Полацкая нізіна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Полацкая нiзiна на мапе Беларусі
Полацкая нiзiна на мапе Беларусі

Полацкая нізінанізіна на поўначы Беларусі, займае значную частку Віцебскай вобласьці, заходзіць на тэрыторыі Летувы і Латвіі.

Паўднёва-заходняя яе частка ўздоўж ракі Дзісна завецца Дзісенская нізіна. Працягласьць з паўднёвага захаду на паўночны ўсход да 200 км, з поўначы на поўдзень ад 40 да 80 км. Вышыня 130—140 м, у краявых частках да 160 м.

Рэльеф заходняй часткі плоскахвалісты і спадзістахвалісты з рэшткамі марэнавай раўніны, камавымі і марэнавымі ўзгоркамі, озамі. Усходняя частка мае плоскаўзгорыстую і плоскую паверхню з выдмамі, эолавымі градамі, катлавінамі.

Нізіна ўтварылася на месцы прыледавіковага вадаёма, які існаваў у час адступаньня апошняга ледавіка паазерскага зьледзяненьня (18—20 тыс. рокаў таму). На дне вадаёма намнажаліся азёрна-ледавіковыя адклады — пяскі, аточак, істужкавыя гліны. Пасьля таго, як Заходняя Дзьвіна прарвала Балтыйскую граду (на тэрыторыі Латвіі), вялізны вадаём быў спушчаны ў Балтыйскае мора.

Найбольшыя рэкі: Заходняя Дзьвіна з прытокамі Вужыца, Росіца, Свольна, Дрыса, Палата, Обаль (праваруч), Дзісна (леваруч). Найбуйнейшыя азёры: Лісна, Ельна, Чарвятка, Ілава, Мёрскае.

Пад лесам 34% тэрыторыі (пераважаюць хваёвыя і ялова-хваёвыя лясы). У міжрэччы Дрысы і Палаты, на паўднёвай ускраіне возера Лісна боры чаргуюцца зь верхавымі балотамі, парослымі нізкарослай хвояй, ельнікам, бярэзьнікам, зарасьнікамі алешыны. Дубровы захаваліся на правым беразе ракі Дзісна, у вярхоўях рэчак Масьнічына і Бярозаўка. Найбольшыя масівы верхавых балотаў — Ельня, Обаль-2, Стрэчна, нізінных — Дабееўскі Мох, Сосьніца-Дражбітка, Судзіна. Шырока распаўсюджаныя мурожныя і разнатраўныя лугі.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Полацкая нізіна // Геаграфія Беларусі: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Л. В. Казлоўская і інш. — Мн., 1992. — С. 69—70.
  • Полоцкая низина // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.