Вушацка-Лепельскае ўзвышша
Вушацка-Лепельскае ўзвышша (Ушацка-Лепельскае ўзвышша) — узвышша на поўначы Беларусі, у цэнтральнай частцы Беларускага Паазер’я. Займае частку Глыбоцкага, Лепельскага, Міёрскага, Полацкага і Ўшацкага раёнаў Віцебскай вобласьці. Працягласьць з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход 115 км, з захаду на ўсход ад 22 да 45 км, плошча 3,4 тыс. км². Максымальная вышыня 279 м.
На поўначы і паўночным усходзе мяжуе з Полацкай нізінай, на паўднёвым усходзе з Чашніцкай раўнінай, на поўдні і захадзе зь Верхнебярэзінскай нізінай, на паўночным захадзе са Сьвянцянскімі градамі.
Рэльеф
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сучасным рэльефе вылучаюцца Лукомскае ўзвышша на паўднёва-ўсходняй ускраіне, Пышнагорскае і Кубліцкае ўзвышшы на захадзе. Большую частку тэрыторыі займаюць вышыні 150—200 м над узроўнем мора, рэльеф тут плоскахвалісты з адноснымі перавышэньнямі 8—10 м. Найвышэйшы пункт 279 м над узроўнем мора — на Лукомскім узвышшы на паўночны ўсход ад вёскі Новыя Валосавічы Лепельскага раёну. На мяжы з Полацкай нізінай рэльеф найбольш парэзаны, паміж азёрнымі катлаванамі раскіданы выспавыя павышэньні (озы і камы), што стварае рэзкі кантраст з навакольнай паверхняй (адносныя перавышэньні 30—40 м) — люстрам азёраў.
Карысныя выкапні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Узвышша складаецца з марэнавых суглінак, радзей з валуновых супяскоў. Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пяскова-жвіровы матэрыял, бузы.
Гідраграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рэкі належаць да басэйну Заходняй Дзьвіны: Вушача, Тураўлянка, Дзіва, на поўдні бярэ пачатак рака Вула. Азёры часта злучаюцца паміж сабой невялікімі пратокамі і ручаямі, у межах Вушацкай групы займаюць 10% плошчы вадазбору. Найбольшыя азёры: Чарсцьвяцкае, Паўльскае, Атолава, Палазер'е, Янова, на поўдні ўзвышша — Лепельскае возера.
Расьліннасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лясы займаюць амаль палову тэрыторі. На вяршынях узгоркаў захаваліся бярозавыя, асінавыя, чорнаалешнікавыя, хваёвыя лясы. Паблізу азёраў у паніжэньнях асотава-зёлкавыя, зёлкава-разнатраўныя лугі і нізінныя балоты.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 5: Стаўраструм ― Яшчур / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 581 с. — С. 179.
- Геаграфія Беларусі: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Л. В. Казлоўская і інш. — Мн., 1992.— 382 с. — С. 74
- Ушачско-Лепельская возвышенность // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.