Дрывяты

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Возера
Дрывяты
Панарама Дрывятаў
Возера Дрывяты
Краіна Беларусь
Плошча 36,1 км²
Плошча вадазбору 459 км²
Максымальная глыбіня 12 м
Сярэдняя глыбіня 6,1 м
Найбольшая даўжыня 9,86 км
Найбольшая шырыня 4,5 км
Даўжыня берагавой лініі 37,6 км
Вышыня над узроўнем мора 129 м
Аб’ём вады 223,5 млн м³
Каардынаты 55°37′0.66″ пн. ш. 27°1′13.91″ у. д. / 55.61685° пн. ш. 27.0205306° у. д. / 55.61685; 27.0205306Каардынаты: 55°37′0.66″ пн. ш. 27°1′13.91″ у. д. / 55.61685° пн. ш. 27.0205306° у. д. / 55.61685; 27.0205306
Дрывяты на мапе Беларусі
Дрывяты
Дрывяты
Дрывяты
Commons-logo.svg Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Дрывя́ты — возера ў Беларусі, у басэйне ракі Друйкі. Знаходзіцца каля паўднёвай ускраіны Браслава. Належыць да групы Браслаўскіх азёр. Плошча паверхні возера складае 36,1 км². Даўжыня 9,86 км, найбольшая шырыня 4,5 км. Найбольшая глыбіня дасягае 12 м, сярэдняя складае 6,1 м. Даўжыня берагавой лініі 37,6 км[1].

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Належыць да ліку неглыбокіх, але вялікіх па плошчы азёраў. Аб’ём вады ў возеры складае 223,5 млн м³, плошча вадазбору — 459 км². 20% плошчы вадазбору пад лесам і хмызьняком, 10% пад балотамі. На вадазборы знаходзіцца 37 азёраў, агульнай плошчай 30 км², злучаных паміж сабой рэкамі і ручаінамі.

Мае авальную катлавіну, выцягнутую з усходу на захад амаль на 10 км. Сярэдняя шырыня катлавіны складае 3,67 км. Усходняя частка вылучаецца значнай зрэзанасьцю. Ва ўсходняй частцы разьмяшчаюцца мелкаводныя лукі — Разета і Дукельская.

Катлавіна асымэтрычная. На поўначы схілы катлавіны вышынёй 30—37 мэтраў, круцізной каля 20—25°, маюць выгляд пясковых узгоркаў — камаў, пакрытых марэннымі суглінкамі, месцамі разараныя, На поўдні схілы нізкія, да 5 мэтраў вышынёй і месцамі забалочаныя. Схілы знаходзяцца пераважна пад лесам. На поўдні і паўднёвым усходзе знаходзяцца тры вялікія затокі. У паўночна-ўсходняй частцы возера пачатк бярэ рака Друйка.

Берагі на ўсёй сваёй даўжыні нізкія, у шматлікіх месцах забалочаныя. Забалочанасьць берагоў узьнікла ў першую чаргу праз штучнае паніжэньне ўзроўню вады ў возеры.

Мелкаводная зона спадзістая і дастаткова шырокая, складае 150—300 мэтраў. Глыбакаводная зона — узгорыстая: упадзіны глыбінёй 10—12 мэтраў чаргуюцца з падняцьцямі. Да глыбіні 3,5—5 мэтраў дно высланае пяскамі, глыбей — глеем і сапрапэлем. Агульная магутнасьць адкладаньняў дасягае 11 мэтраў. Найбольшую плошчу займаюць 6—8-мэтровыя глыбіні.

Выспы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Возера Дрывяты

На возеры знаходзяцца 6 выспаў агульнай плошчай 0,92 км².

На ўзровень вады ў возеры ў значнай ступені падзейнічалі паглыбленае рэчышча, а таксама будаваньне плаціны на Друйцы: у 1926 годзе ўзровень возера складаў 132 мэтры з агульнай плошчай возера 38,2 км². У той час на возеры былі 3 выспы. У 1958 годзе ўзровень вады ў возеры знаходзіўся на вышыні ў 129 мэтраў, плошча возера складала 32,6 км² і на возеры было ўжо 11 выспаў[2].

Вада[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вада ў возеры чыстая. Празрыстасьць вады сягае 3 мэтраў улетку і 4,5 мэтраў узімку. Каляровасьць вады пры гэтым не перавышае 25—30°. Дрывяты адносяцца да ліку сярэднемінэралізаваных вадаёмаў. Сярэдняя мінэралізацыя вады ў возеры складае 200 мг/л.

Возера мае значную плошчу люстра і аб’ём вады, таму яно адносіцца да ліку слабапрацёкавых. Узровень вады ў возеры, як і ва ўсіх Браслаўскіх азёрах, штучна зарэгуляваны плацінай Браслаўскай ГЭС, якая знаходзіцца на рацэ Друйцы каля вёскі Чэрнева.

Да глыбіні ў 7 мэтраў сярэднемесячная тэмпэратура вады ў чэрвені складае 17,2 °C, у ліпені — 18,8 °C, у жніўні — 17,8 °C. Узімку тэмпэратура вады ў паверхневых пластох складае 0,1—0,2 °C, у прыдонных пластох — 3—3,8 °C. Замярзае возера напрыканцы лістападу ці ў пачатку сьнежня. Звычайна лёд на возеры трымаецца да канца сакавіка, але часам — да сярэдзіны красавіка—пачатку траўня.

Флёра і фаўна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лебедзь-шыпун на Дрывятах
Трысьце
Чарот
Судак

Шырыня паласы расьліннасьці ўздоўж берагоў складае ад 35 да 200 мэтраў. Тут растуць рэдкія для Беларусі віды расьлінаў: наяда гнуткая, наяда малая, гідрыла кальчаковая.

Водныя расьліны дасягаюць глыбіні 4 мэтраў. З надводных расьлінаў найбольш шырыцца трысьнёг. Ва ўсходніх і паўночна-ўсходніх затоках, а таксама ўздоўж паўднёвых берагоў трысьнёгава-чаротавая паласа сягае шырыні ў 50—100 мэтраў. Трысьце і чарот пакрываюць каля 4% плошчы паверхні возера. Агульная плошча зарастаньня складае 10—12%. У возеры адзначаныя 169 відаў ніжэйшых водарасьцяў, сярод якіх пераважаць сіне-зялёныя. Агульная біямаса складае 4,8 г/м³.

Агульная біямаса зааплянктону складае 1—3 г/м³.

У возеры водзяцца каля 20 відаў рыбаў: ляшчы, судакі, акуні, платва, ліны, сялява, мянтуз, верхаводка, карасі, язі, шчупакі і іншыя віды. Таксама часам сустракаюцца вугры. Браслаўская азёрна-таварная гаспадарка вядзе прамысловае вылоўліваньне рыбы.

На Дрывятах адзначаецца гнездаваньне ахоўнай птушкі — лебедзя-шыпуна.

Прытокі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У возера ўпадаюць рэчкі Усьвіца, якая злучае Дрывяты з возерам ІказьнюЗолвіца, Акунёўка, Рака, якая злучае возера Раку з Дрывятамі, а таксама 6 ручаёў.

Рэкрэацыя і антрапагенны фактар[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лета 2021 году на Дрывятах

Уваходзіць у зону адпачынку «Браслаў», на паўночным беразе разьмяшчаецца турыстычная база «Браслаўскія азёры», на паўднёва-ўсходнім — Ахрэмавецкі парк «Бяльмонт». На поўнач ад возера знаходзіцца санаторыя «Браслаў».

Возера выступае крыніцай вады для прамысловых і побытавых патрэбаў. Дзеля захаваньня возера, на Дрывятах забараняецца выкарыстаньне лодкавых матораў.

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Браславе на перашыйку паміж вёскай і возерам Навятамі знаходзіцца археялягічны помнік — гарадзішча. Каля паўднёва-ўсходняга берага, за 0,5 км на поўдзень ад вёскі Ахрэмаўцаў разьмяшчаецца курганны магільнік.

На возеры дзейнічае гідралягічны пост.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 2: Гатня ― Катынь / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. С. 216.
  2. ^ Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 2: Гатня ― Катынь / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. С. 217.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Блакітная кніга Беларусі: энцыкл. / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Менск: БелЭн, 1994. — 415 с. ISBN 5-85700-133-1.
  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 2: Гатня ― Катынь / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. — 520 с.
  • Якушко О. Ф. и др. Азёры Беларусі = Озёра Белоруссии. — Мн.: Ураджай, 1988. — 216 с.