Перайсьці да зьместу

Казімер Сваяк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Казімер Сваяк
лац. Kazimier Svajak
Кастусь Стаповіч
Да 1916 г.
Да 1916 г.
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Казімер Сваяк
Нарадзіўся 19 лютага 1890(1890-02-19)
Памёр 6 траўня 1926(1926-05-06)[1] (36 гадоў)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці сьвятар
Гады творчасьці 1912—1924
Жанр паэзія
Мова беларуская
Дэбют верш «На імяніны майго пробашча» (1912)
Творы на сайце Knihi.com

Казіме́р Свая́к (сапраўднае імя: Кастусь Стаповіч; 19 лютага 1890, вёска Барані, цяпер Астравецкі раён, Гарадзенская вобласьць, Беларусь — 16 траўня 1926, Вільня) — беларускі каталіцкі сьвятар, нацыянальны дзяяч, паэт. Брат Альбіна Стаповіча.

У 1905 годзе скончыў пачатковую і Сьвянцянскую павятовую школы. У 1906—1907 жыў у Вільні дзе пазнаёміўся з «Нашай Нівай». У 1908 паступіў у Пецярбурскую духоўную сэмінарыю. У 1912 захварэў на сухоты, у тым жа годзе напісаў першы верш «На імяніны майго пробашча». Зіму 1912—1913 правёў на курорце ў Закапанэ. У 1913 у газэце «Bielarus» друкуюцца яго творы. З прычыны хваробы толькі ўвесну 1915 быў высьвечаны на ксяндза ў Петраградзе з рук біскупа Цепляка і атрымлівае прызначэньне вікарыем у Камайскі касьцёл. Неўзабаве, на вялікую радасьць К. Стаповіча, яго пераводзяць у Клюшчаны, што побач Баранёў, 19 чэрвеня 1915 газэта «Беларус» зьмясьціла віншаваньне ксяндзу Стаповічу з нагоды яго прыміцыі ад жыхароў Клюшчан.

Пасьля высьвячэньня на сьвятара

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Ксяндзы-літаратары (зьлева направа): Янка Быліна (1883—1956), Адам Станкевіч (1892—1949), Казімер Сваяк (Канстанцін Стаповіч, 1890—1926)

У Клюшчанах К. Стаповіч стварыў хор, у якім, паводле зьвестак Я. Драўніцкага, сьпявалі хлопцы і дзяўчаты зь Вялікай Казаноўшчыны, Будрань, Пятрашышак, Кісялёў, некаторыя нават з Трашчан. У самаго К. Стаповіча быў добры слых і лірычны тэнар, ён добра граў на скрыпцы, а смычком дырыжыраваў. З хорам ён развучваў ня толькі рэлігійныя, але і народныя беларускія песьні: «Чырвона каліначка», «Гусі», «Зялёны дубочак», «Салавейка». Першае казаньне на беларускай мове прагучала ў Клюшчанскім касьцёле 21 лістапада 1915 году.

У Клюшчанах узьнік нелегальны гурток «Хаўрус Сваякоў», галоўнай задачай якога зьяўлялася самаадукацыя на аснове хрысьціянскай этыкі. Тут рыхтавалі й чыталі рэфэраты, ладзілі канцэртна-дэклямацыйныя сходы, арганізоўвалі прадстаўленьні (для пастаноўкі выкарыстоўваліся найчасьцей п’есы самаго Сваяка), народныя бібліятэкі. У Клюшчанскай акрузе намаганьнямі К. Стаповіча было адкрыта сем школ. Адна зь іх — бараньская — разьмяшчалася ў бацькоўскай хаце — займала яе палову, потым, калі стала цесна, перайшла да суседа — Вітаўта Буйкі. Не хапала настаўнікаў — К. Стаповіч адкрыў курсы па іх падрыхтоўцы. Падручнікі, школьныя прылады ён таксама прывозіў зь Вільні, часта — набытыя за ўласныя грошы. У канцы 1916 за беларусізацыю касьцёла К. Стаповіча пераводзяць на Беласточчыну (Карыціна). Дзе ён таксама спрабаваў увесьці беларускую мову ў касьцёле, але гэта было адразу забаронена мясцовым пробашчам.

«Голас душы. Набажэнства для беларусаў-каталікоў» (2-е выданьне)

У 1917—1919 хварэў, зноў паехаў у Закапанэ, дзе адначасова працаваў капэлянам кліматычнага шпіталя. У ліпені 1919 сабраўся дадому, у Клюшчаны. Па дарозе заехаў да сябра — ксяндза Я. Германовіча (Вінцук Адважны) у Лапеніцу, што пад Ваўкавыскам. Там К. Стаповіч выступаў з казаньнямі па-беларуску, прычыніўся да арганізацыі школ. У выніку зьявіўся пратэст, падпісаны мясцовымі ксяндзамі, супраць ужываньня беларускай мовы ў касьцёле.

Узімку 1919—1920 — зноў у Закапанэ. З гэтага часу яго творы — вершы, апавяданьні, эсэ, філязофскія этуды, гумарэскі, публіцыстычныя артыкулы рэлігійнага і літаратурна-крытычнага зьместу, у тым ліку нарыс пра Ф. Багушэвіча, нататку пра аповесьць «Дзьве душы» М. Гарэцкага, пачынаюць друкаваць ў віленскіх беларускіх пэрыядычных выданьнях. З Закапанэ прыехаў у Пабродзе, дзе закончыў пісаць навуковую працу аб уніі на Беларусі для рэдакцыі «Крыніцы». Калі пачалася польска-савецкая вайна, К. Стаповіч пераяжджае з Пабродзя ў Клюшчаны, дзе падчас прыходу Чырвонай арміі заступае ўцёклага пробашча, а таксама і пробашча ў Буйвідзях.

У канцы 1920 К. Стаповіч атрымлівае разьмеркаваньне ў Засьвір, дзе служыў ў напаўразбураным кармяліцкім саборы, пераробленым пасьля паўстаньня 1863 году ў праваслаўную царкву. К. Стаповіч стаў першым пробашчам пасьля аднаўленьня касьцёла, тоўстыя і вільготныя сьцены будынка былі шкоднымі для яго здароўя. З-за даносу недобразычліўцаў хутка К. Стаповічу было забаронена служыць на беларускай мове, нават уладамі быў учынены ператрус з мэтаю знайсьці беларускамоўную літаратуру.

У Засьвір К. Стаповіча прыяжджаў мастак Ракіцкі, сябра «Хаўрусу Сваякоў», які намаляваў абраз сьвятога Язафата Кунцэвіча для галоўнага алтара. У гонар сьвятога Язафата К. Стаповіч устанавіў у парафіі 16 лістапада фэст. Таксама прыяжджаў кс. В. Гадлеўскі з Жодзішак, які рабіў казаньні па-беларуску. Бываў мастак і пісьменьнік Язэп Драздовіч, яны з К. Стаповічам абмяркоўвалі тэмы беларускага мастацтва, літаратуры, гісторыі, беларускага адраджэньня, Драздовіч падарыў Стаповічу некалькі абразоў. Заяжджаў Людовік Хамінскі.

Увосень 1922 стан здароўся К. Стаповіча пагаршаецца. Восень 1923 — вясну 1924 зноў правёў у Закапанэ. Вяртаецца ў Засьвір, але хварэе. У 1924 у Вільні выходзіць зборнік паэзіі Казімера Сваяка «Мая Ліра», зборнік аб’яднаў самыя розныя творы Сваяка: вершы-медытацыі, і вершы-звароты да Бога, вершы-імпрэсіі і вершы ў прозе, баляды і жартаўлівыя прыпеўкі, вершы на эвангельскія сюжэты. Зіма 1924—1925 — зноў Закапанэ, але стан здароўя пагаршаецца, зімой 1926 К. Стаповіч нават думае што памрэ на чужыне, некалькі разоў просіць брата Альбіна і кс. Адама Станкевіча забраць яго з Закапанэ. Урэшце кс. А. Станкевіч паехаў за ім, у К. Стаповіча нават зьявілася надзея што на радзіме ў Клюшчанах ён выздаравее, але зь цягніка ў Вільні яго давялося выносіць ужо на руках.

Памёр у Вільні 6 траўня, у шпіталі, пры сьмерці быў пры ім ксёндз Адам Станкевіч.[2][3] 7 траўня цела перавезьлі ў касьцёл сьвятога Мікалая. Там сабралася ўсё віленскае беларускае грамадзтва. Прамову меў ксёндз Адам Станкевіч.[4]

К. Стаповіч прасіў у сяброў, каб яго пахавалі ў Клюшчанах — ён даўно выбраў сабе месца, але пахавалі яго ў Вільні на могілках Росы, непадалёк ад магілы Чурлёніса. Хор Віленскай беларускай гімназіі сьпяваў беларускія рэлігійныя песьні. Згодна з жаданьнем, выказаным у тастамэнце, над магілай прагучалі ўсе тры мовы: кс. Гадлеўскі — па-беларуску, кс. Рэпаць — па-польску, кс. Чыбірас — па-летувіску. На адкрыцьцё помніка К. Стаповічу ў Вільню за 85 км прыйшла вялікая група моладзі з Клюшчан.

  • У 1990 А. Мальдзіс падчас візыту ў Ватыкан пры размове з папам унёс прапанову прылічыць Кастуся Стаповіча да ліку блаславёных.
  • У 2007 годзе ў Касьцёле Найсьвяцейшай Тройцы ў вёсцы Засьвір была ўстаноўлена памятная дошка, прысьвечаная Казіміру Сваяку, які ў 1920 годзе атрымаў прызначэньне пробашчам у гэтую вёску, дзе й правёў у працы астатняе жыцьцё. Імшу за яго душу адслужыў біскуп Антоні Дзям’янка[5].
  • У 2010 г. збор яго твораў выйшаў 54-ым томам сэрыі «Беларускі кнігазбор»[6].

Друкаваўся з 1913 («Беларус»). Аўтар зборніка вершаў «Мая ліра» (Вільня, 1924), вершаванага апавяданьня «Чарку дай, браце» (Вільня, 1926). Выступаў як публіцыст, пісаў драматычныя творы. Асобнымі выданьнямі выйшлі «Янка Канцавы» (Вільня, 1920, 1924), «Купальле» (Вільня, 1930). Напісаў філязофскі дзёньнік «Дзея маёй мысьлі, сэрца й волі» й «Аўтабіяграфію».


  1. ^ Konstanty Stepowicz // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
  2. ^ †Кс. К. СТЭПОВІЧ (Казімір Сваяк). / Ст. Вольскі // Сялянская ніва : газэта. — Вільня: Орган Беларускага Сялянскага Саюзу, 7 траўня 1926. — № 15. — С. 1.
  3. ^ ś†p. Ks. K. Stepowič (Kazimir Swajak). Biłaruski paet. / T. Wojciechowič // Biełaruskaja Krynica. Tydniowaja sialianskaja hazeta : газэта. — Wilno: «Pogon», 8 traŭnia 1926. — № 15. — С. 1.
  4. ^ К. Сваяк. / Ст. Вольскі // Сялянская ніва : газэта. — Вільня: Орган Беларускага Сялянскага Саюзу, 28 чэрвеня 1926. — № 19. — С. 2, 3.
  5. ^ Дзмітры Крывашэй, Адам Мальдзіс. Літаратурныя мясціны Беларусі. // Маладосць : часопіс. — 2011. — № 6 (691). — С. 142.
  6. ^ Ільля Лапато. Лепшае з творчай спадчыны Казімера Сваяка // Зьвязда : газэта. — 5 кастрычніка 2010. — № 194 (26802). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  7. ^ Наталля Пахомчык. Вяртанне паэта. // Літаратура і мастацтва : газэта. — 19 лістапада 2010. — № 46 (4590). — С. 6. — ISSN 0024-4686.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]