Перайсьці да зьместу

Берасьцейскае Палесьсе

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Берасьце́йскае Пале́сьсе — фізыка-геаграфічная акруга Беларускага Палесься на паўднёвым захадзе Берасьцейскай вобласьці. Разьмешчанае паміж раўнінай Загародзьдзе на ўсходзе і ракой Заходні Буг, на захадзе, мяжуе на поўначы з Прыбужанскай раўнінай, на поўдні з Валынскім узвышшам.

Рэльеф сфармаваўся пад узьдзеяньнем ледавікоў і іх адталых водаў, а таксама пад уплывам тэктанічных працэсаў. Невысокая (вышыня 140—160 м над узроўнем мора) плоскаўвагнутая аднастайная і забалочаная раўніна, паверхня якой нахіленая ў бок сутокаў Мухаўцу і Заходняга Бугу. Мінімальная абсалютная вышыня (123 м) адпавядае зрэзу Заходняга Бугу. Складзеная зандравымі, алювіяльнымі, балотнымі, радзей азёрнымі ўтварэньнямі. Вылучаюцца перапрацаваныя ветрам пясковыя парабалічныя выдмы (вышыня 8—10 м), грудкаватыя пясковыя палі. Распаўсюджаныя размытыя марэнавыя грады, плоскія рачныя даліны і невялікія азёрныя лагчыны. Характэрная асаблівасць Берасьцейскага Палесься — наяўнасьць шматлікіх скразных далінаў, звычайна арыентаваных у паўднёва-заходнім кірунку.

Глебы тарфяна-балотныя (буйныя масівы ўздоўж Дняпроўска-Бужанскага канала), дзярнова-падзолістыя, радзей карбанатна-перагнойныя, у далінах рэчак — абалонавыя. Тарфяна-балотныя глебы нізінных балатоў на значнай плошчы мэліяруюцца.

Найбольшыя рэкі: Заходні Буг з прытокам Мухавец, правыя прытокі Заходняга Бугу — Спаноўка, Капаеўка, Серадовая Рэчка, левыя прытокі Мухаўцу — Рыта і Асіпоўка. Каналы: Дняпроўска-Бужанскі (заходняя частка), Белаазёрскі, Арэхаўскі і іншыя. Значныя азёры: Арэхаўскае, Олтускае, Любань, Белае, Рагазьнянскае; вадасховішча Лукаўскае.

Разаранасьць тэрыторыі ад 30 да 40%. Пад лесам у цэнтральнай частцы Берасьцейскага Палесься 10—20%, на поўдні да 40%. Распаўсюджаныя хваёвыя, шыракаліста-хваёвыя лясы, на поўдні сустракаюцца невялікія дзялянкі дубова-грабавых лясоў. На ўсходзе Берасьцейскага Палесься знаходзіцца Радостаўскі батанічны заказьнік.

  • Природа Белоруссии. Популярная энциклопедия. — Мн.: БелЭн 1986. — 600 с.: ил.
  • Брест. Энциклопедический справочник. — Мн.: БелЭн, 1987.