Пётар Татарыновіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Ксёндз Пётар Татарыновіч, 1942 год

Пё́тар Татарыно́віч (пс. Пётра Задума, Мядзьведзіцкі; 2 чэрвеня 1896, в. Гайнін, Слуцкі павет — 3 верасьня 1978, Рым) — каталіцкі сьвятар заходняга абраду, папскі прэлат, доктар тэалёгіі (1950), рэлігійны і культурна-асьветны дзяяч, удзельнік беларускага хрысьціянскага руху, выкладчык, выдавец, рэдактар, пісьменьнік, перакладчык і публіцыст.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў зь сялянскай сям’і: бацькі — Станіслаў і Караліна (з роду Пашукевічаў) Татарыновічы.

Навучаўся ў архідыяцэзіяльнай духоўнай сэмінарыі ў Пецярбургу, і ў Менскай каталіцкай сэмінарыі. Яшчэ пад час вучобы далучыўся да беларускага нацыянальна-рэлігійнага руху. Атрымаў сьвятарскае пасьвячэньне 12 чэрвеня 1921 году.

У 1918 годзе, яшчэ субдыяканам, прамаўляў казаньні па-беларуску ў Мядзьведзічах (цяпер Ляхавіцкі раён). Як згадваў кс. Адам Станкевіч, парафіяне зь вялікім зацікаўленьнем слухалі казаньні, плакалі й цешыліся… Толькі адзін з парафіян, на Новы Год, пад час казаньня, азваўся: «па-якому гэта да нас гаворыш…» Людзі з выразным незадавальненьнем утаропіліся на яго, дык на гэтым і скончылася «апазыцыя». Казаньні па-беларуску працягваліся…

Першыя гады (1921—1922) душпастырскай дзейнасьці працаваў у Пінску. Працаваў настаўнікам у Ніжэйшай духоўнай сэмінарыі ў Наваградку. У 1922 годзе прызначаны прэфэктам пачатковых і сярэдняй школ у г. Баранавічы.

Навучэнцы баранавіцкай школы імя Міцкевіча, 10 чэрвеня 1926 году. Ксёндз Пётар Татарыновіч сядзіць сёмы зьлева.

У 1926 годзе высланы зь Беларусі сьвятаром ў каталіцкую парафію на Мазуры (Польшча). Вярнуўся на Палесьсе ў 1927 годзе.

Працаваў у 1927—1931 у парафіі Дамачава, 1932—1939 у Століне. У 1933 годзе — вікары навукі рэлігіі ў школах Лунінецкага дэканату. Тады ж выконвае абавязкі пробашча ў парафіяльным касьцёле ў Століне, а ў касьцёле ў Церабежаве выконвае абавязкі адміністратара.

Сябра Цэнтральнага камітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ў 1928 годзе.

Пад час душпастырскай дзейнасьці ў Пінскай дыяцэзіі далучыўся да беларускай культурна-асьветніцкай і рэлігійнай працы. Вёў казаньні на беларускай мове, дапамагаў беларускім вуніяцкім парафіям у Альпені, Дзяляцічах, Хутарах і інш. Заснаваў Саюз каталіцкай моладзі ў Баранавічах.

З 1929 году супрацоўнічаў зь Беларускім Каталіцкім Выдавецтвам. Пісаў для беларускіх рэлігійных выданьняў «Krynica», «Chryścijanskaja Dumka». Друкаваўся на старонках беларускага вуніяцкага часопіса «Да злучэньня» (1932—1937). Перакладаў на беларускую мову творы дацкага паэта І. Ёргенсэна (у 1926 годзе ў Вільні выдаў яго рэлігійна-філязофскі нарыс «Прыпавесьці»). Супрацоўнічаў з вуніяцкімі сьвятарамі А.Неманцэвічам і Вацлавам Аношкам.

Вядома, што кс. Татарыновіч шмат разоў прыяджаў да беларускага пробашча ўніяцкай парафіі в. Альпень на Палесьсі Вацлава Аношкі, дзе дапамагаў у пастырскай дзейнасьці. Тамака ён запомніўся таксама выдатнымі беларускімі прамовамі.

Напачатку 1930-х сярод сябра Беларускага інстытуту гаспадаркі і культуры (БІГіК) зьявілася ідэя стварэньня нацыянальных дамоў. У 1936 годзе ў Мядзьведзічах быў збудаваны першы і адзіны Беларускі дом. Першапачаткова на яго будаўніцтва ахвяраўваў адзін жыхар гміны 100 даляраў. Пасьля грошы зьбіралі сябры БІГіК прыкладна па 100 злотых. Афіцыйным інвэстарам гэтай будаўніцтва лічыўся кс. Татарыновіч, які інфармаваў польскія ўлады, што будуе дом на ўласныя сродкі й патрэбы. Пасьля заканчэньня будоўлі Татарыновіч падараваў дом БІГіК.

Выдаваў кнігі й брашуры (Сьвяты Ізідар хлебароб (1928), Вялікія людзі, Купальле(1930), Шляхам дзіваў і ўражаньняў (1934), Зярняткі з роднай юнацкай нівы.

З прычыны хваробы (сухоты) у 1939 годзе быў часова звольнены ад сваіх абавязкаў. У 1940 годзе уцёк з-пад савецкага арышту ў зону нямецкай акупацыі.

Быў запрошаны разам зь іншым беларускім духавенствам 15 сьнежня 1941 году на канфэрэнцыю школьных інспэктараў, што абывалася ў Менскім гарадзкім тэатры (сёньня — тэатар імя Янкі Купалы). Кс. Татарыновіч прыйшоў на яе ў звычайным касьцюме. Разам з Антонам Шукелойцям, Адамовічам, Савёнкам, Сянкевічам ён заняў месцы на галёрцы, а не ў першым шэрагу зь іншымі сьвятарамі. Пад час выкананьня нямецкага гімну беларускія ксяндзы ўзьняліся, але не выцягнулі рукі. Адразу пасьля заканчэньня канфэрэнцыі кс. Глякоўскі і Малец былі арыштаваныя СД. Татарыновіча пасьпелі схаваць людзі з каталіцкага камітэту (яго выратавала цывільнае ўбраньне і знаходжаньне на галёрцы) і назаўтра пераправілі ў Баранавічы. Неўзабаве адтуль зьехаў у Варшаву.

Жыў у Варшаве, дзе выкладаў рэлігію ў беларускай школе і працаваў пробашчам напачатку ў касьцёле сьв. Марціна, а потым у касьцёле айцоў базыльянаў. У 1943 годзе працаваў рэфэрэнтам культуры і асьветы ў Беларускім камітэце.

Удзельнік 2-га Ўсебеларускага кангрэса ў Менску, дзе выступіў з прывітальнай прамовай.

З 1944 году — на эміграцыі. Напачатку жыў у Ратэнбургу (Нямеччына). З кастрычніка 1945 году ў Рыме.

У 1945—1949 гадах навучаўся ў папскім Усходнім інстытуце, абараніў доктарскую працу «Сьв. Кірыла Тураўскі і яго дактрына асцэтычная». Зь верасьня 1950 да 1975 году выдаваў беларускі каталіцкі часопіс «Źnič». Арганізаваў у 1950 годзе Беларускую праграму «Радыё Ватыкану». Перадаў у 1970 годзе кіраўніцтва Беларускай праграмы вядомаму беларускаму сьвятару, архімандрыту Льву Гарошку.

Выдавец беларускай духоўнай літаратуры. Аўтар перакладу і тлумачэньняў кнігі «Сьвятая Эвангелія, Апостальскія Дзеі» (Рым, 1954). Пераклаў на беларускую мову раман Сянкевіча «Quo vadis» (Рым, 1956).

Рашэньнем Кансістарыяльнай кангрэгацыі 21 студзеня 1964 году прызначаны Апостальскім пасадам дырэктарам душпастыраў лацінскага абраду сярод беларускай эміграцыі.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ks. Ad. Stankewicz «Rodnaja mowa ŭ światyniach», Вільня, 1929, Хрысьціянская думка.
  • Elenchus... Pinscensis; Бацькаўшчына (Мюнхэн). 1961. № 50-51;
  • Małgorzata Moroz «KRYNICA» — Ideologia i przywódcy białoruskiego katolicyzmu", Беласток, 2001.
  • Spis kościołów i duchowieństwa diecezji Pińskiej w R.P. 1933 i 1934 (stan diecezji na dzień 31 grudnia 1933), Пінск, 1933, Wydawnictwo Drukarni Diecezjalnej
  • Беларус (Нью-Ёрк). 1978. № 258; 1980. № 283—284.
  • Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны. Менск-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999
  • Юры Туронак «Мадэрная гісторыя Беларусі» разьдзел — «Трагізм і загадкавасьць лёсаў. Да гісторыі беларускага каталіцкага душпастырства ў Менску», Вільня, Інстытут беларусістыкі, 2006
  • Юры Туронак «Трагізм і загадкавасьць лёсаў», «Наша вера», 1(2)-1996.
  • Мартос А.; Божым шляхам (Лёндан). 1967. № 1; 1979. № 150;

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]