Перайсьці да зьместу

Гірш Ляйбовіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гірш Ляйбо́віч
Дата нараджэньня невядома
Месца нараджэньня Сакаль, Львоўская вобласьць, Украіна
Дата сьмерці невядома
Месца сьмерці Мір/Нясьвіж?
Занятак гравэр, ювэлір
«Каструм Далорыс». Гравюра Гірша Ляйбовіча. XVIII ст.

Гершак (Гірш, Гершка, Гіршак) Ляйбо́віч (Hirsz; Herszek; Herszko; Hirszek) Leybowicz (Lejbowicz) — (нар. ?, Сакаль, Львоўская вобласьць, Украіна пасьля 1786, Мір/Нясьвіж?) — гравёр і ювелір[1][2]. У сярэдзіне XVIII ст. вырабляў медзярыты ў Нясьвіскай друкарні князёў Радзівілаў і Віленскай езуіцкай друкарні.

Гірш Лейбовіч нарадзіўся ў габрэйскай сям'і Лейбы Жыскялёвіча. Пра яго дзяцінства й адукацыю нічога не вядома. Верагодна ён быў самавукам і пайшоў па сьлядах свайго бацькі й вядомы ў якасьці гравёра па медзі. Увесну 1747 г. Міхал Казімер Радзівіл «Рыбанька» запрасіў бацьку й сына ў свой палац у Міры, каб падрыхтаваць альбом сямейных партрэтаў і адпаведны кантракт быў заключаны ў Міры паміж імі 16 кастрычніка 1747 году[3][4][5].

Мапа Гірша Ляйбовіча. XVIII ст.

Па праекту й малюнку архітэктара Маўрыцыё Педэці ў 1747 годзе выканаў гравюру інтэр'ера касьцёла езуітаў у Нясьвіжы й катафалк «Каструм Далорыс» з часовым архітэктурным аздабленьнем пахавальнай цырымоніі жонкі Караля Станіслава Радзівіла княгіні Ганны Кацярыны Радзівіл (1676-1746) для кнігі пахавальных прамоў надрукаванай у Вільні ў 1750 годзе. Названая выява і зьявілася іканаграфічным грунтам для параўнальнага аналізу й вызначэньня стылю Маўрыцыё Педэці[6][7].

Награвіраваў эксьлібрысы для нясьвіскай бібліятэкі ў трох версіях і фарматах, гербы Радзівілаў зьмешчаных ў кнігах «Артыкулы ваенныя» (1754) і «Выявы роду князёў Радзівілаў» (1758), карту літоўскай правінцыі бэрнардынаў (Братоў меншых абзэрвантаў) з малюнкамі выглядаў кляштароў і выявамі сьвятых Бернарда й Казімера. Апошні задакумэнтаваны твор Гіршы Ляйбовіча — дэкарыраваньне саркафагаў Радзівілаў у крыпце езуіцкага касьцёла ў Нясьвіжы. Драўляныя труны былі абабіты меднымі гравіраванымі дошкамі з надпісамі й арнамэнтам.

Найважнейшай працай Ляйбовіча была выкананьне партрэтаў (медзярытаў) роду князёў Радзівілаў (ад 1346 да 1758 году) для альбома надрукаванага ў Нясьвіжы накладам 50 асобнікаў у 1758 годзе Марцінам Вобам (па-лацінску: «Icones Familiae Ducalis Radivilianae»...). Да 1756 году Гірш з бацькам па кантракту зрабілі 90 партрэтаў і па-за кантрактам яшчэ 15 партрэтаў. Першы партрэт Вайшунда і апошні Караля Станіслава Радзівіла «Пане Каханку» маюць подпісы Ляйбовіча. Партрэтная творчасьць Ляйбовіча характарызуецца імкненьнем да найбольшай дакладнасьці ў адлюстраваньні прадстаўленых асоб і зьяўляецца ў галіне графікі эквівалентам тыповага правінцыяльнага «сармацкага» жывапісу XVIII-га стагодзьдзя.

У 1772 годзе ўвесь медзярыт быў вывезены зь Нясьвіжа ў Санкт-Пецярбург разам з 20 000 тамамі бібліятэкі Радзівілаў. Расейскі археоляг, нумізмат і калекцыянэр эксьлібрысаў Юліус Багдановіч Івераж (1823-1900) выкупіў пласьціны й у друкарні Імпэратарскай акадэміі навук ён надрукаваў паўторнае выданьне, у абмежаванай колькасьці копій. Потым ён ахвяраваў медзярыт Акадэміі выяўленчых мастацтваў у Санкт-Пецярбургу, дзе можна была набыць новыя адбіткі зь іх. Вядома, што ў 1922 годзе ў рамках Рыскай дамовы шэраг аб'ектаў быў перададзены ў Польшчу з Савецкага Саюзу, сярод якіх таксама былі выгравіраваныя 72 пласьціны зробленыя Ляйбовічам, і яны захоўваюцца ў катэдры Іконаграфічных калекцый Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве[8].

  1. ^ Zofia Borzymińska Leybowicz (Lejbowicz) Hirsz (Herszek; Herszko; Hirszek) (пол.) Polski słownik judaistyczny: dzieje, kultura, religia, ludzie. Zofii Borzymińskiej, Rafała Żebrowskiego, Prószyński i S-ka.
  2. ^ Бажэнава, В. Д. Мір і альбом фамільных партрэтаў князёў Радзівілаў 1758 года выдання. / рэдакцыйная калегія: Н. М. Усава (галоўны рэдактар) і інш // Мірскі замак і замкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Праблемы рэстаўрацыі і музеефікацы : міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, 4 чэрвеня 2005 года. — Менск: Белпрынт, 2006. — С. 100—108. — ISBN 985-459-072-0.
  3. ^ Kontrakt Kopersztycharzom. AGAD, Arch. Radziwiłłowskie, XXIX, t. 5.  (пол.) // Biuletyń historii sztuki : часопіс. — 1977. — Т. 1 (39). — С. 71.
  4. ^ Suplika Hirsza Leybowicza do Ks. Michała Kazimierza «Rybeńki». AGAD, Arch. Radziwiłłowskie V, teka 179, sygn. 8448.  (пол.) // Biuletyń historii sztuki : часопіс. — 1977. — Т. 1 (39). — С. 72.
  5. ^ List Dawida Hirszowicza do ks. Dominika Radziwiłła z Nieświeża 27 lipca r. 1805. AGAD, Arch. Radziwiłłowskie V, teka 113, poz. 5213.  (пол.) // Biuletyń historii sztuki : часопіс. — 1977. — Т. 1 (39). — С. 71, 72.
  6. ^ Kazania y mowy na walnym pogrzebowym akcie ś.p. Jaśnie Oświeconey Xiężney Jeymći Anny z Xiążąt Sanguszków Radziwiłłowy Kanclerzyny Wielkiey W. X. Lit: miane; Tudzież krotkie tegoż aktu opisanie z wyrażeniem Castri doloris w Kościele Nieświskim Societatis Jesu wspaniałą y misterną strukturą erygowanego roku 1747. Na wieczną w potomne wieki pamięć, do druku podane.. — W Wilnie: w Drukarni J. K. M. Akade: Societatis Jesu, 1750. — С. a4. — 224 с.
  7. ^ Баженова, Ольга Дмитриевна. Радзивилловский Несвиж: росписи костела Божьего Тела. — Менск: Харвест, 2007. — С. 66, 104, 207, 342. — 414 с. — 1000 ас. — ISBN 978-985-13-9752-1
  8. ^ Hanna Widacka. Działalność Hirsza Leybowicza i innych rytowników na dworze nieświeskim Móichała kazimierza Radziwiłła ‘Rybenki’ w swietle badań archiwalnych.  (пол.) // Biuletyń historii sztuki : часопіс. — 1977. — № 1 (39). — С. 62—72.

  • Бажэнава, Вольга. Ляйбовіч, Гірш (Гершка, Гершак, Гіршак) // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0 — С. 235.
  • Баравы, Р., Якімовіч, Ю. Каштоўны дакумент па гісторыі беларускай графікі і архітэктуры XVIII ст. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі : часопіс. — 1985.
  • Бажэнава, В. Д. Мір і альбом фамільных партрэтаў князёў Радзівілаў 1758 года выдання. / рэдакцыйная калегія: Н. М. Усава (галоўны рэдактар) і інш // Мірскі замак і замкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Праблемы рэстаўрацыі і музеефікацы : міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, 4 чэрвеня 2005 года. — Менск: Белпрынт, 2006. — С. 100—108. — ISBN 985-459-072-0.
  • Бажэнава, Вольга. Нясвіжскі касцёл Божага Цела / фота Дрыбас, Анатоль. — Менск: Беларусь, 2006. — 95 с. — 2000 ас. — ISBN 985-01-0620-4
  • Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т. 2: Другая палова XVI — канец XVIII стагоддзя / [рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) [і інш.] ; рэд. т. Я. М. Сахута] ; АН БССР, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мінск : Навука і тэхніка, 1988. — 383 с. : іл. ISBN 5-343-00342-7 — С. 293.
  • Ляйбовіч, Гершка. // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т.. — Мн.: 1999 Т. 9: Кулібін — Малаіта. — С. 420, 421. — С. 420, 421.
  • Ляйбовіч, Гершка. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т.. — Мн.: 1997 Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — С. 423. — С. 423.
  • Шматаў В. Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. / рэдактар М. С. Кацар. — Менск: Навука і тэхніка, 1984. — С. 170—175. — 181 с. — 1050 ас.
  • M. Gumowski. Leybowicz Herszek.  (ням.) // Allgemeines Lexikon der Bildenden Künstler von der Antike bis zur Gegenwart. — Leipzig: herausgegeben von Hans Vollmer, 1929. — Т. XXIII, Leitenstorfer-Mander. — С. 167.