Фабіян Абрантовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Фабіян Абрантовіч
Fabian Abrantowicz.jpg
Дата нараджэньня 14 верасьня 1884(1884-09-14)
Месца нараджэньня Вераскава, Наваградзкі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 2 студзеня 1946(1946-01-02) (61 год)
Месца сьмерці Масква, СССР
Альма-матэр Наваградзкае гарадзкое вучылішча, Санкт-Пецярбурская рымска-каталіцкая сэмінарыя, Імпэратарская рымска-каталіцкая духоўная акадэмія і Лювэнскі каталіцкі ўнівэрсытэт
Занятак ксёндз

Фабіян Абрантовіч (14 верасьня 1884, засьценак Вераскоўшчына, Наваградзкі павет — 2 студзеня 1946, Масква, турма «Бутырка») — каталіцкі сьвятар бізантыйскага і лацінскага абрадаў, пралат Менскай капітулы, манах-марыянін, архімандрыт, місіянэр, доктар тэалёгіі, пэдагог, публіцыст, філёзаф, адзін з пачынальнікаў беларускага хрысьціянскага руху, сябра Рады БНР.

Акрамя роднай беларускай валодаў расейскай, польскай, францускай, італьянскай, лацінскай, нямецкай, кітайскай, украінскай, чэскай і іншымі мовамі[1].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў зь мяшчанскае сям’і Яна й Юліі (дзявочае Кашыц), жыхароў Наваградка. Скончыў Пецярбурскую духоўную каталіцкую сэмінарыю (1905) і Пецярбурскую Мітрапалітальную духоўную каталіцкую акадэмію (1910; магістар багаслоўя). 9 верасьня 1909 году пасьвечаны ў сьвятары. Працягваў вучобу ў Лёвэнскім каталіцкім ўнівэрсытэце (Бэльгія, 1912—1914), дзе абараніў доктарскую дысэртацыю ў філязофіі (тэма — «Філязофскія погляды Мікалая Лоскага»).

Пасьля вяртаньня ў Пецярбург прызначаны вікарыем касьцёлу сьвятой Кацярыны. Выкладаў Закон Божы ў пецярбурскіх навучальных установах (Імпэратарская вучэльня правазнаўства, Імпэратарская камэрцыйная вучэльня, Кадэцкі корпус імпэратара Аляксандра II, Марыінскі і Паўлаўскі інстытуты). Законавучыцель прыватнай мужчынскай гімназіі пры касьцёле сьв. Кацярыны ў Пецярбургу (з 9 сьнежня 1910). Ад 1 верасьня 1914 да 1918 году прафэсар філязофіі Санкт-Пецярбурскай духоўнай сэмінарыі, выкладаў таксама сацыялёгію і сьпевы. Адначасова выконваў абавязкі законавучыцеля ў Пецярбурскай Канстанцінаўскай жаночай гімназіі пры Імпэратарскім жаночым інстытуце. Пазьней выкладаў Закон Божы ў 12-й Петраградзкай гімназіі.

30 красавіка 1918 накіраваны Адміністратарам Магілёўскае архідыяцэзіі біскупам Эдвардам фон Ропам у Менск. У 1918—1920 арганізатар і рэктар Менскай духоўнай каталіцкай сэмінарыі. Выкладаў у сэмінарыі і пасьля эвакуацыі яе спачатку ў Наваградак, а потым у Пінск. Ад 1919 пралат Менскае катэдральнае капітулы. У 1920—1926 служыў у розных храмах Палескага ваяводзтва. З 1926 уступіў у Кангрэгацыю Айцоў Марыянаў у беларускім кляштары ў Друі. Манаскія зарокі склаў 3 жніўня 1927.

Удзел у беларускім руху[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адзін з ідэолягаў і заснавальнікаў беларускага хрысьціянскага руху XX стагодзьдзя. Зь беларускім нацыянальна-рэлігійным рухам зьвязаны з часоў вучобы ў Пецярбургу; уваходзіў у культурна-асьветны гурток беларусаў-клерыкаў. Быў адным з ініцыятараў і арганізатараў правядзеньня 24—25 траўня 1917 у Менску зьезду беларускага каталіцкага духавенства, дзе выступіў з рэфэратам «Справа прасьветная». Сябра саюзу ксяндзоў-беларусаў. Разам з Л. Хвецькам заснаваў у траўні 1917 саюз «Хрысьціянская дэмакратычная злучнасьць», быў адным зь ягоных кіраўнікоў у Менску.

6 верасьня 1918 Фабіян Абрантовіч разам зь біскупам Лазінскім адправіў у Менску першую імшу зь беларускім казаньнем. Зь верасьня 1919 — сябра Рады Часовага Беларускага нацыянальнага камітэту ў Менску. Уваходзіў у склад дэлегацыі беларускіх дзеячаў, якую 19 верасьня 1919 прыняў у Менску Юзэф Пілсудзкі.

Уваходзіў у склад Рады БНР, а таксама быў сябрам Канвэнту старэйшынаў Рады БНР[2]. Плянавалася, што ў Міністэрстве замежных справаў Беларускай Народнай Рэспублікі атрымае пасаду кіраўніка Місіі ў Рыме. Сябраваў зь Янкам Купалам, у студзені-лютым 1920 дзяжурыў каля ложка хворага паэта ў менскім шпіталі.

Актыўна выступаў за ўвядзеньне беларускай мовы ў набажэнства ў каталіцкім касьцёле і духоўных навучальных установах, пра што неаднаразова пісаў на старонках пэрыядычных беларускіх рэлігійных выданьняў «Krynica» (1917—1920, Петраград — Менск — Вільня) і «Chryścijanskaja Dumka» (1928—1929, Вільня). Як публіцыст вядомы пад псэўданімам Фабіч (Fabič).

Місіянэрская дзейнасьць у Кітаі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прызначаны кіраўніком створанага 20 траўня 1928 году Ардынарыяту для каталікоў усходняга абраду ў Кітаі. 6 лістапада 1928 прыбыў у Харбін у якасьці апостальскага адміністратара для каталікоў усходняга абраду ў Маньчжурыі. Асноўнымі кірункамі каталіцкае місіі сярод расейскай эміграцыі лічыў перш за ўсё асьветніцкую й выхаваўчую дзейнасьць. Пры ім былі рэарганізаваныя й пашыраныя: агульнаадукацыйны інтэрнат для дзяўчынак, якім кіравалі сёстры-ўршулянкі, «Расейскі прытулак» пад кіраўніцтвам францішканак-місіянэрак і ліцэй Сьвятога Мікалая для хлопчыкаў. У 1931 у Харбіне пачаў выходзіць «Католический вестник» — адно з найбуйнейшых каталіцкіх выданьняў расейскіх каталікоў на эміграцыі. Тутака ж выдавалася вялікая колькасьць каталіцкае літаратуры на расейскай мове.

Апошнія гады жыцьця[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1939 з Рыму, дзе знаходзіўся на капітуле марыянскага ордэна, накіраваўся на Бацькаўшчыну ў Заходнюю Беларусь. На зваротным шляху ў Львове наведаў грэка-каталіцкага мітрапаліта Андрэя Шаптыцкага, дзе яго застала вайна. Мітрапаліт Шаптыцкі разглядаў яго як аднаго з найбольш дастойных кандыдатаў на пасаду кіраўніка Беларускага экзархату Грэка-Каталіцкай Царквы. 22 кастрычніка 1939 арыштаваны савецкімі ўладамі пры пераходзе савецкае мяжы ля гораду Рава-Руская (Украіна) і зьняволены ў турму ў Львове.[1] Быў зьвінавачаны ў шпіянажы на карысьць Ватыкану і жорстка катаваны. Быў прывезены ў Маскву. 23 верасьня 1942 прызнаны вінаватым у змаганьні з рэвалюцыйным рухам і нелегальным пераходзе мяжы й быў асуджаны да 10 гадоў лягероў. Савецкія ўлады намагаліся схіліць яго, каб ён узначаліў незалежную ад Ватыкану Каталіцкую Царкву ў СССР. Закатаваны ў Бутырскай турме ў Маскве. Месца пахаваньня невядомае.

Бэатыфікацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2003 распачаўся афіцыйны працэс бэатыфікацыі архімандрыта Фабіяна Абрантовіча.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гэты тэкст напісаны пры дапамозе матэрыялаў старонкі Мартыралёг Беларусі.

  • Абрантович Фабиан. // Католическая энциклопедия. В 3 т. Т.1. Москва: Издательство Францисканцев. 2002
  • Юрась Гарбінскі. Беларускія рэлігійныя дзеячы XX стагоддзя. — Мінск — Мюнхен, 1999.
  • Уладзімер Калупаеў. Беларускія місіянэры ў Кітаі // Запісы 37. New York — Miensk: Беларускі інстытут навукі й мастацтва, 2014. с. 645—650.