Дрысьвяты (вёска)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Дрысьвяты
Касьцёл
Касьцёл
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Віцебская
Раён: Браслаўскі
Сельсавет: Відзаўскі
Насельніцтва: 280 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2153
Паштовы індэкс: 211984
Нумарны знак: 2
Геаграфічныя каардынаты: 55°35′19.6″ пн. ш. 26°40′8.4″ у. д. / 55.588778° пн. ш. 26.669° у. д. / 55.588778; 26.669Каардынаты: 55°35′19.6″ пн. ш. 26°40′8.4″ у. д. / 55.588778° пн. ш. 26.669° у. д. / 55.588778; 26.669
Дрысьвяты на мапе Беларусі ±
Дрысьвяты
Дрысьвяты
Дрысьвяты
Дрысьвяты
Дрысьвяты
Дрысьвяты
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Дрысьвя́ты[1] — вёска ў Беларусі, на паўднёва-заходнім беразе аднайменнага возера. Уваходзяць у склад Відзаўскага сельсавету Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 280 чалавек. Знаходзяцца за 35 км на паўднёвы захад ад Браслава; на аўтамабільнай дарозе Відзы — Дзьвінск.

Дрысьвяты — даўняе мястэчка гістарычнай Браслаўшчыны (частка Віленшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тапонім «Дрысьвяты» ўтварыўся ад назвы возера. Існуе некалькі вэрсіяў паходжаньня гідроніму. Чаргаваньне гукаў «д» і «р» некаторыя дасьледнікі зьвязваюць зь фіна-вугорскай асновай і перакладаюць як «возера», «вада». Магчыма, назва ўтварылася шляхам трансфармацыі летувіскіх словаў «driektis» — выцягнутае, расьцягнутае[2], ці «drutas» — вялікі, шырокі. Тым часам летувіскі мовазнаўца К. Буга не адкідаў меркаваньня, што гідронім пайшоў ад славянскага «дрыва» — крывавы. У XIX ст. на хвалі маскалізатарскай палітыкі ўзьнікла вэрсія, паводле якой назва возера і вёскі ўтварылася ад словаў «тры сьвятыя». Зьявілася нават паданьне, што вялікая княгіня Алена збудавала на высьпе царкву ў імя трох сьвятых: Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Златавуста. Цікава, што ў некаторых публікацыях таго часу назву пачалі пісаць у форме «Трысьвяты».

Варыянты напісаньня назвы паселішча ў гістарычных крыніцах: Дрысвет, Дрысват, Дрысвата, Ісдрысвата, Дрысвяты.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньняе Сярэднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле археалягічных зьвестак, паселішча ўзьнікла на цяперашняй высьпе Замак (плошча 0,26 км²), дзе захаваліся гарадзішча днепра-дзьвінскай культуры, селішча і культурны пласт сярэднявечнага гораду.

У XI—XIII стагодзьдзях Дрысьвяты, відаць, былі ўмацаваным пунктам на паўночна-заходняй мяжы Полацкай зямлі. Матэрыялы раскопак сьведчаць пра даволі высокі ўзровень рамеснай вытворчасьці і гандлёвых зьвязкаў.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян выспы Замак, 1622

Упершыню Дрысьвяты ўпамінаюцца ў пачатку XV ст. (1402, 1413). Існуе меркаваньне, што ў тутэйшым двары вялікіх князёў спыняўся фляндзкі рыцар-авантурыст, падарожнік Жыльбэр дэ Ляноі. У 1517 праз Дрысьвяты з пасольствам у Маскву праязджаў вядомы дыплямат і падарожнік С. Гербэрштайн. 3 XVI ст. Дрысьвяты ўпамінаюцца як «место». У фундацыйным акце Жыгімонта Старога ад 6 лютага 1514 загадвалася: «воеводе... Виленскому пану Миколаю Радивилу державцы Дрысьвяцкому, абы збудовал церков Матки Божое набожества светого рымского костёла в месте... Дрысвяцком». 3 тутэйшага касьцёла паходзіць вядомы абраз «Пакланеньне вешчуноў» (пач. XVI ст.).

Пакланеньне Вешчуноў, 1514

У XV—XVI стагодзьдзях Дрысьвяцкі замак меў даволі важнае вайсковае значэньне і часта цярпеў ад ваенных дзяньняў. Мястэчка і ваколіцы мелі статус асобнай тэрытарыяльнай адзінкі — замкавай воласьці, якая беспасярэдне падпарадкоўвалася ваяводу віленскаму. На поўнач і ўсход ад Дрысьвятаў разьмяшчаліся гаспадаркі баяраў, якія атрылалі зямельныя надзелы яшчэ за вялікім князем Вітаўтам. Многія з баярскіх гаспадарак далі пачатак сучасным вёскам у навакольлі мястэчка (Станкавічы, Пашавічы, Бейнары, Анісімавічы і інш.).

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Дрысьвяты ўвайшлі ў склад Браслаўскага павету Віленскага ваяводзтва. Паводле дакумэнтаў XVII—XVIII стагодзьдзяў мястэчка ўпамінаецца як цэнтар ключу Віленскай эканоміі. У 1622 Дрысьвяты, што тады разьмяшчаліся на высьпе, згарэлі і аднавіліся ўжо на беразе. Але пэўна час дамы будаваліся і на высьпе. У 1682 дзяржаўца дрысьвяцкі гетман вялікі літоўскі К. Я. Сапега загадаў перанесьці ўсе будынкі мяшчанаў на высьпе «да пляцаў сваіх» у мястэчку. Інвэнтар 1722 яшчэ ўпамінае на высьпе «двор стары і збудаваньняў гаспадарчых 18 з садам нямалым, астраколам абнесены». Прыводзіцца апісаньне рэшткаў замка. У мястэчку значыцца Рынак, забудаваны з трох бакоў, вуліцы Крывая, Залужжа, вуліцы ад плябаніі і ад Рынку да моста. У мястэчку было 52 будынкі, 25 корчмаў (11 піўных і 14 гарэлачных), касьцёл, плябанія, царква. Дрысьвятам належала 40 валок зямлі, 42 агародныя пляцы. Жыхары пераважна займаліся сельскай гаспадаркай, рыбальствам, гандлем. Працавалі толькі 3 рамесьнікі — кравец, мясьнік і півавар. На 1762 колькасьць дымоў зьменшылася да 39.

Да канца XVIII ст. Дрысьвяты былі дзяржаўным уладаньнем і аддаваліся ў часовае карыстаньне ваяводам віленскім. Дзяржаўцамі гэтых уладаньняў былі пераважна прадстаўнікі роду Радзівілаў. Сярод іх крыніцы згадваюць Мікалая, Крыштапа Мікалая «Пнруна» (1547—1603), Караля Станіслава (1734—1790). Адміністрацыйна-судовае кіраваньне ў Дрысьвятах ад імя дзяржаўцы ажыцьцяўляў намесьнік. У 1780 Дрысьвяцкі ключ перайшоў у прыватную ўласнасьць Радзівілаў (у якасьці кампэнсацыі за 2 млн злотых, якія дзяржаўны скарб быў вінен магнатам). Ад Радзівілаў Дрысьвяты ў 1790 набыў дзяржаўны дзяяч, кампазытар М. К. Агінскі. У 1794 ён прадаў маёнтак і таго ж року ўнёс у фундацыю паўстаньня Т. Касьцюшкі 118 тыс. злотых. У жніўні 1794 паўстанцкі аддзел пад камандаю М. К. Агінскага дзейнічаў непадалёк ад Дрысьвятаў. Пры здушэньні паўстаньня расейскія войскі разрабавалі і спалілі мястэчка. Паводле люстрацыі 1794, тут было 45 дымоў. У канцы XVIII ст. існавала парафіяльная школа (1781 — 15 вучняў, 1782 — 19).

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Замак з званіцы касьцёла, 1908

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Дрысьвяты апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе сталі цэнтрам воласьці Браслаўскага павету Віленскай губэрні, з 1843 Новааляксандраўскага павету Ковенскай губэрні. Дрысьвяцкі ключ распаўся на шэраг дробных маёнткаў. Самім мястэчка валодалі Лапацінскія.

За ўдзел у нацыянальна-вызвольным паўстаньні (1863—1864) расейскія ўлады канфіскавалі мястэчка ў Лапацінскіх, а саміх уладальнікаў выслалі ў Тамбоўскую губэрню. 3 1865 уладальнікам Дрысьвятаў стаў рыскі губэрнатар А. Эцінген, у пачатку XX ст. маёнткам валодалі бароны Гільдэнбанды. У Першую сусьветную вайну ў верасьні 1915 Дрысьвяты занялі нямецкія войскі. З восені 1915 да лютага 1918 мястэчка знаходзілася на расейскім баку ў прыфрантавой зоне.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 згодна з Трэцяй Устаўной граматай Дрысьвяты абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 у адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[3]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) Дрысьвяты апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Браслаўскага павету Віленскага ваяводзтва. На 1931 у мястэчку было 74 будынкі.

У 1939 Дрысьвяты ўвайшлі ў БССР, дзе ў 1940 сталі цэнтрам сельсавету Відзаўскага раёну (з 1960 у Браслаўскім раёне). Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну зь ліпеня 1941 да 10 ліпеня 1944 Дрысьвяты знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. У 1952—1953 з ініцыятывы суседніх гаспадарак Беларусі, Летувы і Латвіі ў вёсцы збудавалі ГЭС «Дружба народаў». Урачысты пуск станцыі адбыўся 19 ліпеня 1953.

На 1971 у Дрысьвятах было 99 двароў, на 1995 — 142. У 2000-я вёска атрымала афіцыйны статус аграгарадку.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XVIII стагодзьдзе: 1722 — 350—400 чал.
  • XIX стагодзьдзе: 1881 — 205 чал.[4]
  • XX стагодзьдзе: 1931 — 375 чал.; 1995 — 376 чал.[5]; 1999 — 371 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2010 — 280 чал.

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Дрысьвятах працуюць сярэдняя школа, фэльчарска-акушэрскі пункт, клюб, бібліятэка, пошта.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

ГЭС Дружбы народаў

Дрысьвяцкая ГЭС не эксплюатуецца і захоўваецца ў закансэрваваным стане.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выдатныя мясьціны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Замчышча (XI—XVIII стагодзьдзі)
  • Гаспадарчы двор Лапацінскіх (XIX ст.)
  • Касьцёл Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла (1929)
  • Царква Сьвятых апосталаў Пятра і Паўла (1908)

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Віцебская вобласць: нарматыўны даведнік / У. М. Генкін, І. Л. Капылоў, В. П. Лемцюгова; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2009. — 668 с. ISBN 978-985-458-192-7. (pdf)
  2. ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 109.
  3. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  4. ^ Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom II: Derenek — Gżack. — Warszawa, 1881. S. 180.
  5. ^ Шыдлоўскі К., Семянчук Г.. Дрысвяты // ЭГБ. Т. 3. — Менск, 1996. С. 302.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Дрысьвяты (вёска)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў