Раўданскі рукапіс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Раўданскі рукапіс — рукапісная кніга ў лаціне пад назвай «Codex selectus» («Кніга абранага»), укладзеная ў 1488 годзе Антоніем Корсакам для княжыча Аляксандра Казімеравіча. Умоўная назва кнігі «Раўданскі рукапіс» паўстала ў XIX ст. ад мястэчка Раўданаў (Расенскі павет Жамойці), у мясцовым архіве якога (у замку) кніга была адшукана. Тэадор Нарбут зрабіў выпіскі з кнігі ў 1805 годзе[1].

Зьмест[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У зборніку зьмешчаны панэгірычны радавод Ягайлавічаў, які перацінаецца з творамі антычных аўтараў (Віргіліюса, Гарацыюса, Сэнэкі). Радавод пачынаецца ад легендарнага волата Гелона, які некалі перамог народ людажэрцаў. Ад Гелона паходзіў князь Імін, якога ў маленстве вывезьлі «у зямлю дрыгавічоў, народу прыязнага літве», у горад Ігмен (мабыць, Ігумен). Той край быў падбіты кіеўскім князем Ігарам у XII ст. (відаць, у 1128—1132 гадох, калі Менскае княства было захопленае кіеўскімі князямі), і ўнук Іміна Глапімін вярнуўся ў Літву. Нашчадкамі Глапіміна былі князь Сутынк і князь Дармунімунд, якія жылі ў Жамойці. Сын Дармунімунда Лютавор меў сядзібу ў Эйраголе на рацэ Дубісе, ваяваў на моры і ад 1264 году быў вялікакняскім намесьнікам у Полацку. У Эйраголе ў 1232 годзе нарадзіўся сын Лютавора Віцень. Таксама ў Эйраголе да займаньня вялікакняскага стальца жыў сын Віценя Гедзімін (нарадзіўся ў 1257 годзе). Віценя на вялікакняскі сталец паднес (як апавядаюць і іншыя летапісы ВКЛ) князь Лаўрыш-Рымант на сойме ў Кернаве.

Гэты радавод Ягайлавічаў быў вядомы таксама віленскім езуітам XVII ст. (вядомы ў рукапіснай казані ксяндза Яна Барэйшы, моўленай у касьцёле Сьвятога Яна пры акадэміі ў 1689 годзе).

Жонкі Гедзіміна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Codex selectus» называе жонак Гедзіміна: першаю была Віда (ажаніўся да 1276 году), дачка швэда-бортніка Відмунда з Куроніі. Да 1296 году Гедзімін ажаніўся з другой жонкай — смаленскай княжной Вольгай Усеваладаўнай, а прыкладна ў 1298 годзе — з трэцяй жонкай, полацкай княжной Еўнай (або Евай) Іванаўнай, дачкой князя Івана Ўсеваладавіча, брата зьмерлай Вольгі.

Раўданскі рукапіс зьвязвае зь імёнамі жонак Гедзіміна імёны яго сыноў: імёны Монтвіда і Нарымонта зьвязаны зь Відай, а Альгерда — з Вольгай (гл. ніжэй). Таксама відавочна (хаця Раўданскі рукапіс гэта не падкрэсьлівае), што імя Яўнуты зьвязана зь імем Еўны.

Такім парадкам, Раўданскі рукапіс пацьвярджае аўтэнтычнасьць зьвесткі Хронікі Быхаўца пра «княгіню Еўну», жонку Гедзіміна, і праясьняе, што гэта не «летувіска» зь «летувіскім» імем «Яўна» (як бездаводна заяўляюць летувіскія аўтары) — а полацкая княжна Еўна Іванаўна.

Тлумачэньне імёнаў князёў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Codex selectus» тлумачыць імёны старэйшых сыноў Гедзіміна: Монтвіда, Нарымунта, Альгерда і Кейстута. Паводле кнігі, Монтвід і Нарымунт былі сынамі першае жонкі Гедзіміна Віды: імя Монтвід азначае «сьвятло Віды», а Нарымунт азначае «канец сьвятла», бо падчас радзін Нарымунта Віда памерла. Імя Альгерд азначае «радасьць Ольгі» або «урода Ольгі». Імя Кейстут азначае «спрытнюга» (у выкладзе Нарбута «fortelnik»).

Гэтыя тлумачэньні яўна паказуюць на паходжаньне імёнаў з германскіх моваў, пацьвярджаючы даўно агучаную дасьледнікамі тэзу аб германскім паходжаньні ліцьвінаў (А. Касінскі, Юзэф Пузына, Лявон Галяк). Менскі дасьледнік Алёхна Дайліда выбудаваў германскую этымалёгію імёнаў сярэднявечных ліцьвінаў і паказаў агульную адпаведнасьць тлумачэньняў Раўданскага рукапісу германскаму сэнсу імёнаў князёў[2].

Таксама, засьведчанае Раўданскім рукапісам імя бацькі Віценя — Лютавор — сьведчыць пра слушнасьць варыянта імя Lutuwerus, запісанага ў адным зь сьпісаў хронікі Дусбурга. Такім парадкам, напісаньне Lutuwerus гэта не «памылка шрыфта XVII стагодзьдзя» (як абвяшчаюць летувіскія аўтары), а слушнае напісаньне імя князя. У той час як варыянты «Пукувер» і да т. п. ёсць пазьнейшымі выдумкамі з мэтаю схаваць вядомае германскае імя Лютавор, якое ніяк немагчыма напяць на «балтыйскае».

Таксама, Раўданскі рукапіс падае імёны сыноў Віценя — Гвазэлют і Воін (Гвазэлют, сын Віценя, вядомы таксама зь іншай крыніцы — ліфлянцкага Румбарцкага рочніка XIV ст.[3]). Фарманты імя Гвазэлют (-гваз- і -лют-) — шырока вядомыя гоцкія фарманты, наяўныя ў многіх гоцкіх імёнах. Імя Воін або Война — вядомае германскае імя (Vuuna), таксама наяўнае як фармант у германскіх імёнах і ў імёнах ліцьвінаў (Войнад, Давойна, Будвойна і інш.)[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Narbutt T. Dzieje starożytne narodu litewskiego. T. I. — Wilno, 1835. S. 156—160.
  2. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 19—27.
  3. ^ Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiej Rusi. T. I. — Warszawa, 1846. S. 282—284.
  4. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17, 21.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]