Рэал Бэтыс Сэвільля
Рэал Бэтыс | ||||||
Поўная назва | Real Betis Balompié S.A.D. | |||||
---|---|---|---|---|---|---|
Заснаваны | 1907 | |||||
Горад | Сэвільля, Гішпанія | |||||
Стадыён |
Бэніта Вільямарын Умяшчальнасьць: 60 720[1] | |||||
Галоўны трэнэр | ||||||
Чэмпіянат | Ля Ліга | |||||
· 2023—2024 | 7 месца | |||||
| ||||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы Афіцыйны сайт |
«Рэал Бэтыс» (па-гішпанску: Real Betis) — гішпанскі футбольны клюб, што базуецца ў горадзе Сэвільля. Каманда гуляе на стадыёне «Бэніта Вільямарын», што месьціць 56 432 чалавекі. Клюб быў заснаваны ў 1907 годзе яшчэ да грамадзянскай вайны. Клюб ёсьць першым клюбам рэгіёну, які перамог у чэмпіянаце Гішпаніі ў 1935 годзе. Акрамя таго клюб двойчы перамагаў у розыгрышы Кубка Гішпаніі ў 1977 і 2005 гадох.
Былы кароль Гішпаніі Хуан-Карлас I і ягоны сын, які на сёньня зьяўляецца дзейным манархам краіны, Філіп VI зьяўляюцца ганаровымі чальцамі клюбу. Клюб мае гістарычнае суперніцтва зь іншым клюбам з гораду «Сэвільляй». Дэвіз каманды: «Няхай жыве Бэтыс нават тады, калі яны атрымоўваюць паразу!»[3]. Свае зялёна-белыя колеры «Бэтыс» узяў у гонар галоўнага трэнэра Пэдзі О'Конэла, які паходзіў з Ірляндыі. Менавіта О’Конэл прывёў клюб да перамогі ў чэмпіянаце Гішпаніі ў сэзоне 1934—1935 гадоў, калі «Бэтыс» на адзіны пункт апярэдзіў мадрыдзкі «Рэал».
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Заснаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Назва клюбу паходзіць ад лацінскае назвы ракі Гвадальквівір, якая зьяўляецца асноўнай рачной магістральлю аўтаномнай супольнасьці Андалюзіі, якая ў старажытнасьці ўваходзіла ў склад рымскай правінцыі Бэтыка, тэрытарыяльна адпавядаючы сучаснай Андалюзіі, і часткова займалай тэрыторыі Эстрэмадуры й партугальскай правінцыі Алентэжу. Першапачаткова «Бэтыс» абапіраўся на падтрымку як прадстаўнікоў ніжэйшых клясаў грамадзтва, гэтак і арыстакратыю.
Першым клюбам гораду стаўся адвечны супернік «Бэтысу» клюб «Сэвільля», які быў заснаваны ў кастрычніку 1905 году. другім клюбам гораду быў клюб «Сэвілля Балёмпіе», які быў створаны ў верасьні 1907 году. Варта адзначыць, што balompié ліатаральна перакладаецца як «футбол», аднак на сёньня ў гішпанскай мове ў адносінах да гульні ўжываюць англіцызм fútbol. «Балёмпіе» быў заснаваны студэнтамі зь мясцовай політэхнічнай акадэміі, а афіцыйнае празнаньне клюбу адбылося толькі ў 1909 годзе, не зважаючы на тое, што 1907 год на сёньня застаецца афіцыйнай датай заснаваньня клюбу.
Пасьля ўнутранага расколу ў ФК «Сэвільля» быў сфармаваны іншы клюб «Бэтыс». У 1914 годзе гэты паўсталы клюб аб’яднаўся з «Сэвілля Балёмпіе», сфармаваўшы сучасны клюб «Бэтыс». Клюб атрымаў каралеўскае заступніцтва ў тым жа годзе, што дало магчымасьць дадаць да сваёй назвы слова «Рэал». Прыхільнікі каманды працягвалі называць клюб «Балёмпіе» да 1930-х гадох, але пазьней за клюбам зачапілася назва «Бэтыс».
20 стагодзьдзе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За часам Другое гішпанскае рэспублікі ў 1930-х гадох каралеўскі патранаж усіх арганізацыяў быў ануляваны, і, такім чынам, клюб страціў частку «Рэал» у сваёй назьве, аднак пасьля заканчэньня грамадзянскай вайны ў Гішпаніі, была назва была вернутая. Клюб выйшаў у фінал кубка Гішпаніі ўпершыню 21 чэрвеня 1931 году, але саступіў трафэй «Атлетыку», атрымаўшы паразу зь лікам 3:1 у фінальным матчы, які праходзіў у Мадрыдзе[4]. У свой 25-гадовы юбілей «Бэтыс» атрымаў перамогу ў другім дывізіёне чэмпіянату Гішпаніі ў сэзоне 1931—1932 гадоў, апярэдзіўшы клюб «Авіеда» на два пункты[5]. Такім чынам, «Бэтыс» стаўся першым клюбам з Андалюзіі, які атрымаў права выступаў у найвышэйшых гішпанскім дывізіёне.
Усяго празь некалькі сэзонаў, пад кіраўніцтвам ірляндзкага трэнэра Пэдзі О’Конэла, 28 красавіка 1935 году «Бэтыс» атрымаў перамогу ў Ля Лізе, што й па сёньняшні дзень зьяўляецца адзінай перамогай у нацыянальным чэмпіянаце. Усё гэта сталася магчымым дзякуючы абарончае тактыцы, якую абраў О’Конэл для сваёй каманды, у выніку галкіпэр клюбу Хаакін Уркіяга прапусьціў толькі 19 галоў у 21 гульні[6]. Неўзабаве пасьля перамогі О’Конэл сышоў з клюбу, каб далучыцца да «Барсэлёны»[6]. На наступны год клюб заняў толькі 7-ы радок і сутыкнуўся з эканамічнымі цяжкасьцямі. Да таго ж у краіне разгарнулася грамадзянская вайна. На працягу пэўнага часу паміж 1936 і 1939 гадамі аніякія афіцыйныя турніры не праводзіліся. А ў першы ж сэзон 1939—1940 гадоў пасьля аднаўленьня чэмпіянату «Бэтыс» заняў перадапошні радок і быў паніжаны да другога дывізіёну.
Не зважаючы на хуткае вяртаньне ў найвышэйшы дывізіён, якое доўжыўся ўсяго адзін сэзон, клуб працягваў зьніжацца і ў 1947 годзе дасягнуў трэцяга дывізіёну. Шматлікія заўзятары клюбу бачаць гэтае дзесядзігодзьдзе, як момант стварэньня сапраўднае ідэнтычнасьці клюбу. За гэтым часам «Бэтыс» значна парасьціў колькасьць заўзятараў і атрымаў масавую падтрымку ня толькі ў хатнім матчах, але й у гасьцявых сустрэчах. Пасьля вяртаньня ў другі дывізіён у 1954 годзе, «Бэтыс» стаўся першым клюбам краіны, які атрымаў перамогу ва ўсіх трох дывізіёнах айчыннага першынства. Далейшае прасоўваньне сталася магчымым дзякуючы прэзыдэнту клюбу Мануэлю Руісу Радрыгесу, які здолеў выцягнуць клюб з трэцяга дывізіёну вышэй. У 1955 годзе Мануэль Руіс Радрыгес сышоў з працы ў клюбе, мяркуючы, што ён больш ня здолее забясьпечваць эканамічны рост клюбу. Ягоную пасаду заняў самы вядомы на сёньняшні дзень экс-прэзыдэнт каманды Бэніта Вільямарын. За часам ягонага кіраваньне «Бэтыс» вярнуўся ў навышэйшы дывізіён у сэзоне 1958—1959 гадоў і заняў трэцяе месца ў сэзоне 1964—1964 гадоў. У 1961 годзе, дзякуючы намаганьням прэзыдэнту, клюб выкупіў стадыён Эліёпаліс, які пазьней атрымаў імя ў гонар Вільямарыну[7]. У 1965 годзе Вільямарын сышоў у адстаўку са сваёй пасады пасьля дзесяці гадоў працы ў клюбе. На наступны год пасьля сыходу прызэдэнта «Бэтыс» вылецеў у другі дывізіён, аднак празь некаторы час зноўку вярнуўся. Канчаткова захавацца ў эліце клюбу ўдалося толькі у сэзону 1974—1975 гадоў.
25 чэрвеня 1977 году «Бэтыс» сустракаўся з «Атлетыкам» на стадыёне Вісэнтэ Кальдэрон ў фінале кубка Гішпаніі. Матч скончыўся зь лікам 2:2, і толькі ў сэрыі пасьляматчавых пэнальці андалюзійскі клюб быў мацней, атрымаўшы перамогу зь лікам 8:7. Цікава, што клюбы прабілі на дваіх 21 удараў з кропкі, перш чым быў вызначаны пераможца. Да гэтае перамогі варта дадаць і 5-е месца, якое клюб заняў у тым сэзоне ў чэмпіянаце.
Пасьля гэтага трыюмфу, «Бэтыс» атрымаў права прадстаўляць Гішпанію ў Кубку ўладальнікаў кубкаў, дзе спачатку гішпанцы выбілі «Мілян», пасьля перамогі 3:2 паводле сумы двух матчаў у першым раўндзе, але саступілі ў чвэрцьфінале маскоўскаму «Дынама». Не зважаючы на добрыя выступы ў Эўропе, клюб вылецеў зь Ля Лігі ў апусьціўся ў другі дывізіён. У наступным годзе «Бэтыс» адразу ж вярнуўся ў эліту й правёў добры пэрыяд, у наступных пяці сэзонах клюб чатыры разы на фінішы ўваходзіў у топ-6 камандаў лігі, а ў 1982 і 1984 гадох кваліфікаваўся ў Кубак УЭФА.
У 1982 годзе клюбны стадыён прыняў два матчы ў рамках чэмпіянату сьвету 1982 году, які прымала Гішпанія. Таксама на стадыён прайшоў хатні матч зборнае Гішпаніі адборачнага турніру да чэмпіянату Эўропы 1984 году, дзе гішпанія перамагла зборную Мальты зь лікам 12:1.
Да канца 1980-х клюб зноўку апусьціўся ў другі дывізіён. У 1992 годзе «Бэтыс» быў блізкі да фінансавае катастрофы, калі заўзятары пачалі зьбіраць грошы, каб клюб захаваў сваё жыцьцё. Сапраўдным выратавальнікам стаў віцэ-прэзыдэнт клюбу Мануэль Руіс дэ Лёпэра, які даў фінансавы гарантыі й захаваў клюб ад вылету ў ніжэйшыя дывізіёны. Вярнуўшыся ў эліту ў сэзоне 1994—1995 гадоў, «Бэтыс», пад кіраўніцтвам галоўнага трэнэра Лярэнса Сэра Фэрэра, адразу дамогся бронзавых мэдалёў і права выступаў у Кубку УЭФА. У эўрапейскай кампаніі, «Бэтыс» выбіў «Фэнэрбахчэ» (4:1 па суме двух матчаў) і «Кайзэрсьляўтэрн» (4:1 па суме двух матчаў), але ня здолеў пераўзысьці «Бардо» (3:2 па суме двух матчаў), які па выніках дайшоў да фіналу Кубка УЭФА. У 1997 годзе ў першы раз праз 20 гадоў пасьля атрыманьня апошняга трафэю клюб дайшоў да фіналу кубка Гішпаніі, які зноўку праходзіў у Мадрыдзе, але на гэты раз саступіў у дадатковы час «Барсэлёне» зь лікам 2:3. Прыкметна, што трэнэр сэвільцаў Сэра Фэрэр сышоў з клюбу ўлетку, далучыўшыся да «Барсэлёны». Новым галоўным трэнэрам стаў былы футбаліст клюбу Люіс Араганэс. Араганэс правёў у клюбе толькі адзіны сэзон, які каманда скончыла на 9-м радку, а таксама дайшла да чвэрцьфіналу Кубку ўладальнікаў Кубкаў, дзе саступілі будучаму ўладальніку трафэя «Чэлсі» з агульным лікам 2:5.
21 стагодзьдзе
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Наступнікам Араганэсу стаў Хавіер Клемэнтэ, за часам якога клюб фінішаваў на 11-м месцы і быў выбіты з розыгрышу Кубка УЭФА «Балёньняй» ужо ў трэцім раўндзе. На працягу наступных некалькіх сэзонаў, «Бэтыс» узначальваў шэраг мэнэджараў, а клюб хістаўся паміж лігамі, пакуль разам з Хуандэ Рамасам «Бэтыс» не заняў 6-ы радок паводле вынікаў сэзону 2001—2002 гадоў. Рамас правёў толькі адзін сэзон, а яго на пасадзе замяніў Віктар Фернандэс, які прывёў клюб да 8-га і 9-га месца ў Ля Лізе. Акрамя таго, разам з Фэрнандэсам клюб дайшоў да трэцяга раўнду Кубка УЭФА 2002—2003 гадоў, калі атрымаў паразу ад францускага «Асэру» з агульным лікам 1:2.
У 2004 годзе ў клюб вярнуўся Сэра Фэрэр, дзякуючы якому клюб дасягнуў чацьвёртага месца ў чэмпіянаце, а таксама атрымаў перамогу ў кубку Гішпаніі, перайграўшы ў дадатковы час «Асасуну» зь лікам 2:1. Пераможны гол аказаўся на рахунку маладога нападніка бела-зялёных Дані. Такім чынам, клюб упершыню ў гісторыю атрымаў права выступаў у Лізе чэмпіёнаў, дзе перамогшы «Манака» паводле сумы абодвух матчаў зь лікам 3:2, дасягнуў групавога раўнду. Патрапіўшы ў групу G, і, не зважаючы хатнюю перамогу над «Чэлсі» зь лікам 1:0, клюб у выніку фінішаваў трэцім і таму быў пераведзены да ўдзелу ў Кубку УЭФА ў тым жа сэзоне. Аднак, тамака ў 1/8 фіналу паводле двух матчаў «Бэтыс» саступіў румынскаму «Сьцяўа» зь лікам 0:3.
У 2007 годзе клюб адзначаў сваё 100-годзьдзе. Сярод іншых мерапрыемстаў быў зарганізаваны таварыскі матч супраць тагачаснага пераможцы Лігі чэмпіёнаў «Міляну», які прайшоў у жніўні. «Бэтыс» апыўнуўся мацнейшым, перамогшы італьяскі клюбам зь лікам 1:0, дзякуючы рэалізаванаму Маркам Гансалесам пэнальці. Празь сем дзён «Бэтыс» атрымаў перамогу ў турніры Рамон Каранса, зарганізаванаму клюбам «Кадыс». Сэвільцы перамаглі «Сарагосу» ў фінале толькі ў сэрыі пэнальці[8]. У гэты пэрыяд клюб чакалі значныя зьмены, то бок за кароткі час з клюбу сышлі 14 гульцоў, якіх замянілі 8 футбалістаў. Акрамя таго, за два сэзоны «Бэтыс» ачольвалі чатыры трэнэры. За гэты час клюб апынуўся на 37-м радку сярод самых наведвальных клюбаў Эўропы.
Пасьля некалькіх гадоў, калі «Бэтыс» быў блізкі да вылету з эліты, клюб скончыў сэзон 2008—2009 гадоў на 18-м месцы й быў вымушаны апусьціцца ў Сэгунду. 15 чэрвеня 2009 году больш за 65 тысяч заўзятараў, уключаючы такіх вядомых людзей, як то Рафаэль Гардыльлё, Іполіта Рынкон і Хуліё Кардэньёса, выйшлі на марш пратэсту ў Сэвільлі з патрабаваньнем да Руіса дэ Лёпэра, уладальніка блякуючага пакету акцыяў клюба, аб продажы ягонай долі ў клюбе й ягонага выдаленьня ад справаў клюбу. Не зважаючы на пратэсты, кіраўніцтва «Бэтыса» не зьмянілася, але ў канчатковым выніку «Бэтыыс» ня здолеў вярнуцца ў Ля Лігу[9].
У 2010 годзе сэвільскі суд распачаў расьсьледаваньне справаў Руіса дэ Лёпэра і ягоных актываў, фармальна абвінаваціўшы яго ў махлярстве. 7 ліпеня 2010 году за тыдзень да пачатку папярэдняй судовай справы Лёпэра прадаў 94% сваіх акцыяў кампаніі Bitton Sport, якая належыла бізнэсоўцу Люісу Олівэру, за даволі нізкі кошт, усяго за 16 млн эўра. Фармальна ў Лёпэра засталася толькі невялікая частка акцыяў, а Олівэр ужо быў вядомы як кіраўнік клюбам «Картахэна» й «Хэрэс», якіх ён прывёў амаль да банкруцтва[10]. Аднак, да таго як угода была складзена, суд замарозіў пакет акцыяў Лёпэра. Застаўшыся ні з чым, Олівэр пасьпешліва купіў намінальную колькасьць акцыяў у трэціх асобаў і на чарговай радзе быў абраны да ліку дырэктароў клюбу. У адказ на гэта, судзьдзя прызначыў былога гульца «Бэтыса» Рафаэля Гардыльлё ў якасьці адміністрацыйнага кiраўнiка акцыяў, што належылі Лёпэру[11].
Сэзон 2011—2012 гадоў сэвільцы пачалі ў Ля Лізе, у першым некалькіх турах атрымаўшы чатыры перамогі. Асноўную ролю ў нападзе ўзяў на сябе Рубэн Кастра, які й стаўся лепшым бамбрадзірам каманды ў сэзоне. У сэзоне 2012—2013 гадоў «Бэтыс» фінішаваў на 7-м радку й кваліфікаваўся ў розыгрыш Лігі Эўропы. Эўрапейская кампанія атрымалася даволі пасьпяховай, «Бэтыс» зьбіў чэскі «Ябланец» у кваліфікацыі й вышаў з групы I з другога месца, прапусьціўшы наперад толькі францускі «Ліён». У 1/16 фіналу паводле сумы бвух матчаў гішпанскі клюб быў мецьней за расейскі «Рубін», але саступіў у наступным раўндзе сваім адвечным супернікам клюбу «Сэвільлі» толькі ў сэрыі пэнальці. Аднак, у айчынным чэмпіянаце справы склаліся дрэнна й клюб зноўку быў паніжаны ў клясе. Тым ня менш, расстаньне зь Ля Лігай апынулася нядоўгім і клюб ужо ў наступным сэзоне вярнуўся ў найвышэйшы дывізіён.
Сэвільскае дэрбі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]«Бэтыс» мае даўняе суперніцтва са сваімі суседзямі з «Сэвільлі». Усяго ў гісторыі было зафіксавана 114 афіцыйных сустрэчы паміж гэтымі камандамі й у 45% матчаў перамгоў атрымлівалі гульцы «Сэвільлі», у той час, як футбалісты «Бэтысу» маюць на сваім рахунку 31% сустрэч.
Дасягненьні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Чэмпіён Гішпаніі:
- 1935
- Уладальнікі Кубка Гішпаніі:
- 1977, 2005
Склад
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Актуальны на 12 верасьня 2024 году
|
|
Рэкорды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Найбуйнейшая хатняя перамога: «Бэтыс» 7:0 «Сарагоса» (1958—1959)
- Найбуйнейшая перамога ў гасьцёх: «Кадыс» 0:5 «Бэтыс» (1977—1978)
- Найбуйнейшая хатняя параза: «Бэтыс» 0:5 «Рэал Мадрыд» (1960—1961), «Бэтыс» 0:5 «Асасуна» (2006—2007)
- Найбуйнейшая параза ў гасьцёх: «Атлетык Більбао» 9:1 «Бэтыс» (1932—1933)
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ «New features for Benito Villamarín Stadium». Real Betis.
- ^ https://www.transfermarkt.com/-/mitarbeiterhistorie/verein/150
- ^ «Real Betis, 100 years of passion». FIFA.com.
- ^ «Spain - Cup 1931». RSSSF.
- ^ «Spain, Final Tables 1928-1939». RSSSF.
- ^ а б «La Liga 1934-35». When Saturday Comes.
- ^ «Historia del estadio Benito Villamarín: por qué se llama así». Diario AS.
- ^ «Todos los partidos de la pretemporada 2007–08». Real Betis.
- ^ «Lopera sigue mudo y ultras lo amenazan: 'Vende o muere'». El Mundo.
- ^ «Oliver: 'Ni los nazis hacían lo que hace esta loca'». Marca.
- ^ «La venta se cierra en 16 millones a pagar en 5 años». El Desmarque.