Давыд Гарадзенскі
Давыд Гарадзенскі | |
Манэта «Давыд Гарадзенскі», 20 рублёў, рэвэрс | |
Гарадзенскі староста | |
---|---|
1314 — 1326 | |
Гарадзенскі кашталян | |
1299 — 1314 | |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
1283, Пскоў |
Памёр: |
1326, Брандэнбург |
Сужэнец: | Бірута Гедзімінаўна |
Дзеці: | Патрыкей Давыдавіч |
Бацька: | Даўмонт |
Маці: | Марыя Дзьмітрыеўна |
Давыд Гарадзенскі (каля 1283—1326) — вайскавод і дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, староста гарадзенскі, кашталян Гарадзенскага замку.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паходжаньне і радавод
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сын нальшчанскага князя Даўмонта, які ў 1266 годзе ад’ехаў разам з дваром і 300 баярамі з Крэва ў Пскоў па крывавым міжусобным змаганьні зь Міндоўгам, і князёўны Марыі Дзмітрыеўны, унучкі Аляксандра Неўскага[1]. Па сьмерці бацькі ў 1299 годзе перайшоў у Горадню, дзе паступіў на службу да князя Віценя, а потым Гедзіміна. Ажаніўся з дачкой Гедзіміна Бірутай.
Жыцьцё і дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1305 годзе разам з Гедзімінам разьбіў каля Горадні войскі камэнданта Брандэнбургу комтура Конрада Ліхтэнхагена. У 1306 годзе ўзначаліў пасьпяховую абарону Гарадзенскага замку, які аблажылі 6 тысячаў лёгкіх коньнікаў і сотня цяжкаўзброеных рыцараў пад камандаю комтура Кёнігсбэргу Эбэрхарда Вірнэнбурга. У 1314 разьбіў крыжакоў, што аблажылі Наваградак, і зьнішчыў увесь варожы абоз, захапіў 1500 коней і ваенную амуніцыю, чым парушыў тактыку крыжакоў, якія раней да гэтага пры нападах на тэрыторыю ВКЛ уладкоўвалі склады харчу ў тыле. У веснавую паводку 1319 году на чале 800 вершнікаў[2] заваяваў прускую вобласьць Вагенштоф, якую абаранялі комтуры Ульрых Дрымбэ і Фрыдрых Квіц. У 1322 годзе дапамог Пскову ў змаганьні зь Лівонскім ордэнам, стаўшы на кароткі час князем Пскова, у 1323 годзе разьбіў пад яго сьценамі дацкае войска і дайшоў да Рэвэлю. У тым самым годзе яшчэ раз адкінуў ад Пскова нямецкіх рыцараў, якія 18 дзён трымалі горад у аблозе, а потым разьбіў іх. У сакавіку 1324 году тры нямецкія рыцары і 600 воінаў спалілі маёнтак Давыда, дзе забілі яго сям’ю і звыш 30 іншых жыхароў. У адказ Давыд зладзіў паход войскаў ВКЛ на Мазовію.
У 1326 годзе на чале аддзелу з 1200 коньнікаў, сярод якіх былі і палякі, зрабіў кінжальны рэйд на Брандэнбург і Франкфурт-на-Одэры. У час гэтага пераможнага паходу немцы падкупілі мазавецкага рыцара Андрэя Госта, і той па-здрадніцку забіў Давыда[3]. Спачыў каля сьценаў Барысаглебскага манастыра ў Горадні.
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Горадні імя Давыда Гарадзенскага надалі вуліцы, а непадалёк ад Барысаглебскага манастыра паставілі валун-помнік.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ткачоў М. Давыд // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 566.
- ^ Малішэўскі М. Непераможны Давыд Гарадзенскі — граза крыжаносцаў // Зьвязда : газэта. — 10 чэрвеня 2010. — № 111 (26817). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
- ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 41.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4