Нарачанска-Вялейская нізіна
Нарача́нска-Вяле́йская нізі́на — нізіна на паўночным захадзе Беларусі. Займае часткова Вялейскі, Лагойскі, Маладэчанскі раёны Менскай вобласьці, Астравецкі і Смаргонскі раёны Гарадзенскай вобласьці.
Мяжуе на поўначы са Сьвянцянскімі градамі, на ўсходзе зь Верхнебярэзінскай нізінай, на паўднёвым усходзе зь Менскім узвышшам, на паўднёвым захадзе з Ашмянскім узвышшам, на паўночным захадзе зь Нярыска-Жэймянскай нізінай (у Летуве). Працягнулася з захаду на ўсход ад 115 да 145 км, з поўначы на поўдзень ад 35 да 75 км, плошча 8,7 тыс. км².
Пераважаюць вышыні 155—190 м, на Канстантынаўскай градзе, што знаходзіцца на тэрыторыі нізіны — найвышэйшы пункт 232 м над узроўнем мора. Будова нізіны складаная. Сучасная яе паверхня ўтворана пераважна сожаўскім і паазерскім ледавікамі і іх расталымі водамі. Яна спадзістахвалістая і плоская, месцамі хвалістая і градава-хвалістая (Сьвірская града, Куранецкае ўзвышша і іншыя). Адносныя перавышэньні 3—7 м, каля ледавіковых градаў 30—50 м. Для нізіны ўласьцівыя замкнёныя забалочаныя дзялянкі зь ледавіковымі азёрамі, пясковымі ўзгоркамі-дзюнамі. Карысныя выкапні: гліны, жвір, пяскі, торф, бузы, мінэральныя воды (Нарачанская крыніца).
Рэкі належаць да басэйну Нёману, найвялікшыя Вяльля з прытокамі Ашмянка, Вуша, Ілія, Дзьвінаса, Сэрвач, Нарач з Вузьлянкай, Страча. Шмат азёраў, найвялікшыя Нарач, Мястра, Баторына, Сьвір, Вішнеўскае, Вялікія і Малыя Швакшты, Сарачанскія. У межах нізіны Вялейскае вадасховішча і частка канала Вялейска-Менскай воднай сыстэмы.
Пад ральлёй 30%, пад лесам 36% тэрыторыі.
Тут разьмяшчаюцца Нарачанскі нацыянальны парк. Вакол возера Нарач курортная і водаахоўная зоны.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нарачана-Вілейская нізіна // Геаграфія Беларусі: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Л. В. Казлоўская і інш. — Мн., 1992. — С. 63—64.