Чашніцкая раўніна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Чашніцкая раўніна — раўніна на поўдні Беларускага Паазер’я. Разьмешчаная ў Чашніцкім, на поўдні Бешанковіцкага, поўначы і захадзе Сеньненскага раёнаў Віцебскай вобласьці. На поўначы мяжуе з Полацкай нізінай, на ўсходзе зь Віцебскім узвышшам і Лучоскай нізінай, на поўдні з Аршанскім узвышшам, на паўднёвым захадзе і захадзе зь Верхнебярэзінскай нізінай і Вушацка-Лепельскім узвышшам.

Працягласьць з захаду на ўсход 40—72 км, з поўначы на поўдзень ад 30 да 70 км, плошча 2,5 тыс. км². Вышыні 140—160 м, максымальная вышыня 192 м (у паўднёвай частцы).

У фармаваньні раўніны ўдзельнічалі ледавікі 5 зьледзяненьняў, найбольшы ўплыў зрабілі ледавікі двух апошніх зьледзяненняў. Паўночная частка хвалістая. На поўдні і паўднёвым усходзе раўніна ўзгорыстая, парэзаная шматлікімі лагчынамі, азёрнымі катлавінамі, вакол якіх озы і камы.

Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пяскова-жвіровы матэрыял, торф, бузы.

Рэкі належаць да басэйну Дзьвіны: Вула з прытокамі Усьвейка, Сьвячанка, Лукомка; Крывінка зь Бярозкай; Абалянка. Шмат азёраў, найвялікшыя Жэрынскае, Саро, Сянно, Бярозаўскае.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Чашніцкая раўніна // Геаграфія Беларусі: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Л. В. Казлоўская і інш. — Мн., 1992. — С. 77—78.
  • Чашникская равнина // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.