Нацыянальная кніжная палата Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Нацыянальная кніжная палата Беларусі
Абрэвіятура НКПБ
Дата ўтварэньня 25 чэрвеня 1924 (99 гадоў таму)
Тып Бібліяграфічная
Юрыдычны статус Дзяржаўная ўстанова
Мэта Улік усіх выданьняў Беларусі
Штаб-кватэра Менск, вул. Харужай, д. 31а
Кіраўніца Алена Вітальеўна Іванова
Матчына кампанія Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь
Сайт natbook.org.by
Колішняя назва Дзяржаўная кніжная палата Беларусі (да 23 верасьня 1992 г.), Беларуская кніжная палата (да 13 траўня 1977 г.)

Нацыяна́льная кні́жная пала́та Белару́сі — дзяржаўная ўстанова бібліяграфічнага ўліку выданьняў Беларусі, заснаваная ў чэрвені 1924 году. Служыць сховішчам друкаваных выданьняў Беларусі за кошт атрыманьня бясплатных абавязковых асобнікаў. Зьяўляецца краёвай службай стандартнай нумарацыі кніг. На 2016 г. выдавала на беларускай мове 12 пэрыядычных бібліяграфічных паказальнікаў: «Кніжны летапіс» (штомесяц з 1924 г.; да 2007 г. «Летапіс друку Беларусі»), «Паказальнік бібліяграфічных дапаможнікаў Беларусі» (штогод з 1978 г.), «Кнігі Беларусі» (штогод з 1984 г.), «Летапіс пэрыядычных выданьняў Беларусі» (штогод з 1925 г., з 1994 г. асобным выданьнем), «Летапіс часопісных артыкулаў» (штомесяц з 1934 г., з 1995 г. асобным выданьнем), «Летапіс газэтных артыкулаў» (штомесяц з 1937 г., з 1995 г. асобным выданьнем), «Беларусь у сьвеце» (штоквартал з 1946 г.; да 1995 г. «Беларуская ССР у друку СССР і зарубежных краін»; з 2005 г. асобным выданьнем), «Летапіс нотных выданьняў» (штогод з 1924 г., з 2007 г. асобным выданьнем), «Летапіс рэцэнзіяў» (штогод з 1932 г., з 2007 г. асобным выданьнем), «Летапіс выяўленчых выданьняў» (штогод з 1955 г., з 2007 г. асобным выданьнем), «Летапіс картаграфічных выданьняў» (штогод з 1994 г., з 2007 г. асобным выданьнем), «Летапіс аўтарэфэратаў дысэртацыяў» (штогод з 1999 г., з 2007 г. асобным выданьнем).

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 чэрвеня 1924 г. Савет народных камісараў БССР Пастановай № 47 стварыў у Беларускай дзяржаўнай і ўнівэрсытэцкай бібліятэцы аддзел «Беларуская кніжная палата». 13 траўня 1977 г. Савет міністраў БССР Пастановай № 141 падпарадкаваў Дзяржаўную кніжную палату Беларусі Дзяржаўнаму камітэту БССР па справах выдавецтваў, паліграфіі і кніжнага гандлю. 23 верасьня 1992 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь Пастановай № 579 зьмяніў назоў установы на сучасны. 15 верасьня 1993 г. Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь сваім загадам прызначыла Нацыянальную кніжную палату Беларусі (НКПБ) краёвай службай Міжнароднай стандартнай кніжнай нумарацыі (МКСН). На 1 студзеня 2010 г. НКПБ мела ў архіве друку на Інструмэнтальным завулку 4 189 610 выданьняў, выпушчаных з 1920-х гадоў. Сховішча друку зьмяшчала выданьні 8 відаў: 2 040 203 газэтаў (48,7% выданьняў у сховішчы), 1 536 776 дробнадрукаваных выданьняў (36,7%), 352 616 кніг і брашураў (8,5%), 142 888 часопісаў і бюлетэняў (3,4%), 67 181 выданьняў нарматыўна-тэхнічнай дакумэнтацыі і вузкага прызначэньня (1,6%), 26 710 аўтарэфэратаў дысэртацыяў (0,6%), 19 238 выяўленчых (0,4%), 2048 нотных і 1950 картаграфічных выданьняў[1]. Тэмпэратура захоўваньня выданьняў у сховішчы перавышала +17°C. На люты 2012 г. паўната фонду абавязковага асобніка складала 98% выпушчаных у Беларусі выданьняў за вылікам часткі рэклямнага друку і самвыдату[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Архіў друкаваных выданьняў // Нацыянальная кніжная палата Беларусі, 2016 г. Праверана 28 сакавіка 2016 г.
  2. ^ Вольга Чайкоўская. Галяктыка Кніжнай палаты // Зьвязда : газэта. — 8 лютага 2012. — № 25 (27140). — С. 3. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Базы даных // Нацыянальная кніжная палата Беларусі, 2016 г. Праверана 28 сакавіка 2016 г.