Белфа
Каардынаты: 52°52′22″ пн. ш. 30°1′38″ у. д. / 52.87278° пн. ш. 30.02722° у. д.
Тып | адкрытае акцыянэрнае таварыства |
---|---|
Дэвіз | Нашае футра — Ваш посьпех |
Заснаваная | 30 сьнежня 1978 (45 гадоў таму) |
Разьмяшчэньне | Жлобін (Гомельская вобласьць, Беларусь) |
Ключавыя фігуры | Алена Кліцунова, Віктар Галактыёнаў |
Галіна | лёгкая прамысловасьць |
Прадукцыя | вопратка, дыван, коўдра, падушка, штучнае футра |
Абарачэньне | ▼201,593 млрд рублёў[1] (2015 г.; $12,403 млн)[2] |
Апэрацыйны прыбытак | ▼-10,732 млрд руб (2015 г.; $-660,3 тыс.) |
Чысты прыбытак | ▼-10,807 млрд руб (2015 г.; $-664,9 тыс.) |
Лік супрацоўнікаў | 936 (2016 г.) |
Матчына кампанія | «Беллегпрам» (Менск) |
«Белфа» — адзіны ў Беларусі і найбольшы ў Эўропе вытворца штучнага трыкатажнага футра, заснаваны ў сьнежні 1978 году ў Жлобіне (Гомельская вобласьць) пад назовам Жлобінская фабрыка штучнага футра.
Месьціцца ў Жлобіне па адрасе: Чырвоны праезд, д. 2. На 2017 год ААТ «Белфа» вырабляла з авечай воўны: коўдры, падушкі, уцяпляльныя паясы і ўкладышы для абутку, чахлы для матрацаў. Са штучнага футра выраблялі: дываны, пакрывалы, пледы, жакеты, жылеты, паўпаліто, курткі і карнавальныя касьцюмы і шапкі. Уласна штучнае футра выраблялі для вопраткі і працоўнага адзеньня, цацак і пальчатак, падкладкі абутку і вопраткі.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сьнежні 1978 году ўвялі ў дзеяньне першую чаргу Жлобінскай фабрыкі штучнага футра, якую пачалі будаваць у студзені 1976 году. Да 1980 году пусьцілі 2-ю і 3-ю чэргі вытворчасьці, што зрабіла фабрыку найбольшым у СССР вытворцам доўгаворсавага трыкатажнага палатна. Першапачаткова штучнае футра выраблялі для вопраткі і абутку. У 1983 годзе дадалі досьледную швейную фабрыку. У сакавіку 1984 г. прадпрыемства пераўтварылі ў Жлобінскае вытворчае аб’яднаньне штучнага футра. У лютым 1993 г. прадпрыемства перайменавалі ў вытворча-гандлёвае аб’яднаньне «Белфа». У сярэдзіне 1990-х гадоў адчынілі досьледны цэх для вырабу цацак, для якіх спачатку выраблялі каля 300 000 м² штучнага футра за год. У 2011 г. выраб штучнага футра для цацак вырас да 4,5 млн м². На 2012 г. прадпрыемства мела ўласную 2-павярховую краму ў Жлобіне і яшчэ 2 крамы ў Віцебску. Сыравіну набывалі ў Наваполацку (Віцебская вобласьць), Магілёве і Сьветлагорску (Гомельская вобласьць). Прадпрыемства налічвала каля 1350 супрацоўнікаў зь сярэднім узростам у 43 гады і мела падрыхтоўчае, вязальнае і аздобнае абсталяваньне для вырабу ворсавага трыкатажнага палатна. Пры распрацоўцы вопраткі «Белфа» супрацоўнічала зь Менскім цэнтрам моды. Найм новых супрацоўнікаў пераважна ажыцьцяўляўся зь ліку выпускнікоў Віцебскага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту. Таксама ААТ «Белфа» асвоіла вытворчасьць палатна, у якім натуральныя валокны авечай воўны складалі да 80%[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Справаздача аб дзейнасьці ААТ за 2015 год (рас.) // Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 6 кастрычніка 2017 г.
- ^ Сярэднеўзважаны курс беларускага рубля ў адносінах да замежных валют на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2015 год (16 253,61 за даляр) // Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, 2016 г. Праверана 6 кастрычніка 2017 г.
- ^ Ірына Асташкевіч, Віктар Бойка, Алена Даўжанок. Цяпер выпускаем і натуральнае // Зьвязда : газэта. — 31 траўня 2012. — № 102 (27217). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Інтэрнэт-крама(недаступная спасылка) (рас.)
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |