Іказьнь (вёска)
Іказьнь лац. Ikaźń | |
Панарама: налева возера Іказьнь, направа вежы касьцёла Божага Цела | |
Першыя згадкі: | 1499 |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Віцебская |
Раён: | Браслаўскі |
Сельсавет: | Цяцеркаўскі |
Вышыня: | 167 м н. у. м. |
Насельніцтва: | 295 чал. (2010) |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2153 |
Паштовы індэкс: | 211971 |
СААТА: | 2208892096 |
Нумарны знак: | 2 |
Геаграфічныя каардынаты: | 55°37′18″ пн. ш. 27°15′31″ у. д. / 55.62167° пн. ш. 27.25861° у. д.Каардынаты: 55°37′18″ пн. ш. 27°15′31″ у. д. / 55.62167° пн. ш. 27.25861° у. д. |
± Іказьнь | |
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Іка́зьнь[1] — вёска ў Беларусі, на беразе возера Іказьні. Уваходзіць у склад Цяцеркаўскага сельсавету Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 295 чалавек. Знаходзіцца за 15 км на ўсход ад Браслава, за 31 км ад чыгуначнай станцыі Мёры, на аўтамабільнай дарозе Браслаў — Мёры.
Іказьнь — даўняе мястэчка гістарычнай Браслаўшчыны (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Варыянты напісаньня назвы паселішча ў гістарычных крыніцах: Икажно, Кажня, Ыкажна, Иказно[2].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Іказьнь датуецца 1499 годам, калі навакольныя землі набыў сакратар вялікай княгіні Алены Іван Сапега. 25 сакавіка 1504 году вялікі князь Аляксандар дазволіў яму заснаваць у маёнтку замак, мястэчка і назваць апошняе «паводле свайго меркаваньня».
У пачатку XVI стагодзьдзя ў Іказьні збудавалі царкву, якую неўзабаве пераабсталявалі пад кальвінскі збор. У 1515 годзе мястэчка спалілі маскоўскія захопнікі, аднак Іказьненскі замак вытрымаў аблогу. У Інфлянцкую вайну ў 1561 годзе яны зноў спрабавалі здабыць замак. Польскі гісторык А. Гваньіні ў «Хроніцы Эўрапейскай Сарматыі» (2-я палова XVI стагодзьдзя) адзначаў, што «Іказьнь — замак мураваны і места драўлянае… ад Браслава за 2 мілі ляжыць».
6 чэрвеня 1593 году ўладальнік Іказьні Леў Сапега фундаваў тут касьцёл Цела і Крыві Хрыста, пры якім адкрыліся школа і шпіталь. У 1627 годзе Ян Сапега ўнёс фундуш на царкву. На 1628 год у мястэчку было 5 дамоў пры Рынку і 80 вулічных; сярод насельнікаў 5 шаўцоў, 4 млынары, купец, кравец, рэзьнік.
У час вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай ў 1654 годзе Іказьненскі замак занялі маскоўскія, а ў 1655 годзе — швэдзкія войскі. Паводле падымнага рэестру 1690 году, у іказьненскіх уладаньнях ваяводы віленскага К. Я. Сапегі налічвалася 240 дымоў. У Вялікую Паўночную вайну Іказьнь моцна пацярпела ад ваенных дзеяньняў паміж прыхільнікамі Станіслава Ляшчынскага і Аўгуста Моцнага (страты ацэньваліся ў 50 тыс. флярынаў). На 1781 год у парафіяльнай школе было 14 вучняў, на 1782 год — 12.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Іказьнь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дзісенскім павеце Менскай, пазьней Віленскай губэрні. У 1800 годзе Іказьнь перайшла ў валоданьне старосты браслаўскага I. Бужынскага. У гэты час тут было 50 двароў, касьцёл, царква, плябаніі каталіцкая і вуніяцкая, карчма, млын, папскі двор.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Іказьнь занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Іказьнь абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў склад Беларускай ССР[3]. У 1919 годзе Іказьнь была адным з цэнтраў сялянскага паўстаньня на Дзісенскім павеце супраць бальшавіцкай улады («мяцеж зялёных»). Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Перабродзкай гміне Браслаўскага павету. На 1931 год у Іказьні было 96 двароў, пачатковая школа, млын, дзеяў гурток Беларускага Інстытуту гаспадаркі і культуры.
У 1939 годзе Іказьнь увайшла ў БССР, дзе ў 1940 годзе стала цэнтрам сельсавету Браслаўскага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1971 год у Іказьні было 88 двароў[4], на 1994 год — 128[2], на 1997 год — 134. У 2000-я гады вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVII стагодзьдзе: 1628 год — каля 600 чал.
- XVIII стагодзьдзе: 1800 год — 163 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1879 год — 541 чал. (270 муж. і 271 жан.)[5]
- XX стагодзьдзе: 1931 год — 480 чал.; 1971 год — 268 чал.; 1994 год — 328 чал.; 1997 год — 325 чал.[6]; 1999 год — 329 чал.
- XXI стагодзьдзе: 2005 год — 305 чал.[7]; 2010 год — 295 чал.
Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Іказьні працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бібліятэка, дом культуры.
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Замчышча (пачатак XVI стагодзьдзя; руіны замка Яна Сапегі)
- Касьцёл Божага Цела (1912)
- Царква Сьвятога Мікалая (1905; мураўёўка)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Касьцёл Божага Цела (1593)
- Царква Сьвятога Мікалая (1500)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Касьцёл, інтэр'ер
-
Возера з боку вёскі
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Флор Манцэвіч (1890—1941) — беларускі пэдагог і грамадзкі дзяяч
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf) С. 128.
- ^ а б Шыдлоўскі К. Іказнь // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 478.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Шыдлоўскі К. Іказнь // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 479.
- ^ Wejssenhof J., Łopaciński A. Ikaźń // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 255.
- ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 7. С. 190.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — ISBN 985-11-0130-3
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|