Перайсьці да зьместу

Алена Маскоўская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Алена Іванаўна»)
Алена Маскоўская
Алена Іванаўна
Алена Іванаўна з мужам Аляксандрам, 1519
Вялікая княгіня літоўская
1495 — 1506
Папярэднік Альжбэта Габсбург
Наступнік Барбара Заполья
Каралева польская
1501 — 1506
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 19 траўня 1476, Масква
Памерла 20 студзеня 1513 (36 гадоў), Вільня
Пахаваная Прачысьценская царква (Вільня)
Дынастыя
Муж Аляксандар Ягелончык
Бацька Іван III Васільевіч
Маці Соф’я Палеалёг

Але́на Маско́ўская ці Алена Іва́наўна (па-расейску: Елена Ивановна; 19 траўня 1476, Масква, Маскоўскае княства20 студзеня 1513, Вільня, Вялікае Княства Літоўскае) — дачка вялікага князя маскоўскага Івана III і бізантыйскае прынцэсы Соф’і Палеалёг. З 1495 году жонка вялікага князя літоўскага Аляксандра, з 1501 году некаранаваная каралева польская.

Алена была старэйшым зь дзяцей Івана III і ягонай другой жонкі Соф’і Палеалёг, пляменьніцы апошняга бізантыйскага імпэратара Канстанціна XI[1]. Мела малодшага брата — маскоўскага князя Васіля III.

Калі Алене споўнілася 8 гадоў, абмяркоўваўся ейны шлюб з адным з сыноў польскага караля Казімера IV[2]. У той час Польшча шукала хаўрусьнікаў у барацьбе з туркамі. У 1489 ужо сьвяты рымскі імпэратар Фрыдрых III, які шукаў падтрымкі Масковіі ў вайне з Вугоршчынай, прапанаваў выдаць Алену і ейную малодшую сястру Феадосію за габсбурскіх герцагаў, аднак Іван III пажадаў аддаць дачку замуж хіба за імпэратаравага сына Максыміліяна[3]. Аднак у 1490 пагадненьне паміж Сьвятой Рымскай імпэрыяй і Масковіяй было падпісанае і без шлюбнай дамовы.

Па сканчэньні літоўска-маскоўскай вайны 1492—1494 у знак згоды паміж абедзьвюмя дзяржавамі Алена была заручаная зь вялікім князем літоўскім Аляксандрам. Зь літоўскага боку шлюб меў змацаваць неабходны мір зь Іванам III[4], маскоўскі ж бок разьлічваў гэтым крокам пазьбегнуць зьнішчэньня самастойнае праваслаўнае царквы ў ВКЛ[4]. Аляксандар абавязваўся не прымушаць Алену да пераходу ў каталіцтва і захаваць за ёй веру бацькоў — «грэцкі закон»[5]. Дзякуючы гэтаму Алена здолела стаць апякункай праваслаўных у ВКЛ.

Вялікі князь літоўскі Аляксандар сустракае сваю суджаную Алену, дачку Івана III, у Вільні ў 1495 р. Малюнак Мікалая Дзьмітрыева-Арэнбурскага

У студзені 1495 княгіня са сьвітай выехала з Масквы, яе суправаджаў агромністы поезд з пасагам (у тым ліку «20 саракоў сабалёў ды 20 000 вавёрак, ды 2000 гарнастаяў», тканіны — «шаўковыя транты», «аксаміты венедыцкія», «аксаміты бурскія», камку, тафту, «розныя шаўкі», каштоўнасьці, сярод якіх «зачэп золата», «запанка золата з яханты і з лальскі зерні наўгародзкімі»).

Алена была разумнай, тактоўнай і самастойнай жанчынай, якая мела пры двары пашану. Ёй належалі шматлікія маёнткі і гаспадаркі, а на ўласныя сродкі яна аказвала дзейсную падтрымку праваслаўным, ахвяруючы значныя сумы на цэрквы і манастыры[6].

Па сьмерці ў 1501 року караля польскага Яна I Ольбрахта, брата Аляксандра Ягелончыка, стала польскай каралеваю. Аднак адмовілася пераходзіць у каталіцтва і так і не была каранаваная.

Росьпіс пасагу ад 15 студзеня 1495, які захоўваецца ў Расейскім дзяржаўным архіве старадаўніх актаў[7]

Паколькі ў ВКЛ прадпрымаліся спробы зрэалізаваць унію паміж каталікамі і праваслаўнымі, каталіцкі клір хацеў заручыцца падтрымкі ў гэтым Алены, што павысіла б прэстыж уніі ў вачоз насельніцтва. Аднак Алена адхіляла спробы пераканаць яе адысьці ад праваслаўя, спасылаючыся на тое, што ня можа зрабіць гэтага бяз згоды бацькі[8]. Асабліва моцны ціск аказваў папа Аляксандар VI, які патрабаваў ад вялікага князя літоўскага, каб той у выпадку адмовы жонкі адрынуў яе[9] і нават перадаў царкоўнаму суду[10]. Аляксандар гэтыя патрабаваньні ня выканаў[10].

На думку расейскага гісторыка Якава Лур’е, ціск на Алену Іванаўну, а таксама пераход праваслаўных фэўдалаў на маскоўскую службу сталі нагодай да пачатку вайны 1500—1503 рокаў. Пераход праваслаўных князёў быў абумоўлены іхнім нізкім юрыдычным статусам у Літоўскай дзяржаве.

Пасьля таго, як вайна прыняла неспрыяльны для ВКЛ паварот, а рэалізацыя уніі пацярпела канчатковую няўдачу, становішча Алены Іванаўны часова палепшылася, паколькі цяпер паўстала неабходнасьць у ейным пасярэдніцтве дзеля заключэньня замірэньня[10]. У лістах да бацькі Алена пасадзейнічала справе міру, хоць і не хавала пагардлівага да сябе стаўленьня з боку каталіцкага сьвятарства (яе адмовіліся каранаваць на польскі сталец у 1501 року) і выказвала занепакоенасьць, што па сьмерці сужэнца над ёй будзе ўчынены гвалт[10].

Апошнія гады жыцьця

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шлюб Алены і Аляксандра быў бязьдзетны. Па скону вялікага князя ў 1506 року ейны брат, вялікі князь маскоўскі Васіль III, паспрабаваў з дапамогаю Алены заняць літоўскі сталец, разьлічваючы такім чынам без вайны аб’яднаць рускія землі[4]. Аднак каралём стаў Жыгімонт I, што адмоўна адбілася на лёсе княскае ўдавы. У наноў выбухлай маскоўска-літоўскай войне Жыгімонт напачатку спрабаваў скарыстацца ейным уплывам на Васіля, каб нэўтралізаваць мяцежнага Глінскага, але пасьля таго, як Васіль даў апошняму прытулак, новы манарх цалкам ахаладзеў да Алены[10].

Каля 1511 35-гадовая Алена вырашыла вярнуцца ў Маскву. У Вільні аўдавелая княгіня адчувала сябе самотна, у той час як у Маскве пражывала ейная радзіна. Дзеля ад’езду Алене было неабходна атрымаць згоду Жыгімонта, што было немажліва праз благія стасункі з Масквой, а таксама праз праблему, зьвязаную з вывазам маёмасьці. Вырашыўшы зьехаць без дазволу, княгіня намервалася наведаць свае маёнткі побач з маскоўскай граніцай, адкуль яе меў забраць высланы Васілём аддзел. У 1511 плян быў абгавораны з маскоўскім пасольствам — месцам сустрэчы быў абраны Браслаў, куды ў прызначаны час прыехаў аддзел на чале з князямі Пятром Адаеўскім і Сямёнам Курбскім. Аднак ад нейкага здрадніка пляны Алены сталі вядомыя старосьце віленскаму, які забараніў Яну Камароўскаму, гвардыяну францішканаў, выдаваць Алене рэчы, перададзеныя ёй у Ордэн на захоўваньне. Камароўскі, давераная асоба Алены, зьвярнуўся па раду да ваяводы Мікалаю Радзівіла, аднак той таксама выступіў супраць вяртаньня рэчаў.

Кароль Жыгімонт, атрымаўшы ад Алены скаргу, сьпярша зьняў забарону[8], аднак неўзабаве загадаў арыштаваць княгіню. Цераз Трокі каралеўскія ваяводы даставілі Алену ў Бірштаны. Казна ў ейных местах і воласьцях была канфіскаваная. Усё гэта стала адной з прычынаў пачатку чарговай літоўска-маскоўскай вайны 1512—1522 рокаў[4].

У 1513 37-гадовая Алена сканала. Паводле вэрсіі храніста Яна Камароўскага, яна была атручаная ключнікам на загад ахвочага да ейнага багацьця Мікалая Радзівіла, хоць ніякімі іншымі крыніцамі гэтая вэрсія не пацьвярджаецца[8]. У далейшым скарб Алены перайшоў да каралевы Барбары Запольскай. Жыгімонт адрэагаваў на зьвестку пра сьмерці Алены прыхільна, заўважыўшы ў лісьце да кракаўскага біскапа, што ейны скон пазбавіў дзяржаву ад мноства клопатаў[8].

Алена была пахаваная ў віленскім Прачысьценскім саборы[11].

  1. ^ Stone (2001), p. 33
  2. ^ Duczmal (2012), pp. 126–127
  3. ^ Duczmal (2012), p. 127
  4. ^ а б в г Семенкова Т. Г., Карамова О. В. Русские великие княгини, царевны и царицы — М., 2005
  5. ^ Лурье Я. С. Елена Ивановна, великая княгиня Литовская // Пушкинский дом.
  6. ^ Елена Иоанновна // Биографический словарь, 2000.
  7. ^ Каталог выставки «Великий князь и государь всея Руси Иван III», Музеи Московского Кремля, 2013
  8. ^ а б в г Рудзкі Э. Польскія каралевы / Част. пер. з польск. // Спадчына. — 1993. — № 6.
  9. ^ Биография Елены Иоанновны на Rulex.Ru
  10. ^ а б в г д Флоря, Б.Н. Великая княгиня Елена Иоанновна «Православная энциклопедия». Москва, 2008 г.
  11. ^ Батюшков П.Н. Белоруссия и Литва: исторические судьбы Северо-Западного края. Типография тов-ва «Общественная польза», 1890.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Алена Маскоўскаясховішча мультымэдыйных матэрыялаў