Перайсьці да зьместу

Менская вобласьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Міншчына»)
Менская вобласьць
Mienskaja vobłaść?

Сьцяг
Агульныя зьвесткі
Краіна Беларусь
Статус вобласьць
Адміністрацыйны цэнтар Менск
Улучае 22 раёны
Найбольшы горад Менск
Іншыя буйныя гарады Барысаў
Салігорск
Маладэчна
Дата ўтварэньня 15 студзеня 1938
Старшыня аблвыканкаму Анатоль Ісачэнка
Насельніцтва (2018)
1 426 525[1] (15%, 2-е месца)
Шчыльнасьць 35,5 чал./км²
Нацыянальны склад беларусы — 88,5%
расейцы — 7,1%
палякі — 1,3%
украінцы — 1,2%[2]
Плошча 40,2 тыс. км² (19,4%, 1-е месца)
Вышыня па-над узр. м.
 · найвышэйшы пункт
 · сярэдняя вышыня
 · найніжэйшы пункт

 Сьвятая гара — 345 м
 216 м[3]
 130 м
Месцазнаходжаньне Менскай вобласьці
Менская вобласьць на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас UTC +3
Код ISO 3166-2 BY-MI
Тэлефонны код +375-17
Паштовыя індэксы 222 xxx, 223 xxx
Код аўтам. нумароў 5
Афіцыйны сайт
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Ме́нская во́бласьцьадміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Беларусі. Плошча вобласьці складае 40,2 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 1 426 525 чалавек[1]. Адміністрацыйны цэнтар — места Менск.

Рэканструкцыя гербу Менскага ваяводзтва

Геаграфічнае становішча

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Менская вобласьць разьмешчаная ў цэнтральнай частцы Беларусі. Максымальная працягласьць тэрыторыі з поўначы на поўдзень — 315 км, а з усходу на захад — 240 км. Тэрыторыя вобласьці, з улікам Менску, складае 40,8 тыс. км² (19,4% тэрыторыі Беларусі).

На ўсходзе Менская вобласьць мяжуе з Магілёўскай, на поўначы — зь Віцебскай, на захадзе — з Гарадзенскай, на паўднёвым захадзе — зь Берасьцейская, на поўдні — з Гомельскай абласьцямі. Менская вобласьць, адзіная ў Беларусі, не мяжуе зь іншымі дзяржавамі, але дзякуючы таму, што па яе тэрыторыі праходзяць найважнейшыя транспартныя калідоры, тут ёсьць добрыя магчымасьці для ажыцьцяўленьня выгодных эканамічных сувязяў з краінамі блізкага і далёкага замежжа.

У цяперашні час Меншчына — адзін з найбольш эканамічна разьвітых рэгіёнаў Беларусі. Надзвычай выгоднае геаграфічнае становішча, наяўнасьць прыродна-рэсурсавага патэнцыялу вызначаюць фактары сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця вобласьці.

Рэльеф раўнінны і ўзгорысты. Пераважаюць вышыні 150—200 м над узроўнем мора. На паўночным захадзе — Менскае ўзвышша, на поўначы — Нарачанска-Вялейская і Верхнебярэзінская нізіны, на паўночным усходзе — Аршанскае ўзвышша, на ўсходзе — Цэнтральнабярэзінская раўніна, на поўдні — Стаўпецкая раўніна, Капыльская града, ускраіна Палескай нізіны.

У паўночна-заходняй частцы вобласьці знаходзіцца найвышэйшы пункт Беларусі — гара Сьвятая (345 м). Найніжэйшая кропка Менскай вобласьці — 130 м (раён ракі Арэсы).

Менская зямля багатая такімі карыснымі выкапнямі, як калійная і каменная солі, торф, гліна, бузы, пяскова-жвіровыя матэрыялы, жалезная руда, гаручыя лупнякі, мінэральная вада і іншыя.

Клімат і расьліннасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Клімат умерана-кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня ад –6,1 °С да -7,4 °С, ліпеня 17,3 — 18,4 °С. Вэгетацыйны пэрыяд 186—195 дзён. Ападкаў выпадае 580—670 мм за год.

37% тэрыторыі Меншчыны пакрытыя лесам — гэта спалучэньне іглічных лясоў усходнеэўрапейскага і шырокаліставых лясоў заходнеэўрапейскага кшталтаў. У Лагойскам, Барысаўскім, Бярэзінскім, Старадароскім і Крупском раёнах лясістасьць дасягае 45—50 %.

У межах Менскай вобласьці разьмешчаная частка Бярэзінскага біясфэрнага запаведніку, якому нададзены статус міжнароднага, прыродны нацыянальны парк Нарачанскі і шэраг іншых. Агульная плошча асабіста ахоўных тэрыторыяў дзяржаўнага значэньня складае 49,2 тыс. га або 1,23% ад агульнай плошчы вобласьці. Апроч гэтага створаныя 42 заказьнікі мясцовага значэньня плошчай 54,2 тыс. га. Узятыя пад ахову 198 помнікаў прыроды.

Па тэрыторыі Меншчыны праходзіць водападзел паміж рэкамі Балтыйскага і Чорнага мораў — Нёманам і Дняпром. Вобласьць займае другое месца ў Беларусі па колькасьці вадаёмаў і вадацёкаў і налічвае больш за 450 рэчак агульнай даўжынёй звыш 10 тыс. км, каля 500 вадаёмаў, якія маюць плошчу люстэрка вады ў памеры 246,2 км², 28 штучных вадасховішчаў. Большасьць азёраў рэгіёну ледавіковага паходжаньня. Яны складаюць неад’емную частку ляндшафтаў вобласьці.

Найбуйнейшыя рэкі: Нёман, Вяльля, Бярэзіна, Гайна, Сьвіслач, Пціч, Случ, Лань. Вялейска-Менская водная сыстэма. Азёры: Нарач, Сьвір, Мястра, Баторына, Балдук, Глубля, Глубелька, Сялява, Пялік. Вадасховішчы: Заслаўскае, Салігорскае, Любанскае і іншыя.

У вобласьці створаная разгалінаваная сетка аўтамабільных шляхоў, якая дазваляе забясьпечваць сувязь практычна з усімі населенымі пунктамі вобласьці і краіны. Менская вобласьць разьмешчана на скрыжаваньні асноўных транспартных маршрутаў, якія злучаюць дзяржавы Заходняй Эўропы з Усходам, рэгіёны Чарнаморскага ўзьбярэжжа з краінамі Балтыйскага мора.

Аўтамабільная дарога ГомельМенскВільняКлайпедаКаралявец мае працягласьць па тэрыторыі Беларусі 468 км і забясьпечвае выйсьце з абласьцей Усходняй Украіны і Цэнтральнай Расеі да спэцыялізаваных марскіх партоў Клайпэды, Вэнтсьпілса і Калінінграда. Аўтамабільная дарога БерасьцеМенск — мяжа Расейскай Фэдэрацыі зьяўляецца ўдзельнікам Крыцкага калідору II, які злучае Нямеччыну, Польшчу, Беларусь і Расею.

Спрыяльныя ўмовы для перавозкі грузаў і пасажыраў стварае чыгуначная сетка Менскай вобласьці. Найболей значныя чыгуначныя вузлы — Менск, Маладэчна. Па тэрыторыі вобласьці праходзіць чыгуначная лінія БерасьцеМенск — мяжа Расеі працягласьцю 615 км, якая забясьпечвае рух грузавых цягнікоў з хуткасьцю да 100 км/гадз. і пасажырскіх — да 160 км/гадз. Асноўныя транспартныя струмені праходзяць у напрамку на Ўсход — у Расею і краіны Азіяцкага рэгіёну, на поўнач — у парты Балтыйскага мора, на захад — у краіны Эўропы і на поўдзень — у краіны Чарнаморскага рэгіёна. Добрым прыкладам на рынку транспартных паслугаў могуць служыць: спэцыялізаваныя цягнікі «Усходні ветравей» БэрлінБерасьцеМенскМасква, «Расея экспрэс» НямеччынаПольшчаБеларусьРасея, РатэрдамБэрлінВаршаваМенскМасква/Санкт-Пецярбург і іншыя.

Прамысловасьць вобласьці носіць шматгаліновы характар, у значнай ступені грунтуецца на выкарыстаньні мясцовых прыродна-сыравінных рэсурсаў. У яе структуры высокую ўдзельную вагу займае прадукцыя машынабудаваньня, хімічнай прамысловасьці. Прадпрыемствы машынабудаваньня арыентаваныя на вытворчасьць кар’ерных самаскідаў, станкоў, прыладаў, тэхнічнага абсталяваньня, прадукцыі электратэхнічнай і радыёэлектроннай прамысловасьці. Наймагутнейшае прадпрыемства вялікагрузных самаскідаў — ПА «Беларускі аўтамабільны завод» у месьце Жодзіне. Найбуйнейшае прадпрыемства хімічнай прамысловасьці — ААТ «Беларуськалій» у месьце Салігорску. Сярод прадпрыемстваў будаўнічых матэрыялаў — 6 заводаў жалезабэтонных вырабаў, а таксама заводы зборнага жалезабэтону і іншыя. У вобласьці працуе 5 мэблевых фабрыкаў, 7 ільнозаводаў, 4 фабрыкі мастацкіх вырабаў, 2 шклозавода. Найвялікшыя прадпрыемствы лёгкай прамысловасьці — філіі менскіх вытворчых аб’яднаньняў. Акрамя гэтага, у рэгіёне атрымалі значнае разьвіцьцё вытворчасьці па перапрацоўцы сельскагаспадарчай сыравіны. Вобласьць займае першае месца ў краіне па вытворчасьці прадукцыі харчовай, мукамольна-крупяной і камбікармавой прамысловасьці. На тэрыторыі вобласьці разьмяшчаецца шэраг цэхаў і філіяў менскіх прадпрыемстваў. Значная ўдзельная вага прамысловасьці вобласьці засяроджана ў местах: Салігорску — 25,5%, Барысаве — 19,8%, Жодзіне — 13,95%, Слуцку — 7,2%, Маладэчна — 6,0%.

На 2023 год працавала звыш 4000 прамысловых прадпрыемстваў. Сярод іх найбольшымі былі «Беларускі аўтамабільны завод» ў Жодзіне, «Беларуськалій» у Салігорску і «Барысаўскі завод мэдычных прэпаратаў». У Смалявіцкім раёне дзейнічаў індустрыяльны парк «Вялікі камень»[5].

Сельская гаспадарка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У большасьці сельскагаспадарчых раёнаў разьвітая малочна-мясная жывёлагадоўля, сьвінагадоўля, вырошчваньне бульбы ды льну, а на паўднёвым захадзе — вырошчваньне буракоў. Вакол Менску і каля іншых буйных местаў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы дадаткова спэцыялізуюцца на вырошчваньні гародніны і садавіны, тут таксама дзейнічаюць буйныя птушкагаспадаркі й птушкафабрыкі. На 2023 год працавала 358 земляробчых прадпрыемстваў[5].

  • 2018 год — 1 426 525 чал.[1]
  • 2017 год — 1 422 992 чал.[6]
  • 2016 год — 1 417 303 чал.[7]
  • 2014 год — 1 402 600 чал.[8]
  • 2009 год — 1 422 528 чал.[9] (перапіс)

Найбуйнейшыя сельскія населеныя пункты вобласьці (больш за 3 тысячы чалавек): Бальшавік, Бараўляны, Гатава, Дружны, Ждановічы, Калодзішчы, Краснае, Лошніца, Лясны, Міханавічы, Навінкі (цяпер частка Менску), Ратамка, Чысьць.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2023 год вобласьць налічвала 22 раёны, 24 месты, 18 мястэчак[5].

Прадстаўнічая ўлада: абласная Рада дэпутатаў — 1, раённыя Рады дэпутатаў — 22, меская Рада дэпутатаў — 1; мескія Рады дэпутатаў местаў раённага падначаленьня — 2, местачковыя Рады дэпутатаў — 17, сельскіх Рады дэпутатаў — 294.

Выканаўчая ўлада: абласны выканаўчы камітэт — 1, раённыя і мескія выканаўчыя камітэты — 23, выканаўчыя камітэты местаў раённага падначаленьня — 2, местачковыя і сельскія выканаўчыя камітэты — 311.

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Перепись населения — 2009. Минская область. Национальный состав населения (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. ^ GeoNames (анг.) — 2005.
  4. ^ У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  5. ^ а б в Даты гісторыі: 85 гадоў Віцебскай, Гомельскай, Менскай і Магілёўскай абласьцям // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 12 студзеня 2023 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  6. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  7. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  8. ^ Demographic situation in January 2014 (анг.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 9 лютага 2014
  9. ^ Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  • Минская область // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]