Перайсьці да зьместу

Паазер’е (этнаграфічны рэгіён Беларусі)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Беларускае Паазер’е»)
Рэґіёны Беларусі:

     Панямоньне

     Паазер’е

     Падняпроўе

     Заходняе Палесьсе

     Усходняе Палесьсе

     Цэнтральная Беларусь

Паазер’е, паштовая марка Беларусі

Паазе́р’е, або Падзьві́ньне — гісторыка-этнаґрафічны рэґіён Беларусі. Займае большую частку Віцебскае вобласьці. На паўднёвым усходзе па дняпроўска-дзьвінскім водападзеле мяжуе з Падняпроўем, на поўдні і паўднёвым захадзе па ўмоўнай лініі на поўнач ад Барысава і Лагойска праз Паставы — з Цэнтральнаю Беларусьсю і Панямоньнем.

Як гісторыка-этнаґрафічны рэґіён адпавядае асноўнаму масіву старажытнае Полацкае зямлі (полацкія крывічы).

Мясцовыя гаворкі Паазер’я складаюць ґрупу паўночна-ўсходняга дыялекту беларускае мовы.

Этнічная гісторыя Падзьвіньня налічвае больш за тысячу рокаў. На пачатку бронзавага веку (на мяжы III—II тыс. да н. э.) тэрыторыю Падзьвіньня засяляюць індаэўрапейцы. Адбываецца этнакультурнае ўзаемадзеяньне з протабалцкім насельніцтвам, а таксама з фіна-вуграмі. Паводле зьвесткаў археоляґаў, у прыватнасьці Георгія Штыхава, ў V—XI стагодзьдзях у рэґіёне адбываецца міґрацыя славянаў і іх расьсяленьне сярод балцкага і фіна-вугорскага насельніцтва[1].

У складзе Кіеўскае Русі Полацкая зямля была найбольш самастойнаю з уласьцівымі ёй старочнымі традыцыямі грамадзка-палітычнага ладу і арыґінальнаю культураю. У XI ст. тут было каля 10 буйных удзельна-валасных і эканамічных цэнтраў (Полацак, Віцебск, Друцк, Лукомль, Браслаў і іншыя; гл. Полацкае княства).

Для Падзьвіньня разам з часткаю Падняпроўя цягам сярэднявечча і да 2-е паловы XIX ст. захавалася этнаґрафічная назва Белая Русь, якая паступова пашырылася на ўсю сучасную тэрыторыю Беларусі.

З стварэньнем Рэчы Паспалітае (1569) пашырылася каталіцтва, павялічыліся земляўладаньні езуітаў.

Ратуючыся ад рэліґійных гнаньняў і сацыяльнага ціску, сюды перасялілася частка расейскіх старавераў.

У выніку Лівонскае вайны 1558—83, вайны Маскоўскае дзяржавы з Рэччу Паспалітаю 1654—67, Паўночнае вайны 1700—21 мясцовая эканоміка і культура панесьлі вялікія страты, адбыліся істотныя зьмены ў ґеаґрафічным разьмяшчэньні і этнасацыяльнай структуры насельніцтва, якое скарацілася ў некалькі разоў.

У выніку падзелаў Рэчы Паспалітае (1772 і 1793) Падзьвіньне было далучанае да Расеі і ўваходзіла ў склад Полацкае, з 1796 р. — Беларускае, з 1802 р. — Віцебскае ґубэрні; заходняя частка ўваходзіла ў Віленскую ґубэрню.

Пасьля 1917 р. і стварэньня БССР усходняе Падзьвіньне апынулася ў складзе БССР; заходняя (левабярэжная) частка Падзьвіньня была далучаная да БССР у 1939 г.

Гаспадарчыя заняткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Традыцыйна-бытавая культура складвалася цягам стагодзьдзяў, адлюстроўваючы як агульнабеларускія рысы, так і спэцыфіку мясцовых гістарычных і прыродных умоваў. Народная вытворчая практыка выпрацавала свой рочны каляндар, своеасаблівыя спосабы апрацоўкі глебы, догляду пасеваў, уборкі ўраджаю і іншае з улікам мясцовых прыродных умоваў. Палі апрацоўвалі з дапамогаю мясцовага варыянта сахі зь перакладною паліцаю, архаічнаю бараны-сукаваткі (смыка); на сугліністых глебах выкарыстоўвалі круглую калоду з зубамі, матыку ці чакуху для здрабненьня камякоў. Выбраны на палях лён вымочвалі на дне вадаёмаў, а потым апрацоўвалі на тыповых для Паазер’я 2-рэбравых нахільных мялках.

Сакавітыя лугі і выпасы спрыялі розьвітку жывёлагадоўлі. Асноўнаю і найчасьцейшаю адзінаю працоўнаю жывёлаю ў сялянскай гаспадарцы быў конь. З канца XIX ст. жывёлагадоўля мела выразны мяса-малочны кірунак (вядомы цэнтар маслабойнай вытворчасьці ў Віленскай ґубэрні — Дзісенскі павет). З розьвіткам капіталістычных адносінаў пашырыліся лясныя і адыходныя промыслы — нарыхтоўка лесу, выраб брусоў, абадоў, бандарнае клёпкі і вываз іх у прыбалтыйскія парты. Мноства сялянаў ішло на будаўнічыя і земляныя працы: мясцовых каменячосаў (жарнаклёваў), муляраў, цесьляроў можна было сустрэць у адыходзе ў ґубэрнях Расеі.

Найбольш густа населеным здаўна было левабярэжжа Заходняе Дзьвіны. На Паазер’і пераважалі маладворныя сельскія пасяленьні (3—5 сядзібаў), раскіданыя сярод лясных пагоркаў паблізу рэк і азёраў, у баку ад вялікіх дарог. Наяўнасьць блізка ад вёскаў і хутароў выгану і свабодных зямель, суседзтва з вадаёмам і лесам надавала пасяленцам азёрнага краю патрыярхальна-экзатычныя рысы. Невялікія вёскі, хутары і асобныя двары зьвязвалі вузкія прасёлкі і сьцяжынкі; сельскія дарогі вызначаліся слабаю набітасьцю ґрунту і невыразнымі абрысамі. Зімою ўзьнікалі часовыя дарогі, г. зв. зімнікі.

Найбольш пашыраны тып сядзібнае забудовы — вянковы. Побач з разьмяшчэньнем пабудоваў па пэрымэтры двара сустракалася і кампактная забудова, калі гаспадарчыя памяшканьні цесна прымыкалі да жыльля, утвараючы адзіны жыльлёва-бытавы комплекс з крытым дваром (вядомы толькі ў рэґіёне). На адлегласьці 50—60 м у глыбіні сядзібы будавалі гумно і лазьню. Гумно ў мясцовым вызначэньні — комплекс гаспадарчых пабудоваў з уласна гумном (ток, такаўня), сушылкай (асець, ёўня), пуняю для саломы і сена, азяродамі. На адкрытай мясцовасьці нярэдка ставілі невялікі млын-вятрак, што задавальняў патрэбы сялянскае гаспадаркі.

Тыповае плянаваньне жыльля: хата + сенцы + стопка (варыўня). Зруб хаты рабілі з круглых бярвёнаў хвоі або елкі, зьвязаных між сабою з просты кут «з астаткам» («у чашку»). Стрэхі звычайна 2-схільныя закотам, з 2-е паловы 19 ст. — каркасныя («на кроквах»); крылі іх саломай «пад колас», радзей — дранкай.

Для традыцыйнага адзеньня жыхароў уласьцівы прамы, вольны крой. Найбольш пашыраныя колеры адзеньня белы й сьветла-шэры. Зь верхняга адзеньня апрача агульнабеларускіх сьвіткаў і кажухоў у шырокім ужытку быў палатняны насоў, які насілі ў хоць якое надвор’е.

Паясное жаночае адзеньне вызначалася значнаю тыпаляґічнаю разнастайнасьцю: льняныя спадніцы, рознакаляровыя набіванкі, саяны, андаракі, узорныя дрыліхі (гл. Лепельскі строй). Ва ўзорнай тэхніцы ўпрыгожваньня пераважалі вышыўка і набіванка, якія ў жаночым адзеньні (сарочках, фартухах) гарманічна спалучаліся з карункамі ды мярэжкаю. У вышыўцы дамінаваў чырвоны колер, у набіванцы — сіні або блакітны.

Кераміка вызначалася масыўнасьцю формы (да апошняга часу тут захаваўся налеп) і ґрунтоўнасьцю апрацоўкі.

Вусная творчасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэґіянальнаю асаблівасьцю вызначаюцца мясцовая вусна-паэтычная творчасьць ды традыцыйная абраднасьць. Побач з агульнабеларускімі каляндарна-земляробчымі і сямейна-абрадавымі песьнямі пашыраныя тыя жанры, якія ў іншых рэґіёнах маюць абмежаваны арэал або зусім невядомыя, — валачобныя, масьленічныя, талочныя, ільнаробчыя, ярынныя песьні. Для песеннага фальклёру Паазер’я ўласьцівае сольнае (манадыйнае) выкананьне: мэлёдыя песень роўная, з плаўнымі пераходамі, напевы нетаропкія і свабодныя.

  • Паазер’е (Падзьвіньне) // БЭ. — Мн.: 2000 Т. 11. С. 460—461.
  1. ^ Этнокультурные процессы Белорусского Подвинья (Витебщины) в прошлом и настоящем / А. Вл. Гурко [и др.]; науч. ред. А. Викт. Гурко ; Нац. акад. наук Беларуси, Центр исслед. белорус. культуры, языка и лит., Ин-т этнографии и фольклора имени Кондрата Крапивы. — Минск : Беларуская навука, 2017. С.3