Крывічанін (часопіс)
Крывічанін | |
Тэматыка | мастацкая літаратура, палітыка |
---|---|
Адрас | Вільня |
Выдавец | Вацлаў Ластоўскі |
Галоўны рэдактар | Вацлаў Ластоўскі |
Дата заснаваньня | Кастрычнік 1918 |
Мова | беларуская |
«Krywičanin», «Крывіча́нін» — беларускі палітычна-літаратурны часопіс. Выдадзены ў кастрычніку 1918 году ў Вільні, надрукаваны беларускім варыянтам лацініцы ў друкарні Марціна Кухты. Рэдактар-выдавец Вацлаў Ластоўскі[1].
Выйшаў 1 нумар. Часопіс паслужыў правобразам часопісу «Крывіч».
Зьмест
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У звароце ад імя рэдакцыі ставілася задача тэарэтычнай распрацоўкі беларускага нацыянальнага пытаньня і яго папулярызацыі сярод грамадзянства. Увага акцэнтавалася на эканамічным асьпекце пазнаньня Беларусі і духоўнай сферы, у тым ліку прыгожага пісьменства і мастацтва; выказвалася думка, «што Беларусь мае ўсе эканамічныя шансы да незалежнага дзяржаўнага будаваньня...».
Апублікаваў артыкулы «Нацыянальнае пытаньне», гістарычны нарыс «Тураўскае княства», статыстычны агляд тэрыторыі і насельніцтва Беларусі ў яе этнаграфічных межах, кароткі аналіз этнічнай сітуацыі на Віленшчыне, мастацкія творы (прытчу Ластоўскага «Прыповесьць аб старым мужу і гожай дзеве», ананімную паэму «Энэіда навыварат», апавяданьне «Русалкі» З. Бядулі, «Санэт» М. Багдановіча і яго пераклад оды Гарацыюса («Помнік»). Зьмясьціў аналітычны разбор легенды «Жалезны воўк» пра заснаваньне Вільні і нататак пра герб «Пагоня», пра наданьне ў 1274 годзе на Другім Ліёнскім саборы імя патронкі Беларусі Праксэдзе-Ефрасіньні Полацкай. Апублікаваў інфармацыйны матэрыял пра заснаваньне ў Вільні арганізацыі «Сувязі культурна-нацыянальнага адраджэньня беларускага народу», пра зьезд каталіцкіх святароў Дзісенскага дэканату. На вокладцы часопісу зьмешчаны графічны і тэкставы плян эвакуацыі на усход ад Бярэзіны германскіх акупацыйных войскаў паводле Берасьцейскага міру 1918 году.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — 432 с.: іл. ISBN 985-11-0041-2.