дубоўка, Мох, Беседзь і іншыя, а таксама шматлікія помнікі прыроды.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- География Гомельской области / Под ред. Г. Н. Каропы, В. Е. Пашука. — Гомель: Изд-во Гомельского государственного университета им. Ф. Скорины, 2000. — 286 с.
|