Перайсьці да зьместу

Нунцы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Ну́нцы (лац. nuntius — вяшчун) — пастаянны дыпляматычны прадстаўнік Ватыкану пры кіраўніку замежнай дзяржавы, якая падтрымлівае зь ім афіцыйныя дыпляматычныя дачыненьні.

Паводле 14-га артыкула Венскай канвэнцыі аб дыпляматычных зносінах 1961 году, адпавядае рангу амбасадара. У 1-й палове XVI стагодзьдзя нунцыятура склалася як пастаяннае прадстаўніцтва. Пасьля Венскага кангрэсу 1815 году стаў старэйшынай дыпляматычнага корпусу ў каталіцкіх дзяржавах[1].

Першая нунцыятура зьявілася ў Партугаліі ў 1481 годзе. У ХХ стагодзьдзі нунцыямі былі будучыя рымскія папы Піюс XII і Ян XXIII.

11 лістапада 1992 году рымскі папа Ян Павал II зацьвердзіў булу аб заснаваньні Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі. 17 кастрычніка 1993 году 1-м нунцыем у Беларусі стаў Габрыель Мантальва родам з Калюмбіі. На 2019 год Апостальская нунцыятура ў Беларусі знаходзілася ў Савецкім раёне Менску па праспэкце Незалежнасьці, д. 46д. Ад 13 траўня 2016 году сёмым нунцыем у Беларусі быў Габар Пінтэр родам з Вугоршчыны[2].

  1. ^ Нунцый // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 11. — С. 389. — 560 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3
  2. ^ Галоўная старонка // Апостальская нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь, 2019 г. Праверана 16 жніўня 2019 г.