Зэмгалы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гісторыя Латвіі

Зэмга́лы[1][2], сэміга́лы (лат. zemgaļi; лет. žemgaliai) — адно з балтыйскіх плямёнаў, якое жыло на поўдні Латвіі ў Зэмгаліі, вядомае працяглым супрацівам нямецкім крыжакам — Лівонскаму ордэну. Пазьней разам з суседнімі латгаламі, куршамі і лівамі утварылі народ латышоў.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Няма адзінага меркаваньня датычна этымалёгіі назвы «зэмгалы». Дасьледнікі пагаджаюцца, што другая яе частка азначае 'мяжу', 'канец' (ад «галас»). Тым часам першую частку летувіскія аўтары імкнуцца зьвязваць з ziem 'поўнач', іншыя дасьледнікі — з zem 'нізкі'[3]. Гісторык Вацлаў Пануцэвіч зьвяртае ўвагу на тое, што ў назьве «зэмгалы» першая частка абазначае жамойтаў (жэймаў)[4].

Вялікі князь Гедзімін у сваім лісьце-пасланьні да манахаў-францішканаў Саксоніі, датаваным 26 траўнем 1323 году, запрашаў у Вялікае Княства Літоўскае чатырох прапаведнікаў, каб яны маглі апеквацца двума касьцёламі, збудаванымі ў Вільні і Наваградку. Гедзімін ставіў умову і пажаданьне, каб місіянэры абавязкова ведалі польскую, зэмгальскую[a] і рускую мовы. У пасланьні таксама дадавалася, што гэтымі мовамі валодалі іншыя місіянэры, якія дагэтуль былі або яшчэ знаходзіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім[5].

Тым часам яшчэ Густынскі летапіс называў зэмгалаў жамойтамі[6], а нямецкі гісторык Ёганэс Фохт(en) у 1828 годзе зьвяртаў увагу на тое, што ў старажытнасьці саамы займалі даволі вялікую тэрыторыю, а таксама на падабенства паміж зэмгаламі, жамойтамі і самляндцамі, назвы якіх ён зьвязваў менавіта з саамамі[b][7]. У 1847 годзе ў часопісе Міністэрства народнай асьветы Расейскай імпэрыі зазначалася, што «Самаеды, Самагіты, Самігалы, Сембы або Самлянд ёсьць народамі, прыналежнымі да Фінскага кораню»[c][8].

У 1420 годзе пасланцы вялікага князя Вітаўта на арбітражным працэсе наконт дзяржаўнай прыналежнасьці Жамойці, які праходзіў ва Ўроцлаве, сьцьвярджалі перад судом, што існавала «тры зямлі Жамойтаў»[9]. Паводле Вацлава Пануцэвіча, жамойцкае сялянскае насельніцтва складала падуладную большасьць у пэўных землях Тэўтонскага ордэну (Самляндыя), Вялікага Княства Літоўскага (Жамойць) і Лівонскага ордэну[10]. Тым часам нямецкі энцыкляпэдыст XVII ст. Марцін Цайлер(ru), які карыстаўся шматлікімі гістарычнымі працамі і геаграфічнымі апісаньнямі, пры апісаньні[11] сталіцы Зэмгаліі Мітавы зазначаў, што паводле Альбэрта Каяловіча, «у 1315 годзе, альбо каля таго часу, лівонцы аднялі ў ліцьвінаў гэтую частку Samogitien, якая цяпер называецца Курляндыя, альбо Curonia»[12], а таксама, што «ў Samogitien, або Samaiten, або Sudinia, якую ў частцы Прусіі таксама называюць Sambiam, уладарыў брат узгаданага Lituonis, Saimo»[13].

У Хроніцы Эўрапейскай Сарматыі, апублікаванай у 1582 годзе, паведамлялася[14]:

« А ў Прусіі, Самбіі, краі, які называюць па-нямецку Судавэн, Самлянд, і каля Інстэрборгу, Рагнеты і ў Курляндзкім краі сельскія мужыкі, якія ўсе ёсьць жамойтамі і размаўляюць на жамойцкай мове аж да Караляўца, што я сам чуў і бачыў… »

Тое, што зэмгалы (Samegallen або Semgallen), жамойты (Sameiten або Samogitier) і самляндцы (Samen або Samländern) ад пачатку складалі адно племя, зазначаў яшчэ ў 1859 годзе курляндзка-нямецкі гісторык Отта фон Рутэнбэрг(de)[15].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Археалягічныя зьвесткі сьведчаць, што ў другой палове 1-га тысячагодзьдзя н. э. зэмгалы мелі шмат агульнага ў культуры з жамойтамі[16].

Разам зь літвой і куршамі зэмгалы ўпамінаюцца ў недатаваных уводзінах да Аповесьці мінулых часоў. Паводле Лаўрэнцеўскага летапісу, у 1106 годзе полацкія князі ўчынілі выправу на зэмгалаў, але пацярпелі паразу.

Некаторыя гісторыкі лічаць, што зэмгалы былі адным зь першых балтыйскіх плямёнаў, якія ўсталявалі цэнтралізаваную ўладу. Аднак яна была слабай з прычыны змаганьня племянной шляхты за ўладу і ўплыў. Найбольш прыкметным земгальскім правадыром быў Віестарц. Пагадніўшы пасвараныя зэмгальскія кланы і стварыўшы адзіную дзяржаву ў пачатку XIII ст., Вестур склаў зьвяз зь Лівонскім ордэнам з мэтай перамагчы вонкавых супернікаў. Аднак па тым, як немцы парушылі хаўрусную дамову і ўварваліся ў яго зямлі, Вестур аб’яднаўся з жамойтамі, разам зь якімі дасягнуў сваёй найбольш гучнай перамогі — разгрому Лівонскага ордэну ў бітве пад Саўле (цяпер Шаўлі) у 1236 годзе.

Іншым вядомым правадыром зэмгалаў быў Намейт (Намейсіс), амаль легендарная постаць у латвійскай літаратуры. Паводле падданьня, ён зьбіраўся правесьці найбуйнейшую ў гісторыю вайсковую выправу аб’яднаных балтыйскіх плямёнаў. Яго мэтай быў зваротны напад на землі Ордэну і іх заваёва. Але дзеля таго, што адзінай пісьмовай інфармацыяй пра Намейта ёсьць апісаньне яго сьмерці у час аблогі Крыстбургу ва Ўсходняй Прусіі, гісторыкі працягваюць спрачацца пра тое, ці існаваў ён наогул. Разам з тым, можна з упэўненасьцю сказаць, што ў 1270-х гадох зьявіўся новы моцны манарх, які атрымаў некалькі буйных перамог над лівонскімі рыцарамі ў Зэмгаліі і Ўсходняй Прусіі.

У 1285 годзе крыжакі збудавалі замак Гайлігенбэрг насупраць галоўнага гораду зэмгалаў. У 1290 годзе зэмгалы разам з жамойтамі ўзялі гэты замак у аблогу, якая, аднак, правалілася. Па няўдалай аблозе тысячы зэмгалаў перамясьціліся ў Жамойць[17].

26 траўнем 1323 году вялікі князь літоўскі Гедзімін у сваім лісьце-пасланьні да манахаў-францішканаў Саксоніі запрашаў у Вялікае Княства Літоўскае чатырох прапаведнікаў, каб яны маглі апеквацца двума касьцёламі, збудаванымі ў Вільні і Наваградку. Гедзімін ставіў умову і пажаданьне, каб місіянэры абавязкова ведалі польскую, зэмгальскую і рускую мовы. У пасланьні таксама дадавалася, што гэтымі мовамі валодалі іншыя місіянэры, якія дагэтуль былі або яшчэ знаходзіліся ў Вялікім Княстве Літоўскім[5].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ На думку гісторыка Паўла Урбана, гэты упамін зэмгальскай мовы можа тлумачыцца тым, што ў 1289—1290 гадох па паразе паўстаньня супраць Лівонскага ордэну у ВКЛ перасялілася каля 100 тысячаў зэмгалаў
  2. ^ ням. «Die weite Ausdehnung der Wohnsige der Westier in alter Zeit und die Große, welche früher dem Lande der Samen zugeschrieben wird, besonders bei den Skandinavischen Chronisten, lassen schon von selbst auf eine weite Ausdehnung des Samischen Volkes schließen. Auf eine Verwandtschaft der Samlander, Samaiten und Semgallen weisen aber außerdem auch Name, Sitte, Verfassung und Religion hin. Von dies sen letzteren hier weiter zu sprechen, ist nicht der geeignete Ort; der Name der Samen aber geht auch durch die beiden Benennungen Samaiten und Semgalen durch, denn Semgallen ist aus Semme und Gals, Galas, d. h. das Zeußerste, Ende, die Granze, zusammengesetzt, ebenso wie Widsemme, das Withland oder Widenland s. v. a. Gothenland, als Name des Lettlandes, welchen Namen man gewiß unrichtig durch Mittelland erklärt.»
  3. ^ рас. «Самоеды, Самогиты, Самигалы, Сембы или Самланд суть народы, принадлежащие к Финскому корню»

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 169.
  2. ^ Урбан П. Яшчэ да пытаньня этнічнай прыналежнасьці старажытных ліцьвіноў // Спадчына. № 2, 1995. С. 11—26; Спадчына. № 3, 1995. С. 3—7.
  3. ^ Bojt E. Foreword to the Past: A Cultural History of the Baltic People. — Budapest, 1999. P. 142.
  4. ^ Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 169, 279.
  5. ^ а б Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 102.
  6. ^ Штыхаў Г. Земгалы // БЭ. — Мн.: 1998 Т. 7. С. 54.
  7. ^ Voigt J. Geschichte Preussens. B. 3. — Königsberg, 1828. S. 65.
  8. ^ Журнал Министерства народного просвещения. Ч. 56, 1847. С. 130.
  9. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 24.
  10. ^ Пануцэвіч В. Літва і Жамойць. Розныя краіны і народы. — Менск, 2014. С. 269.
  11. ^ Іншае апісаньне Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага… у перакладзе Алега (Давіда) Лісоўскага, Беларуская Палічка
  12. ^ Zeiller M. Anderte Beschreibung deß Königreichs Polen und Großherzogthumbs Lithauen. — Ulm, 1657. S. 213.
  13. ^ Zeiller M. Anderte Beschreibung deß Königreichs Polen und Großherzogthumbs Lithauen. — Ulm, 1657. S. 102.
  14. ^ Kronika polska, litewska, żmódzka i wszystkiej Rusi Maciejá Stryjkowskiego. T. 1. — Warszawa, 1846. S. 148.
  15. ^ Rutenberg O. Geschichte der Ostseeprovinzen, Liv-, Esth-, und Kurland. B. 1. — Liepzig, 1859. P. 146.
  16. ^ ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2010 Т. 3. С. 229.
  17. ^ Kasekamp K. A History of the Baltic States. — London, 2018. P. 17.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]