Беларуская грэка-каталіцкая царква
Белару́ская грэ́ка-каталі́цкая царква́ (БГКЦ) — адна з Усходніх каталіцкіх цэркваў, якая прытрымліваецца грэцкага (бізантыйскага) абраду, знаходзіцца ў поўнай еднасьці з Рымскім апостальскім пасадам ды прызнае ўладу і духоўны аўтарытэт Рымскага архірэя.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Уніяцтва — хрысьціянская плынь, заснаваная на царкоўнай уніі розных хрысьціянскіх Цэркваў з рыма-каталіцкай на ўмовах прызнаньня вяршэнства Папы Рымскага і каталіцкай дагматыкі пры захаваньні традыцыяў рэлігійнага культу і выкарыстаньня традыцыйнай сакральнай ці народнай мовы ў набажэнстве. Сёньня ў Эўропе існуе чатырнаццаць такіх Цэркваў.
У Рэчы Паспалітай уніяцтва як масавая зьява сфармавалася пасьля заключэньня Берасьцейскай царкоўнай уніі (1596), якую прынялі найперш япархіі на землях сучаснай Беларусі. Тыя япархіі Кіеўскай мітраполіі, што зьядналася з Рымам, не зьяўляліся новаўтворанымі царкоўна-адміністрацыйнымі структурамі, а былі прызнанымі дзяржавай правапераемнікамі ўсёй рэлігійна-культурнай спадчыны япархіяў, створаных яшчэ да падзелу хрысьціянства. Спробы аднаўленьня першаснай еднасьці хрысьціянскай Царквы і ўкладаньня уніі рабіліся на беларускіх землях і раней (у прыватнасьці, у часы вялікага князя Вітаўта).
1772—1839
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1791 годзе на ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага ўніяты складалі 39% насельніцтва, а на тэрыторыі сучаснай Беларусі — 75% (у сельскай мясцовасьці — больш за 80%). Большасьць пасьлядоўнікаў Уніяцкай Царквы складалі сяляне. Акрамя таго, уніятамі зьяўляліся частка мяшчанаў і дробнай шляхты.
Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай, калі большая частка тэрыторыі сучаснай Беларусі апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, частка грэка-каталікоў, пераважна на Ўсходзе, была далучана да Расейскай Праваслаўнай Царквы, а частка яшчэ некалькі дзесяцігодзьдзяў заставалася ў еднасьці з Рымам.
У 1787 годзе Кацярына II пастанавіла, што друкаваць духоўныя кнігі ў Расейскай імпэрыі могуць толькі друкарні, падпарадкаваныя Сыноду, і дзейнасьць грэка-каталіцкіх друкарняў спынілася.
У 1794 годзе праваслаўны япіскап Віктар Садкоўскі разаслаў зварот з заклікам да грэка-каталікоў пераходзіць «у правую веру», які зачытваўся ў гарадах і вёсках як дзяржаўны акт. Калі зьяўлялася хоць бы некалькі ахвотных перайсьці ў праваслаўе, улады запісвалі іх у царкоўныя кнігі, выплачвалі ім грашовую дапамогу і тут жа дасылалі праваслаўнага сьвятара з атрадам салдатаў. Храм перадаваўся праваслаўным і ўсіх уніятаў рабілі праваслаўнымі, а найбольш упартых грэка-каталіцкіх сьвятароў, калі яны адмаўляліся прыняць праваслаўе, высылалі з тэрыторыі парафіі разам зь сем’ямі. Адначасова загадвалася скасоўваць грэка-каталіцкія парафіі, калі да іх былі прыпісаныя менш за 100 двароў, але ў выпадку, калі яны хацелі перайсьці ў праваслаўе, ім дазвалялася існаваць. Грэка-каталіцкія япархіі за выключэньнем Полацкай былі скасаваныя, а біскупы адпраўленыя на пэнсію або за мяжу.
Павал I на пэўны час спыніў гвалтоўныя мэтады звароту ў праваслаўе. У 1800 годзе ён вярнуў большасьць сасланых грэка-каталіцкіх сьвятароў з Сыбіры, вярнуў грэка-каталікам частку храмаў і базылянскіх манастыроў. Было дазволена існаваць 3 грэка-каталіцкім япархіям: Полацкай, Луцкай і Берасьцейскай.
Пасьля падаўленьня паўстаньня 1830 году расейскія ўлады пачалі праводзіць палітыку пераводу грэка-каталікоў у праваслаўе. 7 лютага 1834 году Грэка-ўніяцкая калегія пастанавіла абнавіць храмы ва ўсходнім духу, набыць кнігі праваслаўнага друку, ліквідаваць новаўвядзеньні і запазычаньні з лацінскага абраду. Было загадана называць дзяцей толькі паводле праваслаўных сьвятцаў. Паліцыі ставілася ў абавязак правяраць, каб ва ўніяцкіх храмах сьвятар адпраўляў набажэнствы толькі паводле маскоўскага праваслаўнага служэбніка. У цэрквах і капліцах пачалі будаваць вялікія суцэльныя іканастасы паводле маскоўскага ўзору, выкідалі таксама арганы і званочкі. Усё гэта выклікала пратэсты і незадаволенасьць вернікаў. Многія грэка-каталікі пераставалі хадзіць у свае цэрквы і сыходзілі ў касьцёлы.
У 1839 годзе ў выніку рэалізацыі таемнага пляну па ліквідацыі Уніі ў Расейскай імпэрыі, які прапанаваў ураду Ёсіф Сямашка, Уніяцкая Царква была скасаваная і далучаная да Расейскай Праваслаўнай Царквы.
Стаўленьне многіх уніяцкіх сьвятароў да дзеяньняў Ёсіфа Сямашкі і расейскіх чыноўнікаў па ліквідацыі ўніяцкай Царквы выказаў знакаміты ў свой час багаслоў і навуковец Міхал Баброўскі:
«Те только перед Господом Богом пусть дадут ответ, которые увещанием и обещаниями должностей или имений склоняют к этому жадных к ним или простецов, попирая совесть миллиона простых людей, вызывая среди них смуту, а представляя правительству вынужденные подписки, обманывают само правительство, будто добровольно переходят из одной веры в другую».[1] | ||
Да 1874—1875 гадоў беларускія ўніяцкія парафіі (у якіх было некалькі дзясяткаў тысячаў вернікаў) яшчэ існавалі на невялікай тэрыторыі на паўночным захадзе сучаснай Беларусі (у Сапоцкінскім краі) і на Падляшшы.
БГКЦ і УГКЦ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Украінская грэка-каталіцкая царква (УГКЦ) таксама зьяўляецца спадкаемцай Берасьцейскай уніі. На 1596 год як беларускія, так і ўкраінскія япархіі ўваходзілі ў склад Кіеўскай мітраполіі, мітрапаліт якой рэальна знаходзіўся ня ў Кіеве, а ў Наваградку ці ў Вільні. Львоўская і Перамышлеўская япархіі далучыліся да уніі на сто гадоў пазьней (у 1691 і 1700 гадах).
У афіцыйных царкоўных дакумэнтах Рымскай Апостальскай Сталіцы для абазначэньня БГКЦ і УГКЦ раней ужывалі тэрмін Ecclesia Ruthena unita.
Асаблівасьцю БГКЦ у адрозьненьне ад УГКЦ зьяўляецца тое, што яна ад моманту свайго адраджэньня ў Беларусі на пачатку 1990-х жыве паводле грыгарыянскага календара.
Гісторыя адраджэньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пачатак 20 стагодзьдзя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля выданьня ўказу пра верацярплівасьць у Расейскай імпэрыі ў 1905 годзе больш за сто дваццаць тысячаў вернікаў, некалі гвалтоўна запісаных з уніятаў у праваслаўныя, а таксама іх нашчадкі перайшлі на каталіцтва лацінскага абраду (адраджаць уніяцтва было па-ранейшаму забаронена).
Тым ня менш, ужо на пачатку XX стагодзьдзя былі першыя спробы адраджэньня Уніі ў Беларусі, яшчэ да 1-й сусьветнай вайны. На гэтай ніве працавалі пачынальнік беларускага адраджэньня Іван Луцкевіч, які кантактаваў з Галіцкім мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім, беларуская паэтка і грамадзкая дзяячка Алаіза Пашкевіч-Цётка, якая, жывучы ў Львове, падрыхтавала да выданьня беларускі ўніяцкі малітоўнік для дзяцей, каталіцкія сьвятары Вінцэнт Гарасімовіч і Язэп Зэльба ды іншыя.
У 1907 годзе грэка-каталіцкі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі прызначыў расейскага сьвятара а. Аляксея Зерчанінава, які прыняў каталіцтва, апекавацца ўсімі вернікамі-ўніятамі на тэрыторыі Расейскай імпэрыі, у тым ліку і беларусамі. Мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі накіраваў у 1908 годзе адмысловае пасланьне да вернікаў на тэрыторыі былых уніяцкіх япархіяў у Беларусі, якія ён па-ранейшаму лічыў нескасаванымі ў выніку Полацкага сабору 1839 г. Ён нават зьдзейсьніў таемнае падарожжа па гарадах Беларусі пад выглядам сьвецкай асобы. Разам з І. Луцкевічам ён падрыхтаваў праект набыцьця зямлі на Барысаўшчыне з мэтаю перасяленьня туды безьзямельных грэка-католікаў з Галіцыі, каб яны дапамаглі адрадзіць там Унію беларусам. Царскія ўлады перашкодзілі гэтаму праекту, аднак ня выключана, што ён быў рэалізаваны на Палесьсі ў в. Гарадная (Столінскі раён), дзе сапраўды поруч зь мясцовым насельніцтвам дагэтуль жывуць «галіцыяне» — нашчадкі грэка-каталіцкіх перасяленцаў з Галіцыі.
Адраджэньне Уніі ў БССР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Ва Ўсходняй Беларусі, якая была пад Саветамі, у першай палове 1920-х гг. спробы адрадзіць Унію рабілі рыма-каталіцкі дэкан з Магілёву а. Язэп Белагаловы і расейскі грэка-каталіцкі экзарх а. Леанід Фёдараў. Апошняму 18 студзеня 1923 мітрапаліт А. Шаптыцкі даручыў часовае кіраваньне ўсімі католікамі ўсходняга абраду ў Беларусі на правах экзарха з усімі належнымі правамі і прывілеямі да прызначэньня сталага адміністратара[2]. Вядома таксама, што ў 1923 годзе ў Віцебск прыяжджаў служыць грэка-каталіцкі сьвятар зь Петраграду а. Эпіфан Акулаў.
Міжваенны час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сапраўднае адраджэньне Уніі пачалося ў 1920-х гадах у Заходняй Беларусі, якая трапіла ў склад Польшчы. Беларускія марыяне з кляштару ў Друі першымі сярод манаскіх супольнасьцяў зацікавіліся місійнай дзейнасьцю для адраджэньня ўніяцтва сярод беларусаў і пашыралі ідэі Уніі ў пэрыядычным друку і ў сваіх казаньнях. У 1927 годзе зь сямі манахаў-марыянаў былі вызначаныя тры, якія павінны былі прыняць усходні абрад і пачаць працу ў беларускіх уніяцкіх парафіях (а. Фабіян Абрантовіч, а. Францішак Чарняўскі, а. Язэп Германовіч). Аднак унутрыцаркоўная палітыка ў Польшчы ды ўласныя пляны ватыканскай курыі і кіраўніцтва Ордэну марыянаў адносна місійнай працы сярод праваслаўных не далі ім магчымасьці рэалізаваць гэтыя пляны сярод свайго народу на Бацькаўшчыне. Беларускіх марыянаў адправілі на місійную працу ва ўсходнім абрадзе сярод расейскіх эмігрантаў, якія аселі ў Харбіне ў Манчжурыі. Цэнтрам адраджэньня Уніі ў Заходняй Беларусі з канца 1920-х гг. стаў Альбярцін (каля Слоніму), дзе была створаная Ўсходняя місія айцоў езуітаў. У Заходняй Беларусі было створана каля двух дзясяткаў парафіяў славяна-бізантыйскага абраду, якія ня мелі свайго герарха, але падпарадкоўваліся мясцовым лацінскім біскупам (віленскаму і пінскаму). У гісторыі гэтае адраджэньне ўніяцтва атрымала назву «нэаунія». Найбольш выдатнымі беларускімі сьвятарамі таго часу зьяўляюцца а. Баляслаў Пачопка, а. Вячаслаў Аношка, езуіт а. Антон Неманцэвіч, а. Іван Гермацюк, а. Васіль Гапановіч, а. Данат Навіцкі, а. Леў Гарошка і інш. Апекавацца парафіямі славяна-бізантыйскага абраду на тэрыторыі Валыні, Падляшша і Палесься было даручана Апостальскаму візытатару біскупу Мікалаю Чарнецкаму, CSsR.
17 верасьня 1939 году Кіева-Галіцкі мітрапаліт Грэка-каталіцкай царквы Андрэй Шаптыцкі на падставе паўнамоцтваў, наданых яму папам Піюсам Х у 1908 годзе, заснаваў Беларускі экзархат ГКЦ і прызначыў часовым кіраўніком экзархату біскупа Мікалая Чарнецкага, CSsR. Праз год, у кастрычніку 1940 году, першым беларускім экзархам быў прызначаны айцец Антон Неманцэвіч, SJ. Сядзіба экзархату месьцілася ў Альбярціне пад Слонімам, дзе раней знаходзілася Ўсходняя місія айцоў езуітаў. Прызначэньне а. Антона Неманцэвіча пацьвердзіў прэфэкт Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кард. Эжэн Тысэран у сваім лісьце ад 22 сьнежня 1941 году, а экзархат атрымаў статус апостальскага. У помач экзарху была створана Рада Беларускага экзархату ГКЦ з трох сябраў: намесьнікам экзарха стаў айцец Леў Гарошка, сябрамі Рады — айцец Іван Гермацюк і айцец Вячаслаў (Вацлаў) Аношка.
Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да СССР Грэка-каталіцкая царква апынулася пад моцным ціскам атэістычных уладаў. Адзін з пачынальнікаў адраджэньня Уніі ў Заходняй Беларусі а. Баляслаў Пачопка, стэрарызаваны частымі допытамі, маральнымі зьдзекамі, непамернымі матэрыяльнымі паборамі і пагромамі ў царкве ў Бабровічах, памёр ад сардэчнага прыступу ў канцы 1940 году, будучы ўжо разам зь сям’ёй у сьпісе на высылку ў Сыбір. На пачатак 1941 году засталося толькі 3 парафіі і яшчэ некалькі невялікіх асяродкаў вернікаў. Падчас нямецкай акупацыі айцец экзарх Антон Неманцэвіч быў арыштаваны ў Альбярціне. Зьнясілены, ён памёр як мучанік у турме СД у Менску 6 студзеня 1943 году ад сардэчна-сасудзістай недастатковасьці (нацысты з паліцыі бясьпекі і СД у афіцыйнай даведцы напісалі, што яна наступіла пасьля сыпнога ад тыфу, хоць на яго сьвятар меў імунітэт, бо перахварэў ім у дзяцінстве).[3] Цяпер рыхтуюцца дакумэнты для пачатку яго бэатыфікацыйнага працэсу.
Паваенны час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля Другой сусьветнай вайны і ліквідацыі Грэка-каталіцкай царквы ў 1946 годзе яе структураў ў Беларусі афіцыйна не існавала, працягвалася, аднак, жыцьцё ў падпольлі. Пасьля арышту і сьмерці экзарха Антона Неманцэвіча мітрапаліт ГКЦ Андрэй Шаптыцкі прызначыў адміністратарам Беларускага экзархату ўкраінскага рэдэмптарыста а. Васіля Велічкоўскага,[4] які ў 1960-я быў высьвячаны на біскупа і прызначаны месцаахоўнікам ГКЦ у СССР. Час ад часу ў Беларусь прыязджалі ўкраінскія манахі-базыляне, якія дзейнічалі ў падпольлі і таемна служылі набажэнствы на кватэрах у сем’ях вернікаў і ў касьцёлах (Лагішын, Слонім, Індура, Баруны). У Пінску пры касьцёле служылі некалькі грэка-каталіцкіх манахіняў з Задзіночаньня Сясьцёр «Дзеці Марыі». Апошняя зь іх памерла ў Пінску ў сярэдзіне 1980-х.
У пасьляваенны пэрыяд легальнае жыцьцё Царквы перанеслася на Захад, дзе былі створаныя беларускія грэка-каталіцкія асяродкі: у Лёндане, Парыжы, Рыме, Чыкага (беларуская грэка-каталіцкая парафія Хрыста-Збаўцы існавала з 1959 г. да 2003 г.), Лювэне і інш. Пасьля вайны ў жывых заставаліся 2 сябры Рады Экзархату. Намесьнік Экзарха а. Леў Гарошка, які жыў у Парыжы і Лёндане, захоўваў архіў Беларускага экзархату ГКЦ. Беларускія грэка-каталіцкія сьвятары а. Міхал Маскалік і а. Уладзімер Салавей працавалі ў Нямеччыне сярод беларускіх бежанцаў. У 1946 годзе айцец Леў Гарошка стварыў у Парыжы Беларускую каталіцкую місію, а ў 1947 годзе пачаў выдаваць часопіс «Божым шляхам», які выходзіў да 1980 году (з 1960 г. рэдакцыя перамясьцілася ў Лёндан). У ЗША яшчэ да вайны ў бэнэдыктынскім манастыры сьв. Пракопа ў Ляйлі каля Чыкага жылі і служылі беларускія сьвятары-бірытуалісты а. Ян Тарасевіч, Апанас (Язэп) Рэшаць, а з 1944 — яшчэ і а. Уладзімер Тарасевіч, які стаў адным з заснавальнікаў беларускай каталіцкай парафіі бізантыйскага абраду Хрыста Збаўцы ў Чыкага і ў 1958—1986 гг. зьяўляўся яе парахам.
Але безумоўна самым буйным цэнтрам стала Беларуская каталіцкая місія ў Лёндане. У свой час у Лёндане працавала сем сьвятароў, сярод іх а. Язэп Германовіч — вядомы пісьменьнік і паэт, аўтар некалькіх кніг і мэмуараў з савецкіх канцлягераў, дзе ён правёў шэсьць гадоў. Ён памёр у 1978 годзе ва ўзросьце 88 гадоў пасьля 65 гадоў сьвятарства. У Лёндане ён пераняў ад а. Льва Гарошкі рэдакцыю часопіса «Божым шляхам». З 1967 году ў Беларускай каталіцкай місіі ў Лёндане жыў і служыў а. Робэрт Тамушанскі, які зь лістапада 1974 году быў накіраваны ў Рым для дапамогі а. Льву Гарошку ў працы Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. З 1974 году ён быў намесьнікам галоўнага рэдактара, а з 1977 — галоўным рэдактарам Беларускай сэкцыі Ватыканскага радыё. На гэтай пасадзе д-р філялёгіі а. Робэрт Тамушанскі адпрацаваў 19 гадоў, аж да сваёй заўчаснай сьмерці ў 1996 годзе.
2 ліпеня 1960 году рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Вялікабрытаніі і выхаванец беларускіх айцоў-марыянаў з Друі Чэслаў Сіповіч быў намінаваны тытулярным біскупам Марыямэтанскім. 4 жніўня 1960 году на Міжнародным эўхарыстычным кангрэсе ў Мюнхене ўкраінскі грэка-каталіцкі біскуп Іван Бучко ў саслужэньні з украінскім біскупам Платонам Карніляком і расейскім грэка-каталіцкім біскупам Андрэем Катковым хіратанізавалі Часлава Сіповіча на біскупа. Ён стаў першым беларускім грэка-каталіцкім біскупам у XX стагодзьдзі. Яго наступнікам і Апостальскім візытатарам для беларусаў-каталікоў на Захадзе стаў біскуп Уладзімер Тарасевіч, манах-бэнэдыктынец бізантыйскага абраду. Беларускі грэка-каталіцкі біскуп Чэслаў Сіповіч браў актыўны удзел у Другім Ватыканскім Саборы.
Ад 1976 году сыстэматычную апостальскую працу ў Беларусі падпольна праводзіў айцец Віктар Данілаў, высьвячаны на грэка-каталіцкага сьвятара ў 1976 годзе ў Львове Зьверхнікам УГКЦ у падпольлі архібіскупам Уладзімерам Стэрнюком. Цэнтрам дзейнасьці айца В. Данілава была Горадня.
Ад 1989 да нашых дзён
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пачынаючы з 1989 году — пры лібэралізацыі грамадзкага і рэлігійнага жыцьця — групы студэнцкай моладзі і інтэлігенцыі, зацікаўленыя ідэяй уніі, пачалі адраджэньне БГКЦ. 11 сакавіка 1989 году ў Кальварыйскім касьцёле ў Менску а. Аляксандар Надсан адслужыў першае ў гэтым горадзе за 150 гадоў пасьля скасаваньня Уніі ў 1839 годзе публічнае каталіцкае набажэнства ў бізантыйскім абрадзе (па-беларуску). Гэты дзень лічыцца пачаткам адраджэньня рэлігійнага і малітоўнага жыцьця Грэка-Каталіцкай Царквы ў сучаснай Беларусі.
Першая пасьля 2-й Сусьветнай вайны грэка-каталіцкая парафія ўтварылася ў Менску ў верасьні 1990 году. Пасьля больш чым 150-гадовага перапынку першым грэка-каталіцкім сьвятаром, высьвячаным на тэрыторыі Беларусі, стаў а. Яўген Усошын зь Менску. 17 чэрвеня 2007 году ён быў рукапакладзены дапаможным біскупам Кіеўскай архіяпархіі УГКЦ Багданам Дзюрахам у Маладэчне. Дагэтуль усе беларускія грэка-каталіцкія сьвятары высьвячваліся па-за межамі Беларусі.
Апеку над грэка-каталікамі Беларусі ажыцьцяўляе архімандрыт Сяргей Гаек. Спачатку — з восені 1993 году — у якасьці візытатара-дэлегата Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў у справе грэка-каталікоў Беларусі. У студзені 1994 году Папа Ян Павал II прызначыў яго Апостальскім візытатарам «ad nutum Sanctae Sedis» для грэка-каталікоў у Беларусі, а з 30 сакавіка 2023 году Папа Францішак прызначыў яго Апостальскім адміністратарам грэка-каталікоў у Беларусі.
Колькасьць парафіяў і вернікаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Парафіі і культавыя будынкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На пачатак 2003 году ў Беларусі дзейнічала 13 зарэгістраваных грэка-каталіцкіх парафіяў: па 2 у Менску і Віцебску, па адной у Берасьці, Баранавічах, Гомлі, Горадні, Магілёве, Маладэчне, Лідзе, Івацэвічах, Полацку. На 2003 г. у БГКЦ было 7 сьвятароў, 1 дыякан, 3 манахі, 1 манахіня.
На чэрвень 2009 году Беларуская грэка-каталіцкая царква мела 20 парафіяў (зарэгістраваных зь іх — 15, 5 чакала рэгістрацыі)[5] (у тым ліку 4 — у Менску, 2 — у Віцебску). У БГКЦ у гэты час несьлі служэньне 16 сьвятароў і 2 дыяканы, грэка-каталіцкія парафіі і супольнасьці былі створаныя ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі і ў многіх вялікіх гарадах: Менск, Маладэчна, Мар’іна Горка, Жодзін, Берасьце, Баранавічы, Пінск, Івацэвічы, Віцебск, Ворша, Полацак, Горадня, Ліда, Слонім, Гомель, Магілёў.
Місійныя пункты і супольнасьці вернікаў існуюць таксама ў Барысаве, Заслаўі, Наваградку, Сьвіслачы, Ваўкавыску, Бярозе, Камянцы і інш. Па-за межамі Беларусі жывуць і служаць некалькі беларускіх грэка-каталіцкіх сьвятароў.
З 2013 году парафіі БГКЦ аб’яднаныя ў 3 протапрасьвітараты (дэканаты).
Беларускія грэка-каталіцкія парафіі і супольнасьці, разьмешчаныя за межамі краіны, дзе сёньня рэгулярна правяцца беларускія грэка-каталіцкія набажэнствы:
- Лёндан, Вялікабрытанія — Царква Сьвятога Кірылы Тураўскага і ўсіх сьвятых заступнікаў беларускага народу.
- Антвэрпэн, Бэльгія — Парафія сьв. мучаніка Язафата Полацкага і Ўваскрасеньня Хрыстовага (Lange Beeldekensstraat 22, 2060 Antwerpen).
- Прага, Чэхія[6] — Беларускае грэка-каталіцкае душпастырства Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы (Vyšehradská 49, Praha 2).
- Вільня, Літва — пры царкве айцоў-базылянаў.
- Варшава, Польшча — пры царкве айцоў-базылянаў.
- Беласток, Польшча.
- Кракаў, Польшча.
Зрэдзьчасу і ў іншых краінах і гарадах Эўропы для мясцовых вернікаў адбываліся ці адбываюцца беларускія грэка-каталіцкія набажэнствы:
- Вена, Аўстрыя[7] — набажэнствы ў грэка-каталіцкай царкве сьвятой Барбары (Postgasse, 8).
- Львоў, Украіна.
- Рым, Італія.
- Санкт-Пецярбург, Калінінград, Расея[8].
Афіцыйна БГКЦ мае толькі 2 культавыя пабудовы — драўляную царкву ў Полацку і мураваную капліцу на каталіцкіх могілках ў Магілёве. У іншых гарадах пабудаваныя душпастырскія цэнтры з капліцамі. З 1999 году дзейнічае грэка-каталіцкі душпастырскі цэнтар парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці (вул. Дворнікава, 63), дзе ў 1996—2010 гг. рэгулярна выдавалася адзіная ў Беларусі грэка-каталіцкая газэта «Царква», ёсьць там бібліятэка з выданьнямі па гісторыі Царквы і Уніі, якой карыстаюцца студэнты і навукоўцы, і вялікая капліца з лавамі на 80 месцаў. У канцы чэрвеня 2008 году па вул. Арджанікідзэ, 6 у Менску (раён ст. м. Аўтазаводзкая) пачаў дзейнічаць Грэка-каталіцкі цэнтар сьвятога Язэпа з капліцай, бібліятэкай.
Вернікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Парафіі малаколькасныя праз адсутнасьць нармальных месцаў для малітвы — па 20—50 чалавек, якія прадстаўляюць у асноўным інтэлігенцыю і моладзь. Найбольшыя па колькасьці вернікаў парафіі ў Менску, Берасьці, Горадні, Баранавічах, Віцебску, Івацэвічах і Полацку.
Дадзеныя па колькасьці вернікаў недакладныя, ацэнкі вагаюцца ад 3 тыс.[9] да 10 тыс. чалавек[5]. Колькасьць актыўна практыкуючых католікаў бізантыйскага абраду, якія штонядзелю бываюць на літургіі, рэальна складае ў Беларусі каля 500 вернікаў. Значная частка вернікаў усходняга абраду (хрышчаных у праваслаўі), якія прынялі каталіцтва, празь недахоп грэка-каталіцкіх сьвятыняў і душпастыраў, сямейныя абставіны альбо празь нежаданьне, практыкуе ў лацінскім абрадзе (паводле некаторых ацэнак — да 30 тыс.).
Сярод вядомых сьвецкіх вернікаў БГКЦ варта ўзгадаць гісторыкаў Анатоля і Валянціна Грыцкевічаў, Анатоля Сідарэвіча, Вацлава Пануцэвіча, гісторыка і археоляга Міхася Чарняўскага, пісьменьнікаў і паэтаў Рыгора Барадуліна, Уладзімера Арлова, Васіля Быкава, Натальлю Арсеньневу, Міхала Дубянецкага, Галіну Дубянецкую, Паўла Ляхновіча, гісторыка, журналіста і пісьменьніка Сяргея Абламейку, філёзафа і тэоляга Ірыну Дубянецкую, фізыка і мастацтвазнаўцу Юрыя Хадыку, мастакоў Яўгена Шатохіна і Ўладзімера Базана, музыкаў Алеся Камоцкага і Зьмітра Папко (Вінсэнта), вайскоўца, пэдагога і дзеяча беларускай эміграцыі Міколу Дзямідава і многіх іншых.
Герархія, манахі і падрыхтоўка кадраў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На чале дэканату БГКЦ у 1993—1998 гадах стаяў вядомы дзяяч беларускага адраджэньня протапрасьвітар Ян Матусевіч. Пасьля яго сьмерці дэканам БГКЦ стаў сьвятар з Горадні айцец Віктар Данілаў У 2005 годзе ён выйшаў на пэнсію. У 2006 годзе з парафіяў БГКЦ былі ўтвораныя два протапрасьвітараты (дэканаты): Цэнтральна-Заходні імя сьвятамучаніка Мікалая Чарнецкага і Ўсходні імя сьв. Язафата, якія ўзначальвалі адпаведна а. Андрэй Абламейка і ераманах Лявонці Тумоўскі. У 2013 годзе ў БГКЦ былі ўтвораныя тры дэканаты (протапрасьвітараты).[10] Паводле стану на 2023 год іх узначальваюць наступныя сьвятары:
- Цэнтральны протапрасьвітарат імя Антона Неманцэвіча: дэкан — а. Андрэй Абламейка зь Менску,
- Заходні протапрасьвітарат імя сьвятамучаніка Мікалая Чарнецкага: дэкан — а. Андрэй Крот з Горадні,
- Усходні протапрасьвітарат імя сьв. Язафата: дэкан — а. Зьміцер Грышан зь Віцебску.
Беручы пад увагу той факт, што заснаваны мітрапалітам А. Шаптыцкім у 1939 годзе Беларускі экзархат для грэка-каталікоў Апостальская Сталіца ў Рыме ніколі не скасоўвала, лічыцца, што Экзархат юрыдычна існуе, але застаецца без свайго біскупа-ардынарыя да сёньняшняга дня, і падпарадкоўваецца, такім чынам, наўпрост Апостальскай Сталіцы.[11], але ёсьць і супрацьлеглыя погляды, паводле якіх БГКЦ не зьяўляецца Царквою свайго права (Sui iuris) і толькі чакае атрыманьня гэтага статусу ад Рыму [12].
Сьвятым Пасадам у Рыме ў студзені 1994 году прызначаны Апостальскі візытатар «ad nutum Sanctae sedis» для грэка-каталікоў у Беларусі — архім. Сяргей Гаек. Да сваёй сьмерці ў 2015 годзе Апостальскім візытатарам — дэлегатам для беларускіх каталікоў (усходняга абраду) ў замежжы зьяўляўся мітрафорны протаярэй а. Аляксандар Надсан.
30 сакавіка 2023 году Папа Рымскі Францішак заснаваў Апостальскую адміністратуру для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, прызначыўшы архімандрыта Сяргея Гаека, MIC Апостальскім адміністратарам гэтай царкоўнай акругі.[13]
Акрамя Апостальскага адміністратара БГКЦ архім. Сяргея Гаека, MIC, у склад духавенства Беларускай грэка-каталіцкай царквы паводле стану на верасень 2023 году ўваходзяць 16 сьвятароў і 3 дыяканы:
- сьвятар Яўген Усошын, канцлер Курыі Апостальскай адміністратуры БГКЦ
- протапрасьвітар (дэкан) Андрэй Абламейка,
- протапрасьвітар (дэкан) Андрэй Крот,
- сьвятар Аляксандар Шыбека, кіраўнік сацыяльнай службы
- сьвятар Васіль Ягораў,
- сьвятар Ігар Кандрацьеў,
- сьвятар Віталь Быстроў,
- сьвятар Аляксей Варанко,
- сьвятар Аляксей Філіпенка,
- сьвятар Яўген Маліноўскі,
- ераманах Зьміцер (Чарнель), CSsR
- ераманах Сяргей (Ганчароў), CSsR (на дадзены момант служыць у Польшчы)
- ераманах Лявонці (Тумоўскі) (на дадзены момант служыць у Польшчы),
- сьвятар Зьміцер Грышан,
- сьвятар Аляксандар Шаўцоў,
- сьвятар Андрэй Буйніч,
- дыякан Вячаслаў Гарчакоў,
- дыякан Аляксандар Хахлоў,
- дыякан Багдан Сунак.
У 1992—2010 гг. у БГКЦ у Менску і іншых мясцовасьцях нёс сьвятарскае служэньне а. Казімер Ляховіч, які, будучы дыяканам лацінскага абраду, атрымаў дазвол на служэньне ва ўсходнім абрадзе і быў высьвячаны на сьвятара ўкраінскім грэка-каталіцкім біскупам з Івана-Франкоўску Ўладыкам Сафронам Дмытэркам. Акрамя яго пэўны час у парафіях БГКЦ служылі таксама сьвятары: ерам. Валер Алексійчук (пазьней — ігумен Уніўскай лаўры, біскуп-памочнік Львоўскай архіяпархіі УГКЦ, а сёньня ўладыка Бенядыкт — біскуп УГКЦ у япархіі сьв. Мікалая ў Чыкага, ЗША) а. Пётар (Анры) Мартэн, а. Кірыла Міронаў, а. Аляксандар Сапунка, ерам. Пахом (Павал) Кавалёў, ерам. Антон (Аляксандар) Нікалаеў, а. Андрэй Сідаровіч і інш.
У замежжы стала жывуць і служаць беларускія грэка-каталіцкія сьвятары а. Ян Майсейчык (Бэльгія), а. Сяргей Стасевіч (Вялікабрытанія), а. Ігар Лабацэвіч (ЗША).
У БГКЦ, акрамя некалькіх манахаў з Кангрэгацыі Найсьвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарысты), ёсьць таксама манахі студыйскага ўставу (студыты) і марыяне.
БГКЦ надае ўвагу падрыхтоўцы сьвятарскіх кадраў. Кандыдаты ў сьвятары праходзілі сваю фармацыю і навучаньне ў духоўных установах Украіны (Львоў, Івана-Франкоўск, Кіеў), Італіі (Рым), Польшчы (Драгічын), Нямеччыны (Айхштэт), Казахстану (Караганда) і ў іншых краінах. На сёньня ў духоўных навучальных установах вучацца 4 сэмінарысты, у тым ліку адзін манах-рэдэмптарыст.
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Грэка-каталіцкая капліца Маці Божай Бялыніцкай на каталіцкіх могілках у Магілёве
-
Грэка-каталіцкі душпастырскі цэнтар парафіі сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці
-
Царква сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці (усярэдзіне)
-
Знак ля беларускай грэка-каталіцкай капліцы ў Marian House у Лёндане
-
Царква сьв. Кузьмы і Дзям’яна ў Празе, дзе ладзяць набажэнствы беларускія грэка-каталікі
-
Царква сьвятога Кірылы Тураўскага і ўсіх сьвятых апекуноў беларускага народу ў Лёндане
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Христианское чтение, 1907, № 12, с. 774.
- ^ Ігар Бараноўскі. Ля вытокаў Беларускага Экзархату // Царква, № 2 (37), 2003, с. 12-13.
- ^ 65-я гадавіна сьмерці Экзарха Антона Неманцэвіча // Царква №3 (58), 2008
- ^ Аляксандар Надсан. Біскуп Чэслаў Сіповіч: сьвятар і беларус. — Мн., БелФранс, 2004. С. 167.
- ^ а б Наша Ніва: «У Менску адкрыўся Грэка-каталіцкі цэнтар»
- ^ У Празе аднаўляюцца беларускія набажэнствы
- ^ У Вене пачаліся беларускія набажэнствы
- ^ У Калінінградзе беларусы стварылі грэка-каталіцкую суполку
- ^ Беларуская грэка-каталіцкая царква: сучасны стан, пэрспэктывы разьвіцьця
- ^ Прадстаўнік Папы: сьвятло веры павінна прасьвятляць ўсё жыцьцё народу
- ^ БГКЦ — Царква свайго права
- ^ Беларускай Царкве — быць!
- ^ Erezione dell'Amministrazione Apostolica per i fedeli di rito bizantino in Belarus e nomina dell’Amministratore Apostolico // Bollettino della Sala Stampa della Santa Sede. Rinunce e nomine, 30.03.2023
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Беларуская грэка-каталіцкая царква — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Грэка-каталіцкая парафія сьв. Язэпа
- Беларуская грэка-каталіцкая газэта «Царква»
- Фатаздымкі грэка-каталіцкага цэнтру імя сьв. Язэпа ў Менску, блог darriuss’а
- Царква і душпастырскі цэнтар грэка-католікаў у Берасьці
- Уніяцкая царква сьв. Параскевы Полацкай, фота на www.radzima.org
- Беларуская Грэка-каталіцкая Царква
- Кангрэгацыя Найсьвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарысты)
- Мітрапаліт Андрэй Шэптыцкі і Беларусь
- Парафія Беларускай грэка-каталіцкай царквы ў Антвэрпэне