Любарт

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Любарт
лац. Lubart
Уяўны партрэт Любарта, 1578 г.
Уяўны партрэт Любарта, 1578 г.
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1299(1299)
Памёр 1384 (?)
Род Гедымінавічы
Бацькі Гедзімін
Дзеці Фёдар Любартавіч[d]
Дзейнасьць палітык

Лю́барт Гедзімі́навіч (у праваслаўі Дзьмітры; 1299 — 1384?) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, князь валынскі (уладзімерскі і луцкі).

Імя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Любарт (імя) і Імёны ліцьвінаў

Гісторык Павал Урбан у сваёй кнізе «Старажытныя ліцьвіны» зьвяртае ўвагу на тое, што аўтар хронікі Ўсходняй Фрызіі пад 1422 годам упамінае Любарта з Шмаленбургу, а пад 1417 годам — іншага Любарта зь Мюнстэру. Апроч таго, па 1328 годзе магістар Любарт Бол дзеіў у адной зь філіяў Тэўтонскага ордэну, што месьцілася ў месьце Утрэхце (Нідэрлянды). Гэтыя ды іншыя прыклады пацьвярджаюць, што імя Любарт (як і ў выпадку імёнаў Жыгімонт і Альгерд) мае лучнасьць з імёнамі германскага паходжаньня[1]. Таксама Павал Урбан зьвяртае ўвагу на наяўнасьць старажытных славянскіх імёнаў Любамір (князі з такім імём былі ў бодрычаў і чэхаў), Люб (князь у люцічаў) і Любка (сын полацкага князя Воіна, брата Віценя і Гедзіміна)[2].

Паводле менскага дасьледніка Алёхны Дайліды, які разьвівае ўсходнегерманскую этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў, імя Любарт складаецца з фармантаў -люб- і -рад- (іхны германскі сэнс такі ж, як славянскі) і азначае «рада міласьці». Дасьледнік зьвяртае ўвагу на пашыранасьць германскага імя Lubert, Leubrad, Liubarat[3].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Любартъ Кгедиминовичь (8 сьнежня 1322 году)[4]; От князя от Кестутя и от князя от Либорта у Торунь к местычемъ (па 1341 годзе)[5][6]; Оже я князь Еоунутии, и Кистюти, и Любартъ (1352 год)[7]; Nobilibus viris Oligerdo Magno et Kenstuto ac Lubardo fratribus ducibus Lituanorum (23 кастрычніка 1373 году)[8]; Lubertus Lytwanus (1376 год)[9]; Lunardus dux Lituanorum (29 верасьня 1377 году)[10]; das Luwburten was gewest (Мэмарыял Вітаўта, 1390 год)[11]; Lubart (Хроніка Віганда[12], 18 студзеня 1401 году[13]); non Luberti in Lutzik[14], Lubertus[15] (Хроніка Лівоніі Германа Вартбэрга); Lubarth[a] або Любортъ[b] (Летапісец вялікіх князёў літоўскіх); Lubarth (Ян Длугаш)[16]; Любортъ (Наўгародзкі чацьверты летапіс[17] і Сафійскі першы летапіс[18]); оть князя Луцкого и Володимерского Люборта Кгедиминовича (14 лютага 1498 году)[19]; Любордъ Гедимановичь[20] (Ніканаўскі летапіс).

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пячаць Любарта, 1366 г.

Паводле Раўданскага рукапісу, Любарт нарадзіўся ў 1299 г. і быў першым сынам Гедзіміна ад трэцяй жонкі Еўны Полацкай. Выступае ў гістарычных крыніцах у 1336—1382 гадох. У 1330-х гадох удзельнічаў у літоўскіх наездах на Мазовію. Першым шлюбам, відаць, жанаты з дачкой уладзімера-валынскага князя Андрэя Юр’евіча (Ганнай ?).

Па сьмерці апошняга гаспадара Галіцка-Валынскага княства Юрыя-Баляслава II Тройдзенавіча (1340 год), пры падтрымцы бацькі Любарт заняў Валынь. Прэтэндаваў і на Галічыну, у 1340—1349 гадох галіцкае баярства на чале зь Дзьмітрыем Дзядзькам намінальна прызнавала гаспадаром то Любарта, то польскага караля Казіміра III Вялікага, то вугорскага Людвіка I Вялікага. Гэта выклікала канфрантацыю паміж Любартам, з аднаго боку, і Казімірам і Людвікам, з другога. Падтрымліваў прыязныя стасункі з кіеўскім мітрапалітам Феагностам, у 1347 годзе падтрымаў яго ініцыятыву па скасаваньні асобнай Галіцкай мітраполіі, каб яна не паслужыла інструмэнтам пашырэньня ўплыву Польшчы і Вугоршчыны на паўднёва-заходнія землі ВКЛ.

Быў зьвязаны дынастычным шлюбам зь вялікім князем маскоўскім Сямёнам Гордым: у 1350 годзе ажаніўся зь яго пляменьніцай Вольгай, дачкой растоўскага князя Канстанціна. У жніўні — лістападзе 1349 году Казімер пры падтрымцы Залатой Арды, Вугоршчыны і Мазовіі захапіў амаль усю тэрыторыю былога Галіцка-Валынскага княства, у тым ліку Берасьце. У 1350 годзе войскі ВКЛ вярнулі Берасьце і Валынь, нават на кароткі час авалодалі Львовам, але Галічына засталася ў руках Казімера. У 1351—1352 гадох польска-вугорскія войскі зьдзейсьнілі некалькі паходаў на Берасьце, Белз, Уладзімер Валынскі. У жніўні 1351 году Любарт разам з Кейстутам быў захоплены ў палон вугорцамі; 15 жніўня 1351 году падпісаў умову зь Людвікам, паводле якой ВКЛ мусіла заплаціць вялікі выкуп, адмаўлялася ад прэтэнзіяў на Галічыну, але захавала большую частку Валыні. У 1352 годзе склаў сэпаратную мірную ўмову з Казімерам і мазавецкімі князямі, але ўжо ў 1353 годзе далучыўся да наездаў Кейстута на Польшчу. Па працяглым пэрыядзе мірных дачыненьняў з Казімерам (1356—1366) у выніку ваеннага паходу апошняга адмовіўся ад прэтэнзіяў на Белскую і Холмскую землі, саступіў Польшчы заходнюю частку Валыні з цэнтрам ва Ўладзімеры, якую вярнуў па сьмерці Казімера ў 1370 годзе. У 1376 годзе браў удзел у шырокамаштабнай літоўскай выправе на Польшчу, што выклікала няўдалую для яго вайну зь Людвікам у 1377 годзе, у выніку якой Любарт мусіў прызнаць сябе васалам Вугоршчыны і пакінуць Людвіку сваіх сыноў у якасьці заложнікаў. Па сьмерці Людвіка ў 1382 годзе выкупіў у вугорскіх старастаў некаторыя памежныя галіцкія крэпасьці (Лапацін, Алеска ды іншыя).

За Любартам значэньне аднаго з галоўных палітычных цэнтраў ВКЛ набыў Луцак. У 1375 годзе ён згадзіўся на стварэньне першай у ВКЛ Луцкай каталіцкай япархіі, юрысдыкцыя якой ахоплівала і паўднёва-заходнія землі Беларусі.

Сын Любарта ад першага шлюбу, Іван, быў адным з чарнігаўскіх удзельных князёў. Ад другой жонкі Любарт меў трох сыноў — Фёдара, Лазара і Сямёна.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 47.
  2. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 47—48.
  3. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 23.
  4. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 21.
  5. ^ Послание литовских князей Кейстута и Любарта жителям Торуни (после 1341), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  6. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 23.
  7. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 30.
  8. ^ Послание папы Григория XI в.к.л. Ольгерду с призывом принять католичество (1373), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  9. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 168.
  10. ^ Послание короля Польши и Венгрии Людовика о положении в Подольской земле (1377), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  11. ^ Лицкевич О. В. «Летописец великих князей литовских» и «Повесть о Подолье»: опыт комплексного критического разбора. — СПб., 2019. С. 265.
  12. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 618.
  13. ^ Codex epistolaris Vitoldi. — Cracoviae, 1882. S. 72.
  14. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 111.
  15. ^ Scriptores rerum Prussicarum. Bd. 2. — Leipzig, 1863. S. 115.
  16. ^ Joannis Długossii seu longini canonici Cracoviensis Historiae Polonicae libri XII. T. 3. L. 9, 10. — Cracoviae, 1876. P. 406, 500.
  17. ^ ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 72.
  18. ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 235.
  19. ^ Грамоти XIV ст. — Київ, 1974. С. 20.
  20. ^ ПСРЛ. Т. 10. — СПб., 1885. С. 221.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]