Галаўны боль
Галаўны́ боль (па-лацінску: cephalalgia) — распаўсюджаны сымптом разнастайных захворваньняў і паталягічных станаў, адчуваньне болю ў вобласьці галавы альбо шыі[1]. Мазгавая тканіна сама па сабе не адчувальная да болю, таму што ў ёй не зьмяшчаюцца болевыя рэцэптары. Хутчэй за ўсё, боль выклікана парушэньнем болеадчувальных структураў вакол мозгу. Некалькі абласьцей галавы й шыі ў гэтых структурах дзеляцца на дзьве катэгорыі: усярэдзіне чэрапа (крывяносныя судзіны, мазгавыя абалонкі й чэрапныя нэрвы) і па-за чэрапам (надкосьніцы чэрапа, цягліцы, нэрвы, артэрыі й вены, падскурныя тканіны, вочы, вушы, прыдаткавыя сулоні носа й сьлізьневыя абалонкі).
Ёсьць цэлы шэраг розных сыстэмаў клясыфікацыі галаўных боляў. Найбольш шырока прызнанай зьяўляецца сыстэма, якая была распрацавана Міжнародным таварыствам галаўнога болю. Лячэньне галаўнога болю залежыць ад асноўнай этыялёгіі або прычыны, але звычайна ўключае ў сябе прымяненьне анальгетыкаў.
У 2012 годзе галаўны боль заняў 2-е месца пасьля болю ў жываце сярод хваравітых станаў у насельніцтва Зямлі. Найбольшая частасьць галаўнога болю сярод дзяцей адзначалася ў веку 6—7 гадоў у сувязі са стрэсам ад паходу ў 1-ю клясу школы і ў 12—14 гадоў праз плоцевае высьпяваньне[2].
Папярэджаньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадухіленьню галаўнога болю спрыяе ўстойлівы расклад дня, высыпаньне і зручныя ўмовы працы. Карысна ўзьдзейнічаюць масаж галавы і шыі, лячэбная фізкультура, марская і серкавадародная ванна. Зранку варта ўжываць цёплае пітво, багатае на аскарбінавую кісьлю. У прыватнасьці ў гарбату можна дадаваць вольнаягаднік або лімоньнік. Таксама ў якасьці заспакаяльнага сродку дадаюць валяр’ян і глог[2].
Чыньнікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Узьнікненьню галаўнога болю спрыяюць чэрапна-мазгавая траўма, пашкоджаньне хрыбетніка, рак, эпілепсія, хваробы вачэй, вушэй, горла і носа, мэнінгіт, траўма шыі і вэгета-ссудзінная дыстанія. Галаўны боль могуць выклікаць перанапруга цягліцаў ад працяглага сядзеньня за сталом, што не адпавядае росту, і нязручная пастава падчас сну, блізарукасьць і знаходжаньне ў душным памяшканьні. Таксама шкодзіць разумовая перанапруга і працяглы прагляд тэлевізара, вымушанае галаданьне і міжасабовыя ды працоўныя сваркі. Урэшце галаўны боль можа зьявіцца ад недасыпу, празьмернага прыёму лекаў (у тым ліку анальгетыкаў), рэзкай перамены надвор’я, застуды і грыпу[2].
Дасьледаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Для выяўленьня прычыны галаўнога болю дасьледуюць вочнае дно і вастрыню зроку. Для вызначэньня спазмы артэрыі, што сілкуе мозаг, праводзяць ультрагукавое дасьледаваньне ссудзінаў шыі і галавы. Астэахандроз вызначаюць праз рэнгенаграфію шыі. Ядзерна-магнітна-рэзанансную тамаграфію робяць пры падазрэньні на кілу хрыбтовага дыска[2].
Праявы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пры галаўным болі можа назірацца паценьне далоняў, парушэньне сэрцабіцьця і стома. Галаўны боль у патыліцы адзначаецца пры ціску пазванкоў або цягліцаў на пазванковую артэрыю і ўзмацняецца пры хуткім руху галавы і шыі, кашлі і чханьні. Можа спалучаць запамароку, шум у вушах, парушэньне зроку і страту прытомнасьці. Пастаянны галаўны боль цяглічнай напругі ўзьнікае пры пачуцьцёвай перанапрузе і закранае пераважна лоб і сківіцы. Пры абумоўленасьці доўгай напругай цягліцаў галавы можа суправаджацца спазмамі ссудзінаў[2].
Галаўны боль пры дыстаніі паніжае запамінаньне і засяроджанасьць, парушае сон. Адзначаецца цяглічнае дрыжаньне і запор, бледнасьць і сухасьць скуры, расшырэньне зрэнак і халоднасьць канцавінаў. Пры ім дрэнна пераносіцца духата, сьпёка, шум, яркае сьвятло і кава. Можа адчувацца непаўната ўдыху і здарацца ваніты і панос[2].
Клясыфікацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Галаўныя болі найбольш грунтоўна клясыфікуюцца Міжнароднай клясыфікацыяй галаўных боляў (анг. International Classification of Headache Disorders, ICHD), якая была створана Міжнародным таварыствам галаўнога болю. На сёньняшні дзень дзейнай зьяўляецца другая рэдакцыя гэтай клясыфікацыі, якая была апублікавана ў 2004 годзе[3]. Гэтая клясыфікацыя таксама прынята Сусьветнай арганізацыяй здароўя. Таксама існуюць і іншыя сыстэмы клясыфікацыі. Адна зь першых такіх клясыфікацыяў была распрацавана ў 1951 годзе[4]. Нацыянальныя інстытуты здароўя ЗША распрацавалі свае клясыфікацыі ў 1962 годзе.
ICHD-2
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Міжнародная клясыфікацыя галаўных боляў (ICHD) зьяўляецца паглыбленай герархічнай клясыфікацыяй галаўных боляў Міжнароднага таварыства галаўнога болю. Яна зьмяшчае відавочныя дыягнастычныя крытэры выяўленьняў галаўнога болю. Першы варыянт клясыфікацыі, ICHD-1, быў апублікаваны ў 1988 годзе. Цяперашняя рэдакцыя ICHD-2 была апублікавана ў 2004 годзе.
Клясыфікацыя выкарыстоўвае лічбавыя коды. Дыягностыка ўключае ў сябе 14 групаў галаўнога болю. Першыя чатыры зь іх клясыфікуюцца як першасныя галаўныя болі, групы з 5 па 12 ёсьць другасныя галаўныя болі, чэрапныя нэўральгіі, цэнтральныя й першасныя болі твару й іншыя галаўныя болі адносяцца да апошніх двух групаў[5].
ICHD-2 клясыфікацыя вызначае мігрэні, напружаныя тыпы галаўных боляў, кластэрныя галаўныя болі й іншыя болі, зьвязаныя з трайніковай нэрвай, у якасьці асноўных тыпаў першасных галаўных боляў. Акрамя таго, згодна з той жа клясыфікацыяй, галаўныя болі, якія выкліканы з-за раненьняў, кашалю, напружаньня й сэксуальнай актыўнасьці, таксама клясыфікуюцца як першасныя галаўныя болі. Штодзённыя зацятыя галаўныя болі, нараўне з гіпнічным галаўным болем і громападобнымі галаўнымі болямі лічацца першаснымі галаўнымі болямі таксама.
Другасныя галаўныя болі клясыфікуюцца ў залежнасьці ад іхняй этыялёгіі, а не на іхніх сымптомаў. Паводле ICHD-2 клясыфікацыі, асноўныя віды другасных галаўных боляў ўключаюць болі, якія выкліканы з-за траўмы галавы альбо шыі, як то хлыстовыя траўмы, нутрачэрапная гематома, пасьля трэпанацыі чэрапа альбо іншыя. Галаўныя болі, выкліканыя чэрапнага альбо шыйнага судзінавага разладу, як то ішэмічны інсульт і транзітарная ішэмічная атака, нетраўматычныя нутрачэрапныя кровазьліцьці, судзінкавыя мальфармацыі альбо артэрыіты, таксама вызначаюцца як другасныя галаўныя болі. Гэты тып галаўнога болю можа таксама быць выкліканы з-за цэрэбральнага вянознага трамбозу або розных нутрачэрапных судзінкавых парушэньняў. Іншыя другасныя галаўныя болі ёсьць тыя, якія выкліканы ў сувязі з нутрачэрапным засмучэньнем, якое не зьяўляюцца судзінкавым, як то нізкі альбо высокі ціск цэрэбрасьпінальнай вадкасьці, неінфэкцыйныя запаленчыя захворваньні, нутрачэрапныя наватворы, эпілептычны прыступ альбо іншыя віды засмучэньняў і хваробаў, якія не зьвязаны з судзінкавай сеткай цэнтральнай нэрвовай сыстэмы. ICHD-2 клясыфікуе галаўныя болі, выкліканыя ўжываньнем у ежу пэўных рэчываў, у якасьці другасных галаўных боляў таксама. Гэты тып галаўнога болю можа паўстаць у выніку празьмернага выкарыстаньня некаторых лекаў альбо пад узьдзеяньнем некаторых рэчываў. ВІЧ/СНІД, унутрычэрапныя інфэкцыі й сыстэмныя інфэкцыі таксама могуць выклікаць другасныя галаўныя болі. Сыстэма клясыфікацыі ICHD-2 уключае ў сябе галаўныя болі, зьвязаныя з парушэньнямі гамеастазу ў катэгорыі другасных галаўных боляў. Гэта азначае, што галаўныя болі, выкліканыя дыялізам, высокім крывяным ціскам, гіпатэрыёзам і нават з-за практыкі паста, лічацца другаснымі галаўнымі болямі. Другасныя галаўныя болі, у адпаведнасьці з той жа сыстэмай клясыфікацыі, таксама могуць быць зьвязаны з пашкоджаньнем любога з структураў твару, як то зубы, сківіцы, скронева-сківічная сустава. Галаўныя болі могуць быць выкліканы з-за псыхіятрычнага разладу, як то саматызацыі альбо псыхозу, яны таксама клясыфікуюцца як другасныя галаўныя болі.
ICHD-2 клясыфікацыя ставіць чэрапныя нэўральгіі й іншыя тыпы нэўральгіі ў іншую катэгорыю. Згодна з гэтай сыстэмай, існуюць 19 відаў нэўральгіяў і галаўных боляў, якія выкліканы з-за розных цэнтральных прычынаў тварнага болю. Больш за тое, ICHD-2 уключае ў сябе катэгорыю, якая ўтрымоўвае ўсе галаўныя болі, якія ня могуць быць клясыфікаваны.
Нягледзячы на тое, што ICHD-2 зьяўляецца найбольш поўнай сыстэмай клясыфікацыі галаўнога болю й яна ўключае ў сябе дыягнастычныя крытэры некаторых відаў галаўных боляў, у першую чаргу першасных галаўных боляў, яна не заўсёды строга выкарыстоўваецца ў мэдыцыне й часьцяком рашэньні робяцца на меркаваньне экспэрта.
NIH
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Клясыфікацыя NIH складаецца з кароткага вызначэньня абмежаванага ліку галаўных боляў[6]. Гэтая сыстэма клясыфікацыі зьяўляецца больш кароткай і апісвае толькі пяць катэгорыяў галаўных боляў. У гэтым выпадку першасныя галаўныя болі ёсьць тыя, якія не паказваюць арганічных альбо структурных этыялёгіяў. Згодна з гэтай клясыфікацыяй, галаўныя болі могуць быць судзінкавымі, цяглічнымі, цэрвікагенымі, цяглавымі й супрацьзапаленчымі.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ headache на Dorland’s Medical Dictionary
- ^ а б в г д е Сьвятлана Барысенка. Ад чаго ў дзіцяці галава баліць // Краіна здароўя. — 7 верасьня 2013. — № 9 (310). — С. 5.
- ^ «16.25.100.131» the Headache Classification Subcommittee of the International Headache Society
- ^ Brown Mr (September 1951). «The classification and treatment of headache». Med. Clin. North Am. 35 (5): 1485-93. PMID 14862569
- ^ Morris Levin, Steven M. Baskin, Marcelo E. Bigal (2008). «Comprehensive Review of Headache Medicine». Oxford University Press US. ISBN 0-19-536673-5.
- ^ Morris Levin, Steven M. Baskin, Marcelo E. Bigal (2008). «Comprehensive Review of Headache Medicine». Oxford University Press US. p. 60. ISBN 0-19-536673-5.