Ł
Ł, ł — літара лацінскага альфабэту, што выкарыстоўваецца ў польскай, кашубскай, лужыцкіх мовах, у беларускім лацінскім альфабэце і некаторых праектах украінскае лацінкі, а зь неславянскіх моваў — у вэнэцскай, вілямаўскай мове, у мовах наваха, інупіяк, дэнэ сулінэ, догрыб.
У славянскіх мовах Ł пазначае гук, што ўзыходзіць да агульнаславянскага непаляталізаванага [l].
Упершыню пазначэньне цьвёрдага і паляталізаванага польскіх гукаў [l]/[ʎ] рознымі літарамі сустракаецца ў артаграфічным трактаце Якуба Пакашовіца, напісаным каля 1440 году (захаваўся ў сьпісах 1460—1470-х): для паляталізаванага гуку ён прапанаваў літару ў выглядзе рукапіснага , а для цьвёрдага — l з рыскай, што ідзе налева дагары (нешта падобнае да Ч); зрэшты, прыкладаў ужываньня такое артаграфіі не захавалася.
Пазначаць паляталізаваны гук літарай L, а цьвёрды — перакрэсьленай Ł упершыню прапанаваў Станіслаў Забароўскі, які ў 1514—1515 надрукаваў у Кракаве кнігу «Orthographia seu modus recte scribendi et legendi Polonicum idioma quam ultissimus»; ён жа лічыцца «бацькам» польскае літары Ż, астатнія ж прапанаваныя ім напісаньні не прыжыліся, хоць сама ідэя выкарыстаньня для польскага пісьменства дыякрытычных знакаў замест зьмены формы ўласна літар таксама належыць яму. Першапачаткова Ł абазначала вэлярызаваны (цьвёрды) гук [ɫ][1], і такое вымаўленьне захавалася і ў цяперашні час на ўсходзе Польшчы[2] і ў мове польскай меншасьці ў Летуве, Беларусі, Украіне. Вымаўленьне гэтага гуку падобнае да вымаўленьня беларускага цьвёрдага Л (тым ня менш, беларускае цьвёрдае [л] ёсьць іншай фанэмай і ў міжнародным фанэтычным альфабэце пазначаецца іншым сымбалем — [l]). Да сярэдзіны XX ст. вымаўленьне цьвёрдага Ł зьяўлялася абавязковым для работнікаў радыё і тэлебачаньня, а таксама ў сцэнічнай мове, з-за чаго атрымала назву «ł aktorskie». У сучаснасьці ж польскае Ł пераважна пазначае гук /w/, блізкі да беларускага Ў або ангельскага W[3]. Гэтак ładny («прыгожы, ладны») вымаўляецца як /ˈўадны/, słowo («слова») — /ˈсўова/, і ciało («цела») — /ˈч'аўа/. Разам з тым, старое вымаўленьне літары Ł у Польшчы зьяўляецца цалкам зразумелым, але ў большасьці рэгіёнаў лічыцца штучным.
Пры пісьме ад рукі перакрэсьліваньне літары Ł/ł замяняецца тыльдай над літарай.
У беларускай лацінцы літара Ł замяняе звычайную кірылічную Л. Выкарыстоўваецца для пазначэньня звычайнага, цьвёрдага [l], у той час як літара L пазначае моцна паляталізаваны [lʲ], які сваім вымаўленьнем крыху адрозьніваецца ад польскага [ʎ], пазначанага гэтай жа літарай.
У мове наваха Ł выкарыстоўваецца для пазначэньня альвэалярнага лятэральнага фрыкатыўнага гуку [ɬ], падобнага да гуку валійскае мовы, які пазначаецца Ll.
У вэнэцкай Ł пазначае слабое (пераходзіць у [e] і нават цалкам выпадае ў вымаўленьні) інтэрвакальнае [l]. Напрыклад, la gondoła можа вымаўляцца як [lagondola], [lago:ndoa] ці [la go:ndoea].
Літару Ł ужываюць таксама для запісу некаторых скандынаўскіх дыялектаў.
Аналягі літары ёсьць і ў кірыліцы, выкарыстоўваюцца галоўным чынам для пазначэньня спэцыфічных гукаў шэрагу моваў Далёкага Ўсходу Расеі.
Кампутарны ўжытак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Паводле Юнікоду, ł адпавядае U+0142, Ł — U+0141. У сыстэме LaTeX уводзіцца камандай \l.
Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
- Wiesław Wydra, Wojciech Ryszard Rzepka, Chrestomatia staropolska: Teksty do roku 1543. Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk — Łódź: Zakład narodowy im. Ossolińskich, 1984, стар. 298—300 і 315—317, здымак 38.
|