Лагойскі раён
Лагойскі раён | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Беларусь |
Статус | раён Беларусі |
Уваходзіць у | Менская вобласьць |
Адміністрацыйны цэнтар | Лагойск |
Найбуйнейшыя гарады | Лагойск Плешчаніцы |
Колькасьць населеных пунктаў | 318 |
Дата ўтварэньня | 17 ліпеня 1924 |
Старшыня выканкаму | Аляксандар Ласевіч[d] |
Насельніцтва (2018) | 35 631[1] (13-е месца) |
Шчыльнасьць | 15 чал./км² (19-е месца) |
Нацыянальны склад | беларусы — 92,79 %, расейцы — 5,09 %, іншыя — 2,12 %[2] |
Плошча | 2365,02[3] км² (5-е месца) |
Вышыня па-над узр. м. · найвышэйшы пункт · сярэдняя вышыня · найніжэйшы пункт | 333 м 276 м[4] 157,4 м |
Месцазнаходжаньне Лагойскага раёну | |
Мэдыя-зьвесткі | |
Часавы пас | UTC+03:00 |
Тэлефонны код | 17 74 |
Паштовыя індэксы | 223 1xx |
Афіцыйны сайт | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Лаго́йскі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на поўначы Менскай вобласьці Беларусі. Плошча раёну складае 2,4 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 35 631 чалавек[1]. Адміністрацыйны цэнтар — места Лагойск.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1973 годзе быў адкрыты Лагойскі кратэр.
Геаграфічнае становішча
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На поўначы мяжуе з Докшыцкім раёнам Віцебскай вобласьці, на паўднёвым усходзе — зь Менскім і Смалявіцкім, на ўсходзе — з Барысаўскім, на захадзе — зь Вялейскім раёнамі Менскай вобласьці.
Працягласьць тэрыторыі з поўначы на поўдзень — 90 км, з захаду на ўсход — 80 км.
Характэрнай геаграфічнай асаблівасьцю зьяўляецца тое, што па тэрыторыі раёну праходзіць водападзел Балтыйскага і Чорнага мораў.
Рэльеф
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паўднёвая частка раёну (80%) разьмешчаная ў межах Лагойскага і Плешчаніцкага ўзвышшаў і мае буйнаўзгорысты градавы рэльеф. Абсалютныя вышыні вагаюцца ад 240 да 310 м. Паўночна-заходнюю ўскраіну займае Нарачанска-Вялейская нізіна.
18% тэрыторыі знаходзіцца на вышыні 160—200 мэтраў, 57% — на вышыні 200—250 мэтраў, 15% — 250—300 мэтраў, 10% — больш за 300 мэтраў. Глыбіня расчляненьня рэльефу да 40—50 м/км², у межах Нарачанска-Вялейская нізіны да 10 м/км².
- Пункты:
- Самы высокі — гара каля вёскі Вялікія Бясяды Янушкавіцкага сельсавету (333 мэтры над узроўнем мора)
- Самы нізкі — урэз ракі Гайна на ўсходзе (154,7 мэтру над узроўнем мора).
Геалягічная будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У тэктанічных адносінах раён прымеркаваны да Вялейскага пахаванага выступу Беларускай антэклізы. Зьверху залягаюць пароды антрапагенавага ўзросту магутнасьцю ад 70 да 200 мэтраў, каля Лагойску — да 300 мэтраў, ніжэй — дэвонскія адклады да 120 мэтраў і верхнепратэразойскія да 280 мэтраў. У межах Лагойскага мэтэарытнага кратэру пароды ніжняй часткі чахла разбураны, упадзіна запоўнена палеаген-нэагенавымі глінамі, алеўралітамі да 300 мэтраў. Пароды крышталічнага фундамэнту знаходзяцца на глыбіні 250—400 мэтраў ніжэй за ўзровень мора.
Карысныя выкапні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раён мае паклады:
- торфу
- 36 радовішчаў з агульнымі запасамі 34,9 млн тон, найбольшыя зь якіх Чысьцік, Антонаўскае балота, Крамянец;
- пяскова-жвіровых сумесяў
- 11 радовішчаў пяскова-жвіровага матэрыялу з запасамі 196,2 млн м³ (найбольшыя Менскае, Вясьнянскія 1-е і 2-е, Мясчанскае, Слабадзкое, Рэбрышчанскае, Крапужынскае, Чабатароўскае, Фільянаўскае)
- крэйды
- радовішча Крамянец.
Клімат
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Клімат умерана кантынэнтальны. Тэрыторыя раёну адносіцца да Ашмянска-Менска-Сьвянцянскага і Нарачана-Вялейскага (на захадзе) агракліматычных раёнаў. Сярэдняя тэмпэратура студзеня −7,1 °C, ліпеня 17,6 °C. Сярэднярочная колькасьць ападкаў — 631 мм. Працягласьць вэгетацыйнага пэрыяду складае 188 дзён.
Гідраграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па тэрыторыі раёну цячэ 46 рэчак. Агульная працягласьць рачной сеткі складае 673 км. У межах раёну знаходзяцца левабярэжныя прытокі ракі Вяльля — рэчкі Лонва, Дзьвінаса, Ілія, Крайшчанка, Дроздна. Найвялікшая рака раёну — Гайна з прытокамі Цна, Усяжа, Чарняшка. Рака належыць да басэйну Бярэзіна.
На тэрыторыі раёну разьмешчаныя 2 возеры, 20 сажалак, адно вадасховішча (Войкаўскае ля мястэчка Плешчаніцы), плошчай 260 га. Плешчаніцкае вадасховішча перададзена ў арэнду Менскаму абласному БТПР пад прамысловую і аматарскую лоўлю рыбы, сажалка в. Бурыя — ІП «Прырода Лтд» пад аматарскую лоўлю рыбы.
Плошча водаахоўных зонаў на тэрыторыі раёну складае 56,5 тыс. га, прыбярэжных палосаў — 5,1 тыс. га.
Прырода і экалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Расьліннасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пад лясамі каля 50% тэрыторыі раёну, лясы ў асноўным хваёвыя.
Ахова прыроды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У раёне разьмешчаныя 2 заказьнікі дзяржаўнага значэньня: «Антонава» (бабровы) 76 га, «Купалаўскі» (ляндшафтны) 2000 га, 3 помнікаў прыроды мясцовага значэньня можна вылучыць: Лагойскі парк (помнік садова-паркавага мастацтва 1-й паловы XIX стагодзьдзя), Лагойскую крыніцу, Паграбішчанскія крыніцы, 4 заказьнікі мясцовага значэньня.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XXI стагодзьдзе: 2006 год — 38,9 тыс. чалавек; 1 студзеня 2008 году — 38,4 тыс. чалавек, шчыльнасьць насельніцтва — 16 чал/км²; 2009 год — 35 957[2] чалавек (перапіс); 2015 год — 35 145[5] чалавек; 2016 год — 35 372 чалавекі[6]; 2017 год — 35 517 чалавек[7]; 2018 год — 35 631 чалавек[1]
Ахова здароўя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У структуру ДУЗ «Лагойская ЦРБ» уваходзяць: цэнтральная раённая лякарня, 2 паліклінікі, Плешчаніцкая 2-я раённая лякарня, 1 участковая лякарня, 7 лякарняў сястрынскага дагляду, 24 ФАПы, 2 цэладзённыя пасты хуткай мэдыцынскай дапамогі.
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рэалізацыю права грамадзянаў на атрыманьне паўнавартаснай адукацыі ажыцьцяўляюць розныя тыпы навучальных установаў: 23 дзіцячыя дашкольныя ўстановы, 1 гімназія, 15 сярэдніх агульнаадукацыйных школаў, 5 вучэбна-пэдагагічных комплексаў, 7 базавых агульнаадукацыйных школ, 1 вучэбна-пэдагагічны комплекс, 3 вучэбна-пэдагагічныя комплексы, 1 вячэрняя (зьменная) агульнаадукацыйная школа, 2 дамы дзіцячай творчасьці, дзіцячы сацыяльны прытулак, 2 дзіцячыя дамы сямейнага тыпу, Цэнтар карэкцыйна-разьвіцьцёвага навучаньня і рэабілітацыі, 2 прафэсійна-тэхнічныя вучэльні, УКК.
Агульнаадукацыйныя ўстановы наведваюць 4618 вучняў, дашкольныя — 1138 дзяцей.
Ахоп навучэнцаў раёну рознымі тыпамі дыфэрэнцыяванага навучаньня склаў: у 1—11 кл. — 49%, 8—11 кл. — 72,5%. 85% школаў надаюць адукацыйныя паслугі на падвышаным і паглыбленым узроўні. Установы адукацыі раёну падтрымліваюць сувязі зь 7 вышэйшымі навучальнымі ўстановамі.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У раёне ёсьць неабходная база для арганізацыі вольнага часу, задавальненьня запатрабаваньняў і разьвіцьці творчых здольнасьцяў жыхароў: 2 дзіцячыя школы мастацтваў, дом рамёстваў, ганчарная майстэрня, 42 бібліятэкі, 29 клюбных установаў, раённы гісторыка-краязнаўчы музэй, раённы Цэнтар культуры.
Гаспадарчая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прамысловасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На тэрыторыі раёну працуюць 15 прамысловых прадпрыемстваў: ВРУП "Завод «Эпас», КУП «Лагойскі РКБА», ПУП «Лагойскі каапнарыхтпрам», ВУСТАА «Тыгер» Лагойскі ўчастак, ААТ «Барысаўскі малкамбінат» Лагойскі ўчастак, ІП «Мінаўта», ААТ «Плешчаніцлес», ВРУП «Кобальт», ІП «Белы Балт Форэст», СП ТАА «Бакемін», участак ААТ «Менсксельбуд», участак СП ТАА «Прафітсыстэм», МАУП «Лагойскі вэтсанутыльзавод», УП «Мэтрон», ПК ААТ «Нярудпрам».
Прамысловасьць раёну ў асноўным арыентаваная на выпуск прадукцыі лесаматэрыялаў і піламатэрыялаў хлебабулачных, кандытарскіх і каўбасных вырабаў, вытворчасьць супрацьпажарнага абсталяваньня, пяскова-жвіравых сумесяў, дэталяў і вузлоў для машынабудаваньня, бялковага абагачальніка кормаў.
Сельская гаспадарка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У аграпрамысловы комплекс раёну ўваходзяць 21 сельгасарганізацыя і сельгаспрадпрыемства: УП «Барысаўскі КХП», РУСПП "Птушкафабрыка «Перамога», ААТ "Лагойская машынна-тэхналягічная станцыя «Раёнаграсэрвіс», ЗАТ «Лагойскае аграпрамэнерга». Зарэгістраваная 21 фэрмэрская гаспадарка.
Раён у асноўным спэцыялізуецца на вытворчасьці малака, мяса, збожжа, бульбы. Найбуйнейшая гаспадарка — СК «Лагойскі» РДУП «Беларуснафта-Менскаблнафтапрадукт».
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па тэрыторыі раёну праходзяць аўтадарогі ў кірунках Менску, Лепелю, Смалявічаў, Барысава, Маладэчна, Вялейкі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лагойшчына мае багатую гісторыю. На гэтай зямлі знаходзіцца мноства помнікаў старажытнасьці і архітэктуры. Тут да сёньняшняга дня захаваліся рэшткі старажытных гарадзішчаў, адзінкавыя курганы, а часам і цэлыя курганныя могільнікі.
Цэнтар рэгіёну, Лагойск, належыць да найстаражытнейшых беларускіх паселішчаў. Сваю назву па ўсёй верагоднасьці места атрымала ад слова «лог», «лагчына» — адпаведна, і разьмешчанае яно ў абалонавай даліне ракі Гайна, паміж лясамі і гарамі.
- 1078: Лагойск (летапісны Лагожск, Лагожаск) упершыню згадваецца ў «Павучаньні» Ўладзімера Манамаха: «Пожог землю и, повоевав до Лукомля и до Логожьска, та на Дръютъск воюя».
- Апошняя чвэрць XI стагодзьдзя — Лагойшчына ўваходзіць у склад Полацкай зямлі.
- 1127: падчас паходу вялікага князя кіеўскага Амсьціслава Ўладзімеравіча на Полацкае княства Лагойск быў разрабаваны, яго жыхары ўзятыя ў палон, а места было перададзенае Ізяславу Амсьціславічу.
- 1180: згадка пра асобнае Лагойскага княства з цэнтрам у месьце Лагойску.
- 1-я чвэрць XIV стагодзьдзя: Лагойшчына ўваходзіць у склад Вялікага Княства Літоўскага.
- 1387: вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Ягайла перадаў Лагойск у валоданьне свайму брату Скіргайлу.
- 1392: Лагойскам уладарыць вялікі князь Вітаўт.
- 1413: Лагойшчына ўвайшла ў склад Віленскага ваяводзтва. Пры вялікім князю Казімеру Лагойск перайшоў да князёў Чартарыйскіх.
- 1505: Лагойск разрабаваны і спалены крымскімі татарамі.
- 1528 : уладальнікамі Лагойска сталі Тышкевічы.
- 1596—1793: Лагойшчына знаходзіцца ў складзе Менскага ваяводзтва.
- 1519, 1535, 1655: падчас вайны Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім княствам Літоўскім (1512—1522, 1534—1537), і ў вайну з Рэччу Паспалітай Абодвух Народаў 1654—1667 Лагойск быў заняты расейскімі войскамі.
- 1673: Лагойск атрымаў каралеўскі прывілей на штотыднёвы гандаль і 2 кірмашы на рок.
- 6 траўня 1708: падчас Паўночнай вайны (1700—1721) Лагойск быў заняты швэдамі, якія спалілі замак.
- 1765: на месцы зруйнавага Лагойскага замка быў збудаваны кляштар базыльянаў.
- 1793: у выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў Лагойшчына была далучаная да Расейскае імпэрыі. Лагойск атрымаў статус мястэчка, цэнтру воласьці Барысаўскага павету Менскай губэрні.
- 17 ліпеня 1924: быў утвораны Лагойскі раён у межах Беларускай ССР у складзе Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублікаў.
- 27 ліпеня 1990: Лагойскі раён — адміністрацыйная адзінка дзяржавы Рэспубліка Беларусь (Беларусь)
- 18 жніўня 1998: раённы цэнтар Лагойск атрымаў статус гораду
- 2004: на тэрыторыі раёну створаны гарналыжны цэнтар «Лагойск»
- 29 студзеня 2005: на тэрыторыі раёну створаны гарналыжны цэнтар «Сілічы».[8]
Спорт і турызм
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]За маляўнічую пагорыстую мясцовасьць Лагойшчыну завуць беларускай Швайцарыяй. Рэгіён мае багатую гісторыка-этнаграфічную, архітэктурную і літаратурна-культурную спадчыну, прывабныя маляўнічымі пэйзажы і прыродныя рэсурсы, выдатныя ўмовы для адпачынку і аздараўленьня, добрую матэрыяльна-спартовую базу.
На тэрыторыі раёну разьмешчаныя Дамы адпачынку «Лагойскі», «Рудня», «Моладзі», 2 Дамы паляўнічага і рыбалова.
Дзейнічаюць гарналыжныя курорты Сілічы і Лагойск.
Музэі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На тэрыторыі раёну знаходзяцца мэмарыяльныя комплексы Хатынь і Дальва на месцы вёсак, якія былі спаленыя разам з жыхарамі нямецка-фашыскімі захопнікамі. У вёсцы Янушкавічы знаходзіцца музэй, прасьвечаны нямецка-савецкай вайне.
Гісторыка-архітэктурныя каштоўнасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Капліца Сьвятога Яна Хрысьціцеля ў в. Амнішаве (1816)
- Капліца ў в. Жардзяжжа (1860)
- Царква ў в. Ізьбішча (2-я палова XIX стагодзьдзя)
- Царква Ўсьпеньня Прасьвятой Багародзіцы ў в. Косіне (2-я палова XIX ст.)
- Царква Сьвятога Мікалая і капліца ў в. Лагаза (канец XIX ст.)
- Царква Сьвятога Мікалая ў месьце Лагойск (1862)
- Рэшткі капліцы-пахавальні ў в. Студзянец (пачатак XX стагодзьдзя)
- Капліца Сьвятога Дамініка ў в. Хатаевічах (XIX ст.)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Царква Ўсьпеньня Прасьвятой Багародзіцы ў в. Бяларучах (канец XVIII стагодзьдзя)
- Касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў в. Гайне (1788)
- Касьцёл Сьвятога Яна Храсьціцеля ў в. Ганевічах (1775)
- Касьцёл Сьвятога Казімера ў месьце Лагойск (канец XVIII ст.)
- Палац Тышкевічаў у месьце Лагойску (канец XVIII ст.)
- Касьцёл Сьвятога Дамініка ў в. Хатаевічах (Акцябар) (пачатак XX ст.)
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Эрнст Бабенка (1937, г.п. Плешчаніцы — 2019) — рэктар Наваполацкага політэхнічнага інстытута[9]
- Зьмітрок Бядуля (1886—1941) — беларускі пісьменьнік
- Ніл Гілевіч (1931—2016) — беларускі паэт і грамадзкі дзяяч, народны паэт Беларусі
- Мікола Гіль (1936 - 2022) — беларускі пісьменьнік, журналіст, перакладнік.
- Зарыян Даленга-Хадакоўскі (1784—1825) — беларускі фальклярыст і этнограф
- Язэп Гладкі (1890—1972) — беларускі этнограф, мовазнаўца, лексыкограф і пэдагог
- Леапольд Радзевіч (1895—1938?) — беларускі паэт
- Часлаў Радзевіч (1889—1942) — беларускі тэатральны і грамадзкі дзяяч
- Апалёнія Савёнак (1901, засьценак Аўгустова — 1982) — беларуская пісьменніца
- Ігнат Шыдлоўскі (1793—1846) — беларускі і польскі паэт, перакладнік, фальклярыст
- Іван Пташнікаў (1932—2016) — беларускі пісьменьнік
- Вячаслаў Селях (1885—1976) — беларускі опэрны сьпявак, харавы і тэатральны дзяяч, кампазытар, пэдагог
- Уладзімер Ганчарык (нар. 1940) — беларускі палітычны дзяяч, кандыдат у прэзыдэнты (2001)
- Мікола Трухан (1947, Плешчаніцы — 1999) — беларускі рэжысёр, акцёр
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ а б Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Государственный земельный кадастр Республики Беларусь (рас.) (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ^ GeoNames (анг.) — 2005.
- ^ Численность населения на 1 января 2015 г. и среднегодовая численность населения за 2014 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов, поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Разьдзел напісаны паводле інфармацыі з афіцыйнага сайту Лагойскага раённага выканаўчага камітэту
- ^ Імены Свабоды https://docs.rferl.org/be-BY/2020/11/07/96247f72-a7e0-4382-ad1c-ec68459cf6b7.pdf
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Логойский район // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.