Перайсьці да зьместу

Мікола Дзямідаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мікола Дзямідаў
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 10 сьнежня 1888
Памёр: 23 траўня 1967 (78 гадоў)
Чыкага

Мікола Дзямідаў (10 сьнежня 1888, Ломжа або Гарадок — 23 траўня 1967, Чыкага) — беларускі пэдагог, вайсковец.

Сын Станіслава Катнароўскага і Аляксандры з Каліноўскіх гербу Калінова, прозьвішча меў па другім мужу маці. Яго дзед з боку маці, Аляксандар Каліноўскі — брат Кастуся Каліноўскага.

У 1905 годзе здаў экзамэн на настаўніка дзьвюхклясных пачатковых школ у настаўніцкай сэмінарыі ў Сьвіслачы. У 1907 годзе паступіў як вольны слухач на вячэрнія курсы на гістарычна-філялягічны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту; працаваў у канцылярыі службы руху Ўправы Прывісьлянскай чыгункі. 1 кастрычніка 1911 году прызначаны кіраўніком чыгуначнай школы чыгункі ў Беластоку.

З 1914 году на ваеннай службе ў царскай арміі. 1 лютага 1917 году скончыў Першую Паўлаўскую вайсковую школу. Удзельнічаў у кастрычніцкім перавароце, быў Наваградзкім акруговым камісарам. З сакавіка да лістапада 1918 году ў нямецкім палоне. Арганізаваў беларускія аддзелы ў Вільні. 1 сьнежня 1918 году быў адкамандаваны ў годнасьці паручніка ў Літоўскае міністэрства абароны. З 20 сьнежня 1918 году да 1 чэрвеня 1919 году быў камэндантам Горадні. Арыштаваны польскімі ўладамі, сядзеў у Коўне, быў інтэрнаваны ў лягеры ў Беластоку. У 1919 году ўвайшоў у склад Беларускай Вайсковай Камісіі ў Вільні.

У 1920 годзе ў навакольлях Беластоку набраў з добраахвотнікаў батальён (каля 400 чалавек) і далучыўся да арміі Станіслава Булак-Балаховіча. У складзе астроўскага пяхотнага палка 2-й пяхотнай дывізіі 10—14 лістапада вёў зацятыя баі за Каленкавічы, 21 лістапада ўдзельнічаў у баях над Прыпяцьцю. Са сваім батальёнам працягваў барацьбу таксама пасьля адступленьня арміі Булак-Балаховіча на кантраляваную палякамі тэрыторыю. Вёў баі да студзеня 1921 году, пасьля чаго адышоў на польскі бок фронту і быў інтэрнаваны. Батальён Міколы Дзямідава быў апошнім беларускім падразьдзяленьнем, які ў адкрытым баі аказваў супраціў савецкім войскам.

У 1921—1922 гадох быў настаўнікам у Гарадку, патым жыў у Латвіі. У 1940 быў арыштаваны і да 1941 году зьняволены ў Маскве на Лубянцы. У 1941—1944 гадох быў інспэктарам школьніцтва ў Латвіі і Беларусі. Быў выкладчыкам у батальёне Беларускай Краёвай Абароны. Быў адкамандзіраваны на працу ў Мабілізацыйным аддзеле Галоўнага кіраўніцтва вайсковых справаў і Аддзеле апекі над бежанцамі Беларускай Цэнтральнай Рады.

Быў адным з ініцыятараў скліканьня сабору Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў Канстанцы ў 1948 годзе і аднаўленьня БАПЦ пасьля адыходу Беларускага эпіскапату да Расейскай Замежнай Праваслаўнай Царквы.

У 1950 Мікола Дзямідаў выехаў у ЗША і напачатку пасяліўся ў Лансінгу ў штаце Мічыган, але неўзабаве перасяліўся ў Чыкага. У тым самым годзе стаў сябрам кіраўніцтва Беларуска-Амэрыканскай Народнай Рады (БАНР), адзінай арганізацыі старой беларускай эміграцыі, якая прымала новых палітычных эмігрантаў.

З 1950 году Мікола Дзямідаў вёў таксама беларускія радыёперадачы ў Чыкага. Дзямідаў быў актыўным дзеячом Згуртаваньня беларусаў штату Ілінойс, заснаванага ў 1953 годзе дзеячамі, якія былі нязгодныя з палітыкай БАНР. Быў таксама сярод заснавальнікаў беларускай праваслаўнай парафіі сьв. Юрыя ў Чыкага і першым рэгентам яе хору. Пазьней, аднак, Мікола Дзямідаў далучыўся да беларускай грэка-каталіцкай (уніяцкай) парафіі Хрыста Збаўцы ў Чыкага і быў адным з найбольш актыўных парафіянаў.

Апошнія гады свайго жыцьця правёў у Лансінгу, дзе памёр у беднасьці ў 1967 годзе. Быў пахаваны грэка-каталіцкім сьвятаром на могілках у Чыкага.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]