Верхнебярэзінская нізіна
Верхнебярэзінская нізіна — нізіна ў паўднёва-заходняй частцы Віцебскай і паўночна-ўсходняй частцы Менскай абласьцей Беларусі. Разьмешчана на тэрыторыі Глыбоцкага, Докшыцкага, Лепельскага, Ушацкага, Чашніцкага, Барысаўскага, Вялейскага, Крупскага, Лагойскага, Смалявіцкага раёнаў. Працягласьць з поўначы на поўдзень 100 км, з захаду на ўсход 15—50 км. Плошча 4,3 тыс. км². Вышыня над узроўнем мора ад 180 м на поўначы, да 155—160 м на поўдні.
На поўначы нізіна мяжуе са Сьвянцянскімі градамі, на ўсходзе — з Вушацка-Лепельскім узвышшам і Чашніцкай раўнінай, на поўдні — зь Менскім узвышшам, на захадзе — з Нарачанска-Вялейскай нізінай.
Рэльеф утварылі сожаўскі ледавік, калі тут існавала велізарнае возера, пазьней спушчанае ў Чорнае мора дняпроўскай Бярэзінай, і адталыя воды паазерскага ледавіка. Захаваліся адзінкавыя сільна ператвораныя ветравеямі і размывамі грады, марэнавыя ўзгоркі з камамі вышынёй 10—20 м. На поўначы і ўсходзе нізіна складзеная пяскамі, месцамі ўзвышаюцца пясковыя ўзгоркі-дзюны. Карысныя выкапні: торф, пяскова-жвіровы матэрыял.
Азёры: Межужол, Медзазол, Плыўна, Алыніца і інш. Па нізіне цякуць рэкі Бярэзіна, Поня, Гайна, Цна, Усяжа, Сергуч, Вялікая Рэчка, Жартайка, Лукомка, Эса; у межах нізіны — вярхоўе Вушачы (басэйн Дзьвіны). У XVIII—XIX стст. у паўночна-ўсходняй частцы нізіны была збудаваная Бярэзінская водная сыстэма.
Пад ральлёй да 20%, пад лесам больш за 40% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя лясы. У нізіне шырокія балоты. Частку тэрыторыі займае Бярэзінскі біясфэрны запаведнік.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Верхнебярэзінская нізіна // Геаграфія Беларусі: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Л. В. Казлоўская і інш. — Мн., 1992. — С. 52—53.
- Верхнеберезинская низменность // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.