Рэльеф Беларусі
Рэлье́ф Белару́сі — сукупнасьць відаў зямной паверхні Беларусі.
Землі Беларусі месьцяцца ў межах Усходне-Эўрапейскай раўніны[1], што абумоўлівае перавагу плоскіх і спадзіста-хвалістых раўнінаў і нізінаў, рачных далінаў і градава-ўзгоркавых спалучэньняў. Вышыні вагаюцца ад 345 мэтраў на Сьвятой гары на Менскім узвышшы да 80 мэтраў у даліне Нёману каля мяжы зь Летувой. Сярэдняя вышыня паверхні Беларусі складае 160 мэтраў над узроўнем мора. Большасьць узвышшаў, на якія прыпадае 1/3 земляў, месьціцца на захадзе і ў сярэдзіне краіны ды мае вышыні 200—300 мэтраў. Глыбіня расчляненьня паніжаных міжрэччаў складае да 5 мэтраў, на прыўзьнятых раўнінах дасягае 10 мэтраў, на ўзвышшах да 40 мэтраў. За кошт разбуральнага ўрэзу ваганьні вышыні дасягаюць 100 мэтраў. Гушчыня расчляненьня (даўжыня разбуральнай сеткі) на нізінах складае да 200 м/км², на больш прыўзьнятых раўнінах — да 500 м/км², на схілах краявых градаў і каля буйных рачных далінаў — да 2 км/км², радзей да 3,5 км/км². Рэльефаўтваральнымі ёсьць пераважна адклады чацьвярцічнага пэрыяду: азёрна-ледавіковыя, ледавіковыя і патокава-ледавіковыя марэны. Іх магутнасьць дасягае 300 мэтраў і ў сярэднім складае 75—80 мэтраў[2].
На поўначы пераважае ледавіковы рэльеф паазерскага зьледзяненьня з амаль 3000 азёраў, мноствам бясьсьцёкавых катлавінаў і плоскіх забалочаных нізінаў, акаймаваных і падзеленых купкамі ўзгоркаў, зьвіліста-разгалінаваных краявых градаў. Вышыні вагаюцца ад 120 мэтраў на нізінах і раўнінах да 250 мэтраў на ўзвышшах і градах. У сярэдзіннай Беларусі дэнудаваны рэльеф ёсьць пераважна ледавіковым сожскага ўзросту. Пашыраныя краявыя ўзвышшы і плятопадобныя раўніны, якія ёсьць часткай водападзелу басэйнаў Балтыйскага і Чорнага мораў. Вышыні дасягаюць 250 мэтраў. На поўдні пашыраны дэнудаваны рэльеф сожскага і дняпроўскага ўзросту, а таксама абалонавы і азёрна-абалонавы рэльеф паазерска-галяцэнавага ўзросту. Вышыні складалі 120—185 мэтраў і зрэдку перавышалі 200 мэтраў. Найбольш нізкія ўзроўні зямной паверхні Беларусі прыстасаваныя да рачных далінаў, найбольшыя зь якіх цягнуцца на сотні кілямэтраў і ёсьць міжзонавым рэльефам. Рэкі Беларусі належаць да вадазбораў Чорнага (58% земляў) і Балтыйскага мораў. У далінах буйных рэк Чарнаморскага вадазбору звычайна вылучаюцца 2-3-узроўневы поплаў і 2 надпоймавыя тэрасы. У рэк Балтыйскага вадазбору — 2-3-узроўневы поплаў, 2-3-цыклевыя поймавыя тэрасы і некалькі мясцовых тэрасавых узроўняў (да 8—9 у Нёмана). Першасны выгляд значнай часткі зямной паверхні Беларусі відазьменены, а месцамі цалкам зьнішчаны пазьнейшым разбурэньнем і дэнудацыяй, асабліва тэхнагеннай дзейнасьцю. Створаны чалавекам рэльеф ў выглядзе адвалаў, дамбаў, кар’ераў і катлаванаў часта ёсьць супастаўным з прыродным рэльефам паводле памеру. Чалавекатворны рэльеф займаў звыш 4% плошчы краіны. Чалавечае ўзьдзеяньне на зямную паверхню прывяло да зьнікненьня такіх відаў рэльефу, як камы, озы і краявыя ледавіковыя грады[2].
Утварэньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рэльеф Беларусі ўтварыўся найперш у мэзазойскую (251—65 млн гадоў таму) і кайназойскую эпохі на захадзе Ўсходне-Эўрапейскай плятформы. Апошнім часам зазнаў тэхнагеннае ўзьдзеяньне. Насоўваньне ледавікоў падчас чацьвярцічнага пэрыяду зьмяніла араграфічнага аблічча Беларусі. У канцы перадледавікоўя землі Беларусі ўяўлялі сабой пераважна спадзіста-хвалістую раўніну дэнудацыйную раўніну, паверхня якой мела выгляд амфітэатру, адкрытага на паўночным захадзе, і складалася з карэнных пародаў. На паўднёвым захадзе пераважалі азёрна-абалонавыя, месцамі забалочаныя нізіны. Перасечанасьць рэльефу была невялікай. Паўсюдна сустракаліся азёры тэктачнінага і старычнага паходжаньня, асабліва на паўднёвым захадзе. На поўначы і ўсходзе яны займалі невялікую плошчу. У раёне сучаснага сярэдняга цячэньня Прыпяці знаходзіўся вялізны вадаём. У нараўскі час значную частку земляў Беларусі пакрывалі ледавікі, мяжа распаўсюду якіх праходзіла па лініі Шарашоў — Любань — Глуск — Жлобін — Клімавічы. У выніку дзейнасьці ледавіка ўзьніклі азёрна-ледавіковыя, марэнныя і ледавікова-сьцёкавыя адклады, якія ў наш час пашыраныя на захадзе і ў сярэдзіне краіны. На астатніх землях утварэньні нараўскага ўзросту зьдзёртыя і размытыя наступнымі ледавікамі. Нараўскі час адрозьніваўся ад даледавіковага тым, што расчлянёнасьць зямной паверхні павялічылася да 140 мэтраў і на паўдні набыла выгляд катлавіны. Узьніклі краявыя ледавіковыя ўзвышшы, якія цяпер прымеркаваныя да месцаў распаўсюду градаў і ўзгоркаў. Найбольшымі з гэтых узвышшаў былі міжполасьцевыя ў ваколіцах Горадні, Наваградка і на поўдзень ад Менску[2].
У Беларусі трапляюцца азёрна-абалонавыя, азёрныя і балотныя адклады белавескага міжледавікоўя, што месьцяцца ў паніжэньнях на ледавіковых адкладах, а таксама ў лагчынах на больш старажытных гарызонтах. Дэнудацыйныя паверхні зьмяніліся пераважна ледавіковымі. Дэнудацыйныя раўніны зьберагліся на поўдні і ўсходзе Беларусі. На астатніх землях сталі пераважаць спадзіста-хвалістыя зандравыя раўніны і нізіны, над якія на 40—60 мэтраў узвышаліся краявыя ледавіковыя ўзвышшы і на 5—10 мэтраў — марэнныя раўніны. Ніжэй на 5—10 мэтраў за зандры месьціліся азёрна-ледавіковыя нізіны, азёры і рачныя даліны: Пра-Дняпро, Бярэзіна, Прыпяць і Сож. Бярэзінскі ледавік пакрыў амаль усе землі Беларусі. Па-за ледавіком засталіся землі на поўдзень ад лініі Столін—Петрыкаў—Ельск. Цяпер паверхня бярэзінскіх адкладаў залягае ніжэй за 90—150 мэтраў, зрэдку апускаецца да 30 мэтраў і падымаецца на Цэнтральнабеларускіх узвышшах і градах вышэй за 150 мэтраў. Тагачасныя лагчыны і ўрэзы сьведчаць пра выворвальную дзейнасьць ледавіка. Пасьля адступленьня бярэзінскага ледавіка павялічылася плошча спадзіста-хвалістых марэнных раўнінаў, а найбольш плоскіх азёрна-ледавіковых раўнінаў і нізінаў. Ледавіковыя ўзвышшы ўтварыліся на месцы большасьці сучасных градаў, акрамя Мазырскай. Зьменшылася плошча дэнудацыйных раўнінаў з карэнных палеаген-нэагенавых пародаў. Александрыйскае ледавікоўе папярэднічала найбольшаму прыпяцкаму ледавіку. Працягнула разьвівацца густая сетка прыледавіковых азёраў, што ўзьніклі пры адступленьні бярэзінскага ледавіка. Яны сталі ўласьцівымі вадаёмамі вільготнай зоны. На паўднёвым захадзе азёрнасьць складала да 20%. Пашырэньне мелі раўніны і нізіны з густой сеткай рэк, сярод якіх быў Нёман. Рэкі мелі шырокія даліны. Павысіліся ваганьні вышыняў. Узвышшы, якія адпавядаюць сучасным Гарадзенскаму, Наваградзкаму і Менскаму, перавышалі ўрэз вады на 60—100 мэтраў. Астатнія ледавіковыя ўзвышшы мелі мелі вышыні 20—40 мэтраў. Значную ролю пачалі выконваць азёрна-ледавіковыя нізіны ў вадазборы Пра-Нёмана. Ва ўмовах цёплага і вільготнага клімату пры ўстойлівасьці тэктанічнага становішча ішло выраўноўваньне паверхні[2].
У пачатку прыпяцкага часу на землі Беларусі насунуўся наймагутнейшы зь ледавікоў, які пакрыў яе ў дняпроўскі час амаль цалкам. У час перарывістага разбурэньня ледавіка адбываліся працяглыя спыненьні яго краю. У выніку ўзьніклі падшыротныя ланцугі ўзвышшаў, якія вызначылі сучаснае разьмяшчэньне азёраў, балот і рэк. Гэтыя краявыя ледавіковыя ўтварэньні захаваліся на Палесьсі ў межах Загародзьдзя, Мазырскай і Юравіцкай градаў, часткова ў ваколіцах Берасьця, Маларыты, Рэчыцы і Чачэрску. Найвялікшай была Мазырская града. У сярэдзіне і на поўначы Беларусі дняпроўскі ледавік надбудаваў узьніклыя раней узвышшы, паглыбіў створаныя лагчыны і ўтварыў лагчыны ледавіковага выворваньня і размыву. Пры раставаньні і адступаньні ледавіка на паніжэньнях разьвіліся вадасьцёкі і ўтварыліся азёры. У сожаўскі час ільды пашырыліся на поўдзень Беларусі да лініі Шарашоў — Бяроза — Івацэвічы — Даманава — Баранавічы — Старобін — Любань — Глуск — Бабруйск — Рагачоў — Клімавічы. З сожаўскім зьледзяненьнем адбылося канчатковае ўтварэньне і градаў сярэдзіннай Беларусі: Ашмянскае, Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Наваградзкае, Капыльскае, Менскае і Слонімскае. Пры ўстойлівасьці краю ледавіка ўзьніклі шырокія, часта 2-узроўневыя зандравыя раўніны Перадпалесься і Палесься. Сярод іх існавалі перадкарставыя азёры. Па-за ледавіком намнажаліся пэрыягляцыйныя адклады і ўтвараліся лагчыны, рачныя тэрасы і яры. Адраджалася рачная сетка. Адбываліся перахопы рэчышчаў. У пачатку муравінскага перадледавікоўя на поўдні Беларусі існавала мноства азёраў. На месцы іх найглыбейшых дзялянак дасюль існуюць азёры: Арэхаўскае, Бабровіцкае, Белае, Спораўскае, Чорнае і Чырвонае. На астатніх землях сустракаліся меншыя паводле плошчы азёры. Іх катлавіны цяпер вылучаюцца ў выглядзе неглыбокіх паніжэньняў. Утваралася рачная сетка, блізкая да сучаснай. Найбольш узвышанымі былі землі ў сярэдзіне Беларусі. На поўдні і поўначы пераважалі азёрна-абалонавыя, водна-ледавіковыя і марэнныя раўніны і нізіны[2].
Паазерскі ледавік, які быў апошнім, пранік толькі на поўнач Беларусі. Межы яго пашырэньня праходзілі па паўночных схілах Гарадзенскага ўзвышша між Скідзелем і Астрыной, на захад ад Радуні і каля Астраўца, на поўнач ад Вялейкі і Докшыцаў, па лініі азёраў Шо і Сялява, каля Воршы і ўздоўж шыротнага адрэзка Дняпра. Гэты час быў кліматычна найбольш суровым за ўвесь чацьвярцічны пэрыяд, што абумовіла пэрыягляцыяльны марфагенэз. На пачатку і ў сярэдзіне паазерскага часу на поўначы працягвалі разьвівацца рачныя даліны і пашырацца балоты. У вадазборах Дзьвіны і Нёмана ўтвараліся абалонавыя адклады і тэрасы, якія на большасьці земляў ёсьць пахаванымі. Пры канцы паазерскага часу ўзьніклі паўночныя схілы Гарадзенскага ўзвышша, Сьвянцянскія грады, Віцебскае і Кубліцкае ўзвышшы, паўночныя часткі Аршанскага і Лукомскага ўзвышшаў. На поўдзень ад іх утварыўся пояс зандравых раўнінаў, якія дасягаюць шырыні 50 км. Ледавік перапыніў сьцёк водаў Нёмана і садзейніўчаў утварэньню вялікіх прыледавіковых азёраў у межах яго даліны. Пры яго адступленьні на поўначы Беларусі зьявіліся вялізныя прыледавіковыя вадаёмы: Дзісенскі, Лучоскі, Полацкі і Сураскі. Тамсама ўтварыліся краявыя прыледавіковыя ўзвышшы: Браслаўскае, Віцебскае і Гарадоцкае. З адступаньнем ледавіка ўзровень азёраў зьнізіўся. На схілах іх катлавінаў утварыліся тэрасы. Аднавіўся сьцёк рэк Балтыйскага вадазбору. Зьявіліся верхнія цыклевыя надпоймавыя тэрасы Дзьвіны і Нёмана. У позьнеледавікоўі разьвіліся тэрмакарставыя ўтварэньні. Узьнікла густая сетка азёраў. Утварыліся ніжнія надпоймавыя тэрасы. Адбыліся балотаўтварэньне, абразійныя, саліфлюкцыйныя і эолавыя пераўтварэньні. Па-за ледавіком у пачатку і сярэдзіне паазерскага часу намнажаліся тарфянікі, азёрна-абалонавыя і абалонавыя адклады, ішло яраўтварэньне. У час зьледзяненьня на Палесьсе паступала шмат водаў з вадазбору Нёмана і па далінах Бярэзіны і Дняпра, што ўтварыла скразныя даліны на водападзелах, шырокія другія надпоймавыя тэрасы, шматлікія азёры і азёрна-абалонавыя нізіны. Адначасна ўтварыліся покрывы лёсападобных адкладаў. Падняцьце земляў па-за ледавіком выклікала ўразаньне рэк і спусканьне многіх палескіх азёраў. У вадазборы Дняпра змыкаліся паверхні першай надпоймавай тэрасы і адпаведных зандраў. У канцы паазерскага часу скончылася накапленьне лёсападобных адкладаў і выпрацаваўся ўступ ад першай надпоймавай тэрасы да поплава. Катлавіны найбольшых азёраў на поўдні Беларусі ёсьць рэліктам позьнепаазерскага часу. Сучаснаму галяцэну ўласьцівыя невялікія ваганьні клімату. Вядучае значэньне ў зьмяненьні зямной паверхні меў сьцёкавы чыньнік. У выніку ўтварыліся нізкія надпоймавыя тэрасы і поймы рэк Балтыйскага вадазбору, некалькі поймавых узроўняў у рачных далінах Чарнаморскага вадазбору. Утвараліся балоты і яры. З ХІХ стагодзьдзя надзённым стаў чалавечы ўплыў на зьмяненьне зямной паверхні[2].
Віды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Землі Беларусі служаць узорам разьвіцьця старажытнамацерыковых зьледзяненьняў. Вылучаюць 3 роды паходжаньня рэльефу адпаведна крыніцы энэргіі: вонкавай, прыладнай (тэхнічнай) і ўнутранай. Найбольшае пашырэньне мелі віды вонкавага роду рэльефу:
- ледавікова-асадкавы — марэнныя грады і раўніны, увалы і ўзгоркі;
- ледавікова-экзарацыйны — лагчыны ледавіковага выворваньня;
- ледавікова-экзарацыйна-асадкавы — друмліны;
- ледавіковага націску і выцісканьня — канцова-марэнныя грады;
- водна-ледавіковага накапленьня — камы, озы, краявыя ледавікова-сьцёкавыя грады, увалы і ўзвышшы, ледавікова-сьцёкавыя тэрасы, лагчыны сьцёку талых ледавіковых водаў і зандры;
- азёрна-ледавіковы — звонцы, камы, нізіны і раўніны, тэрасы;
- пастаянных вадацёкаў — накапляльныя і разбуральна-накапляльныя тэрасы, тэрасы ўрэзваньня і рэчышчы;
- азёрна-абалонавы — нізіны і раўніны;
- азёрны — абразійныя і накапляльныя тэрасы, катлавіны;
- часовых вадацёкаў — лагчыны сьцёку, прамывіны і яры;
- перавеяных утварэньняў — западзіны і катлавіны, дзюны, перавеяныя грады і ўзгоркі, палі перавяваемых пяскоў;
- расьлінатворны — паверхні вярховых, нізінных і пераходных балотаў;
- тэрмакарставы — западзіны і катлавіны;
- карставы — варонкі і катлавіны[2].
Прыладны (тэхнаморфны) род рэльефу ўзьнік у выніку гаспадарчай дзейнасьці чалавека і атрымаў найбольшае пашырэньне з ХІХ стагодзьдзя на месцы гарадоў і мэліярацыі, здабычы і перапрацоўкі мінэралаў. У прыладным родзе вылучалі 2 віды: 1) апасродкаваны — апоўзьні, асыпкі, прамывіны і прасадкі; 2) тэхнагенны — адвалы, дамбы, канавы, каналы, кар’еры, катлавіны, насыпы і ямы. Унутраны род рэльефу меў найменшае пашырэньне і ўлучаў 2 віды: 1) задзейнічаных прыразломных прастораў — тэктанічныя тэрасы; 2) новатэктанічных мясцовых утварэньняў — брахіантыкліналі і малыя падняцьці (купалы), брахісынкліналі і малыя паніжэньні (мульды)[2].
Раянаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле будовы зямной паверхні ў Беларусі вылучалі 4 вобласьці: 1) Беларускае Паазер’е, 2) Цэнтральнабеларускія ўзвышшы і грады, 3) раўніны і нізіны Перадпалесься, 4) Палеская нізіна.
- Беларускае Паазер’е вызначаецца пашырэньнем плоскіх забалочаных азёрна-ледавіковых нізінаў і раўнінаў, мноствам азёраў і бясьсьцёкавых катлавінаў. Паверхня вобласьці мае катлавінападобны выгляд. Узьнятыя краі створаныя ледавіковымі градамі і ўзвышшамі паазерскага зьледзяненьня. Паўднёвая мяжа вобласьці супадае зь мяжой пашырэньня апошняга ледавіка. Вышыні ў сярэдзіне складаюць 120—160 мэтраў, на далінах рэк — 100—125 мэтраў. Больш узвышаная ўсходняя частка вышэй за 150 мэтраў. Краявыя грады і ўзвышшы сягаюць 200—260 мэтраў, а на Віцебскім узвышшы — амаль 300 мэтраў. Шырока прадстаўлены краявы ледавіковы рэльеф — грады, увалы і ўзгоркі. Найбольш вялікія зь іх Браслаўскае, Віцебскае і Гарадоцкае ўзвышшы, а таксама Сьвянцянскія грады. Палосы краявога рэльефу падзяляюцца азёрна-ледавіковымі, ледавікова-сьцёкавымі і марэннымі нізінамі і раўнінамі. Азёрна-ледавіковыя нізіны і раўніны пашыраныя ўздоўж даліны Дзьвіны і ў вадазборы ракі Лучосы. Іх паверхня найбольш паніжаецца на захадзе. Зьнешнюю аднастайнасьць азёрна-ледавіковых нізінаў парушаюць камавыя ўзгоркі вышынёй 7—8 мэтраў, зрэдку 15—20 мэтраў, а таксама озавы грады вышынёй 10 мэтраў, зрэдку да 30 мэтраў. Сустракаюцца ўзгоркава-дзюнныя масівы вышынёй да 20 мэтраў. Да краявых частак былых прыледавіковых вадазбораў прылягаюць плоскія абразійныя пляцоўкі шырынёй да 5—7 км з выразным уступам. На ўскрайках Лучоскага і Полацкага прыледавіковых азёраў і іншых вадаёмаў у межах паазерскага ледавіка пашыраныя ледавікова-сьцёкавыя дэльты вышынёй 2—10 мэтраў. Каля берагоў сустракаецца кальцавы рэльеф — пінго (гідралякіты, булгуняхі). Землі абвадняюцца густой сеткай рэк, якія належаць да вадазбораў Дзьвіны і Нёману. Рачныя даліны вузкія і глыбокія. Налічваецца каля 3000 азёраў. Іх катлавіны найбольшыя ў Беларусі і маюць 6 відаў паходжаньня: лагчыннае, падпруднае, разбуральнае, складанае, тэрмакарставае і экзарацыйнае.
- Цэнтральнабеларускія ўзвышшы і грады маюць найбольш магутныя краявыя ледавіковыя ўтварэньні сожаўскага ўзросту. Пераважае дэнудацыйны градава-ўзгоркавы рэльеф са спадзістымі вяршынямі і глыбокім разбуральным расчляненьнем. На краявых утварэньнях сустракаюцца лёсападобныя адклады, зь якімі зьвязана пашырэньне яроў і суфазійных западзінаў. Даліны рэк выпрацаваныя, хоць сустракаюцца вузкія і глыбокія з камяністым дном і парогамі. Вышыні дасягаюць 200—250 мэтраў. Найвышэйшыя горы — Сьвятая (345 мэтраў) і Лысая (342 мэтры). Паводле тэктанічнай будовы рэльефу вобласьць падзяляюць на падвобласьці: 1) Заходне-Беларускую — з найбольшымі вышынямі і шматлікімі ледавіковымі дысьлякацыямі; 2) Усходне-Беларускую — зь пераважна плятопадобным рэльефам і паменшанай паземнай і вэртыкальнай расчлянёнасьцю. Заходняя частка вобласьці прымеркаваная да Беларускай антэклізы, усходняя — да Аршанскай упадзіны, што выявілася ў руху ледавікоў. Найбольшыя вышыні зьвязаныя з краявымі ледавіковымі ўтварэньнямі: Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Менскае, Наваградзкае і Слонімскае ўзвышшы, Ашмянскія і Капыльскія грады. Большасьці краявых узвышшаў уласьцівыя ледавіковыя дысьлякацыі і адорвені крэйдавых пародаў. Найбольшыя ледавіковыя дысьлякацыі выявілі на Ваўкавыскім, Гарадзенскім і Менскім узвышшах. Значную плошчу займаюць марэнныя раўніны з вышынямі 140—190 мэтраў. Рэльеф пераважна спадзіста-хвалісты, зрэдку дробнаўзгоркавы. Сустракаюцца тэрмакарставыя западзіны і лагчыны сьцёку талых водаў, якія насьледуюцца рэчкамі, камы, озы і краявыя грады вышынёй да 10—12 мэтраў. На марэннай раўніне на ўсходзе часта залягае покрыва лёсападобных адкладаў, што абумовіла пашыранасьць лагчынаў, прамывінаў і яроў, урэзаных на глыбіню да 20—30 мэтраў, суфазійных западзінаў дыямэтрам 100—200 мэтраў і глыбінёй да 2—3 мэтраў. Ніжэй за марэнную раўніну амаль паўсюдныя дзялянкі ледавікова-сьцёкавых паверхняў з вышынямі 135—170 мэтраў і ваганьнямі на 3—5 мэтраў. Зрэдку захаваліся забалочаныя і зарасьнікавыя азёрныя катлавіны. Уласьцівыя перавеяныя грады і ўзгоркі, лагчыны сьцёку, месцамі моцна забалочаныя. Найніжэйшы гіпсамэтрычны ўзровень займаюць азёрна-абалонавыя і ледавіковыя нізіны і раўніны зь невялікай плошчай. Водная сетка належыць да вадазбораў Балтыйскага і Чорнага мораў. Азёраў параўнальна меней.
- Раўніны і нізіны Перадпалесься ёсьць пераходнай араграфічнай ступеняй між узвышшамі сярэдзіннай Беларусі і Палескай нізінай. Рэльеф утварыўся ў выніку дысьляцыйнай, накапляльнай і экзарацыйнай дзейнасьці ледавікоў у дняпроўскі і сожаўскі часы. Пашыраныя зандравыя раўніны, якія акаймоўваюць з поўдню пояс буйнейшых у Беларусі градаў і ўзвышшаў. Краявыя ўтварэньні маюць невялікую плошчу і вышыню 170—200 мэтраў, радзей 210—220 мэтраў. Ніжэй месьцяцца марэнныя раўніны з вышынёй 160—180 мэтраў. Іх спадзіста-хвалісты рэльеф мае ваганьні вышыні да 2—3 мэтраў. Зрэдку рэльеф дробнаўзгорысты з ваганьнямі да 5—7 мэтраў. На ўсходзе марэнная паверхня часта перакрываецца лёсападобнымі адкладамі, на якіх месьцяцца суфазійныя западзіны і сетка лагчынаў ды яроў. Паўсюдна трапляюцца тэрмакарставыя і карставыя западзіны, лагчыны сьцёку талых водаў. Ніжэй за марэнную раўніну месьцяцца зандравыя раўніны, якія ёсьць пераважнымі ў Перадпалесьсі. Іх спадзіста-хвалістая паверхня мае вышыні 140—180 мэтраў і часта моцна забалочаная. Сустракаюцца краявыя грады, камы і озы вышынёй да 5—7 мэтраў. Вышыня перавеяных градаў і дзюнаў дасягае 10 мэтраў. На ўсходзе вобласьці водна-ледавіковыя адклады перакрытыя лёсападобнымі, таму пашыраныя суфазійныя западзіны, лагчыны і яры. Паўсюдна сустракаюцца тэрмакарставыя западзіны і затарфаваныя лагчыны сьцёку. Многія лагчыны ўспадкаваныя рэкамі. Ніжэй за ледавікова-сьцёкавыя нізіны і раўніны сустракаюцца плоскія, спадзіста-хвалістыя, моцна забалочаныя азёрна-абалонавыя паверхні з вышынямі 130—160 мэтраў. Шмат рэшткавых зарасьнікавых азёраў. Зрэдку трапляюцца перавеяныя грады і ўзгоркі вышынёй да 5 мэтраў. Густая сетка рэк належыць да вадазбораў Бярэзіны, Дняпра, Прыпяці і Сажа, у меншай ступені Буга і Нёмана. Рачныя даліны выпрацаваныя, шырокія і несымэтрычныя. Азёраў параўнальна мала.
- Палеская нізіна вызначаецца пашыранасьцю забалочаных абалонавых, азёрна-абалонавых і водна-ледавіковых раўнінаў зь перавеянымі ўтварэньнямі. Узвышаныя дзялянкі краявых ледавіковых утварэньняў, марэнных і водна-ледавіковых раўнінаў маюць абмежаванае пашырэньне і ўтвараюць выцягнутыя ў падшыротным напрамку палосы, што надае рэльефу хвалістасьць. Шырокія рачныя даліны маюць паплавы значных памераў. Вобласьць падзяляюць на 2 падвобласьці тэктанічнай будовы: 1) Беларускае Палесьсе — з глыбокім заляганьнем крышталічных пародаў, 2) Украінскае Палесьсе — з высокім заляганьнем крышталічнага падмурку. Каркас і хвалістасьць рэльефу ўтварыў дняпроўскі ледавік. Ва ўтварэньні паўночнага краю нізіны ўдзельнічаў сожаўскі ледавік, паўднёвага — тэктанічныя рухі. Найбольшыя вышыні зьвязаныя з краявымі ўтварэньнямі Мазырскага ўзвышша і Загародзьдзя. У межах Мазырскага ўзвышша найбольшыя вышыні дасягаюць 220,7 мэтру (в. Булаўкі, Мазырскі раён), а адносныя — 80 мэтраў. Мазырскаму ўзвышшу ўласьцівая расчлянёнасьць лагчынамі і ярамі (па 20—30 на км²). Найбольшыя лагчыны маюць даўжыню да 3 км і глыбіню ўрэзу да 70 мэтраў. Краявыя ледавіковыя грады Загародзьдзя маюць плоскія вяршыні і спадзістыя схілы. Пераважаюць вышыні 140—175 мэтраў з ваганьнем да 10—15 мэтраў. Ніжэй за гэтыя грады месьцяцца спадзіста-хвалістыя марэнныя раўніны з вышынямі 150—160 мэтраў. Ніжэй на вышыні 125—150 мэтраў знаходзяцца спадзіста-хвалістыя і плоскія, часта забалочаныя водна-ледавіковыя нізіны і раўніны. На ледавікова-сьцёкавых паверхнях шмат перавеяных градаў, дзюнаў і ўзгоркаў вышынёй да 10 мэтраў, а таксама палёў перавеяных пяскоў. Найніжэйшы ярус займае плоская, месцамі слабахвалістая паверхня азёрных і азёрна-абалонавых забалочаных нізінаў, сярод якіх разьмяшчаюцца зарасьнікавыя азёры, затарфаваныя лагчыны і катлавіны былых азёраў. Рэкі пераважна належаць да вадазбору Прыпяці і ў меншай ступені да прытокаў Буга, Дняпра і Сажа[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Барыс Гурскі. Рэльеф // Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі ў 5 тамах / гал.рэд. Іван Шамякін. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1985. — Т. 4. Недалька — Стаўраліт. — С. 413. — 599 с. — 10 000 ас.
- ^ а б в г д е ё ж з А.В. Мацьвееў, Л.А. Нечыпарэнка. Рэльеф // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2004. — Т. 18. Кн. 2: Рэспубліка Беларусь. — С. 34-40. — 760 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0295-4
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Барыс Гурскі. Рэльеф // Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі ў 5 тамах / гал.рэд. Іван Шамякін. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1985. — Т. 4. Недалька — Стаўраліт. — С. 413-414. — 599 с. — 10 000 ас.
|