Хроніка Эўрапейскай Сарматыі
«Хроніка Эўрапейскай Сарматыі» | |
Sarmatiae europeae descriptio | |
Тытульны аркуш | |
Жанр: | летапіс |
---|---|
Аўтар: | Аляксандар Гваньіні |
Мова арыгіналу: | лацінская |
Год напісаньня: | 1570—1575 |
Публікацыя: | 1578 |
Выдавецтва: | Maciej Wirzbięta[d] |
Колькасьць старонак: | 852 (1611 год) |
«Хро́ніка Эўрапе́йскай Сарма́тыі» — летапіс, складзены Аляксандрам Гваньіні ў 1-й палове 1570-х гадоў на лацінскай мове.
«Апісаньне Эўрапейскай Сарматыі» грунтуецца на некалькіх крыніцах, у тым ліку на беларуска-літоўскіх летапісах і матэрыялах Мацея Стрыйкоўскага. У творы апісваюцца Беларусь, Жмудзь, Масковія, Памор’е, Польскае каралеўства, Прусія, Украіна і Татарыя (Сыбірскае ханства). Прыводзяцца грамадзянская гісторыя, геаграфія, побыт, звычаі і культура народаў Эўропы, у тым ліку артыкул «Спосаб узворваньня глебы і сяўбы ў Белай Русі». Гісторыя Вялікага Княства Літоўскага скарочана выкладзеная паводле «Хронікі Вялікага Княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хронікі Быхаўца[1].
У 1578 годзе «Апісаньне» ўпершыню выдадзена ў Кракаве (Польскае каралеўства). У 1581 годзе выйшла 2-е дапоўненае выданьне ў Сьпіры (Сьвятая Рымская імпэрыя). У 1583 годзе кнігу надрукавалі ў італьянскім перакладзе ў Італіі. У 1611 годзе ў Кракаве выйшла «Хроніка эўрапейскай Сарматыі» па-польску, непасрэднай крыніцай для якой паслужыла «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі» Стрыйкоўскага. Яна была дапоўненай апісаньнем краінаў Заходняй Эўропы і Блізкага Ўсходу, а таксама падзеяў апошняй чвэрці 16-га стагодзьдзя ў Вялікім Княстве Літоўскім, Масковіі і Польшчы. У 1-й палове 17-га стагодзьдзя перакладзеная на старабеларускую мову. Паслужыла крыніцай для беларускіх і ўкраінскіх летапісаў і хранографаў 17—18 стагодзьдзяў. На яе спасылаецца Трафім Сурта ў прадмове да Магілёўскай хронікі. «Хроніка эўрапейскай Сарматыі» стала першым творам, які пазнаёміў заходнеэўрапейскіх чытачоў з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага і зьместам агульнадзяржаўных беларуска-літоўскіх летапісаў[1].
18 траўня — 30 верасьня 2014 году Нацыянальная бібліятэка Беларусі прадставіла ў Музэі кнігі 2-е лацінамоўнае выданьне «Апісаньня Эўрапейскай Сарматыі» 1581 году, якое выйшла ў друкарні Бэрнгарда Альбіна ў Сьпіры. Таксама на выставе паказалі польскамоўнае выданьне «Хронікі Эўрапейскай Сарматыі» 1611 году, выдадзенае ў кракаўскай друкарні Мікалая Лоба. Фаліянт «Хронікі» налічваў 852 старонкі ў 10 частках[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Вячаслаў Чамярыцкі. Летапісы беларускія // Вялікае Княства Літоўскае: энцыкляпэдыя / гал.рэд. Генадзь Пашкоў, маст. Зьміцер Герасімовіч. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 720—721. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- ^ Выстаўка адной кнігі // Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 18 траўня 2014 г. Праверана 11 лютага 2021 г.
Гэта — накід артыкула. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |