Зарыян Даленга-Хадакоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Зарыян Даленга-Хадакоўскі

Зарыян Даленга-Хадакоўскі (сапраўднае імя — Адам Чарноцкі; 24 сьнежня, паводле іншых крыніцаў 7 (15) красавіка 1784[1], маёнтак каля вёскі Гайна Менскага павету Менскага ваяводзтва, цяпер Лагойскі раён Менскай вобласьці — 17 (29) лістапада 1825, сяло Пятроўскае Цьвярской губэрні, цяпер Цьвярской вобласьці) — беларускі археоляг, фальклярыст, этнограф, дыялектоляг.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адам Чарноцкі паходзіў са шляхецкай сям'і. У 1801 годзе скончыў Слуцкую павятовую вучэльню. У 1801—1804 гадах праходзіў юрыдычную практыку ў Наваградку. У 1805 годзе здаў экзамэны па юрыспрудэнцыі і атрымаў патэнт на права кіраваньня маёмасьцю. Працаваў аканомам у маёнтку графа Юзэфа Несялоўскага, прыватным адвакатам у Менску. Арыштаваны царскімі ўладамі 24 сакавіка 1809 году за выказаную ў прыватным лісьце прыхільнасьць да антыпрыгоньніцкіх ідэяў Напалеона. Пасьля 7 месяцаў зьняволеньня ў Петрапаўлаўскай крэпасьці быў пазбаўлены шляхецтва і накіраваны жаўнерам у Омск. У 1811 годзе ў Бабруйску імітаваў утапленьне; уцёк у Варшаву, уступіў у францускую армію. Менавіта пасьля паразы Напалеона мусіў хавацца і ўзяў псэўданім «Даленга-Хадакоўскі».

У 1813—1818 гадах падарожнічаў па Беларусі, Польшчы, Украіне; працаваў у архівах і бібліятэках; дасьледаваў гарадзішчы ў Полацку, Віцебску, Тураве, Бабруйскім павеце, каля Бярэсьця, Гомелю, Магілёва, рабіў запісы фальклёру, абрадаў, мясцовых дыялектаў. 14 сьнежня 1818 году ўпершыню ў Беларусі атрымаў ад Віленскага ўнівэрсытэту адкрыты ліст (дазвол) на права раскопак. У 1818 годзе выдаў сваю галоўную працу «Пра славяншчыну да хрысьціянства», якая прынесла яму шырокую вядомасьць. У 1819 годзе стаў чальцом-карэспандэнтам Варшаўскага Таварыства сяброў навук, сябрам Пецярбургскага Вольнага таварыства аматараў расейскай славеснасьці; у 1820 годзе — Маскоўскага Таварыства гісторыі і старажытнасьцяў расейскіх. Адным зь першых абгрунтаваў ідэю славянскай агульнасьці ў дагістарычны час. У 1820—1821 гадах, атрымаўшы дапамогу Міністэрства народнай асьветы Расеі, арганізаваў дасьледныя паездкі па Поўначы Расеі. Апошнія рокі жыцьця правёў у Цьвярской губэрніі, дзе ўладкаваўся аканомам маёнтку. Большасьць ягоных працаў засталіся неапублікаванымі, частка загінула. Запісы беларускага фальклёру (да 500 песень) знаходзяцца ў архіве, у тым ліку ў Санкт-Пецярбургу.

Асноўныя працы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Пра славяншчыну да хрысьціянства» (1818).

У працы ўпершыню паказаныя старажытнаславянскі побыт, культуру й народную творчасьць у дахрысьціянскі пэрыяд.

  • «Дасьледаваньні адносна расейскай гісторыі» (1819).

Крытыка некаторых тэзаў Карамзіна і ўдакладненьне фактаў з гісторыі Беларусі.

  • Чатырохтомнік «Слоўнік назваў гарадзішчаў і ўрочышчаў» (1844).

Паводле Г.А.Каханоўскага, у ім налічваецца каля 200 пунктаў на тэрыторыі Беларусі.

  • «Праект навуковага падарожжа па Расеі для вытлумачэньня старажытнай славянскай гісторыі» (1820) і «Гістарычная сыстэма Хадакоўскага» (1838).

У працы прыведзена абрунтаваньне археалягічнай тэорыі гарадзішчаў, вызначаныя прынцыпы збору фальклёру і дыялектнай лексікі. Таксама ў ёй была паказаная тэрыторыю пашырэньня беларускай мовы і ўпершыню ў славістыцы прадэманстраваная роля тапанімікі ў гістарычных дасьледаваньнях.[2] Л.А.Малаш-Аксамітава назвала дасьледніка «першым беларускім мовазнаўцам, фальклярыстам, археолягам і этнографам».

Даленга-Хадакоўскі лічыцца заснавальнікам гістарычнай геаграфіі ў Беларусі. Ён першым пачаў складаць «Славянскую геаграфію». Таксама дасьледнік першым узяўся за вывучэньне старажытных шляхоў зносінаў. Са спасылкай на гістарычныя крыніцы прасачыў на беларускіх землях перавалачныя дарогі з Кіева ў Полацак, Прыпяцкі водны шлях.

Фальклёрны архіў З. Даленгі-Хадакоўскага паралельна са зборам сэрба Вука Караджыча — першы і найбагацейшы збор фальклёру славянскіх народаў паводле колькасьці запісаў і паводле велічыні ахопленай тэрыторыі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ДАЛЕНГА-ХАДАКОЎСКІ Зарыян Якаўлевіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
  2. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Менск, 2001. С. 489

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Аксамітаў А.С., Малаш Л.А. З душой славяніна: Жыццё і дзейнасць З.Я. Даленгі-Хадакоўскага. Мн., 1991.
  • Малаш, Леаніла. Піянер славяназнаўства // Далэнга-Хадакоўскі, Зарыян. Выбранае. Мн., 2007. С. 5–36.
  • ДАЛЕНГА-ХАДАКОЎСКІ Зарыян Якаўлевіч // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Менск: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006.— 345 с. ISBN 985-417-858-7.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Зарыян Даленга-Хадакоўскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў