Аляксандар Гваньіні

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аляксандар Гваньіні
італ. Alessandro Guagnini, польск. Aleksander Gwagnin
XVII стагодзьдзе
Род дзейнасьці выдавец
Дата нараджэньня 1538(1538)
Месца нараджэньня Вэрона
Дата сьмерці 1614(1614)
Месца сьмерці Кракаў
Занятак гісторык

Алякса́ндар (Аляса́ндра) Гваньі́ні (па-лацінску: Alexander Gwagninus, па-італьянску: Alessandro Guagnini, па-польску: Aleksander Gwagnin; 1538, Вэрона — 1614, Кракаў) — выдавец, гісторык, вайсковец італьянскага паходжаньня. Большую частку жыцьця правёў у Вялікім Княстве Літоўскім, пасьля ў Рэчы Паспалітай.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па паходжаньні італійскі шляхціч. З 1550-х служыў ротмістрам у войску Вялікага Княства Літоўскага. У Паўночную сямігадовую вайну служыў наймітам у польскім войску. У 1571 прыняў падданства Рэчы Паспалітае з уласным гербам «Гваньін». Браў удзел у войнах з Масковіяй, быў вайсковым камэндантам Віцебску[1]. Апошнія гады жыцьця правёў у Кракаве — сталіцы Рэчы Паспалітай. Гваньіні вылучаўся высокім узроўнем адукацыі і культуры, валодаў некалькімі мовамі (лацінаю, нямецкай, польскай), што адлюстраванае ў ягоных сачыненьнях.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзейнасьць Гваньіні ў ВКЛ застаецца не да канца высьветленай ня толькі ў беларускай, але і ў польскай ды летувіскай гістарыяграфіях. Ягонае імя зьвязваюць з лацінамоўнай працай «Апісаньне Эўрапейскай Сарматыі» (лац. Sarmatiae Europeae descriptio, quae Regnum Poloniae, Lituaniam, Samogitiam, Russiam, Masoviam, Prussiam, Pomeraniam… complectitur) ― помнікам гістарыяграфіі XVI стагодзьдзя.

Складзены А. Гваньіні на лацінскай мове ў першай палове 1570-х. Складаецца з чатырох частак, якія зьмяшчаюць зьвесткі па гісторыі, геаграфіі, побыце, звычаях і культуры Літвы, Польшчы, Жамойці, Мазовіі, Інфлянтаў, Прусіі, Памяраніі, Масковіі і татараў. Выкарыстаныя розныя крыніцы, у тым ліку беларуска-літоўскія хронікі, а таксама матэрыялы з «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» М. Стрыйкоўскага, які служыў пад кіраўніцтвам А. Гваньіні[2].

Хроніка была ўпершыню апублікаваная ў 1578 у Кракаве аб’ёмам 203 аркушы, багата ілюстраваная. Яшчэ тады Стрыйкоўскі абвінаваціў Гваньіні ў прысабечваньні рукапісу Стрыйкоўскага і публікацыі пад сваім прозьвішчам. Кароль Сьцяпан Батура 14 ліпеня 1580 выдаў дакумэнт, якім пацьвердзіў уласнасьць Стрыйкоўскага на працу. Аднак «Апісаньне эўрапейскай Сарматыі» працягнула выдавацца ад імя Гваньіні і нават было перакладзенае на польскую мову.

Партрэт Гедыміна з Хронікі Алясандра Гваньіні. Гэтая ж выява выкарыстаная і як партрэт Казімера III Вялікага

У 1581 хроніка была перавыдадзеная ў Сьпіры (Нямеччына), у 1583 у Італіі. У ВКЛ была вядомая дапоўненым кракаўскім польскамоўным выданьнем 1611. У першай палове XVII ст. перакладзеная на беларускую мову.

Стала крыніцай для беларускіх і ўкраінскіх хронік і хранографаў XVII—XVIII стагодзьдзяў. Першы твор, які пазнаёміў заходнеэўрапейскага чытача з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага і зьместам вялікалітоўскіх агульнадзяржаўных хронік. Упершыню ў гэтым выданьні былі зьмешчаныя партрэты вялікалітоўскіх князёў. Хоць іхнія выявы былі цалкам выдуманыя і ня мелі ніякай сувязі з сапраўдным выглядам князёў (а часам адзін і той самы малюнак ілюстраваў розных людзей), адлюстраваных з анахранічнай вопраткай і зброяй, партрэты вельмі моцна паўплывалі на будучыя выявы князёў. Дагэтуль яны застаюцца найбольш папулярнай крыніцай для ілюстрацыі гістарычных кніг.

Копіі хронікі захоўваюцца, сярод іншага, у бібліятэцы Віленскага ўнівэрсытэту і беларускай бібліятэцы імя Францішка Скарыны ў Лёндане[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Витебская старина / Сост. А. П. Сапунов. — Т. 4. — Витебск, 1885.
  2. ^ Улащик Н. Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. — М., 1973.
  3. ^ A brief history and description of the library and museum (анг.). The Francysk Skaryna Belarusian library and museum (London). Праверана 28 жніўня 2014 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік. — Гродна: ГрДУ, 2006. — 345 с. — ISBN 985-417-858-7
  • Julia Radziszewska. Maciej Stryjkowski, historyk-poet z epoki Odrodzenia. — Katowice: 1978.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]