Гісторыя Горак
Горкі — магдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), колішняя сталіца графства, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага[1]. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў былі адным з двух местаў (разам з Пружанамі) на тэрыторыі колішняга ВКЛ, вызваленых на пэўны час з-пад расейскага панаваньня. Галоўная мясцовая славутасьць — Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія, адна з найстарэйшых вышэйшых навучальных установаў Беларусі. Захаваўся комплекс яе старых карпусоў у стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся касьцёл Сьвятога Андрэя Баболі, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра Горкі як сяло ў складзе Горы-Горацкага маёнтку зьмяшчаецца ў Літоўскай мэтрыцы і датуецца 1514 годам. Маёнтак знаходзіўся ў валоданьні князя Друцкага-Горскага. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў паселішча ўвайшло ў склад Аршанскага павету Віцебскага ваяводзтва.
У 1584 годзе Горкі перайшлі да Сапегаў. У 1619 годзе Леў Сапега надаў месту[2] «Статут аб вольнасьцях» і «малое Магдэбурскае права». У гэты час паселішча было цэнтрам маёнтку, тут штогод праводзіліся кірмашы. У 2-й палове XVII стагодзьдзя Юры Станіслаў Сапега меў тытул графа «на Горы-Горках».
У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) у сакавіку 1659 году жыхары Горак узьняліся на ўзброеную барацьбу з усходнімі захопнікамі і доўга трымалі ў аблозе ў Вялікіх Гарах аддзел маскоўскіх салдатаў. У 1676 годзе ў месьце існавалі праваслаўнае брацтва і школа. Паводле інвэнтару, на 1683 год — 510 будынкаў, 2 прадмесьці (Казімерава Слабада і Зарэчча), 3 Рынкі, працавалі рамесьнікі 28 спэцыяльнасьцяў[2].
Захаваліся сьведчаньні літоўскай ідэнтычнасьці жыхароў Горак: «сознаютъ отца и матку свою родомъ з Литви, з города Горокъ»[3][4].
За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) Горкі знаходзіліся ў зоне ваенных дзеяньняў. У ліпені — жніўні 1708 году тут разьмяшчаліся расейскія войскі на чале з А. Меншыкавым і Б. Шарамецьцевым. 9 ліпеня — 16 жніўня 1708 году ў Горках спыняўся цар маскоўскі Пётар I. У 1717 годзе мястэчка з ваколіцамі набыў князь А. Меншыкаў і валодаў ім да высылкі ў Сыбір (1727 год). З 1732 году паселішча было ў валоданьні графа М. А. Патоцкага.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Горкі апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Аршанскім павеце. На 1780 год у мястэчку дзеялі 3 цэрквы і касьцёл. У 1799 годзе ў Горках і навакольных вёсках спыняўся расейскі паэт Г. Дзяржавін, які напісаў тут вершы «Горкі», «Млынар», «Вішы» і інш. У канцы XVIII стагодзьдзя маёнтак перайшоў у валоданьне графа Л. Салагуба. У 1809 годзе ў Горы-Горацкім маёнтку пачала працаваць мануфактура з фарбавальняй. У 1828 годзе за невыкананьне забавязаньня забясьпечваць харчаваньнем армію Кутузава ў вайну 1812 году, расейскі ўрад канфіскаваў маёнтак у Л. Салагуба.
15 жніўня 1840 году адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Горы-Горацкай земляробчай школы (з 1848 году — Горы-Горацкі земляробчы інстытут). Дзякуючы працы Эдуарда Рэга, прафэсара батанікі, паводле праекту італьянскага архітэктара А. Кампіёні на тэрыторыі інстытуту заснавалі дэндрарый. У 1841 годзе пачала працаваць Горацкая мэтэастанцыя. У 1846 годзе ў мястэчку, а ў 1847 годзе ў Казімераўскай Слабадзе адкрыліся расейскія пачатковыя народныя школы. У 1852 годзе выйшаў першы том «Запісак Горы-Горацкага земляробчага інстытуту». У пэрыёдыку разьмяшчаліся матэрыялы пра працу навучальнай фэрмы, адлюстроўваліся дасягненьні сельскагаспадарчай навукі таго часу. У 1857 годзе ў мястэчку ўтварыўся легальны прафэсарска-студэнцкі клюб. Яго ўдзельнікі абмяркоўвалі надзённыя пытаньні і будучую сялянскую рэформу з скасаваньнем прыгоннага права. 26 сьнежня 1861 году Горкі сталі цэнтрам павету Магілёўскай губэрні і зноў атрымалі статус места. У 1862 годзе тут сфармавалася падпольная студэнцкая арганізацыя, якая рыхтавалася да ўдзелу ў паўстаньні К. Каліноўскага. У яе склад уваходзілі С. Віскоўскі, В. Дамарацкі, В. Антановіч, Р. Чарвінскі, З. Міткевіч, С. Дымкевіч і іншыя. Яны разам зь іншымі студэнтамі адкрылі для сялянскіх дзяцей народную школу, выкладаньне ў якой вялося на беларускай мове. 21 красавіка 1862 году паўсотні студэнтаў зладзілі ў фальварку Шыманоўка палітычную акцыю, у часе якой сьпявалі патрыятычныя і рэвалюцыйныя песьні. 24 красавіка 1863 году аддзел Л. Зьвяждоўскага, паплечніка К. Каліноўскага, вызваліў места з-пад расейскага панаваньня, але неўзабаве царскія карнікі здушылі выступленьне. У 1864 годзе за ўдзел мясцовых студэнтаў і выкладнікаў у паўстаньні расейскія ўлады зачынілі земляробчы інстытут і перавялі яго ў Санкт-Пецярбург.
27 жніўня 1867 году адбылося афіцыйнае зацьверджаньне гербу Горак: «у залатым полі тры чорныя горкі, з кожнага вырастае адзін зялёны колас»[5]. У 1873 годзе ў ваколіцах места каля вёскі Пнёўшчыны на правым беразе ракі Лядні, на складзеным з камянёў кургане знайшлі гранітны валун пірамідальнай формы з рунічнымі або фінікійскімі надпісамі: «Помнік Ваала. Тут мы яго выдзеўбалі (высеклі)». У 1881 годзе на земскія сродкі праклалі два масты церз Парасіцу і Проню. У канцы XIX стагодзьдзя у Горках зьявіліся паштовая станцыя, аптэка, пачаў працаваць чыгуналіцейны завод, мэтэастанцыя. У 1902 годзе ў месьце зьявілася першая сацыял-дэмакратычная група. На 1904 год у Горках працавалі 10 гатэляў і нумароў, 7 заезных дамоў, 5 шынкоў, харчэўняў і чайных. Вуліцы асьвятляла 45 ліхтароў. Дзеялі прыватная бібліятэка, таварыства дапамогі бедным, прыватная друкарня, чатыры царквы, пры адной зь якіх — школа граматы (царкоўна-прыходзкая начатковая школа). Падобная школа абслугоўвала і жыдоўскае насельніцтва. 16 студзеня 1905 году ў мірнай дэманстрацыі супраць царызму расейскія карнікі забілі горацкіх навучэнцаў Ф. Ярафеева і П. Бруцэра. У 1917 годзе ўзьнікла Сэкцыя вучняў горацкіх сельскагаспадарчых школаў, якая займалася вывучэньнем беларускай мовы, пашырэньнем цікавасьці мясцовага насельніцтва да нацыянальнай культуры, ладзіла выступы моладзевага тэатра.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Горкі абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР[6], аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР (у Гомельскай, а з 1922 году — у Смаленскай губэрні). 7 красавіка 1919 году горацкія сярэднія сельскагаспадарчыя ўстановы рэарганізавалі ў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут. 10 кастрычніка 1919 году пачала працаваць моладзевая арганізацыя Беларуская сэкцыя студэнтаў. Яна мела на мэце пашыраць сьвядомасьць паміж беларусамі, знаёміць зь літаратурай, тэатральнымі творамі, гісторыяй, культурным і эканамічным становішчам Беларусі і дапамагаць беларускаму нацыянальнаму руху. У 1921 годзе збудавалі будынак чыгуначнай станцыі «Беларускія Горкі» (з 1930 году — «Пагодзіна»). У 1924 годзе Горкі вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну. У 1925—1929 гадох у БДСГА выкладаў Ян Серада, у 1926—1928 гадох — Максім Гарэцкі. 28 лістапада 1925 году места наведалі народныя пісьменьнікі Янка Купала і Якуб Колас. У 1926 годзе ў Горках жыў і працаваў загаднікам катэдры беларускай мовы, літаратуры і гісторыі БДСГА Максім Гарэцкі. 22 кастрычніка 1930 году выйшаў першы нумар раённай газэты «Ленінскі шлях».
У 1930-я гады было брутальна перапынена рэлігійнае жыцьцё ў Горках. На загад камуністычных уладаў былі зьнішчаныя старадаўнія драўляныя цэрквы і зачынены мураваныя, Сьвята-Мікалаеўская царква была перабудавана ў Акадэмічную бібліятэку, а слабадзкая Спаса-Ўзьнясенская царква была перароблена ў склад, апошняя аднавіла сваю дзейнасьць у час нямецкай акупацыі і дзее да сёньня. У Другую сусьветную вайну з 12 ліпеня 1941 да 26 чэрвеня 1944 году Горкі знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху.
У 1948 годзе сельскагаспадарчы інстытут рэарганізавалі ў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. 5 жніўня 1959 году адкрылася паветраная лінія Горкі — Менск, пачаў працаваць аэрапорт. У 1967 годзе на рацэ Парасіцы стварылі першае ў месьце штучнае возера. У 1975 годзе ў Горках збудавалі мэмарыял «Тужлівая маці», пры якім запалілі «Вечны агонь». У 1984 годзе ў месьце заснавалі Горацкі раённы гісторыка-этнаграфічны музэй. У 1987 годзе пачаў працаваць мескі стадыён. У канцы 1980-х гадоў пачаў дзеяць незалежны «Клюб выбаршчыкаў» начале зь Я. Мажугіным. У 1999 годзе выйшаў першы нумар прыватнай горацкай газэты «Региональные ведомости». У 2007 годзе пачаў працу сайт www.horki.info. У 2009 годзе выйшаў першы нумар агульнапалітычнай газэты «УзГорак».
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Места
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Вуліца Амсьціслаўская
-
Вуліца Аршанская
-
Вуліца Аршанская
-
Вуліца Паштовая
-
Рынак
-
Пляц Сынагогальны. Сынагога
-
Меская ўскраіна
-
Зарэчча
Казімераўская Слабада
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Царква
-
Царква
-
Вуліца
-
Вуліца
Інстытут
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
да 1918 г.
-
1925 г.
-
1916 г.
-
1910-я гг.
-
1916 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
да 1918 г.
-
С. Юркоўскі, да 1900 г.
-
С. Юркоўскі, да 1900 г.
-
С. Юркоўскі, да 1900 г.
-
С. Юркоўскі, да 1900 г.
-
С. Юркоўскі, да 1900 г.
-
С. Юркоўскі, да 1900 г.
-
С. Юркоўскі, да 1900 г.
-
да 1900 г.
-
1930-я гг.
-
1930-я гг.
-
1930-я гг.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ткачоў М. Замкі і людзі. — Мн., 1991. С. 105.
- ^ а б Ліўшыц У. Горкі // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 546.
- ^ Лазаревский А. Малороссийские посполитые крестьяне (1648-1783 гг.). — Киев, 1908. С. 58.
- ^ Чаропка В. Гісторыя нашага імя: Гіст. даслед. — Менск, 1995. С. 67.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 151.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — 480 с. — ISBN 985-11-0061-7
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — 576 с. — ISBN 985-11-0090-0
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 5, кн. 1. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Г.П. Пашкоў (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2008. — 728 с. ISBN 978-985-11-0409-9.
- Нашы гарады: грамадска-палітычнае даведачнае выданне / У. А. Малішэўскі, П. М. Пабока. — Мн.: Народная асвета, 1991. — 303 с.: фота. — ISBN 5-341-00240-7.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Горацкага р-на / Рэдкал.: А. А. Крывянкоў, У. М. Ліўшыц [і інш.]. — Мн.: Вышэйшая школа, 1996. — 589 с. ISBN 985-06-0180-9.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882.
- Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.