Беларуская археалёгія
Беларуская археалёгія, археалёгія Беларусі — тэрытарыяльная галіна археалёгіі.
Гістарыяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарыяграфія беларускай археалёгіі ўзьнікла намаганьнямі Канстантына Тышкевіча ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя, практычна адначасова з узьнікненьнем самой гэтай галіны ведаў. Тышкевіч у сваіх працах ня толькі сыстэматычна асьвятляў тагачасныя дасьледаваньні археолягаў і краязнаўцаў, але і ўпершыню паспрабаваў ахарактарызаваць іх погляды на старажытную гісторыю, разгледзець ідэі і гіпотэзы сваіх папярэднікаў, увёў у навуковы ўжытак раней невядомыя імёны дасьледнікаў.
Больш сьцісла, а часам і павярхоўна, закранаў адпаведныя тэмы Я. П. Тышкевіч; павярхоўна і бегла — Адам Кіркор, І. І. Крашэўскі, Уладзіслаў Сыракомля, Павал Шпілеўскі, Вінцэсь Каратынскі, Ксенафонт Гаворскі і іншыя.
Экскурсы ў гісторыю разьвіцьця беларускага краязнаўства і археалёгіі рабілі Аляксей Сапуноў, Еўдакім Раманаў, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Вандалін Шукевіч, Ф. В. Пакроўскі і інш.
У 1920-я—1930-я гады за гістарыяграфічны агляд вывучэньня старажытнасьцяў паўночнай Беларусі ўзяўся Б. Р. Брэжга, некаторыя імёны былі названыя ім упершыню. Іншымі значнымі дасьледнікамі прадмету ў савецкі пэрыяд былі М. І. Касьпяровіч з гістарыяграфіяй беларускага краязнаўства (у пэрыяд зь сярэдзіны 19 ст.) і Сяргей Дубінскі з гістарыяграфіяй беларускай археалёгіі. Таксама гэтыя пытаньні закраналіся ў кароткіх гістарыяграфічных публікацыях М. Ламакі, Д. Васілеўскага, Мікалая Нікольскага, Уладзімера Пічэты, Уладзімера Перцава і іншых. Таксама гістарыяграфіі дасьледаваньняў беларускай матэрыяльнай культуры ўдзялялі ўвагу В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. У. Арцыхоўскі.
Унівэрсальнае значэньне ў разьвіцьці гістарыяграфіі археалёгіі і краязнаўства, у тым ліку беларускіх, мелі навуковыя канцэпцыі А. А. Фармозаў.
Наогул, да 1980-х гадоў існавала мала адмысловых гістарыяграфічных дасьледаваньняў прадмету. Зьмястоўныя зьвесткі пра дакастрычніцкую беларускую археалёгію, пераважна паўночных земляў Беларусі, і менш пра краязнаўства, даў Леанід Аляксееў, пра савецкую — У. Д. Будзько і Аляксей Мітрафанаў. Тэму таксама закраналі Леанід Побаль, А. М. Пяткевіч, У. А. Калесьнік, Адам Мальдзіс.
Да пытаньняў мясцовага краязнаўства і археалёгіі зьвярталіся польскія дасьледнікі: Ю. Кастшэўскі, А. Абрамовіч[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Каханоўскі Г. А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. / Навук. рэд. Л. Д. Побаль. — Мн.: Навука і тэхніка, 1984. С. 3—10.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Каханоўскі Г. А. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. / Навук. рэд. Л. Д. Побаль. — Мн.: Навука і тэхніка, 1984. — 120 с.
- Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. Том 1.