Сяргей Гаек
Сяргей Гаек | |
Ян | |
![]() | |
Апостальскі візытатар «ad nutum Sanctae Sedis» для грэка-каталікоў у Беларусі | |
---|---|
Царква | Беларуская грэка-каталіцкая царква |
Адукацыя | |
Дзейнасьць | пісьменьнік, каталіцкі сьвятар |
Сапраўднае імя | Ян Гаек |
Нарадзіўся | 8 лютага 1949 (73 гады) м. Лышкавіцы Лодзкага ваяводзтва, Польшча |
Прыняцьце сьвятога сану | архімандрыт |
Прыцяцьце манаства | Кангрэгацыі Айцоў Марыянаў (MIC) |
![]() |
Сярге́й Га́ек (сьвецкае імя — Ян; нарадзіўся 8 лютага 1949 году, м. Лышкавіцы Лодзкага ваяводзтва, Польшча) — архімандрыт, належыць да Кангрэгацыі Айцоў Марыянаў (MIC), доктар тэалёгіі, Апостальскі візытатар ad nutum Sanctae Sedis для грэка-каталікоў у Беларусі.
Архімандрыт Сяргей (Гаек) — доктар багаслоўя, доктар усходніх царкоўных навук, член-карэспандэнт Папскай Міжнароднай Марыйнай Акадэміі (Pontificio Academia Mariana Internationalis), дасьледчык духоўнасьці і літургіі Ўсходніх Цэркваў, а таксама аўтар шматлікіх навуковых публікацыяў па літургіцы, пнэўматалёгіі, эўхарысталёгіі, марыялёгіі, кірыла-мятодаўскай традыцыі і экумэнічных стасунках Цэркваў на славянскім Усходзе. Валодае і свабодна размаўляе на многіх мовах.
Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Вывучаў славянскую філялёгію ў Варшаўскім унівэрсытэце, аднак адмовіўся ад гэтай ідэі і ў жніўні 1967 уступіў у Ордэн айцоў-марыянаў, дзе змог рэалізаваць сваё жаданьне служыць для Ўсходніх Цэркваў. Дзякуючы беларускаму сьвятару-марыяніну Тамашу Падзяву, які меў моцны інтэлектуальны і духоўны ўплыў на яго, далучыўся да беларушчыны.
У 1967—1974 навучаўся на тэалягічным факультэце Каталіцкага ўнівэрсытэту ў Любліне. Падчас студыяў кантактаваў зь беларускім культурным і рэлігійным асяродкам у Лёндане (найперш зь біскупам-марыянінам Чэславам Сіповічам) і а. Робэртам Тамушанскім. У гэтым часе быў перасьледаваны службамі бясьпекі Польскай Народнай Рэспублікі.
Вечныя манаскія зарокі склаў 15 жніўня 1973 г., а сьвятарскія сьвячаньні атрымаў 23 чэрвеня 1974 г. у Гуры Кальварыі каля Варшавы. Як сьвятар нёс пастырскую дапамогу (падпольна) хрысьціянам у Чэхаславакіі і Баўгарыі.
У 1978—1983 ён студыяваў у Папскім Усходнім інстытуце (Pontificio Instituto Orientale), а ў лістападзе 1983 абараніў там доктарскую працу па ўсходняй эклезіялёгіі. У 1983—1999 вёў навукова-дыдактычную дзейнасьць і быў выкладчыкам багаслоўя Ўсходніх цэркваў у Экумэнічным інстытуце Каталіцкага ўнівэрсітэту ў Любліне. З канца 1980-х, паралельна з навуковай дзейнасьцю, нёс пастырскую дапамогу хрысьціянам у Эстоніі, Таджыкістане, Казахстане, Якутыі, Сыбіры, Украіне і Беларусі.
З восені 1993 айцец Сяргей Гаек — візытатар-дэлегат Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў у справе грэка-каталікоў Беларусі, а ў студзені 1994 Папа Ян Павал II прызначыў яго Апостальскім візытатарам «ad nutum Sanctae Sedis» для грэка-каталікоў у Беларусі.
У 1996 Кангрэгацыяй усходніх цэркваў а. Сяргей Гаек быў пастаўлены ў сан архімандрыта і атрымаў архімандрыцкую хіратэсію з рук мітрапаліта перамышльска-варшаўскага Яна (Мартыняка).
У 1997 ён стаў кансультарам (дарадцам) Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў.
У лютым 2003 падчас візыту каталіцкіх герархаў Беларусі ad limina Apostolorum у Рым папа Ян Павал II падарыў архімандрыту Сяргею (Гаеку) біскупскі крыж, а ў 2004 годзе першагерарх УГКЦ кардынал Любамір Гузар дараваў яму грамату на права нашэньня панагіі і даў літургічны прывілей на бласлаўленьне вернікаў дыкірыем і трыкірыем. На сёньня архімандрыт Сяргей (Гаек) адзіны ў Каталіцкай царкве амафорны архімандрыт.
У працы «Catholic Fraternity» — ватыканскай плятформы, якая ад імя Папскай Рады па справах сьвецкіх католікаў каардынуе дзейнасьць «новых супольнасьцяў» — архімандрыт Сяргей Гаек прадстаўляе Ўсходнія каталіцкія цэрквы ды заангажаваны ў рэалізацыі розных эвангелізацыйных праектаў у Эўропе, Аргентыне і Бразыліі.
Таксама бярэ ўдзел у працы ACCSE/2000 — Асацыяцыі каардынатараў каталіцкіх школаў эвангелізацыі і ў працы WACOM (World Apostolic Congress on Divine Mercy) — Сусьветнага кангрэсу Божай міласэрнасьці.
Архімандрыт Сяргей (Гаек) прадстаўляе БГКЦ на кансультацыйных сустрэчах усходніх каталіцкіх герархаў Эўропы (CHOCE).
Фота[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Сведчанне нашых мучанікаў з’яўляецца для нас заклікам да евангелізацыі // Газета «Царква». — 1999. — № 3 (221). — С. 8-9.