Горкі
Горкі лац. Horki | |||||
Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1544 | ||||
Магдэбурскае права: | 1619 | ||||
Былыя назвы: | Горы-Горкі, Малыя Горы | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Магілёўская | ||||
Раён: | Горацкі | ||||
Плошча: | 22,1 км² | ||||
Вышыня: | 191 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2018) | |||||
колькасьць: | 34 008 чал.[1] | ||||
шчыльнасьць: | 1538,82 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2233 | ||||
Паштовы індэкс: | 213410 | ||||
СААТА: | 7220501000 | ||||
Нумарны знак: | 6 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°17′0″ пн. ш. 30°59′0″ у. д. / 54.28333° пн. ш. 30.98333° у. д.Каардынаты: 54°17′0″ пн. ш. 30°59′0″ у. д. / 54.28333° пн. ш. 30.98333° у. д. | ||||
± Горкі | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://gorki.mogilev-region.by/ |
Го́ркі — места ў Беларусі, на рацэ Проні. Адміністрацыйны цэнтар Горацкага раёну Магілёўскай вобласьці. Плошча 22 км². Насельніцтва на 2018 год — 34 008 чалавек[1]. Знаходзяцца за 86 км на паўночны ўсход ад Магілёва, за 3 км ад чыгуначнай станцыі Пагодзіна (лінія Ворша — Крычаў). Вузел аўтамабільных шляхоў на Воршу, Магілёў, Чавусы, Амсьціслаў, Смаленск.
Горкі — магдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[2]. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў былі адным з двух местаў (разам з Пружанамі) на тэрыторыі колішняга ВКЛ, вызваленых на пэўны час з-пад расейскага панаваньня. Галоўная мясцовая славутасьць — Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія, адна з найстарэйшых вышэйшых навучальных установаў Беларусі. Захаваўся комплекс яе старых карпусоў у стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Сьвятога Андрэя Баболі, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Горкі як сяло ў складзе Горы-Горацкага маёнтку зьмяшчаецца ў Літоўскай мэтрыцы і датуецца 1514 годам. Маёнтак знаходзіўся ў валоданьні князя Друцкага-Горскага. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва.
У 1584 годзе Горкі перайшлі да Сапегаў. У 1619 годзе Леў Сапега надаў месту[3] «Статут аб вольнасьцях» і «малое Магдэбурскае права». У гэты час паселішча было цэнтрам маёнтку, тут штогод праводзіліся кірмашы. У 2-й палове XVII стагодзьдзя Юры Станіслаў Сапега меў тытул графа «на Горы-Горках».
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у сакавіку 1659 году жыхары Горак узьняліся на ўзброеную барацьбу з усходнімі захопнікамі і доўга трымалі ў аблозе ў Вялікіх Гарах аддзел маскоўскіх салдатаў. У 1676 годзе ў месьце існавалі праваслаўнае брацтва і школа. Паводле інвэнтару, на 1683 год — 510 будынкаў, 2 прадмесьці (Казімерава Слабада і Зарэчча), 3 Рынкі, працавалі рамесьнікі 28 спэцыяльнасьцяў[3].
Захаваліся сьведчаньні літоўскай ідэнтычнасьці жыхароў Горак: «сознаютъ отца и матку свою родомъ з Литви, з города Горокъ»[4][5].
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) Горкі знаходзіліся ў зоне ваенных дзеяньняў. У ліпені — жніўні 1708 году тут разьмяшчаліся расейскія войскі на чале з А. Меншыкавым і Б. Шарамецьцевым. 9 ліпеня — 16 жніўня 1708 году ў Горках спыняўся цар маскоўскі Пётар I. У 1717 годзе мястэчка з ваколіцамі набыў князь А. Меншыкаў і валодаў ім да высылкі ў Сыбір (1727 год). З 1732 году паселішча было ў валоданьні графа М. А. Патоцкага.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Горкі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Аршанскім павеце. На 1780 год у мястэчку дзеялі 3 цэрквы і касьцёл. У 1799 годзе ў Горках і навакольных вёсках спыняўся расейскі паэт Г. Дзяржавін, які напісаў тут вершы «Горкі», «Млынар», «Вішы» і інш. У канцы XVIII стагодзьдзя маёнтак перайшоў у валоданьне графа Л. Салагуба. У 1809 годзе ў Горы-Горацкім маёнтку пачала працаваць мануфактура з фарбавальняй. У 1828 годзе за невыкананьне забавязаньня забясьпечваць харчаваньнем армію Кутузава ў вайну 1812 году, расейскі ўрад канфіскаваў маёнтак у Л. Салагуба.
15 жніўня 1840 году адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Горы-Горацкай земляробчай школы (з 1848 году — Горы-Горацкі земляробчы інстытут). Дзякуючы працы Эдуарда Рэга, прафэсара батанікі, паводле праекту італьянскага архітэктара А. Кампіёні на тэрыторыі інстытуту заснавалі дэндрарый. У 1841 годзе пачала працаваць Горацкая мэтэастанцыя. У 1846 годзе ў мястэчку, а ў 1847 годзе ў Казімераўскай Слабадзе адкрыліся расейскія пачатковыя народныя школы. У 1852 годзе выйшаў першы том «Запісак Горы-Горацкага земляробчага інстытуту». У пэрыёдыку разьмяшчаліся матэрыялы пра працу навучальнай фэрмы, адлюстроўваліся дасягненьні сельскагаспадарчай навукі таго часу. У 1857 годзе ў мястэчку ўтварыўся легальны прафэсарска-студэнцкі клюб. Яго ўдзельнікі абмяркоўвалі надзённыя пытаньні і будучую сялянскую рэформу з скасаваньнем прыгоннага права. 26 сьнежня 1861 году Горкі сталі цэнтрам павету Магілёўскай губэрні і зноў атрымалі статус места. У 1862 годзе тут сфармавалася падпольная студэнцкая арганізацыя, якая рыхтавалася да ўдзелу ў паўстаньні К. Каліноўскага. У яе склад уваходзілі С. Віскоўскі, В. Дамарацкі, В. Антановіч, Р. Чарвінскі, З. Міткевіч, С. Дымкевіч і іншыя. Яны разам зь іншымі студэнтамі адкрылі для сялянскіх дзяцей народную школу, выкладаньне ў якой вялося на беларускай мове. 21 красавіка 1862 году паўсотні студэнтаў зладзілі ў фальварку Шыманоўка палітычную акцыю, у часе якой сьпявалі патрыятычныя і рэвалюцыйныя песьні. 24 красавіка 1863 году аддзел Л. Зьвяждоўскага, паплечніка К. Каліноўскага, вызваліў места з-пад расейскага панаваньня, але неўзабаве царскія карнікі здушылі выступленьне. У 1864 годзе за ўдзел мясцовых студэнтаў і выкладнікаў у паўстаньні расейскія ўлады зачынілі земляробчы інстытут і перавялі яго ў Санкт-Пецярбург.
27 жніўня 1867 году адбылося афіцыйнае зацьверджаньне гербу Горак: «у залатым полі тры чорныя горкі, з кожнага вырастае адзін зялёны колас»[6]. У канцы XIX стагодзьдзя тут зьявіліся паштовая станцыя, аптэка, пачаў працаваць чыгуналіцейны завод, мэтэастанцыя. На 1904 год у месьце працавалі 10 гатэляў і нумароў, 7 заезных дамоў, 5 шынкоў, харчэўняў і чайных. Вуліцы асьвятляла 45 ліхтароў. Дзеялі прыватная бібліятэка, таварыства дапамогі бедным, прыватная друкарня, чатыры царквы, пры адной зь якіх — школа граматы (царкоўна-прыходзкая начатковая школа). Падобная школа абслугоўвала і жыдоўскае насельніцтва. У 1917 годзе ўзьнікла Сэкцыя вучняў горацкіх сельскагаспадарчых школаў, якая займалася вывучэньнем беларускай мовы, пашырэньнем цікавасьці мясцовага насельніцтва да нацыянальнай культуры, ладзіла выступы моладзевага тэатра.
-
Земляробчы інстытут. Н. Орда, 1877 г.
-
Земляробчы інстытут
-
Панарама мястэчка, 1882 г.
-
Акадэмія, 1928 г.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Горкі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[7], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР (у Гомельскай, а з 1922 году — у Смаленскай губэрні). 10 кастрычніка 1919 году пачала працаваць моладзевая арганізацыя Беларуская сэкцыя студэнтаў. Яна мела на мэце пашыраць сьвядомасьць паміж беларусамі, знаёміць зь літаратурай, тэатральнымі творамі, гісторыяй, культурным і эканамічным становішчам Беларусі і дапамагаць беларускаму нацыянальнаму руху. У 1924 годзе Горкі вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну. У 1925—1929 гадох у БДСГА выкладаў Ян Серада, у 1926—1928 гадох — Максім Гарэцкі. 28 лістапада 1925 году места наведалі народныя пісьменьнікі Янка Купала і Якуб Колас.
У 1930-я гады было брутальна перапынена рэлігійнае жыцьцё ў Горках. На загад камуністычных уладаў былі зьнішчаныя старадаўнія драўляныя цэрквы і зачынены мураваныя, Сьвята-Мікалаеўская царква была перабудавана ў Акадэмічную бібліятэку, а слабадзкая Спаса-Ўзьнясенская царква была перароблена ў склад, апошняя аднавіла сваю дзейнасьць у час нямецкай акупацыі і дзее да сёньня. У Другую сусьветную вайну з 12 ліпеня 1941 да 26 чэрвеня 1944 году Горкі знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 1948 годзе сельскагаспадарчы інстытут рэарганізавалі ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. 5 жніўня 1959 году адкрылася паветраная лінія Горкі — Менск, пачаў працаваць аэрапорт.
-
Вуліца Вялікая Аршанская
-
Вуліца Паштовая
-
Вуліца Амсьціслаўская
-
Вуліца Прафэсарская
-
Зарэчча
-
Рынак
-
Пляц Сынагогальны. Сынагога
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVII стагодзьдзе: 1697 — 1 тыс. чал.[3]
- XVIII стагодзьдзе: 1780—992 чал.; 1785—1491 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1840—2528 чал.[8]; 1856 — 3830 чал.; 1861 — 4464 чал.[9]; 1864 — 3954 чал.; 1868 — 4908 чал. (2497 муж. і 2411 жан., пісьменных адпаведна 696 і 161); 1880 — 4688 чал.; 1882 — 5,1 тыс. чал.[10]; 1888 — 6331 чал., зь іх 3326 юдэяў[11]; 1897 — 6737 чал. (41,3% пісьменныя); 1900 — 7990 чал.
- XX стагодзьдзе: 1904 — 7137 чал.; 1909 — 7493 чал.[12]; 1910 — 7990 чал.; 1911 — 7519 чал.[13]; 1933 — 8700 чал.; 1939 — 22,5 тыс. чал.[14]; 1970 — 22 тыс. чал.[15]; 1991 — 32,6 тыс. чал.; 1992 — 32 тыс. чал.[16]; 1997 год — 32,8 тыс. чал.[17]
- XXI стагодзьдзе: 2004 — 33,9 тыс. чал.; 2006 — 34,6 тыс. чал.; 2007 — 37,7 тыс. чал.[18]; 2008 — 34,3 тыс. чал.; 2009 — 34,3 тыс. чал.; 2016 год — 33 830 чал.[19]; 2017 год — 34 553 чал.[20]; 2018 год — 34 008 чал.[1]
Рэлігія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Царква Ўшэсьця Гасподняга (Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату)
- Каталіцкая парафія Маці Божай Бялыніцкай і Сьвятой Ганны[21]
- Царква эвангельскіх хрысьціянаў «Міласэрнасьць»[22]
- Царква хрысьціянаў веры эвангельскай «Ласка Божая»
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Горках разьмяшчаецца Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія. Апроч таго, працуюць 5 сярэдніх (адна зь іх гімназія), 1 вячэрняя, музычная, дзіцяча-юнацкая спартовая школы, 6 дашкольных установаў.
Мэдыцына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць Горацкая цэнтральная раённая лякарня, раённая паліклініка, паліклініка БДСГА, працуе сетка аптэкаў.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеюць 3 бібліятэкі, Горацкі раённы цэнтар культуры і палац культуры БДСГА. На тэрыторыі места ўтварылася ўпарадкаваная зона адпачынку — парк з сажалкамі. Маецца добры досьвед працы школы мастацкіх рамёстваў. Горкі зьяўляюцца месцам правядзеньня сэмінараў, навучаньня супрацоўнікаў школаў рамёстваў, якія працуюць у іншых раёнах.
Мас-мэдыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сродкі масавай інфармацыі: газэта «Горацкі веснік» (наклад 3620 асобнікаў, пэрыядычнасьць выпуску — 2 разы на тыдзень), газэта БДСГА «Савецкі студэнт» (наклад 1000 асобнікаў, пэрыядычнасьць — 2 разы на месяц), раённае радыёвяшчаньне «Голас Горацкага краю» (выхад у этэр 9 разоў на тыдзень, агульны аб’ём вяшчаньня — 2 гадзіны 50 хвілінаў).
Разам з гэтым у Горках выдаецца прыватная агульнапалітычная газэта «УзГорак» (наклад 1000 асобнікаў, пэрыядычнасьць — 1 раз на тыдзень), штодзённа ў інтэрнэце абнаўляецца сайт пра мясцовыя падзеі www.horki.info. Таксама свае сайты маюць Горацкая гімназія № 1[23] і Горацкі раённы выканаўчы камітэт[24].
Грамадзкія аб’яднаньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пералік грамадзкіх аб’яднаньняў Горак |
---|
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Плян
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Рэкі Проня, Капылка і Парасіца, а таксама чыгунка падзяляюць тэрыторыю Горак на 3 жылыя раёны: індывідуальнай забудовы, акадэміі і прамысловы. У цэнтральнай частцы месьціцца капітальная 1—2- і 3—5-павярховая забудова, 3—5-павярховыя будынкі знаходзяцца ў мікрараёне і ў паўночнай частцы. Раён БДСГА забудаваны 3—9-павярховымі жылымі дамамі.
Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
Бруцэва-Ерафееўская вуліца | Смаленская вуліца | |
Горкага вуліца | Прафэсарская вуліца | |
Кашавога вуліца | Гарыстая вуліца | |
Крупскай вуліца | Сталярная вуліца | |
Куйбышава вуліца | Малая Аршанская вуліца | |
Леніна вуліца | Раманаўская вуліца | |
Максіма Гарэцкага вуліца | Зялёная вуліца | Молатава вуліца 40 год Кастрычніка вуліца (1957—1993) |
Савецкая вуліца | Амсьціслаўская вуліца (частка, да моста) Шляхецкая вуліца (частка, пасьля моста) |
Машэрава вуліца |
Сацыялістычная вуліца | Салдацкая Слабада вуліца | |
Сурганава вуліца | Палацавая вуліца Інстытуцкая вуліца |
|
Якубоўскага вуліца | Аршанская вуліца Вялікая Аршанская вуліца |
Інтэрнацыянальная вуліца |
? | Рынак пляц | |
? | Сынагогальны пляц |
З урбананімічнай спадчыны Горак да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Азёрная і Красінская.
Мясцовасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гістарычныя мясьцовасьці Горак: Казімераўская Слабада (Казімераўскае прадмесьце), Зарэчча (Замясьніцкае прадмесьце), Шыманоўка.
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадпрыемствы будаўнічых матэрыялаў, харчовай і мясцовай прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Горак |
---|
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Праз Горкі праходзіць турыстычны маршрут «Гістарычна-культурная спадчына Магілёўскага краю»[27]. Спыніцца можна ў гатэлі «Проня» або ў гатэлі БДСГА.
Працуюць «Парнас», кінатэатар «Крыніца», Палац культуры Акадэміі, спартовы комплекс з басэйнам, атлетычнай заляй, саўнай і стадыёнам, клюб; кавярні «Шанс», «Адпачынак», «Лакомка», «Звездочет», «Овертайм», «Ташир», «Версаль»; піцэрыя «Время есть».
Дзеюць Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музэй, музэй Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, мастацкая галерэя.
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Архітэктурныя помнікі:
- Акадэмія сельскагаспадарчая, комплекс будынкаў (ХІХ—ХХ стагодзьдзі, архітэктар Анжэла Кампіёні)
- Вязьніца (ХІХ ст.), дзе ўтрымліваліся студэнты-паўстанцы па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня
- Забудова гістарычная места (ХІХ—ХХ стагодзьдзі; фрагмэнты)
- Забудова драўляная прадмесьцяў Казімераўскай Слабады і Зарэчча (1-я палова ХХ ст.; фрагмэнты)
- Дом Вінакуравых (цяпер Цэнтар эстэтычнага выхаваньня ўпраўленьня адукацыі райвыканкаму)
- Дом, дзе жылі браты Гарэцкія (знаходзіцца пад пагрозай зьнішчэньня)
- Дом Казімера Пазьдзерскага (канец ХІХ ст.), працяглы час у ім месьціўся раёны аддзел міліцыі
- Царква Ўшэсьця Гасподняга (1850; мураўёўка)
Помнікі прыроды:
- Батанічны сад
- Дэндрапарк
Зоны адпачынку:
- Акадэмічныя сажалкі — Верхняя ды Ніжняя
- Аршанская сажалка
- Белы ручай
- Дзіцячы парк
Помнікі:
- Два лысыя балваны на тэрыторыі Акадэмгарадку
- Могілкі юдэйскія
- Надмагільны камень удзельніку паўстаньня 1863—1864 гадоў В. Дамарацкаму
- «Скорбящая мать» — помнік зьнішчанай у кастрычніку 1941 году габрэйскай супольнасьці (звыш 2500 расстраляных), выкананы ў савецкім стылі
- «Тры халасьцякі» — помнік загінулым абаронцам Горак у часы II Сусьветнай вайны
Іншае:
- Конна-спартовая школа
- Першая ў Расейскай імпэрыі дрэнажная сыстэма ды навукова-дасьледчыя гароды (Рытаўскія гароды)
- Мазэпава гара
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Помнікі грамадзянскай архітэктуры:
- Вадзяны млын на рацэ Парасіца
- Дом, дзе жылі браты Гарэцкія, па-барбарску зьнішчаны ў 2012 годзе
- Замак (XVI ст.)
- Палац графаў Салагубаў
- Тэатар графаў Салагубаў
Помнікі сакральнай архітэктуры:
- Касьцёл Сьвятога Андрэя Баболі (1754), зьнішчаны па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня
- Сынагога
- Сынагога
- Царква (1673[28])
- Царква (Сьвяты Пасад)
- Царква (Сьвяты Пасад)[29]
- Царква Сьвятога Юрыя
Страчаныя ў 30-я гады XX стагодзьдзя:
- Царква Прачыстай Багародзіцы (1776)
- Царква Сьвятога Мікалая (1852, мураваная)
- Царква Сьвятой Тройцы
Навучальныя ўстановы:
- Дзяржаўная гімназія (мужчынская)
- Кніжны фонд бібліятэкі Акадэміі страчаны ў час Другой Сусьветнай вайны, сярод згубленага — рарытэтныя выданьні зь бібліятэкі князёў Дандуковых-Корсакавых
- Прыватная жаночая гімназія
- Школа праваслаўнага брацтва (1667[28]), першая вядомая навучальная ўстанова ў Горках
- Школа прыходзкая (XVII ст.; Кіеўская, галіцкая і ўсяе Русі мітраполія)[30]
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Дом Пазьдзерскага
-
Гістарычная забудова
-
Акадэмія, Фізыка-хімічны корпус
-
Акадэмія, правы флігель
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- К. Булавін — кіраўнік сялянскага вызвольнага антырасейскага паўстаньня, загінуў у ліпені 1708 году
- Браты Гарэцкія
- Войцех Дамарацкі — студэнт Горы-Горацкага земляробчага інстытуту, удзельнік паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага (1863—1864); загінуў у час вызваленьня Горак з-пад расейскага панаваньня
- Л. Зьвяждоўскі, паплечнік нацыянальнага героя К. Каліноўскага.
- Уладзімер Ісаенка — археоляг
- Васіль Каваль — беларускі пісьменьнік
- Мікалай Купчын — філёзаф
- Іван Рыдар — палкоўнік, казацка-сялянскі аддзел якога дзеяў у 1659 годзе каля Горак і нават учыніў аблогу Горскага замка, захопленага расейскімі акупантамі
- Казімер Леў Сапега — заснавальнік прадмесьця Слабада (50-я гады XVII ст.)
- Леў Сапега — уладальнік Горы-Горак у XVII стагодзьдзі
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 105.
- ^ а б в Ліўшыц У. Горкі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 546.
- ^ Лазаревский А. Малороссийские посполитые крестьяне (1648-1783 гг.). — Киев, 1908. С. 58.
- ^ Чаропка В. Гісторыя нашага імя: Гіст. даслед. — Менск, 1995. С. 67.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 151.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2008. — 728 с. ISBN 978-985-11-0409-9. С. 459.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2008. — 728 с. ISBN 978-985-11-0409-9. С. 460.
- ^ Sulimierski F. Horki // Słownik geograficzny... T. III. — Warszawa, 1882. S. 125.
- ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2008. — 728 с. ISBN 978-985-11-0409-9. С. 462.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2008. — 728 с. ISBN 978-985-11-0409-9. С. 461.
- ^ Ліўшыц У. Горкі // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 90.
- ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ Ліўшыц У. Горкі // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 89.
- ^ Ліўшыц У. Горкі // БЭ. — Мн.: 1997 Т. 5. С. 360.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2008. — 728 с. ISBN 978-985-11-0409-9. С. 458.
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Горкі — парафія Маці Божай Бялыніцкай і Сьвятой Ганны, Catholic.by
- ^ Царква эвангельскіх хрысьціянаў «Міласэрнасьць» (рас.)
- ^ Горацкая гімназія №1(недаступная спасылка) (рас.)
- ^ Горацкі раённы выканаўчы камітэт (рас.)
- ^ ААТ «Малочныя горкі» (рас.)
- ^ СТАА «Скайфорэст» (рас.)
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
- ^ а б Блог краязнаўца Ўладзімера Ліўшыца
- ^ Горки в 18 столетии, Горкі online
- ^ Марозава С. Униатская система образования, Pawet.net
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2008. — 728 с. ISBN 978-985-11-0409-9.
- Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991. — 303 с.: фота. — ISBN 5-341-00240-7.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Горацкага р-на / Рэдкал.: А. А. Крывянкоў, У. М. Ліўшыц [і інш.]. — Мн.: Вышэйшая школа, 1996. — 589 с. ISBN 985-06-0180-9.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882.
- Стельмашонок, И. М. Защищая Родину (из истории горецкого антифашистского подполья и партизанского движения, участия воинов-земляков в борьбе с немецко-фашистскими захватчиками) / И. М. Стельмашонок. — Горки, 1995. — 44 с.
- Стельмашонок, И. М. Освобождение Горецкого района в годы Великой Отечественной войны / И. М. Стельмашонок. — Горки, 1994. — 64 с.
- Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|