Перайсьці да зьместу

Лацінка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Łacinka»)
Тэатральная шыльда Нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы, зробленая лацінкай (2011 г.)
Вокладка «Беларускай граматыкі для школ» Б. Тарашкевіча, выдадзенай лацінкай. Вільня, 1931 г.

Лаці́нка (Łacinka), таксама вядомая як Белару́ская лаці́нка (Biełaruskaja łacinka) — варыянт лацінскага альфабэту, прызначаны для запісу беларускай мовы[a]. Адзін з традыцыйных нацыянальных беларускіх альфабэтаў разам з кірылічным[1].

У сучаснай форме ўжываецца беларускімі пісьменьнікамі і творчымі дзеячамі, журналістамі ў мас-мэдыя, вытворцамі ў аздабленьні прадукцыі, карыстальнікамі ў інтэрнэце. Дзеля трансьлітарацыі геаграфічных назваў Беларусі да 2023 году афіцыйна выкарыстоўвалася Інструкцыя па трансьлітарацыі, створаная на аснове беларускага лацінскага альфабэту. Тым часам, паводле сусьветнай практыкі, пры наяўнасьці ў пэўнай мове традыцыйнага лацінскага альфабэту ўсе ўласныя назвы (ня толькі геаграфічныя), якія належаць гэтай мове, мусяць нязьменна перадавацца ў лацінапісьмовай прасторы іншых моваў. Асобныя сыстэмы трансьлітарацыі ствараюцца толькі для тых моваў, якія гістарычна ня маюць лацінскага альфабэту[2].

Беларуская лацінка мае паўтысячагадовую гісторыю, у час якой адбывалася разьвіцьцё і ўдасканаленьне альфабэту. Сучасны беларускі лацінскі альфабэт, які канчаткова склаўся ў 1930-я гады, выглядае наступным чынам:

Aa Bb Cc Ćć Čč Dd Dz dz Dź dź Dž dž
Ee Ff Gg Hh Ch ch Ii Jj Kk Ll
Łł Mm Nn Ńń Oo Pp Rr Ss Śś
Šš Tt Uu Ŭŭ Vv Yy Zz Źź Žž

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Першы пісьмовы ўпамін Літвы (лац. «Litua» — чытаецца як «Літва»), 1009 г.

Вялікая колькасьць беларускіх словаў і выразаў, запісаных лацінскімі літарамі, адзначаецца яшчэ ў граматах літоўскіх князёў і баяраў, складзеных у XIV—XV стагодзьдзях на лацінскай мове[3]. Прытым у многіх выпадках беларускія словы падаваліся з азначэньнем «народны» («гутарковы»). Напрыклад, князь Жыгімонт Кейстутавіч у сваёй лацінскай грамаце ад 1411 году згадваў гутарковую (vulgariter dicitur) меру «пуд воску» (pud vosku)[4], у 1434 годзе ў дароўнай грамаце, якой Андрэй Саковіч, дзедзіч Немянчына, надаваў Віленскай катэдры дзесяціну з свайго двара ў Сьвянцянах, згадваліся ўдзельнікі суполак бортнікаў, якія па-народнаму называліся «сябрылы» (alias sabrili); супольнік такой сябрылы называўся «сябрыч» (alias sabricz)[5], а ў 1451 годзе кашталян віленскі Сямён Гедыгольдавіч заснаваў касьцёл у сваёй вотчыне Вішневе і надаў яму зямлю «з пашняй» (cum agro alias z pasznia) і лугі, па-народнаму менаваныя «сенажаці» (prata alias sianozaczy)[6].

Статут Вялікага Княства Літоўскага (Гадуцішкі, 1595 г.), напісаны на беларускай мове лацінкай

У XVI ст. адзначаецца зьяўленьне тэкстаў на беларускай мове, запісаных лацінскай графікай. Гэтаму спрыяла разьвіцьцё культуры рэнэсансу ў працэсе Рэфармацыі і пашырэньне асьветы ў эўрапейскім стылі, што адбывалася адначасна з пазбаўленьнем архаічнай беларускай пісьмовай мовы ад рысаў царкоўнаславянскай[7]. Ужо на раньняй стадыі разьвіцьця старабеларуская пісьмовасьць лацінскім альфабэтам не абмяжоўвалася толькі дакумэнтамі на паперы або пэргамэнце, але выкарыстоўвалася таксама для шырокага спэктру іншых афіцыйных і публічных функцыяў. У прыватнасьці, звон з Моладава на гістарычнай Піншчыне, адліты ў 1583 годзе на заказ кашталяна амсьціслаўскага Сямёна Войны для тутэйшай царквы, зьмяшчае надпіс адметнай старабеларускай лацінкай[8]. У лацінкавым выглядзе захаваўся адзіны вядомы сьпіс Хронікі Быхаўца, лацінкай напісаны помнік беларускай літаратуры XVII стагодзьдзя Ліст да Абуховіча[9].

Фрагмэнт мапы ВКЛ (Вэнэцыя, 1690 г.) з назвамі Вільні на розных мовах, у тым ліку беларускай лацінкай: Widaw на нямецкай, Vilna на італьянскай, Wilenski [горад, замак] на літоўскай (беларускай — мове ліцьвінаў[10]), Wilna на польскай, Vilne на францускай, Vilna на лаціне[11]

У XVII ст. паступова пашыралася выкарыстаньне лацінскага пісьма, паралельна з кірылічным, беларускімі рыма-католікамі. Дагэтуль апошнія шырока карысталіся кірылічным пісьмом.

У XVIIІ ст. лацінскім пісьмом, паралельна з кірылічным, карысталіся ў некаторых літаратурных творах, напісаных тагачаснай беларускай мовай. Пра пашырэньне беларускай лацінкі ў гэты час сьведчыць надмагільны камень сярэдзіны XVIIІ ст. з ваколіцаў Горак, які зьмяшчае лацінкавы надпіс: «Памажы, Госпадзе, Васілю року 1750»[12].

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Першая старонка першага нумару «Мужыцкай праўды» Кастуся Каліноўскага, 1863 г.

У XIX ст. некаторыя польскія пісьменьнікі й беларускія пісьменьнікі з польскага культурнага асяродзьдзя карысталіся лацінскім пісьмом, выняткова ці часткова, у сваіх працах, напісаных па-беларуску. Асабліва Ян Чачот, Паўлюк Багрым, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Адам Гурыновіч. Першыя выданьні «Дудкі беларускай» і «Смыка беларускага» Францішка Багушэвіча таксама выйшлі лацінкай[13]. Тым часам у 1859 годзе расейскія ўлады з мэтай русіфікацыі афіцыйна забаранілі выкарыстаньне ў беларускім друку лацінскага шрыфту[14].

Верш «Немец» з зборніка Францішка Багушэвіча

У час нацыянальна-вызвольнага паўстаньня яго кіраўнік у колішнім Вялікім Княстве Літоўскім Кастусь Каліноўскі друкаваў лацінскім пісьмом беларускамоўную газэту «Мужыцкая праўда» (у арыгінале: «Mużyckaja prauda»; 7 нумароў у 1862—1863 гадох). Нелегальнае вершаванае беларускае выданьне «Гутарка двух суседаў» — папярэдніца «Мужыцкай праўды» — таксама друкавалася лацінкай і разыходзілася пераважна на Падляшшы і Гарадзеншчыне. Вядома 6 нумароў «Гутаркі», першы зь якіх выйшаў у 1861 годзе[13].

Рэдакцыя газэты «Наша Ніва» на Завальнай вуліцы ў Вільні, да 1915 г.

Як адзначыў Станіслаў Станкевіч, лацінка была вынятковай для першых твораў беларускае адраджэнскае літаратуры[13]. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч спасылаўся на довад, што яго чытацкая аўдыторыя, асабліва сялянская, была ў пэўнай ступені знаёмая з польскай графікай, але, ня маючы доступу да расейскамоўнай адукацыі, не магла чытаць кірыліцай.

Вокладка апавяданьня «Gedali» («Гэдалі») Элізы Ажэшкі. Вільня, 1907 г.

Звычай лацінскага запісу беларускага тэксту паступова зьнікаў з ужытку на працягу першай чвэрці XX ст., хоць яшчэ ў пачатку стагодзьдзя назіралася суіснаваньне двух шрыфтаў, і шматлікія беларускія выданьні друкаваліся выняткова або часткова лацінкай. Лацінкай выдавалася газэта «Наша доля» (1906 год). «Наша Ніва» (нумары з пэрыяду 10 лістапада 1906 — 31 кастрычніка 1912 году) выходзіла асобна і кірыліцай, і лацінкай (падзагалоўкі нумароў у арыгінале: «Выходзиць раз у тыдзень рускімі і польскімі літэрамі» і «Wychodzić szto tydzień ruskimi i polskimi literami»).

Вокладка кнігі Рамуальда Зямкевіча пра Яна Баршчэўскага. Вільня, 1911 г.

У 1907 годзе выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца» апублікавала ў Санкт-Пецярбурзе новую «абэцэду» лацінкай, у якім аўтары зьдзейснілі мадэрнізацыю беларускай лацінскай графікі: уводзілася літара č замест ранейшай cz, а таксама літары š і ž замест sz і ż. Захаваліся літары ł і w. Іншыя беларускія выдавецтвы ў Вільні, Менску і Санкт-Пецярбурзе таксама пайшлі ўсьлед за гэтай рэформай. Неўзабаве гэтая ўдасканаленая лацінка стала практычна агульнапрынятым стандартам друку, вядомым як «Нашаніўская лацінка»[15].

Зборнікі вершаў Цёткі «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду» выйшлі з друку ўдасканаленай лацінкай. Таксама Цётка зрабіла спробу стварыць пачатковую дзіцячую чытанку па-беларуску лацінкай — «Першае чытаньне для дзетак-беларусаў». Калі першы зборнік вершаў Янкі Купалы «Жалейка» выйшаў з друку ў 1908 годзе кірыліцай, то другі ягоны зборнік «Гусьляр» зьявіўся ў 1910 годзе лацінкай[13].

У 1914 годзе ў Вільні выйшаў з друку зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок», на вокладках якога разьмясьцілі сьпісы кніг, якія можна было заказаць у выдавецтве. Сярод 80 выданьняў 44 былі даступныя кірыліцай, 20 — лацінкай, а 16 былі выдадзеныя і даступныя абедзьвюма графікамі, і таму пры іхным заказе таксама трэба было пазначаць, якімі літарамі мусіла быць надрукаванае выданьне — «рускімі» або «лацінскімі»[16].

На аснове лацінскага альфабэту Баляслаў Пачопка стварыў «Беларускую граматыку» (1915, надрукаваная ў 1918 годзе), але пэўнымі беларускімі мовазнаўцамі (у прыватнасьці — Сьцяпанам Некрашэвічам) яна лічылася падрыхтаванай ненавукова й з парушэньнямі законаў беларускай мовы.

Першая старонка газэты «Гоман», надрукаванай лацінкай, 1918 г.

Газэта «Гоман», якая выходзіла ў Вільні зь лютага 1916 да канца 1918 году, сьпярша друкавалася кірыліцай, а пазьней — кірыліцай і лацінкай[13].

Па заняцьці ў часе Першай сусьветнай вайны Віленшчыны й Заходняй Беларусі войскамі Нямецкай імпэрыі, за беларускай моваю прызналі афіцыйны статус у пісьмовай форме тагачаснай беларускай «лацінкі». У 1917 годзе нямецкімі ўладамі выдаваліся пашпарты на нямецкай і беларускай мовах (лацінкай).

У 1918 годзе ў Брэславе (Уроцлаў) выйшла выданьне «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным» («Prosty sposab stacca ŭ karotkim čase hramatnym») Яна Станкевіча і Рудольфа Абікта. У ім была распрацаваная і выкарыстоўвалася сыстэма лацінкі, не падобная да іншых: уводзіліся дадатковыя дыякрытычныя знакі дзеля пазначэньня мяккасьці і дадатковыя літары дзеля замены дыграфаў dz, dž і ch[17]

Ліст Ганны Галубянкі да Браніслава Тарашкевіча, напісаны лацінкай. 1919 г.

У 1918 годзе, напярэдадні абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі, лацінкай выйшла першая кадыфікацыя беларускай мовы як дзяржаўнай, распрацаваная Браніславам Тарашкевічам (кірылічны варыянт выйшаў у тым жа годзе, але пазьней за лацінкавы)[2].

Па Рыскай мірнай дамове пераважна стаў выкарыстоўвацца кірылічны шрыфт, хоць сярод многіх беларускіх культурных дзеячоў існавала меркаваньне, што больш карысным і мэтазгодным для беларусаў быў бы лацінскі шрыфт[13].

У 1926 годзе на Беларускай акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе правапісу й азбукі, скліканай у Менску, большасьць удзельнікаў не падтрымала пераходу з кірыліцы на лацінку як адзіны беларускі шрыфт (напрыклад, Зьміцер Жылуновіч падтрымаў пераход і казаў, што гэта трэба зрабіць дзеля «большай прагрэсіўнасьці беларускае граматыкі»)[18]. Супраць пераходу былі такія беларускія мовазнаўцы, як, напрыклад, Вацлаў Ластоўскі. Перайсьці да лацінскага шрыфта лічылася на Канфэрэнцыі ідэалам, але зь ім пастанавілі не сьпяшацца, бо гэта азначала б вельмі моцны разрыў паміж расейскім і беларускім друкамі, да чаго шырокія масы не былі падрыхтаванымі[19]. А ўжо ў 1929 годзе магчымы пераход на лацінку быў закваліфікаваны бальшавікамі як «шкодніцтва» і адна з шматлікіх спробаў штучнага адарваньня беларускай культуры ад расейскай[13].

Вокладка кнігі Чатыры Эванэліі — эвангельляў перакладзеных Вінцэнтам Гадлеўскім на беларускую мову

У міжваенны час, па падзеле Беларусі (1921 год) паміж Польшчай і СССР, лацінскі альфабэт далей ужываўся ў беларускім друку Заходняй Беларусі, у каля 35% заходнебеларускіх выданьняў. Браніслаў Тарашкевіч упершыню ўвёў меркаваны выклад беларускага лацінскага альфабэту й колькі зьвязаных граматычных правілаў у 5-е (неафіцыйнае) выданьне сваёй граматыкі (Вільня, 1929 год). У 1929 годзе выйшаў «Падручны беларуска-польскі слоўнік», складзены Баляславам Друцкім-Падбярэскім, беларуская частка якога адначасна выконвалася кірыліцай і лацінкай[20][21].

Выклад беларускага лацінскага альфабэту
(Тарашкевіч, 1929)
Aa Bb Cc Ćć Čč Dd Ee Ff Gg Hh
Ii Jj Kk Ll Łł Mm Nn Ńń Oo Pp
Rr Ss Śś Šš Tt Uu Ŭŭ Ww Yy Zz
Žž Źź

Апошні крок да сучаснай беларускай лацінкі зрабіў Ян Станкевіч яшчэ ў 1926 годзе: «Рэформа беларускае лацініцы лёгкая: … астаецца цяпер замяніць польска-нямецкае W лацінскім V, як гэта зрабілі Ліцьвіны й Чэхі. Што V лепшае за W, гэта відавочна: яно займае на палову меней месца. Увядзеньне v канчальна прыдало-б нашай лацініцы беларускі характар». Першым часопісам для шырокага чытача, які перайшоў на сучасную лацінку ў 1932 годзе, стаў віленскі Шлях Моладзі, у якім друкавалі Натальля Арсеньнева, Янка Брыль, Зоська Верас, Янка Журба, Міхась Машара, Максім Танк, Валянцін Таўлай, Алесь Салавей. Да 1939 году большасьць выдавецтваў і пэрыёдыкаў, якія ўжывалі лацінку, прынялі канчатковы склад яе альфабэту[1].

Лацінскі альфабэт у беларускай мове выкарыстоўваўся на акупаваных войскамі Трэцяга Райху землях Беларусі (1941—1944 гады), і ў Празе, беларускай дыяспарай (1920-я — каля 1945 гады). Па гэтым часе ў Беларусі лацінка практычна не ўжывалася, але працягвала разьвівацца ў эміграцыі'[22]. Рэдкім сьведчаньнем прыватнага публічнага ўжываньня лацінкі ў паваеннай БССР можа лічыцца зроблены ў сярэдзіне 1970-х гадоў надпіс на надгробку ў вёсцы Клюшчанах[23].

Па Другой сусьветнай вайны беларуская лацінка выкарыстоўвалася беларускаю дыяспарай у не-савецкай Эўропе (асабліва ў Заходняй Нямеччыне) і ў Амэрыцы (пераважна ў ЗША). У 1947—1950 гадох у Лёндане выходзіў беларускі грамадзка-палітычны двухтыднёвік «Беларус на чужыне». Часопіс выдаваўся на беларускай мове кірыліцай і лацінкай на рататары — машыне трафарэтнага друку[13]. Значнае беларускае кнігавыданьне лацінкай разгарнулася ў Рыме у 1940—1970-х гадох, галоўным чынам намаганьнямі ксяндза і доктара тэалёгіі Пятра Татарыновіча, які выдаў некалькі перакладаў Сьвятога Пісаньня, літургічныя і багаслоўскія публікацыі, беларускі пераклад «Quo Vadis?» Генрыка Сянкевіча (1956) і паэму «Kałychanka» Рыгора Крушыны (1963), а таксама 120 нумароў рэлігійнага часопісу Źnič. Лацінкай друкаваўся ў Чыкага часопіс беларускіх скаўтаў на чужыне «Rada Kruhu», першы нумар якога выйшаў у 1951 годзе, а таксама навуковы часопіс «Łitva» (1967 — каля 1973, рэдактар Вацлаў Пануцэвіч). У 1972 годзе таксама ў Чыкага выйшла кніга Вацлава Пануцэвіча «Bieraściejskaja vunija»[22].

У 1956 годзе Янка Запруднік у сваёй публікацыі «Транскрыпцыя беларускіх назоваў і прозьвішчаў» (Бацькаўшчына № 8) давёў, што дзеля таго, каб пазьбегнуць перакручваньня ў вымаўленьні беларускіх прозьвішчаў, беларускія назовы трэба пісаць беларускай лацінкай. Фанэтычны прынцып перадачы прозьвішчаў, які пераважна выкарыстоўваецца ў сучаснай Беларусі, добры тым, што прынамсі часткова перадае гукавы бок прозьвішча, але ў сваю чаргу вядзе да хаосу ў ягоным напісаньні ў розных мовах з прычыны адсутнасьці адзінага міжнароднага альфабэту і дыякрытычных знакаў[13]. У публікацыі прыводзіцца прыклад таго, што іншыя народы, якія карыстаюцца лацінскім альфабэтам, перадаюць свае прозьвішчы і геаграфічныя назвы ў іншыя мовы (таксама з лацінскім альфабэтам) з рэдкімі выняткамі безь ніякіх зьменаў.

У 1962 годзе Ян Станкевіч прапанаваў цалкам іншы выклад беларускага лацінскага альфабэту.

Выклад беларускага лацінскага альфабэту
(Станкевіч, 1962)
Oo Aa Ee Bb Cc Ćć Čč Dd Ff Gg
Hh Chch Ii Jj Kk Ll Łł Mm Nn Ńń
Pp Rr Śś Šš Tt Vv Uu Ŭŭ Dzdz Dźdź
Dždž Zz Źź Žž

У 1964 годзе ў выдавецтве «Заранка» ў Нью-Ёрку выйшаў беларускі лемантар. Прыкладна на дзьве траціны ён быў напісаны лацінкай, рэшта — кірыліцай. У лемантары выкарыстоўваецца варыянт лацінкі, вельмі набліжаны да сучаснага, розьніца толькі ў перадачы спалучэньня гукаў [ji], які ў лемантары перадаецца ў адпаведнасьці з вымаўленьнем спалучэньнем літараў «ji», што характэрна большасьці заакіянскіх выданьнях па-беларуску лацінкай, а ня проста «i», як гэта было на тэрыторыі Беларусі[24].

Па аднаўленьні незалежнасьці Беларусі ў 1990-я гады лацінка вярнулася і пашырылася ў краіне. Беларускай лацінкай друкаваліся некаторыя артыкулы ў прэсе (Наша Ніва, ARCHE Пачатак, Спадчына). У 1993 годзе адзін нумар газэты Наша Ніва выйшаў цалкам лацінкай.

Пікет каля Дому ўраду з плякатам: «Вярнуць народу яго спрадвечныя сымбалі: герб Пагоня й бел-чырвона-белы сьцяг, — а таксама назоў краіны Літва, сталіцы — Менск!» (19.09.1991)

У канцы XX — пачатку XXI стагодзьдзя лацінка атрымала чарговую хвалю пашырэньня, якому не ў апошнюю чаргу паспрыяла разьвіцьцё інтэрнэту ў Беларусі. Разам з гэтым пачалі зьяўляцца разнастайныя прапановы ўнесьці зьмены ў сыстэму пісьма беларускай лацінкі: у прыватнасьці, замяніць літару ŭ на w, адмовіцца ад літары ł (для цьвёрдага л ужываць літару l, а мяккасьць гуку абазначаць як і для астатніх зычных: ль абазначаць літарай ĺ па аналёгіі з ć, ń, ś і ź) і некаторыя іншыя. На думку доктаркі філялягічных навук Ніны Баршчэўскай, патрэбы рэфармаваць лацінку няма, бо яна дасканала адлюстроўвае ўсе рысы, характэрныя беларускай мове, і таксама існуе працяглая традыцыя выкарыстаньня беларускай лацінкі ў разьвіцьці сучаснай беларускай мовы, за час якой выпрацаваўся ўзор беларускай лацінкі[22]. Літару w нельга пісаць замест ŭ, таму што літара w у гісторыі разьвіцьця беларускай лацінкі азначала кірылічную літару в і выкарыстоўвалася ў такім значэньні ў шматлікіх выданьнях XIX — пачатку XX стагодзьдзя. На думку Ніны Баршчэўскай, літара ł мае ўсе падставы для існаваньня ў беларускай лацінцы, да таго ж напісаньне кшталту lies можа прывесьці да памылковага дыфтангічнага вымаўленьня, бо ў некаторых беларускіх гаворках на поўдні Беларусі, а таксама на Падляшшы выступае дыфтонг ie[22], што вымаўляецца як гук [i], які плаўна пераходзіць да [e][25]. Як адзначае беларускі мовазнаўца Вінцук Вячорка, літара Ll у самой лацінскай мове азначае «паўмяккі», на беларускае вуха мяккі гук[1]. Тым часам зьмена яго характару на цьвёрды, сярод іншага, пагаршае пазнавальнасьць беларускага напісаньня запазычаньняў[26].

Інструкцыя па трансьлітарацыі геаграфічных назваў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2000 годзе Дзяржаўны камітэт па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь ухваліў сваёй пастановай (№ 15 ад 23 лістапада 2000 году[b]) Інструкцыю па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіту — мэтад запісу лацінскім пісьмом (раманізацыі) беларускага кірылічнага тэксту (у геаграфічных назвах). Галоўны спэцыяліст сэктару картаграфіі Беларускага дзяржаўнага камітэту маёмасьці Натальля Аўраменка паведаміла, што інструкцыя па трансьлітарацыі стваралася на аснове беларускай лацінкі, распрацаванай Браніславам Тарашкевічам[27]. У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць», які выйшаў у 2003 годзе, трансьлітарацыя цалкам супадае з клясычнай лацінкай. Аднак пазьней у інструкцыю патаемна ўнесьлі зьмены — без тлумачэньняў прычынаў зьмянілі перадачу мяккага l[1].

Гэтую Інструкцыю афіцыйныя ўлады Беларусі перадалі на разгляд Працоўнай групы ААН па раманізацыях Групы экспэртаў ААН па геаграфічных назвах (UNGEGN)[28] і прапанавалі да ўжытку ў якасьці нацыянальнай на IX канфэрэнцыі ААН па стандартызацыі геаграфічных назваў[29]. У 2013 годзе UNGEGN зацьвердзіла Інструкцыю ў якасьці сыстэмы трансьлітарацыі геаграфічных назваў Беларусі[30].

Паступова Інструкцыя па трансьлітарацыі пачала выкарыстоўвацца Менскім мэтрапалітэнам, а таксама на турыстычных мапах, інфармацыйных паказальніках, дарожных і вулічных шыльдах ва ўсёй Беларусі.

4 красавіка 2023 году рэжым Лукашэнкі апублікаваў пастанову, якая скасавала трансьлітарацыю для беларускай мовы на аснове традыцыйнай беларускай лацінкі, замест якой увялі фактычна тую ж трансьлітарацыю, што ўжываецца для расейскай мовы. У апублікаваным дакумэнце няма ані сыстэмнасьці, ані навуковага грунту, пастанова груба парушае правілы і нормы стварэньня нацыянальных сыстэмаў трансьлітарацыі наагул і ігнаруе беларускую мову, у прыватнасьці яе гукавую сыстэму і графічныя традыцыі. Адзначаецца, што гэта чарговы крок да зьнішчэньня беларускай нацыянальнальнай ідэнтычнасьці[31]. Неўзабаве ў публічнай прасторы Беларусі замест лацінкавых назваў зьмясьцілі расейскамоўныя[32].

Адпаведнасьць альфабэтаў кірыліцы і лацінкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Адпаведнасьць літараў кірыліцы і лацінкі
Кірыліца Лацінка паводле пэрыядаў выкарыстаньня
каля 1840-х — 1920-х гг.[а 1] каля 1906—1929 гг.[а 2] каля 1937—1941 гг.[а 3] Сучаснае напісаньне[а 4]
Аа Aa Aa
Бб Bb Bb
Вв Ww Vv Vv
Гг Hh Hh
Ґґ Gg Gg[а 5]
Дд Dd Dd
Ее JEje/IEie[а 6] JEje/IEie[а 6]
Ёё JOjo/IOio[а 6] JOjo/IOio[а 6]
Жж Żż Žž Žž
Зз Zz/Źź Zz/Źź[а 7]
Іі Ii Ii[а 8]
Йй Jj Jj
Кк Kk Kk
Лл Ll/Łł[а 9] Ll/Łł[а 9][а 7]
Мм Mm Mm
Нн Nn/Ńń Nn/Ńń[а 7]
Оо Oo Oo
Пп Pp Pp
Рр Rr Rr
Сс Ss/Śś Ss/Śś[а 7]
Тт Tt Tt
Уу Uu Uu
Ўў Uu[а 10] Ŭŭ Ŭŭ
Фф Ff Ff
Хх CHch CHch
Цц Cc/Ćć Cc/Ćć[а 7]
Чч CZcz Čč Čč
Шш SZsz Šš Šš
Ыы Yy Yy
Ьь [а 7] [а 7]
Ээ Ee Ee
Юю JUju/IUiu[а 6] JUju/IUiu[а 6]
Яя JAja/IAia[а 6] JAja/IAia[а 6]
апостраф  не выкарыстоўваецца не выкарыстоўваецца

Заўвагі

  1. ^ Як, напрыклад, у творах Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча, Кастуся Каліноўскага, Францішка Багушэвіча, Цёткі, у першыя гады газэты «Наша Ніва», некаторых іншых газэтах пэрыяду 1917—1920 гадоў
  2. ^ Як, напрыклад, у тагачасных творах Адама Станкевіча, у 5-м (неафіцыйным) выданьні беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча (1929 год). Пераход ад CZcz да Čč, SZsz да Šš, адбыўся з 1906 году, упершыню ў выданьнях «Загляне сонца…» і «Нашай Нівы».
  3. ^ Як, напрыклад, у пазьнейшых працах Яна Станкевіча.
  4. ^ Як, напрыклад, у газэце «Наша Ніва» і часопісе «Arche».
  5. ^ Літара зьяўляецца факультатыўнай і таму часам ігнаруецца на карысьць Hh, якая можа абазначаць два гукі.
  6. ^ а б в г д е ё ж Варыянт на «Jj» выкарыстоўваецца ў пачатках словаў або пасьля галосных, іначай варыянт на «Ii».
  7. ^ а б в г д е ё «Мяккі знак» азначаецца не асобнай графэмаю, а, у залежнасьці ад месца ў слове, запісам варыянту «Ll» або знаку acute перад месцам мяккага знаку.
  8. ^ У паваенным друку беларускай дыяспары гук [ji] перадаецца спалучэньнем літараў «ji». Такое напісаньне замацавалася яшчэ ў «Лемантары пераходным з лацініцы на кірыліцу» (1942 год) Яна Станкевіча. Напрыклад: паіць — pajić, тваіх — tvajich, маім — majim, імёны — jimiony, іншы — jinšy.
  9. ^ а б Варыянт «Ll» выкарыстоўваецца перад галоснымі «е», «ё», «і», «ю» «я» або перад мяккім знакам, іначай варыянт «Łł». Увага на розьніцу з польскім вымаўленьнем «Łł»!
  10. ^ Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч карыстаўся курсіўным запісам літары «Uu» дзеля азначэньня гуку, для якога тады не існавала асобнай літары («у нескладовае»).

Кароткія правілы сучаснае беларускае лацінкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Літары В, Г, Ц, Л, Ў, Ж, Ч, Ш, Х пазначаюцца як V, H, C, Ł, Ǔ, Ž, Č, Š, Ch адпаведна;
  • Літары Е, Ё, Ю, Я пасьля зычных пішуцца як IE, IO, IU, IA (напр. nie), але пасьля літары L — як E, O, U, A (напр. leŭ)[33];
  • Літары Е, Ё, Ю, Я у пачатку слова, а таксама пасьля галосных, літары Ǔ і апострафу пішуцца як JE, JO, JU, JA (напр. jana);
  • Перад мяккімі зычнымі і на канцы словаў мяккасьць пазначаецца акутам над мяккай літараю (напр. koń);
  • Там, дзе літара І пазначае два гукі, можа пісацца JI (напр. jich, krajina);
  • Там, дзе літара Г пазначае выбухны гук Ґ, можа пісацца G (напр. gvałt, mazgi);
  • Іншыя гукі запісваюцца лацінкаю трывіяльна, як у большасьці лацінкавых мовах.

У 1949 годзе ў двухтыднёвіку «Голас беларуса» Гальяш (Ільля Ляўковіч) крытыкаваў выкарыстаньне той лацінкі, што ўзьнікла за Рэччу Паспалітай, а таксама ліставаньне Беларускага цэнтральнага прадстаўніцтва зь Міхэльсдорфу, якое амаль усё вялося лацінкай, як мэтанакіраванае імкненьне адмовіцца ад кірыліцы. На думку Гальяша, выкарыстаньне лацінкі можа прывесьці да страты маладым пакаленьнем чысьціні мовы, таму што лацінка ня цалкам перадае ейную мілагучнасьць. Таксама ён адзначыў, што беларускае насельніцтва ва ўсходняй частцы Беларусі ня ведае лацінкі[13].

Раней беларускі літаратар і мовазнаўца Карусь Каганец (1868—1918) у сваім праекце беларускай азбукі адмоўна паставіўся да «якойсь-та моды» пісаць лацінскімі літарамі:

« І славянскае абэцадла і е найлепшае з усіх еўрапейскіх, бо яно падходзіць да ўсіх славянскіх гутарак, адно пачамусь закінулі, а пільнуючыся якойсь-та моды, стараюцца пісаці латынскімі знакамі, каторыя ні да адной з цяперашніх моваў не падходзяць, а тым болей да беларускае мовы, катора багата зыкамі. »

Дадатковыя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ У шырэйшым сэнсе часам выкарыстоўваецца як назва лацінскага альфабэту ўвогуле — паводле Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы (2005 год), лацінка — лацінскі альфабэт
  2. ^ Афіцыйная назва дакумэнта: «Инструкция по транслитерации географических названий Республики Беларусь буквами латинского алфавита». Дакумэнт апублікаваны ў Нацыянальным рэестры прававых актаў Рэспублікі Беларусь (выпуск №3, 11 студзеня 2001 году)
  1. ^ а б в г Вячорка В. SŁUCAK. Ці Slutsk? Беларуская лацінка, трансьліт і рэпутацыя слаўнага гораду, Радыё Свабода, 28 траўня 2020 г.
  2. ^ а б Вячорка В. І кірыліца, і лацінка нам не чужыя, Радыё Свабода, 27 кастрычніка 2017 г.
  3. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 39—46.
  4. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 11.
  5. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 176.
  6. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 177.
  7. ^ Сямёнава А. Беларуская лацінка: мінулае, сучаснае, будучае // Мир языков: ракурс и перспектива : материалы V Междунар. науч. практ. конф., Минск, 22 апреля 2014 г. / редкол.: Н. Н. Нижнева (отв. редактор) [и др.]. Том I. — Минск : БГУ, 2014. — С. 232.
  8. ^ Вінцук Вячорка, «Не было ніякай „мяккай беларусізацыі“». Мовазнаўца Вячорка пра вынішчэньне беларускай мовы і напад на лацінку, Радыё Свабода, 16 студзеня 2023 г.
  9. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 179.
  10. ^ Катлярчук А. Швэды ў гісторыі й культуры беларусаў. — Менск: Энцыклапедыкс, 2002. С. 147.
  11. ^ Briedis L. Vilnius: City of Strangers. — Central European University Press, 2009. P. 15.
  12. ^ Сяргей Гезгала. Археолагі знайшлі на самым усходзе краіны помнік XVIII ст. з надпісам на беларускай лацінцы // Наша Ніва, 2 студзеня 2014 г. г. Праверана 12 студзеня 2014 г. г.
  13. ^ а б в г д е ё ж з і Баршчэўская Н. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава, 2004.
  14. ^ Арлоў У. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае. — KALLIGRAM, 2012. С. 326.
  15. ^ Сямёнава А. Беларуская лацінка: мінулае, сучаснае, будучае // Мир языков: ракурс и перспектива : материалы V Междунар. науч. практ. конф., Минск, 22 апреля 2014 г. / редкол.: Н. Н. Нижнева (отв. редактор) [и др.]. Том I. — Минск : БГУ, 2014. — С. 234.
  16. ^ Максим Богданович. Венок. Факсимильное издание. — Минск: «Мастацкая літаратура», 1985.
  17. ^ Prosty sposab stacca ŭ karotkim čase hramatnym
  18. ^ Вячорка В. Канцатыдзень (мяккай) беларусізацыі. Пра Акадэмічную канфэрэнцыю 1926 г., Радыё Свабода, 21 лістапада 2016 г.
  19. ^ Беларусь перажывае бурнае нацыянальнае адраджэньне пад уплывам камуністаў: Акадэмічная канферэнцыя 1926 г. у галасах відавочцаў // ARCHE Пачатак. № 1, 2 (41, 42) 2006 г.
  20. ^ Падручны беларуска-польскі слоўнік = Podreczny bialorusko-polski slownik / Б. Друцкі-Падбярэскі; Пад рэд. В. Грышкевіча. — Вільня: Б. Клёцкін, 1929.
  21. ^ Онлайн-вэрсія слоўніка
  22. ^ а б в г Niama patreby refarmavać našuju łacinku, Łacinka.org, 2007 г.
  23. ^ Сямёнава А. Беларуская лацінка: мінулае, сучаснае, будучае // Мир языков: ракурс и перспектива : материалы V Междунар. науч. практ. конф., Минск, 22 апреля 2014 г. / редкол.: Н. Н. Нижнева (отв. редактор) [и др.]. Том I. — Минск : БГУ, 2014. — С. 235.
  24. ^ Lemantar. — New York: vyd. Zaranka, 1964.
  25. ^ Максімюк Я. Let’s write and read Podlachian, Радыё Свабода, 17 сакавіка 2008 г.
  26. ^ Вячорка В. Чаму Тарашкевіч пісаў «пляны» і «лёзунгі»? Пра важную рысу клясычнага правапісу, Радыё Свабода, 31 студзеня 2019 г.
  27. ^ ААНаўскія мапы: ніякіх больш Byelorussia’ў, Наша Ніва, 17 кастрычніка 2006 г.
  28. ^ Афіцыйная старонка UNCEGN
  29. ^ National System of Geographic Names Transmission into Roman Alphabet in Belarus
  30. ^ Report on the Current Status of United Nations Romanization Systems for Geographical Names / Compiled by the UNGEGN Working Group on Romanization Systems Version 4.0, February 2013
  31. ^ Што ня так з увядзеньнем новай сыстэмы трансьлітарацыі. Тлумачыць мовазнаўца, Радыё Свабода, 4 красавіка 2023 г.
  32. ^ Лявон Вольскі, Да чаго давялі лібэралізацыя зь беларусызацыяй, альбо Зьмена дэкарацыяў па-беларуску, Budzma.org, 4 кастрычніка 2023 г.
  33. ^ Як правільна пісаць беларускай лацінкай?, Наша Ніва, 10 верасьня 2016 г.
  • Арлоў У., Герасімовіч З. Краіна Беларусь. Вялікае Княства Літоўскае / Рэц. А. Грыцкевіч, У. Ляхоўскі; рэд. З. Санько; картограф В. Цемушаў. — KALLIGRAM, spol s r.o., 2012. — 400 с. : іл. ISBN 978-985-6919-82-7.
  • Да рэформы беларускай азбукі // Працы акадэмічнае канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі. — Менск: [б. м.], 1927.
  • Дунін-Марцінкевіч В. Творы / [Уклад., прадм. і камент. Я. Янушкевіча]. — Менск: Маст. літ., 1984.
  • Мароз В. К. Лацінскае пісьмо ў гісторыі Беларусі (на матэрыяле летапісаў) // Весці НАН Беларусі. Серыя гуманітарных навук. — 2009. — № 1. — С. 118—122.
  • Некрашэвіч С. Садаклад па рэформе беларускага правапісу на акадэмічнай канферэнцыі 1926 г. // Выбраныя навуковыя працы акадэміка С. Н. Некрашэвіча: Да 120-годдзя з дня нараджэння / НАН Беларусі; Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа; Навук. рэд. А. Падлужны. — Менск: 2004. ISBN 985-08-0580-3.
  • Stankiewič Ad. Biełaruskaja mowa ŭ škołach Biełarusi — Wilnia : Wydawiectwa «Biełaruskaje krynicy». Bieł. Druk. Im. Fr. Skaryny ŭ Wilni Ludwisarskaja 1, 1928; Менск: Беларускае коопэрацыйна-выдавецкае таварыства «Адраджэньне», 1993 [факсімільн.]
  • Станкевіч Я. Б. Тарашкевіч: Беларуская граматыка для школ. Выданьне пятае, пераробленае і пашыранае. Вільня. 1929 г., бал. 132 + IV [1930-1931] // Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах. Т. 1. — Менск: Энцыклапедыкс, 2002. ISBN 985-6599-46-6.
  • Станкевіч Я. Беларуская Акадэмічная Конфэрэнцыя 14.—21.XI.1926 і яе працы дзеля рэформы беларускае абэцэды й правапісу (агульны агляд) [1927] // Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах. Т. 1. — Менск: Энцыклапедыкс, 2002. ISBN 985-6599-46-6.
  • Stankievič J. Lemantar pierachodny z łacinicy na kirylicu. — Miensk: vydańnie Biełaruskaje narodnaje samapomačy, 1942. — 16 s.
  • Станкевіч Я. Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску (Пастановы Зборкаў Чысьціні Беларускае Мовы) [Вільня, 1937] // Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах. Т. 1. — Менск: Энцыклапедыкс, 2002. ISBN 985-6599-46-6.
  • Станкевіч Я. Які мае быць парадак літараў беларускае абэцады [1962] // Ян Станкевіч. Збор твораў у двух тамах. Т. 2. — Менск: Энцыклапедыкс, 2002. ISBN 985-6599-46-6.
  • Сямёнава А. Беларуская лацінка: мінулае, сучаснае, будучае // Мир языков: ракурс и перспектива : материалы V Междунар. науч. практ. конф., Минск, 22 апреля 2014 г. / редкол.: Н. Н. Нижнева (отв. редактор) [и др.]. Том I. — Минск : БГУ, 2014. — С. 231—240.
  • Тарашкевіч Б. Беларуская граматыка для школ. — Вільня: Беларуская друкарня ім. Фр. Скарыны, 1929; Менск: «Народная асвета», 1991 [факсімільн.]. — Выданьне пятае, пераробленае і пашыранае.
  • Язэпчык А. Беларуская лацінка // Язык. Общество. Медицина : сб. материалов XIII Респ. студ. науч.-практ. конф. и науч.-практ. семинара "Теория и практика преподавания русского и белорусского языков: достижения, проблемы и перспективы развития", посвящ. 20-летию каф. русского и белорусского языков / [редкол.: А. А. Мельникова (отв. ред.) и др.]. — Гродно, 2014. С. 144—146.
  • Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску. Беларускія корэспондэнцыйныя курсы ў Празе. — Прага: Dr. Jan Ermačenko, Běloruské vydavatelství, 1941; Менск: Беларускае коопэрацыйна-выдавецкае таварыства «Адраджэньне», 1992 [факсімільн.]. — © Міжнародная асацыяцыя беларусістаў, 1992. — © Беларускае таварыства архівістаў, 1992.
  • Kamusella T. Who is afraid of the letter Ł? Łacinka and the Belarusian dictator // New Eastern Europe. Issue 3, 2021.
  • К. Калиновский: Из печатного и рукописного наследия / Ин-т истории партии при ЦК КП Белоруссии — фил. Ин-та марксизма-ленинизма при ЦК КПСС. — Мн.: Беларусь, 1988. ISBN 5-338-00024-5.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]