Вялікдзень

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Хрысьціянская традыцыя
Назва сьвята Вялікдзень
Час сьвяткаваньня 1-я нядзеля пасьля вясновага раўнадзенства і поўні
Абрадавае значэньне Уваскрасеньне Хрыстовае

Вялі́кдзень, Сьветлае Хрыстова Ўваскрасеньне — найвышэйшае ў шэрагу ўсіх хрысьціянскіх сьвятаў, прысьвечанае Ўваскрасеньню Ісуса Хрыста. Адно з галоўных сьвятаў на Беларусі.

Наконадні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раніцай у Вялікую Суботу вакол храма абносяць Плашчаніцу. Таксама чытаюць 15 урыўкаў са Старога Запавету аб прароцтвах выратаваньня людзей крыжовай сьмерці і ўваскарсеньнем Месіі. Урэшце асьвячаюць велікодныя[1] кулічы, тварожныя паскі і фарбаваныя яйкі. У перадвелікодны вечар а 18:00 адбываецца збор прыхаджанаў у сьветлым і яркім адзеньні. Усяночнае набажэнства пачынаецца а 23:00[2].

Сьвяткаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Уваскрасеньне Хрыстова, сашэсьце ў пекла. Беларуская школа, другая палова 17 ст.

Гэта сьвята Ўваскрасеньня расьпятага Ісуса Хрыста, якое сталася галоўным хрысьціянскім сьвятам. Яму надаецца асаблівы сэнс як азнаменаваньне перамогі над грахом і сьмерцю. Першапачаткова хрысьціянскі Вялікдзень і жыдоўская Пасха супадалі па часе. У 325 годзе на 1-м Усяленскім Нікейскім царкоўным саборы вырашана было сьвяткаваць Вялікдзень у першую нядзелю пасьля веснавога раўнадзенства і поўні, з умовай несупадзеньня даты з жыдоўскай Пасхай.

У II стагодзьдзі існавалі два сьвяты, дзьве Пасхі: адна — у знак сьмерці Збаўцы, другая — у гонар Уваскрасеньня Хрыстовага, ягонага Узьнясеньня (саракавы дзень пасьля Уваскрасеньня) і сашэсьця Сьвятога Духа на апосталаў (Пяцідзясятніца — пяцідзясяты дзень пасьля Уваскрасеньня). Прытым першая Пасха праводзілася ў журбе і строгім посьце. З V стагодзьдзя назва «Пасха» стала надавацца толькі сьвяту ў гонар Уваскрасеньня Хрыстовага.

Вялікдзень зьяўляецца рухомым сьвятам. Разьлічваецца праваслаўнай царквой па юліянскім календары, каталіцкай — па грыгарыянскім. У залежнасьці ад месячнага календара прыпадае на час ад 4 красавіка да 8 траўня. Зьяўляецца дзяржаўным сьвятам Рэспублікі Беларусь.

Даты Вялікадня,
20002020
год зах. усх.
2000 23 красавіка 30 красавіка
2001 15 красавіка
2002 31 сакавіка 5 траўня
2003 20 красавіка 27 красавіка
2004 11 красавіка
2005 27 сакавіка 1 траўня
2006 16 красавіка 23 красавіка
2007 8 красавіка
2008 23 сакавіка 27 красавіка
2009 12 красавіка 19 красавіка
2010 4 красавіка
2011 24 красавіка
2012 8 красавіка 15 красавіка
2013 31 сакавіка 5 траўня
2014 20 красавіка
2015 5 красавіка 12 красавіка
2016 27 сакавіка 1 траўня
2017 16 красавіка
2018 1 красавіка 8 красавіка
2019 21 красавіка 28 красавіка
2020 12 красавіка 19 красавіка

Праваслаўная традыцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьветлае Хрыстова Ўваскрасеньне зьяўляецца найвышэйшым, выключна радасным і ўрачыстым у шэрагу ўсіх хрысьціянскіх сьвятаў. Уваскрасеньнем Госпада Ісуса Хрыста зь мёртвых закончыўся Богачалавечы подзьвіг уратаваньня, узнаўленьня чалавека, зьдзейсьнілася перамога над грахом і яго вынікам — сьмерцю. Таму і радуецца так душа хрысьціяніна ў Вялікдзень.

Божай славе Ўваскрэслага Госпада адпавядае і асаблівая ўрачыстасьць богаслужэньня. З часоў апостальскіх царква праводзіць Пасхальнае набажэнства ўночы. У канцы Літургіі на Вялікдзень адбываецца асьвячэньне артаса.

У Сьвятым Паданьні апавядаецца, што адного разу Марыя Магдаліна, прапаведуючы веру ў Хрыста, прыйшла да імпэратара Рыма і падаравала яму яечка са словамі: «Хрыстос Уваскрэс!» У сапраўднасьці словаў сьвятой Магдаліны ўладар імпэрыі пераканаўся відавочна: звычайнае яечка ў ягоных руках раптам пачало ружавець і ўрэшце сталася ярка-чырвоным.

З тых даўніх часоў мы падчас найвялікшага сьвята Вялікадня даруем адзін адному фарбаваныя яйкі як сымбаль несьмяротнасьці жыцьця і крыжовых пакут Ісуса Хрыста дзеля нашага ўратаваньня і кажам пранікнёныя словы: «Хрыстос Уваскрэс! — Сапраўды Уваскрэс!»

Ніжэй пададзеныя сьвяточныя сьпевы ў рэдакцыі Біблейскае Камісіі БПЦ.

Трапар 1-й песьні, глас 3[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Той, хто пабаяўся сьмерці,
перамог і адолеў сьмерць,
бо Ён, Бог наш,
успрыняў пакутлівую адушаўлёную плоць
і, уступіўшы ў барацьбу з мучыцелем,
усіх з Сабою ўваскрасіў, бо Ён праславіўся[3].

Трапар сьвята Пасхі, глас 5[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хрыстос уваскрэс зь мёртвых,
сьмерцю сьмерць зваяваў,
і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў.

Кандак сьвята Пасхі, глас 8[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хоць і сышоў Ты ў магілу, Несьмяротны,
але зьнішчыў Ты сілу пекла,
і ўваскрэс, як Пераможца, Хрысьце Божа,
жанчынам міраносіцам абвясьціўшы: Радуйцеся!
і Сваім апосталам мір до́рачы,
і тым, што палі даючы ўваскрасеньне.

Задастойнік сьвята Пасхі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ангел усклікаў Благада́тнай:
Чыстая Дзева, ра́дуйся,
Твой Сын уваскрэс
на трэці дзень з гробу,
і мёртвых ўзьняў Ён,
людзі, весяліцеся.
Сьвяціся, сьвяціся,
но́вы Іерусаліме,
сла́ва бо Гаспо́дняя на табе зазьзя́ла.
Лікуй сёньня і весяліся, Сіоне.
Ты ж, Чы́стая, радуйся, Багародзіца,
аб Уваскрасе́ньні Наро́джанага Табой.

Народная традыцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У старажытных славянаў першапачаткова так называлася веснавое сьвята ў гонар сонца, абуджэньня прыроды й надыходу «вялікіх дзён» палявых работ. Адсюль і назва. Падобнае сьвята пачатку жніва было і ў старажытных семіцкіх плямёнаў, называлася яно «Пасха» (грэц. πάσχα, ад іўр. פסח песах — «праходзіць міма»). Старажытныя жыды сьвяткавалі Пасху ў гонар іх зыходу з Эгіпту. У дахрысьціянскія часы ў Беларусі на Вялікдзень адбываліся магічныя абрады з мэтай забесьпячэньня плоднасьці жывёлы, урадлівасьці зямлі, засьцеражэньня ад нягод.

3 прыняцьцем хрысьціянства гэтае сьвята атрымала духоўны сэнс і ачышчальную моц, зьяўляецца выключна радасным і ўрачыстым у шэрагу ўсіх хрысьціянскіх сьвятаў. Падрыхтаваўшы сябе духоўна Вялікім сямітыднёвым постам, на перадвелікодным Белым тыдні пачынаюць рыхтавацца да правядзеньня сьвяточных дзён. У Чысты Чацьвер чысцяць і прыбіраюць хату і двор. У Вялікую Суботу, напярэдадні Вялікадня, гатуецца, варыцца, смажыцца мноства розных страваў. Пякуцца пірагі, фарбуюцца ў розныя колеры і расьпісваюцца ўзорамі курыныя яйкі (пісанкі). Увечары гэтага ж дня прыбіраюцца ў сьвяточную вопратку, бяруць з сабой падрыхтаваную для асьвячэньня «пасху», ідуць у царкву на ўсяночную службу.

Пасьля Літургіі сьвяткаванне працягваецца дома. Разгаўляюцца асьвячоным яйкам, потым іншай асьвячонай ежай. Любімая гульня ў моладзі — біткі. Стукаюцца велікоднымі яйкамі, і пераможцам аказваецца той, у каго яно застаецца цэлае («мацак»). Таксама мае пашырэньне гульня ў качаньне яек з горкі. Чыё яйка каціцца далей, той выйграе яйкі іншых гульцоў[4].

У першы велікодны вечар на Беларусі былі пашыраныя валачобныя абыходы, падчас якіх групы валачобнікаў хадзілі па хатах і выконвалі валачобныя песьні з пажаданьнем селяніну плёну на ніве, прыплоду ў статку, добрага здароўя, шчасьлівае долі, велічалі гаспадароў і руплівую працу:

У велікодны абрадавы комплекс уваходзілі рытуальныя трапезы, карагоды і памінаньне памерлых родзічаў — веснавыя дзяды Радаўніца.

Велікодны тыдзень[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цягам Велікоднага тыдня шторанак найперш ядуць сьвянцоную ў царкве ежу, якую таксама пакідаюць да Радаўніцы. Пры вітаньні хрыстосуюцца цягам 40 дзён ад Вялікадня. Моладзь ладзіць гайданьне на арэлях. З 2-га дня Велікоднага тыдня водзяць карагоды — «танкі». На 3-і дзень у карчме ладзяць вечаровае ігрышча з музыкай і пляскай. У Градавую сераду, а таксама ў пятніцу ўстрымліваюцца ад працы. У Правадную нядзелю аднаўляюць сьвяткаваньне[4].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Мікола Байкоў, Сьцяпан Некрашэвіч. вялікодны — пасхальный // Беларуска-расейскі слоўнік. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. — ISBN 5-341-00918-5
  2. ^ Праваслаўны Вялікдзень // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 30 красавіка 2021 г. Праверана 1 траўня 2021 г.
  3. ^ Мітрапаліт Веніямін. Сьвятло ў кожным сэрцы // Зьвязда : газэта. — 30 красавіка 2021. — № 23281 (29450). — С. 4. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ а б Тацяна Вароніч, Людміла Камароўская. Вялікдзень, Вялічка // Газэта «Зьвязда», 2 траўня 2021 г. Праверана 6 траўня 2021 г.