Перайсьці да зьместу

Ліянэль Мэсі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ліянэль Мэсі
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 24 чэрвеня 1987(1987-06-24)[1][2][3][…] (37 гадоў)
Рост 169 см[5]
Вага 72 кг[5]
Пазыцыя нападнік, паўабаронца
Клюбная інфармацыя
Клюб Інтэр Маямі
Нумар 10
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
2004—2005
2005—2021
2021—2023
2023—
Барсэлёна 2
Барсэлёна
Пары Сэн-Жэрмэн
Інтэр Маямі
22 (6)
520 (474)
58 (22)
20 (11)
Зборныя
2005— Аргентына 187 (109)

¹ Колькасьць гульняў і галоў за прафэсійны клюб лічыцца толькі
для нацыянальнай лігі, адкарэктавана на
19 верасьня 2024.
² Колькасьць гульняў і галоў за нацыянальную зборную
ў афіцыйных матчах, адкарэктавана на
15 ліпеня 2024.

Ліянэ́ль Андрэ́с Мэ́сі (па-гішпанску: Lionel Andrés Messi; нарадзіўся 24 чэрвеня 1987 году ў Расарыё, Аргентына) — аргентынскі футбаліст, нападнік клюбу МЛС «Інтэр» і нацыянальнае зборнае Аргентыны. Мэсі — алімпійскі чэмпіён 2008 году, чэмпіён сьвету сярод моладзі 2005 году, чэмпіён клюбнага кубка сьвету 2009 году, шматразовы ўладальнік «Залатога мяча». Адзін з найлепшых гульцоў сучаснасьці. Мэсі прасоўвае кампанію спартовага адзеньня Adidas з 2006 году. Паводле зьвестак France Football, ён быў самым высокааплатным футбалістам у сьвеце на працягу пяці гадоў з шасьці ў пэрыяд з 2009 па 2014 гады, а ў 2019 годзе паводле рэйтынгу Forbes гулец стаў самым высокааплатным спартоўцам сьвету.

Нарадзіўся 24 чэрвеня 1987 году ў Расарыё, Аргентына. Ягоны бацька Хорхэ Мэсі працаваў на фабрыцы, а маці Сэсылія Мэсі (Кусытыні) — часткова занятая прыбіральшчыца. Сям’я ягонага бацькі паходзіць з італьянскага гораду Анкона, адкуль ягоны прашчур Анджэлё Мэсі эміграваў у Аргентыну ў 1883 годзе. Ліянэль мае двух старэйшых братоў — Радрыга і Матыяса, а таксама сястру Марыю Соль. Мэсі стаў займацца футболам ува ўзросьце пяці гадоў, выступаючы за мясцовы клюб «Грандолі». На першыя трэнаваньні яго прывозіла бабуля, якая была адзінай у сям’і, хто хацеў бачыць Ліянэля футбалістам[6]. Пасьля «Грандолі» Ліянэль перайшоў у «Ньюэлз Олд Бойз», які таксама базуецца ў Расарыё. Ува ўзросьце дзесяці гадоў у Ліянэля дыягназавалі дэфіцыт гармона росту. «Рывэр Плэйт» праяўляў інтарэс да хлопца, але ня меў дастатковых сродкаў на ягонае лекаваньне. Калі Ліянэлю было 13 гадоў, адзін з акцыянэраў «Барсэлёны» даведаўся пра маладога гульца. Пасьля прагляду футбаліста спартовы дырэктар клюбу Карляс Рэксача здолеў пераканаць раду дырэктароў аплаціць пераезд сям’і Мэсі ў Эўропу і ягонае лекаваньне.

Ад 13 гадоў Ліянэль гуляў у моладзевым складзе «Барсэлёны», у першым жа сваім матчы аформіў «покер». За асноўны склад гішпанскага клюбу Мэсі дэбютаваў 17 кастрычніка 2003 году ў таварыскай сустэчы з партугальскім «Порту». Пасьля матчу газэта «El Mundo» напісала: «У гэтага хлопца левая нага Марадоны, хуткасьць Кройфа і пас Раналдыньню». На працягу сэзону 2004—2005 гадоў Мэсі атрымаў гарантаванае месца ў старце другой каманды клюбу, адгуляўшы 17 гульняў за ўсю кампанію і забіўшы шэсьць разоў. З моманту свайго дэбюту ў леташнім на той момант лістападзе яго больш не выклікалі ў першую каманду, але ў кастрычніку 2004 году некаторыя гульцы папрасілі трэнэра Франка Рэйкаарда прыцягнуць Мэсі да асноўнай дружыны. Паколькі Раналдыньню ўжо гуляў на левым флянгу, Рэйкаард перамясьціў Мэсі са сваёй звычайнай пазыцыі на правы флянг. 24 чэрвеня, на свой 18-ы дзень нараджэньня, Мэсі падпісаў свой першы кантракт у якаьсці гульца асноўнай дружыны. Паводле ўгоды, аргентынец заставаўся гульцом «Барсэлёны» да 2010 году, на два гады менш, чым гэта было абумоўлена папярэднім кантрактам, але пункт ягонага выкупу павялічыўся да 150 млн эўра.

Ліянэль Мэсі на трэнаваньні з «Барсэлёнай» у 2006 годзе.

Ягоны прарыў адбыўся праз два месяцы, 24 жніўня, падчас перадсэзоннага невялікага спаборніцтва Мэсі выйшаў у асноўным складзе клюбу і зрабіў выдатны выступ супраць «Ювэнтуса» Фабіё Капэльлё, атрымаўшы авацыі на Камп Ноў[7]. Капэльлё, уражаны гульнёй юнака, спытацца пра пазыку Мэсі, і ў то жа час прыйшла заяўка з боку «Інтэрнацыянале», якія былі гатовыя выдаткаваць запрошаныя 150 млн эўра[8]. Паводле словаў тагачаснага прэзыдэнта «Барсэлёны» Жаана Ляпорты, гэта быў адзіны раз, калі клюб сутыкнуўся з рэальнай рызыкай страты аргентынца, але ён у канчатковым выніку вырашыў застацца[9]. Праз пытаньні, якія тычыліся прававога статусу гульца, Мэсі мусіў прапусьціць пачатак розыгршу Ля Лігі, але 26 верасьня ён набыў гішпанскае грамадзянства і атрымаў права ўдзелу ў чэмпіянаце[10]. Насунуўшы кашулю з нумэрам 19 футбаліст стварыў атакуючае трыё разам з Раналдыньню і Самюэлем Это’о[11]. Пасьля таго, як юнак забіў 8 галоў у 25 гульнях, у тым ліку свой першы гол у розыгрышу Лігі чэмпіёнаў у матчы супраць «Панатынаікосу» (5:0) 2 лістапада 2005 году, ягоны сэзон скончыўся заўчасна праз траўму сьцягна.

У той час як у «Барсэлёны» пачаўся паступовы заняпад, 19-гадовы Мэсі зарэкамендаваў сябе як адзін з найлепшых гульцоў у сьвеце ў сэзоне 2006—2007 гадоў[12][13]. За 36 матчаў сэзону ўва ўсіх турнірах аргентынец зарабіў 17 галоў на свой рахунак[13]. Аднак гулец працягваў пакутаваць ад сур’ёзных траўмаў, як то пералом заступку, які адбыўся 12 лістапада 2006 году выбіў гульца з футболу на тры месяцы[14]. У лізе Мэсі павялічыў колькасьць трапных стрэлаў, пры гэтым 11 зь ягоных 14 галоў былі здабытыя ў апошнія 13 гульняў. 10 сакавіка 2007 году ён здабыў свой першы хет-трык у Эль-Клясыка, стаўшыся першым гульцом за пошнія 12 гадоў, робячы лік роўным пасьля кожнага голу «Рэалу» (3:3)[15]. Узмоцненая значнасьць аргентынца была адлюстраваная ў новай угодзе, падпісанай у сакавіку 2007 году, значна павялічыў заробкі футбаліста[16]. Падчас паўфіналу Кубка Гішпаніі супраць «Хэтафэ» 18 красавіка ён забіў гол, дзіўна падобны на другі гол Марадоны ў чвэрцьфінале чэмпіянату сьвету 1986 году, вядомага як гол стагодзьдзя. Мэсі падхапіў мяч з правага боку ля сярэдняй лініі і прабег зь ім 60 мэтраў, абгуляўшы пяць абаронцаў, перш чым пацэліць яго з правага кута плошчы брамы, як гэтак жа некалі зрабіў быў Марадона[17]. Пасьля таго, як Раналдыньню згубіў форму, Мэсі стаў новым зорным гульцом «Барсы» ў веку 20 гадоў, атрымаўшы мянушку «Мэсія» ад гішпанскіх СМІ[18]. Не зважаючы на той, што Мэсі здолеў здабыць 16 галоў за часам сэзону 2007—2008 гадоў, другая палова кампаніі была зноў азмрочаная траўмамі, то бок 15 сьнежня аргентынец пашкодзіў сьцягно[19]. Спартовец вярнуўся ў табар клюбу і двойчы адзначыўся ў матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў супраць «Сэлтыку», але 4 сакавіка 2008 году яшчэ раз атрымаў пашкоджаньне.

Гульцы «Барсэлёны» (Мэсі ў цэнтры) з трафэем клюбнага чэмпіянату сьвету ў 2011 годзе.

Пасьля двух няўдалых сэзонаў, «Барсэлёна» мела патрэбу ў капітальных зьменах, і, у выніку, Рэйкаард і Раналдыньню былі вымушаныя сысьці. Дзякуючы вызваленьню нумару 10, Мэсі адразу яго прыдбаў сабе[20]. Да таго ж, у ліпені ён падпісаў новы кантракт з штогадовым заробкам у 7,8 млн эўра, стаўшы самым высокааплатным гульцом клюбу[21].

Напярэдадні новага сэзону вялікай праблемай заставалася ягоныя частымі цягліцавыя траўмы, якія вымусілі гульца прапусьціў агулам восем месяцаў паміж 2006 і 2008 гады. Каб вырашыць гэтае пытаньне «Барсэлёна» вылучыла яму асабістага фізыятэрапэўта, які падарожнічаў зь ім нават падчас выкліку ў склад зборнай Аргентыны. У выніку Мэсі амаль ня зьведваў траўмаў на працягу наступных чатырох гадоў, што дазволіла яму выкрыць свой патэнцыял напоўніцу[22]. У свой першы неперарваны сэзон 2008—2009 гадоў футбаліст адзначыўся 38 разоў у 57 матчах ува ўсіх турнірах[23]. Ачолены новым галоўным трэнэрам Пэпам Гвардыёлям, Мэсі працягнуў спачатку гуляць на правым флянзе, але зь цягам часам стаў выконваць ролю фальшаванага ўінгера маючы вольніцу ў выбары пазыцыі, блукаючы часам у цэнтры поля. Гэтым у матчы супраць мадрыдзкага «Рэалу» Мэсі спачатку гуляў як фальшаваная дзявятка, то бок як адцягнуты форвард, але пачаў глыбей адцягвацца да абароны, каб больш узаемадзейнічаць з Чаві і Андрэсам Іньестам. Гэты прывяло да двух трапных стрэлаў аргентынца і перамогі каталянцаў зь лікам 6:2[24]. 13 траўня 2009 году футбаліст забіў сам і асыставаў таварышу ў фінале Кубка Гішпаніі супраць «Атлетыка» зь Більбао (4:1)[25]. У выніку «Барсэлёна» здабыла трэбл, а Мэсі падоўжыў дамову да 2016 году, а ягоны заробак падвысіўся да 12 млн на год[21]. На пачатку новага сэзону Мэсі з дружынай здабыў Супэркубак Гішпаніі і Супэркубак УЭФА. У 22 гады Мэсі здабыў «Залаты мяч»[26]. Паводле вынікаў сэзону 2009—2010 гадоў аргентынец паклаў на свой рахунак 47 галоў ува ўсіх спаборніцтвах, абараняючы колеры «Барсэлёны»[27].

Мэсі ўзьняў рукі ўгары ў шыкоўным матчы, дзе аргентынец пяць разоў пацэльваў у браму «Баеру» ў Лізе чэмпіёнаў.

Мэсі зноўку дапамог клюбу здабыць Супэркубак Гішпаніі 2010 году, адзначыўшыся хет-трыкам у матчы ў адказ супраць «Сэвільлі»[28]. 29 лістапада 2010 году ён выканаў значную ролю ў сакрушальным разгроме «Рэалу» Жузэ Маўрыньню зь лікам 5:0[29]. Разам з аргентынцам «Барсэлёна» ў сэзоне 2010—2011 гадоў дасягнула паказьніку ў 16 перамог у Ля Лізе запар, усталяваўшы рэкорд у гішпанскім футболе, а 5 лютага 2011 году Мэсі зарабіў хет-трык у матчы супраць мадрыдзкага «Атлетыка»[30]. Дзякуючы такім выступам гулец зноўку атрымаў «Залаты мяч». У новым сэзоне 2011—2012 гадоў Мэсі сумяшчаў адразу некалькі амплюа, ствараючы атакі, забіваючы галы і актыўна асыстуючы партнэрам. У двубоі на Супэркубак Гішпаніі Мэсі адзначыўся ў кожным з матчаў і дапамог дружыне здабыць чарговы трафэй[31]. 7 сакавіка, праз два тыдні пасьля таго, як ён чатыры разы вынікова пацэліў ў матчы чэмпіянату супраць «Валенсіі»[32], ён пяць разоў забіў у Лізе чэмпіёнаў у другім матчы двубою супраць «Баеру» (7:1)[33]. У дадатак да таго, Мэсі шмат раздаваў галявых перадачаў. Гулец стаў найлепшым бамбардзірам Лігі чэмпіёнаў з 14 галамі на рахунку. 20 сакавіка Мэсі стаўся найлепшым галеадорам «Барсэлёны» ў гісторыі, перасягнуўшы рэкорд у 232 галы Сэсара Радрыгеса, які трымаўся 57 гадоў. У адзначаны дзень аргентынец зарабіў хет-трык у матчы супраць «Гранады»[34].

Мэсі ў матчы супраць «Альмэрыі» ў 2014 годзе.

Не зважаючы на індывідуальную форму Мэсі, чатырохгадовы цыкль посьпеху «Барсэлёны» Гвардыёлы дасягнуў свайго канчатку[35]. «Барсэлёна» здабыла Кубак Гішпаніі, выгуляўшы басконскі «Атлетык», але трывала паразу ад «Чэлсі» ў паўфінале Лігі чэмпіёнаў і прапусьціла наперад мадрыдзкі «Рэал» у выніковай турнірнай табліцы. У апошнім хатнім матчы лігі супраць «Эспанёлу» 5 траўня Мэсі забіў усе чатыры мячы сваёй каманды[36]. Гулец скончыў сэзон найлепшым бамбардзірам Ля Лігі, усталяваўшы новы рэкорд колькасьці галоў, якіх у Мэсі было 50[37][38]. Пад кіраўніцтвам Тыта Віляновы, якога Мэсі ўжо добра ведаў праз юнацкую каманду клюбу, аргентынец дапамог клюбу дасягнуць свайго найлепшага ў гісторыі сэзону. Гэтак у першай палове сэзону 2012—2013 гадоў «Барсэлёна» здабыла 55 пунктаў, усталяваўшы новы рэкорд у Гішпаніі[39]. Як выніу Мэсі зноўку ўзнагародзілі «Залатым мячом», і ён стаў першым футбалістам у гісторыі, які здабыў гэтую ўзнагароду чатыры разы[40]. Аднак выступы «Барсэлёны» пагоршыліся ў другой палове сэзону, адначасова з адсутнасьцю Віляновы праз дрэнны стан здароўя[41]. Пасьля паразы ў Эль-Клясыка і выбываньня з удзелу розыгрышу кубка краіны, каталянскі амаль утрымаліся ў розыгрышы Лігі чэмпіёнаў, толькі Мэсі ў другім матчы 1/8 фіналу двойчы трапна пацэліў у браму «Міляну» і яшчэ аднойчы асыставаў, што забясьпечыла перамогу зь лікам 4:0 і прасоўваньне ў наступны раўнд. 7 лютага 2013 году аргентынец склаў яшчэ адную дамову з клюбам, гэтым разам да 2018 году. Ягоны заробак падвысіўся да 13 млн эўра штогод[42]. 17 сакавіка ў матчы супраць «Раё Вальекана» гулец упершыню атрымаў капітанскую повязь. Пасьля чатырох сэзонаў амаль без пашкоджаньняў, Мэсі зноўку пачаў пакутваць на траўмы. Пасьля таго, як 2 красавіка ён перанёс напружаньне падкаленнай суставы, падчас першага чвэрцьфіналу супраць «Пары Сэн-Жэрмэну», ягоны выступы сталіся спарадычнымі. Але нават не зважаючы на пашкоджаньні, Мэсі скончыў сэзон з 46 галамі на рахунку ў матчах Ля Лігі, стаўшы найлепшым бамбардзірам лігі і ўва ўсёй Эўропы другі раз запар. Да таго ж, ён атрымаў «Залатую буцу» трэці раз запар[43].

Аргентынец сьвяткуе гол у матчы Ля Лігі супраць «Гранады» ў 2014 годзе.

У другой палове сэзону 2013—2014 гадоў выступы Мэсі пагоршыліся, што прымусіла заўзятараў разьнесьці погаласкі, аб тым, што аргентынец захоўвае сілы да чэмпіянату сьвету 2014 году. Статыстычна ягоныя паказьнікі значна скараціліся ў параўнаньні з папярэднімі сэзонамі[44]. Як па-ранейшаму, аднак, Мэсі выстрэльваў, то бок ён здабыў хет-трыкі ў матчах супраць «Асасуны» і «Рэалу». Гулец скончыў кампанію з 28 галамі ў Ля Лізе, а «Барсэлёна» ўпершыню за пяць гадоў скончыла сэзон без асноўнага трафэю. У дадатак, каталянцы трывалі паразу ў фінале Кубка Гішпаніі. Пасьля працяглых спэкуляцыяў і чутак з нагоды будучыні гульца ў клюбе Мэсі склаў новую ўгоду 19 траўня 2014 году, усяго праз год пасьля апошняга складаньня. Ягоны заробак павялічыўся да 20 млн эўра штогод у рукі, што зрабіла футбаліста самым высокааплатным спартоўцам у сьвеце[45]. Паведамлялася, што ключовую ролю ў захаваньні Мэсі ў шэрагах «сіне-гранатавых» згуляў Вілянова[46], на тле моцнай зацікаўленасьці з боку «Чэлсі» Маўрыньню[47].

З новым галоўным трэнэрам і былым капітанам Люісам Энрыке, Мэсі пераважна правёў сэзон 2014—2015 гадоў бяз траўмаў[48]. Да «Барсэлёну» напачатку сэзону далучыўся Люіс Суарэс, і Мэсі вярнуўся на правы флянг, дзе гуляў раней. Мэсі, Суарэс і Нэймар склалі магутную нападніцкую тройку. 22 лістапада аргентынец аформіў хет-трык у браму «Сэвільлі», стаўшы найлепшым бамбардзірам Ля Лігі ўсіх часоў, скасаваўшы папяэдні рэкорд Тэльма Сары, які трываў 59 гадоў[49]. 7 сьнежня гулец зарабіў яшчэ адзін хет-трык у Барсэлёнскім дэрбі, перасягнуўшы рэкорд Сэсара Радрыгеса ў матчах дэрбі Барсэлёны[50]. 8 сакавіка спартовец адзначыўся самым хуткім хет-трыкам у сваёй кар’еры, пацэліўшы ў браму «Раё Вальекага» тройчы за 11 хвілінаў. Напрыканцы сэзону Мэсі здабыў перамогу для «сіне-гранатавых» над «Атлетыкам» (1:0), чым забясьпечыў перамогу ў чэмпіянаце. А скончыў кампанію Мэсі з 43 галамі на сваім рахунку[51]. 30 траўня Мэсі двойчы трапна стрэліў у фінальным матчы Кубка Гішпаніі супраць «Атлетыка» зь Більбао (3:1). Найвышэйшага посьпеху дружына дамаглася і ў розыгрышу Лігі чэмпіёнаў 2014—2015 гадоў, у тым ліку дзякуючы выдатным выступам трыё.

У матчы на Супэркубак УЭФА супраць «Сэвільлі». За сьпінай Мэсі ягоны зямляк Эвэр Банэга.

Мэсі распачаў сэзон 2015—2016 гадоў, двойчы рэалізаваўшы штрафны ўдар у пераможным матчы Супэркубка УЭФА супраць «Сэвільлі» (5:4)[52]. 16 верасьня ён стаў самым маладым гульцом, які дасягнуў паказьніку ў 100 выступаў у матчах Лігі чэмпіёнаў УЭФА, згуляўшы ўнічыю з «Ромай» (1:1)[53]. Пасьля траўмы калена Мэсі зьявіўся на пляцоўцы 21 лістапада, калі выйшаў на поле на зьмену таварышу ў матчы супраць «Рэалу», у якім каталянцы выгулялі «сьметанковых» зь лікам 4:0. 30 сьнежня аргентынец запісаў на свой рахунак 500-ы гол у колерах «Барсэлёны» ў хатнім пераможным матчы супраць «Бэтысу» (4:0)[54]. 11 студзеня 2016 году Мэсі атрымаў чарговы «Залаты мяч»[55]. А 3 лютага здабыў хет-трык у матчы Кубка Гішпаніі супраць «Валенсіі» (7:0) на Камп Ноў[56]. Крыху пазьней, ужо ў матчы 1/8 фіналу Лігі чэмпіёнаў, футбаліст двойчы патрапіў у браму «Арсэналу» на Эмірэйтс. Гэтыя галы сталіся адзінымі ў сустрэчы. 22 траўня 2016 году ў фінале розыгрышу айчынага кубка Мэсі зноўку стаў адзіным галеадорам сустрэчы, чым здабыў для клюбу чарговы тытул. Ахвярай спартоўца гэтым разам стала «Сэвільля» (2:0). У дадатак, «Барсэлёна» стала чэмпіёнам краіны[57].

Мэсі ў таварыскім матчы ў Катары ў 2016 годзе.

20 жніўня 2016 году «Барсэлёна» распачала сэзон 2016—2017 гадоў у Ля Лізе хатняй перамогай у матчы супраць «Бэтысу» зь лікам 6:2. Мэсі ў гэтай гульні адзначыўся двойчы[58]. 13 верасьня гулец зарабіў свой першы хет-трык у стартавай гульні каталянцаў у Лігі чэмпіёнаў супраць «Сэлтыка» (7:0). Гэта быў шосты хет-трык Мэсі ў гэтым турніры. Праз тыдзень аргентынец атрымаў траўму пахвіны ў матчы супраць сталічнага «Атлетыка» (1:1) і выбыў на тры тыдні[59]. Па вяртаньні 16 кастрычніка футбаліст адзначыўся голам, зьявіўшыся з лавы запасных, у матчы супраць «Дэпартыва»[60]. Праз тры дні Мэсі аформіў свой 37-ы хет-трык, чым дапамог «Барсэлёне» выгуляць у «Манчэстэр Сіці» (4:0)[61]. 14 студзеня футбаліст забіў гол у пераможным матчы супраць «Ляс-Пальмасу» (5:0), які стаўся 35 клюбам краіны, у браму якога трапна пацэльваў Мэсі. Гэтым ён пераўзышоў рэкорд Рауля[62]. 23 красавіка Мэсі двойчы вынікова стрэліў у гасьцявым матчы супраць «Рэалу» (3:2), чым забясьпечыў перамогу сваёй дружыны. «Барсэлёна» здабыла кубак, але саступіла «Рэалу» ў чэмпіянаце.

Мэсі распачаў сэзон 2017—2018 гадоў матчамі супраць «Рэалу», забіўшы адзіны гол клюбу ў двубоі, але «Барсэлёна» трывала паразу ў абодвух матчах. 9 верасьня гулец здабыў свой першы хет-трык у Ля Лізе, чым аформіў перамогу дружыны ў сустрэчы з «Эспанёлам» (5:0)[63]. 19 верасьня Мэсі пацэліў мяч у сетку «Эйбара» на Камп Ноў чатыры разы, а матч скончыўся зь лікам (6:1)[64]. Футбаліст чарговы раз атрымаў «Залатую буцу», а пазьней 25 лістапада склаў з клюбам новую ўгоду, якая працягвала знаходжаньне нападніка ў табары каталянцаў да сканчэньня сэзону 2020—2021 гадоў. Мэсі як некалькі гадоў таму зноўку выявіў цудоўныя выніковыя здольнасьці, то бок шмат забіваючы амаль у кожным матчы. Пры гэтым у некаторых сустрэчах аргентынец адзначаўся і хет-трыкамі, як у матчы 7 красавіка супраць «Леганэса» ці 29 красавіка супраць «Дэпартыва». 9 траўня гулец забіў гол у браму «Вільярэалу» ў пераможным зь лікам 5:1 матчы. «Барсэлёна» гэтай сустрэчай усталявала рэкорд у 43 гульні запар без паразаў. Мэсі ж скончыў сезон найлепшым бамбардзірам Ля Лігі з 34 мячамі на рахунку. «Барсэлёна» здабыла дубль.

Выкананьне штрафнога ўдара Мэсі ў матчы супраць «Вальядаліду».

З сыходам былога капітана Андрэса Іньесты ў траўні 2018 году Мэсі быў абраны новым капітанам дружыны на наступны сэзон[65]. 12 жніўня ён здабыў свой першы тытул у якасьці капітана «Барсэлёны», якая выгуляла ў «Сэвільлі» зь лікам 2:1. 19 жніўня аргентынец двойчы вынікова пацэліў у браму «Алавэсу» ў стартавым матчы Ля Лігі. Першы гол быў зроблены свабодным ударам і стаўся шасьцітысячным голам «Барсэлёне» ў Ля Лізе[66]. 18 верасьня гулец адзначыўся хет-трыкам у хатнім пераможным матчу супраць ПСВ[67]. 20 кастрычніка Мэсі забіў гол у матчы супраць «Сэвільлі» (4:2), аднак ужо на 26-й хвіліне быў вымушаны сысьці з поля, бо атрымаў пашкоджаньне правай рукі. Пазьнейшае тэставаньне выявіді пералом косткі, што выкрэсьліла футбаліста з складу клюба на прыблізна тры тыдні[68]. 8 сьнежня аргентынец двойчы адзначыўся ў дэрбі супраць «Эспанёлу» (4:0). 23 лютага Мэсі здабыў свой 50-ы хет-трык у кар’еры, а таксама дапамог адзначыцца Суарэсу ў гасьцявым матчы супраць «Сэвільлі» (4:2). 27 красавіка паўднёваамэрыканец выйшаў з лавы запасных і зладзіў адзіны гол у матчы супраць «Левантэ», што дазволіла «Барсэлёне» забясьпечыць сабе перамогу ў чэмпіянаце[69]. 1 траўня гулец зарабіў дубль у хатнім матчы супраць «Лівэрпулу» ў паўфінале Лігі чэмпіёнаў, але ў матчы ў адказ каталянцы трывалі сакрушальную паразу зь лікам 0:4, і, такім чынам, былі выкінутыя з розыгрышу. У апошнім матчы сэзону Ля Лігі, які ладзіўся 19 траўня, Мэсі забіў усе два галы сваёй дружыны ў матчы супраць «Эйбару» (2:2). 25 траўня ён зноўку адзначыўся гэтым разам у фінале Кубка Гішпаніі, аднак клюб прагуляў «Валенсіі» зь лікам 2:1.

5 жніўня 2019 году было абвешчана, што Мэсі прапусьціў турнэ «Барсэлёны» ў ЗША, бо яшчэ лекаваўся ад траўмы правай лыткі[70]. Па ачуньваньню гулец зноўку зьведаў праблемы з лыткай. Нарэшце, вяртаньне на поле адбылося толькі 17 верасьня, а 6 кастрычніка ён забіў свой першы гол у сэзоне у хатнім пераможным матчы супраць «Сэвільлі». Гэта быў ягоны 420-ы гол у Ля Лізе, чым ён пераўзышоў рэкорд Крыштыяну Раналду ў колькасьці галоў у пяці найлепшых лігах Эўропы[71]. 29 кастрычніка Мэсі азначыўся голам у матч супраць «Вальядаліду», які скончыўся на карысьць «сіне-гранатавых» зь лікам 5:1. 9 лістапада аргентынец аформіў хет-трык, 34-ы ў матчах Ля Лігі, у матчы супраць «Сэльты». Такая колькасьць паўтарыла колькасьць хет-трыкаў, якія рабілі былі Рауль і Крыштыяну Раналду ў матчах гішпанскага першынства[72]. 2 сьнежня Мэсі быў узнагароджаны рэкордным шостым «Залатым мячом», а 8 сьнежня запісаў на свой рахунак чарговы хет-трык (5:2) у матчы супраць «Маёркі»[73]. 22 лютага 2020 году нападнік адзначыўся чатыры разы ў гульні супраць «Эйбара» (5:0)[74]. Акрамя галоў Мэсі шмат калектываваў яшчэ ў галявых перадач. Гэтак 11 ліпеня ён запісаў на свой рахунак 20 асыстэнцкі пункт у сэзоне, калі дапамог Артура Відалю здабыць адзіны пераможны гол у матчы супраць «Вальядалідам». Мэсі, такім чынам, параўняўся з рэкордам Чаві ў 20 галявых перадачаў, які той усталяваў у сэзоне 2008—2009 гадоў[75]. У выніку аргентынец стаў найлепшым бамбардзірам лігі з 25 галамі на рахунку, а таксама здабыў ажно 21 асыстэнцкі пункт. Тым ня менш, «Барсэлёна» спынілася толькі на другім радку, а ў розыгрышу Лігі чэмпіёнаў была ўшчэнт разьбітая ў чвэрцьфінальным матчы супраць «Баварыі» зь лікам 2:8.

Мэсі (справа) размаўляе з партнэрам па клюбу з Жордзі Альбам.

Праз узмацьненьня незадаволенасьці кірункам разьвіцьця клюбу як на полі, гэтак і па-за ягонымі межамі[76], «Барсэлёна» абвесьціла, што Мэсі накіраваў на адрас кіраўніцтва ліст, дзе выказаў жаданьне сысьці з клюбу 25 жніўня 2020 году[77]. Аб’ява атрымала прыкметны розгалас у СМІ, а таксама сярод таварышаў па дружыне і прэзыдэнтам каталянскага клюбу Квімам Торам[78]. 26 жніўня спартовы дырэктар клюбу Рамон Плянэс пажадаў, каб «Барсэлёна» выбудавала дружыну вакол самага важнага гульца ў сьвеце[79] і пацьвердзіў, што Мэсі зможа пакінуць дружыну толькі ў выпадку, калі пакупнік сплаціць суму ў 700 млн эўра паводле ўмовам існага пагадненьня. Сам гулец у інтэрвію паведаміў, што наступны сэзон будзе для яго апошнім у сіне-гранатавых колерах.

27 верасьня Мэсі распачаў сэзон 2020—2021 гадоў, рэалізаваўшы штафны ўдар у хатнім матчы Ля Лігі супраць «Вільярэалу» (4:0)[80]. За два дні да гэтай уступнай гульні гулец зноўку раскрытыкаваў стратэгію клюбу, расчараваўшыся сыходам з «Барсэлёны» Люіса Суарэса[81]. 29 лістапада нападнік забіў чацьверты гол дружыны ў матчы супраць «Асасуны» (4:0). Па рэалізацыі моманту Мэсі аддаў даніну памяці свайму суайчынніку Дыега Марадоне, які сканаў за чатыры дні да гульні. 23 сьнежня Мэсі ў матчы супраць «Вальядаліду» трапна пацэліў у браму супернікаў у 644 раз у кашулі «Барсэлёны», перасягнуўшы такім чынам дасягненьне Пэле зь ягоным «Сантусам»[82][83]. З гэтае нагоды кампанія Будвайзэр накіравала пэрсалізаваныя бутэлькі піва лімітаванае сэрыі кожнаму брамніку, якому Мэсі хоць раз, але забіў быў гол[84]. Свае дзьве бутэлькі атрымаў і беларускі брамнік Аляксандар Гутар, які двойчы выцягваў мяч з брамы пасьля стрэлаў Мэсі ў матчы групавога этапу Лігі чэмпіёнаў 2011—2012 гадоў[85]. 17 студзеня 2021 году Мэсі ўпершыню ў сваёй клюбнай кар’еры быў выдалены з поля за неспартовыя паводзіны, то бок ён замахнуўся рукой на Асьера Вілялібрэ на апошніх хвілінах матчу Супэркубка Гішпаніі супраць басконскага «Атлетыка», які скончыўся перамогай баскаў зь лікам 2:3[86]. 21 красавіка адпомсьціў «Атлетыку» ў фінале Кубка Гішпаніі 2021 году двойчы ўлучыў мяч у браму суперніка (4:0). 16 траўня аргентынец забіў свой 30-ы гол у чэмпіянаце ў хатняй гульні супраць «Сэльты», дзе «Барса» трывала паразу зь лікам 1:2. Гэты гол і гэтая гульня апынулася апошняй для Мэсі ў колерах «Барсэлёны»[87]. Гулец зноўку стаў найлепшым бамбардзірам лігі. 1 ліпеня спартовец атрымаў статус вольнага агента, але новыя перамовы з клюбам былі няўдалымі праз фінансавыя чыньнікі[88].

«Пары Сэн-Жэрмэн»

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
У ПСЖ Мэсі (у цэнтры) ўзьяднаўся з Нэймарам (справа).

10 жніўня 2021 году Мэсі далучыўся да табару францускага клюбу «Пары Сэн-Жэрмэн»[89]. Ён падпісаў двухгадовую ўгоду да чэрвеня 2023 году з правам працягу дамовы яшчэ на дадатковы год[90]. Мэсі абраў 30 нумар, той да самы, пад якім ён выступаў у падлеткавым узросьце, калі дэбютаваў за «Барсэлёну»[91]. Дэбют у Францыі прыпаў ў нападніка на 29 жніўня, калі аргентынец выйшаў на замену ў другой палове выязнога пераможнага матчу супраць «Рэймсу»[92]. 15 верасьня Мэсі правёў першы матч у складзе новага клюбу ў Лізе чэмпіёнаў, дзе апанэнтам Мэсівай дружыны быў «Бруге» (1:1). Праз чатыры дні гулец упершыню зьявіўся на Парк дэ Прэнс у кашулі францускага клюбу. 28 верасьня ён забіў свой першы гол у новай дружыне ў матчы супраць «Манчэстэр Сіці» Пэпа Гвардыёлы[93]. Але першы трапны стрэў гульца прыпаў толькі на 14 тур, дзе парыжаны прымалі «Нант» (3:1)[94]. Празь месяц Мэсі тройчы асыставаў таварышам у хатнім матчы супраць «Сэнт-Эт’ену» (3:1). 2 студзеня 2022 году «Пары Сэн-Жэрмэн» паведаміў, што тэст Мэсі паказаў станоўчы вынік на каранавірус, праз што футбаліст быў вымушаны прапусьціць дзьве лігавыя гульні і матч кубка краіны[95]. Па адужаньні аргентынец 23 студзеня зьявіўся на пляцоўцы ў другім тайме з лавы рэзэрвістаў у матчы супраць «Рэймсу» (4:0), дзе дапамог зладзіць трэці гол дружыны. 23 красавіка спартовец дапамог дружыне здабыць свой чарговы тытул чэмпіёна Францыі трапным стрэлам у браму «Лянсу» (1:1), але агулам сэзон для гульца быў няўдалым, то бок ён упершыню з сэзону 2005—2006 гадоў скончыў кампанію з лічбай галоў меньшай за дзеяць, паклаўшы толькі 6 галоў на свой рахунак. 31 ліпеня Мэсі распачаў новы сэзон як аўтар першага голу парыскага клюбу ў матчы Супэркубка Францыі супраць «Нанту» (4:0)[96].

Да свайго дэбюту ў моладзевай камандзе Аргентыны Мэсі атрымаў запрашэньне выступаць за нацыянальную зборную Гішпаніі, але адхіліў яго. У чэрвені 2004 году ён нарэшце дэбютаваў у складзе нацыянальнай зборнай Аргентыны ў матчы супраць Парагваю.

«Барсэлёна»:

«Пары Сэн-Жэрмэн»:

Аргентына:

  1. ^ а б в Lionel Andrés Messi // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  2. ^ а б в Lionel Andrés Messi // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  3. ^ а б в Lionel Messi // FBref.com (мн.)
  4. ^ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #137928408 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  5. ^ а б в г https://www.fcbarcelona.com/football/first-team/staff/players/2018-2019/messi
  6. ^ «Блоха», championat.ru  (рас.)
  7. ^ Hunter 2012. С. 264—265.
  8. ^ «Joan Laporta: 'Barcelona has been kidnapped. It’s hostage to lies and it’s sad'». The Guardian.
  9. ^ Balagué 2013. С. 272—276.
  10. ^ «Starlet Messi Stays at Barça until 2014». ESPN.
  11. ^ Hunter 2012. С. 266—269.
  12. ^ «Ingla: Rijkaard to Blame for Barça Decline». ESPN.
  13. ^ а б «Messi: I’m Not the Best». FIFA.
  14. ^ «Messi Needs Surgery on Broken Foot». CNN.
  15. ^ «There’s Something about Messi». The Guardian.
  16. ^ Balagué 2013. С. 302.
  17. ^ «The Greatest Goal Ever?». The Daily Telegraph.
  18. ^ «Nou Sensation». The Guardian.
  19. ^ «Lionel Messi Sidelined for Six Weeks». The Daily Telegraph.
  20. ^ «Messi Has Ronaldinho’s Number». FIFA.
  21. ^ а б Balagué 2013. С. 472.
  22. ^ «Messi Closing in on Remarkable Record». ESPN.
  23. ^ «Are Messi, Suarez and Neymar Barcelona’s Best-Ever Front Three?». ESPN.
  24. ^ Balagué 2013. С. 453—459.
  25. ^ «Barcelona Defeat Athletic Bilbao to Win Copa del Rey». The Daily Telegraph.
  26. ^ Balagué 2013. С. 519—524.
  27. ^ Andrés Messi Cuccittini: Matches 2009—10". BDFutbol.
  28. ^ «Magic Messi Wins Supercopa for Barça». ESPN
  29. ^ «David Villa Strikes Twice as Slick Barcelona Thrash Real Madrid». The Guardian.
  30. ^ «Lionel Messi Stars as Barcelona Seal Record League Win». BBC Sport.
  31. ^ «Tempers Flare into Brawl as Barcelona Beats Real Madrid». USA Today.
  32. ^ «Messi Scores Four as Barcelona Rout Valencia». CNN.
  33. ^ «Lionel Messi Scores Five in Barcelona Champions League Win». BBC Sport.
  34. ^ «Lionel Messi as Dominant as Michael Jordan, Claims Barcelona’s Pep Guardiola, After He Breaks Goal Record». The Daily Telegraph.
  35. ^ Pep Guardiola Leaves Lasting Legacy at Barcelona". BBC Sport.
  36. ^ «Four-Goal Lionel Messi Gives Pep Guardiola Perfect Barcelona Send-Off». The Guardian.
  37. ^ «Lionel Messi Receives Golden Boot Award as Europe’s Top Scorer». Sports Illustrated.
  38. ^ «Messi Smashes Müller’s 40-Year Record». ESPN.
  39. ^ «Ten-Man Barcelona Shocked by Sociedad». CNN.
  40. ^ «Barcelona’s Lionel Messi Becomes Most Decorated Player in History after Winning Unprecedented Fourth Straight Ballon d’Or». The Independent.
  41. ^ «A Sense of Anticlimax but Barcelona Still Deserve Their La Liga Title». The Guardian.
  42. ^ Balagué 2013. С. 556.
  43. ^ «Lionel Messi Awarded Golden Shoe for Third Time after 46 La Liga Goals for Barcelona». The Independent.
  44. ^ «Real Madrid v Barcelona: Has Ronaldo Overtaken Messi?». BBC Sport.
  45. ^ «Messi, la (Très) Bonne Paie». France Football.
  46. ^ «Messi: 'Tito was the first person who had faith in me because at the time, I was a substitute or didn’t play'». Tribuna.
  47. ^ «How Jose Mourinho persuaded Lionel Messi to join Chelsea from Barcelona in 2014». Sky Sports.
  48. ^ «Gerardo Martino: Lionel Messi Feeling Mental, Physical Strain of Years at Top». ESPN
  49. ^ «Lionel Messi: Barcelona Forward Will Leave 'Unreachable' Record». BBC Sport.
  50. ^ «El Derbi Es un Monólogo de Messi». El País.
  51. ^ «Supporters, Superstars and Goals Galore». FIFA.
  52. ^ «Lionel Messi Says Free Kick Goals in UEFA Super Cup Were 'Lucky'». ESPN
  53. ^ «Florenzi’s goal vs. Barca one for the ages». Sports Net.
  54. ^ «FC Barcelona claim 4-0 victory over Betis and top spot to end 2015». FC Barcelona.
  55. ^ «Lionel Messi wins 2015 Ballon d’Or ahead of Cristiano Ronaldo, Neymar». ESPN
  56. ^ «Lionel Messi’s 500th goal shows off scintillating skill». The Washington Post.
  57. ^ «Messi sirve el doblete». Marca.
  58. ^ «Luis Suarez plunders hat-trick, Lionel Messi scores twice as Barca smash six past Betis». Eurosport.
  59. ^ «Leo Messi out for three weeks». FC Barcelona
  60. ^ «Lionel Messi Scores in His Return as Barcelona Roll Past Deportivo La Coruña». beIN SPorts.
  61. ^ «Lionel Messi scored a hat-trick as 10-man Manchester City lost 4-0 on Pep Guardiola’s return to Barcelona in the Champions League». Sky Sports.
  62. ^ «Watch Lionel Messi match record for the most La Liga teams scored against». Fox Sports.
  63. ^ «Lionel Messi’s hat trick guides Barcelona’s win over local rivals Espanyol». ESPN.
  64. ^ «Lionel Messi creates something from nothing for Barcelona — Valverde». ESPN.
  65. ^ «Lionel Messi will be Barcelona’s next captain». Sport.
  66. ^ «Lionel Messi scores Barcelona’s 6,000th goal in La Liga». ESPN.
  67. ^ «Lionel Messi’s eight Champions League hat tricks ranked: Which is the best?». ESPN
  68. ^ «Messi, out for three weeks with a fractured arm». FC Barcelona.
  69. ^ «Messi helps Barcelona clinch Spanish league title». The Washington Post.
  70. ^ «Lionel Messi injury: Barcelona star to miss USA tour with calf injury just ahead of La Liga season». CBS Sports.
  71. ^ «Leo Messi breaks another record in Barca win; Juventus ends Inter’s unbeaten run». CNN.
  72. ^ «Lionel Messi equals Cristiano Ronaldo LaLiga hat-trick record». As.
  73. ^ «Messi’s record breaking treble sends Barcelona top». BBC.
  74. ^ «Barcelona 5-0 Eibar: Lionel Messi scores four in thumping win». BBC.
  75. ^ «Messi equals club record for assists». FC Barcelona.
  76. ^ «The reasons why Messi wants to leave Barcelona». As.
  77. ^ «Messi tells Barca he wants to leave, signaling end of era». The Associated Press.
  78. ^ «Lionel Messi: Social media reaction to Barcelona legend’s transfer request». BBC Sport.
  79. ^ «Lionel Messi: Barcelona want to 'build team around most important player in the world'». BBC Sport.
  80. ^ «Lionel Messi scores for FC Barcelona in 4-0 win vs. Villarreal». Mundo Albiceleste.
  81. ^ «Lionel Messi takes fresh aim at Barcelona for 'throwing out' Luis Suárez». The Guardian.
  82. ^ «Lionel Messi passes Pele for most goals with one club (VIDEO)». Sports Illustrated.
  83. ^ «Lionel Messi breaks Pelé’s record for goals at a single club». The Guardian.
  84. ^ «Lionel Messi: Which goalkeepers got the 644 bottles of Budweiser beer?». GiveMeSport.
  85. ^ «Беларускі брамнік атрымаў піва ад Ліянэля Месі». Еўрарадыё.
  86. ^ «Lionel Messi sent off as Barcelona lose Spanish Super Cup to Athletic Bilbao». BBC Sport.
  87. ^ «Koeman talks Lionel Messi’s future after Barcelona lose to Celta Vigo». Barca Blaugranes.
  88. ^ «Lionel Messi: Barcelona forward agrees contract extension with 50 per cent pay cut». Sky Sports.
  89. ^ «Lionel Messi signs two-year Paris St-Germain deal after leaving Barcelona». BBC.
  90. ^ «Leo Messi signs for Paris Saint-Germain». PSG.
  91. ^ «Lionel Messi shirt number revealed by PSG». The Independent.
  92. ^ «Messi’s PSG debut breaks Spain viewing records». ESPN.
  93. ^ «Lionel Messi scores first PSG goal in Champions League win over Manchester City». CNN.
  94. ^ «Ligue 1: Lionel Messi scores first league goal for PSG, Rennes beat Montpellier-Sports News». Firstpost.
  95. ^ «PSG’s Messi tests positive for COVID-19». ESPN.
  96. ^ «Paris Saint-Germain 4-0 Nantes: Neymar scores twice with Lionel Messi also on target in Trophee des Champions»(недаступная спасылка). Sky Sports.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]