Баляслаў Пачопка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Баляслаў Пачопка
Баляслаў Пачобка
Айцец Баляслаў Пачопка ў 1930-я гг.
Род дзейнасьці грэка-каталіцкі сьвятар, выдавец, настаўнік, мовазнаўца, публіцыст
Дата нараджэньня 13 кастрычніка 1884
Месца нараджэньня засьценак Уляны, Віленскі павет, Віленская губэрня
Дата сьмерці 26 сьнежня 1940
Месца сьмерці Целяханы, Івацэвіцкі раён
Месца пахаваньня
Грамадзянства Расея
Польшча
Месца вучобы
Занятак публіцыст, пісьменьнік, журналіст
Месца працы
Бацька Антон Пачобка
Маці Ганна з роду Гайдукевіч
Жонка Марцыяна з роду Пілецкіх

Баляслаў Пачопка (Пачобка) (13 кастрычніка 1884, засьценак Уляны Рукойненскае гміны Віленскага павету — 26 сьнежня 1940, мяст. Целяханы, цяпер Івацэвіцкі раён) — каталіцкі сьвятар усходняга (бізантыйскага) абраду, настаўнік і рэлігійны публіцыст. Актыўны беларускі дзяяч — сталы аўтар ґазэты «Наша Ніва», рэдактар-выдавец першае беларускае каталіцкае ґазэты «Biełarus» (1913—1915).

Дзіцячыя гады й адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў незаможнай сялянскай каталіцкай сям’і Антона Пачопкі й Ганны з роду Гайдукевічаў, у якіх было пяць дзяцей. Ахрышчаны 21.10.1884 у рыма-каталіцкім касьцёле ў Лаварышках Віленскае дыяцэзіі. З малых гадоў любіў прыслугоўваць міністрантам у касьцёле й марыў стаць сьвятаром. Скончыў 4 клясы расейскае народнае вучэльні ў Рукойнях. З дапамогаю ксяндза з Лаварышак працягнуў навучаньне ў гімназіі ў Вільне. Пасьля шасьці клясаў гімназіі паступіў у 1905 у Віленскую духоўную сэмінарыю.

У 1905—1907 навучаўся ў Віленскай каталіцкай духоўнай сэмінарыі, для навучаньня матэрыяльную падтрымку яму аказала княжна Магдалена Радзівіл, якая падтрымлівала беларускі рух. У 1907 вымушаны быў перарваць навучаньне ў сэмінарыі. Афіцыйна — з прычыны пагаршэньня стану здароўя, аднак, ня выключана, што сапраўднымі прычынамі былі грамадзка-палітычныя фактары.

З 1907 Баляслаў Пачопка ў Пецярбургу, дзе ўладкаваўся на працу дробным уладнікам, адначасова па-за працай самастойна працягваў навучаньне. На працягу 2 гадоў браў удзел у беларускіх і польскіх культурна-асьветніцкіх гурках у Пецярбургу, куды прыносіў свае вершы й песьні, дасылаў невялікія артыкулы ў польскія й беларускія выданьні. Царскія ўлады западозрылі палітычную дзейнасьць у гэтых гуртках і дзейнасьць іх была спынена. Сьледзтва па гэтай справе пацягнула для Б. Пачопкі звальненьне з працы й пазбавіла магчымасьці знайсьці іншую дзяржаўную службу ў сталіцы. Вымушаны вярнуцца на радзіму, дзе працаваў прыватным настаўнікам у маёнтку Швядовічаў Крывейкішкі непадалёку ад старажытнага мястэчка Кернава на Віленшчыне. У 1911 у дзяржаўнай гімназіі ў Шаўлях здаў экстэрнам экзамэн за курс 8 клясаў гімназіі й атрымаў атэстат.

Ад далейшых студыяў у Віленскай сэмінарыі адмовіўся й 31 студзеня 1912 ажаніўся з 19-гадовай Марцыяне Пілецкай, зь якой меў сем дзяцей.

Выдавецкая й настаўніцкая дзейнасьць у Вільні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Баляслаў Пачопка, 1913—1915 гг.

З 1911 жыў у Вільні, супрацоўнічаў з рэдакцыямі беларускіх выданьняў «Наша ніва» і «Biełarus», а таксама працаваў як хатні настаўнік. Спрычыніўся да стварэньня першае беларускае каталіцкае ґазэты «Biełarus» (выходзіла раз на тыдзень, друкавалася беларускай лацініцай), зь пятага нумару (№ 1, 1914) быў ейным рэдактарам і выдаўцом.

Баляслаў Пачопка — укладальнік і выдавец першага ў XX стагодзьдзі беларускага малітоўніка «Boh z nami» (1915), аўтар першае беларускае граматыкі («Hramatyka biełaruskaj mowy. Apracawaŭ B. Pačobka», распрацавана ў 1915; надрукавана ў Вільні, у друкарні «Homan» у сакавіку 1918). Падрыхтаваў і выдаў шэраг беларускіх рэлігійных кніжак. Пісаў вершы па-беларуску й па-польску, зьбіраў беларускі фальклёр, дасьледаваў гісторыю батлейкі ў Беларусі.

Допісы ў ґазэты й публіцыстычныя творы падпісваў як уласным прозьвішчам, так і рознымі варыянтамі скарачэньняў уласнага імя й прозьвішча: B.P, P-ka Boluk, P-ka B., а. Баляслаў і інш.

Працаваў у Вільні ў Камітэце дапамогі пацярпелым ад вайны. Браў удзел у арґанізацыі беларускага школьніцтва. 13 лістапада 1915, дзякуючы намаганьням Баляслава Пачопкі й Алаізы Пашкевіч (Цёткі), была ўтворана першая сталая беларуская школа ў Вільні (на вул. Юр’еўскай),[1] якая дала пачатак масаваму беларускаму школьніцтву. За кароткі час — зь лістапада 1915 па люты 1916 гг. — Баляслаў Пачопка разам з Алаізай Пашкевіч, Іванам і Антонам Луцкевічамі адчынілі ў Вільні шэсьць беларускіх грамадзкіх школаў, да якіх нямецкія акупацыйныя ўлады ня мелі ніякага дачыненьня.[2] Гэта былі першыя ў гісторыі беларускія школы. Пасьля Рыскага падзелу Беларусі ў 1921 годзе дату 13 лістапада сталі сьвяткаваць як Дзень беларускае школы і ў Заходняй Беларусі пад польскай уладай, і ў Беларускай ССР[3]. Зь сьнежня 1915 Баляслаў Пачопка разам з Алаізай Пашкевіч і братамі Луцкевічамі заняўся арґанізацыяй першых вечаровых настаўніцкіх курсаў для падрыхтоўкі беларускіх настаўнікаў і стаў адным з выкладчыкаў на гэтых курсах.

Праца ў беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Сьвіслачы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У кастрычніку 1915 зь Вільні разам зь сям’ёй пераехаў у Сьвіслач, каб з дазволу нямецкіх акупацыйных уладаў разам зь іншымі дзеячамі стварыць там першую беларускую настаўніцкую сэмінарыю. Быў ейным дырэктарам, хоць фармальна яе кіраўніком быў немец Бэндзеха.

У беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Сьвіслачы, якая дзеяла ў пэрыяд з 15.10.1916 па 15.11.1918 і за гэты пэрыяд падрыхтавала 144 беларускія настаўнікі, Баляслаў Пачопка выкладаў беларускую мову, лаціну, а таксама вёў заняткі рэлігіі. Падчас працы ў Сьвіслачы пачаў зьбіраць беларускія народныя песьні, якія плянаваў выдаць у зборніку «Беларуская ліра», аднак гэтая праца не была завершаная й сёньня лёс яе невядомы.

Летам 1920, падчас кароткага панаваньня бальшавікоў, вымушаны быў хавацца ад магчымых рэпрэсіяў і жыў на нелегальным становішчы пад страхой аднаго з гаспадарчых будынкаў.

Настаўніцтва ў польскіх школах[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля ліквідацыі польскімі ўладамі беларускае настаўніцкае сэмінарыі ў Сьвіслачы й беларускага школьніцтва ў Заходняй Беларусі працаваў дырэктарам і настаўнікам у школах Ваўкавыскага павету: у в. Вільчукі (1920—1922), в. Масюкі (1922—1926). Выкладаў у старэйшых клясах прадметы гуманістычнага цыклю: гісторыю, рэлігію й польскую мову. У 1923 г. для пацьвярджэньня кваліфікацыі настаўніка скончыў пэдагагічныя курсы ў Лідзе. Займаўся рэлігійна-выхаваўчай працай зь дзецьмі, рыхтаваў зь імі розныя імпрэзы зь вершамі й песьнямі, у тым ліку й ягонымі ўласнымі. Некаторыя зь іх былі надрукаваны невялікім зборнічкам, аднак большасьць загінула.

Сьвятарская дзейнасьць у Бабровічах[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Бабровіцкая царква. Паштоўка 1930-х гадоў

У міжваенны час вырашыў прысьвяціць сябе справе адраджэньня Ўніі ў Беларусі й прыняў усходні абрад на прапанову ўкраінскага манаха-рэдэмптарыста Мікалая Чарнецкага (пазьней — біскупа, Апостальскага візытатара каталіцкіх парафіяў славяна-бізантыйскага абраду ў Польшчы, сёньня вызнанага Царквой блаславёным). Дзеля гэтага падаў пісьмовую просьбу ў Рым і вясною 1921 атрымаў асабісты дазвол ад папы Бэнэдыкта XV. З 1921 аднавіў свае тэалягічныя студыі — у грэка-каталіцкай сэмінарыі ў Львове, дзе 5 гадоў вучыўся завочна. 18 ліпеня 1926 быў высьвячаны на дыякана, а 25 ліпеня — на сьвятара ў катэдры сьв. Юра ў Львове. Сьвятарскія сьвячаньні паводле бізантыйскага абраду яму ўдзяліў Галіцкі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі.

23.08.1926 рыма-каталіцкі біскуп Пінскі Зыгмунт Лазінскі прызначыў яго «выконваючым абавязкі вікарыя Целяханскае парафіі для абслугоўваньня вернікаў усходняга абраду, з рэзыдэнцыяй у Бабровічах». Бабровіцкая ўніяцкая парафія сьв. Яна Багаслова йтсьв. мучаніцы Параскевы, вернікамі якое ў 1926—1940 гг. апекаваўся а. Баляслаў Пачопка, складалася зь вёсак вакол Бабровіцкага возера: Бабровічы, Вяда, Тупічыцы, Красьніца й прылеглых хутароў. Колькасьць ягоных парафіянаў на 1939 год складала 1067 вернікаў.[4]

Падчас працы ўніяцкім парахам у Бабровічах а. Баляслаў Пачопка, акрамя сьвятарскага служэньня, выкладаў рэлігію дзецям у школе, актыўна займаўся дабрачыннай дзейнасьцю для бедных, браў удзел у Пінскіх унійных канфэрэнцыях, на якіх выступаў з дакладамі, дасылаў артыкулы ў беларускую й польскую прэсу («Da Złučeńnia», «Przegląd Wileński»). Стаў першым біёграфам біскупа Пінскага Зыгмунта Лазінскага (цяпер вядзецца бэатыфікацыйны працэс). У 1938 уласнымі рукамі збудаваў і аздобіў новую драўляную ўніяцкую царкву ў Бабровічах (значную частку грошаў на яе ахвяравала Магдалена Радзівіл). У душпастырскай дзейнасьці карыстаўся пераважна беларускай мовай.

Баляслаў Пачопка меў шырокую перапіску з рознымі асобамі далёка па-за межамі краіны, падтрымліваў шматгадовую лістоўную сувязь з мэцэнаткай беларускага руху княгіняй Магдаленай Радзівіл, сябраваў зь вядомым славістам прафэсарам Брэслава (Уроцлава) Рудольфам Абіхтам, зь якім працаваў у Сьвіслацкай беларускай настаўніцкай сэмінарыі.

Перасьлед за Саветамі й сьмерць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З прыходам Саветаў у 1939 пачаўся маральны й матэрыяльны ціск на сьвятара й ягоную сям’ю, а ў лютым 1940, калі ў Заходняй Беларусі адбылася першая масавая апэрацыя НКВД па дэпартацыі ў Сыбір, у ягонай царкве быў учынены пагром. Празь некалькі тыдняў яго спрабавалі абвінаваціць у крадзяжы збожжа. Гэтыя перажываньні моцна адбіліся на стане здароўя сьвятара, якое ўвесну 1940 моцна пагоршылася, узьніклі паважныя праблемы з сэрцам. Некалькі тыдняў ён правёў у шпіталі ў Целяханах. Увосень сьвятаром заняліся сьледчыя НКВД. У сьнежні 1940 сьвятар другі раз трапіў у шпіталь у Целяханах, а на другі дзень сьвятаў Божага Нараджэньня (26 сьнежня 1940) там памёр.

Пахаваны ён быў на каталіцкіх могілках у Целяханах. Сям’я сьвятара адразу пасьля ягонага пахаваньня, хаваючыся ад рэпрэсіяў НКВД, зьехала на Віленшчыну, пазьней выехала ў Польшчу, дзе дагэтуль жывуць нашчадкі.

За савецкім часам каталіцкія могілкі ў Целяханах, дзе быў пахаваны а. Баляслаў Пачопка, былі моцна занядбаныя. Месца пахаваньня на амаль цалкам зьнішчаных могілках цудам удалося адшукаць у 2002 годзе, дзякуючы крымскаму беларусу, які паходзіў з гэтых мясьцінаў. У 120-ыя ўгодкі з дня нараджэньня Баляслава Пачопкі, на Дзяды 2004 году, на ягонай магіле быў урачыста адкрыты й асьвячаны помнік з дрэва з выяваю ўваскрослага Хрыста (аўтар помніка мастак Мікалай Колас з Баранавічаў).

Творы й працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Miatawyja listoczki (Apawiadańni). Wilnia, 1914. 31 s.
  • Žyćcio papieža Piusa X. Wilnia, 1914. 16 s.
  • Pačopka B. Czaławiek na wyszynie swajej hodnaści. Wilnia, 1915. 87 s.
  • P-ka B. Boh z nami. Biełaruski modliteŭnik. Wilnia, 1915. 264 s.
  • B.P. Światy Jozafat Kuncewicz. Wilnia, 1916. 16 s.
  • Pačobka B. Hramatyka biełaruskaj mowy. Wilnia, 1918. 37 s.
  • B.P. Wiazanka nowych piosenek religijno-patriotycznych. Wołkowysk, 1923. 8 s.
  • Poczopko, B.. «Biełarus» (Ze wspomnień redaktora).  (пол.) // Przegląd Wileński : часопіс. — 11 października 1925 (Rok VIII). — № 16. — С. 3, 4, 5.
  • Paczopka B. Jak wučyć nas wieryć i žyć świataja Chrystowaja Paŭsiudnaja Cerkwa? Wilnia, 1932. 16 s.
  • Nowenna ku czci św. Józefata i litania do św. Józefata. Wilno, 1936.
  • Modlitwa o wsławienie świętobliwego Zygmunta I-go Biskupa Pińskiego i życiorys biskupa Zygmunta Łozińskiego. Wilno, 1938.
  • Krótkie nabożeństwo do Chrystusa Króla i Litania do Chrystusa Króla. Wilno, 1939.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Сяргей Макарэвіч. Беларускаму легальнаму школьніцтву — сто гадоў // Наша ніва, 21 верасьня 20154 г. Праверана 16 ліпеня 2019 г.
  2. ^ Ян Максімюк. Як немцы адлучалі Беларусь ад Расеі і Польшчы // Радыё «Свабода», 21 ліпеня 2014 г. Праверана 16 ліпеня 2019 г.
  3. ^ Вінцук Вячорка. У няяснай сытуацыі найперш стварай сваю школу, як Цётка і Луцкевічы ў 1915-м // Беларуская служба Радыё «Свабода», 13 лістапада 2018 г. Праверана 5 траўня 2022 г.
  4. ^ Spis kościołów i duchowieństwa diecezji Pińskiej w r. P. 1939. — Pińsk, 1939. Wydawnictwo drukarni diecezjalnej. S. 101—102.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ігар Бараноўскі. Помнік сьвятару-беларусу (120-ыя ўгодкі з дня нараджэньня а. Баляслава Пачопкі) // Царква. Грэка-каталіцкая газета. № 4 (43), 2004. С. 14—15.
  • Piotr Poczopko. Kapłan unicki rodem z Wileńszczyzny. — Jabłonna, 1999. 56 (+12) S.
  • Пётр Пачопка. Страчанае Палесьсе (Уніяцкая царква ў Бабровічах) // Царква. Грэка-каталіцкая газета. № 3 (30), 2001, с. 14.
  • Сяргей Чыгрын. Пра аўтара першай беларускай граматыкі // pahonia.org(недаступная спасылка)