Перайсьці да зьместу

Віцебская вобласьць

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Віцебская вобласьць

Сьцяг
Агульныя зьвесткі
Краіна Беларусь
Статус вобласьць
Адміністрацыйны цэнтар Віцебск
Улучае 21 раён
Найбуйнейшыя гарады Полацак
Ворша
Наваполацак
Лепель
Дата ўтварэньня 15 студзеня 1938 року
Старшыня аблвыканкаму Мікалай Шарсьнёў
Насельніцтва (2018)
1 180 202[1] (12,5%, 4-е месца)
Шчыльнасьць 29,4 чал./км²
Нацыянальны склад беларусы — 85,1%
расейцы — 10,2%
украінцы — 1,2%
палякі — 0,9%[2]
Плошча 40,1 тыс. км² (19,4%)
Вышыня па-над узр. м.
 · найвышэйшы пункт
 · сярэдняя вышыня

 гара Гаршэва — 296 м
 137 м[3]
Месцазнаходжаньне Віцебскай вобласьці
Віцебская вобласьць на мапе
Мэдыя-зьвесткі
Часавы пас UTC +3
Код ISO 3166-2 BY-VI
Тэлефонны код +375-21
Паштовыя індэксы 210ххх 211ххх
Код аўтам. нумароў 2
[Старонка ў сеціве Афіцыйны сайт]
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Ві́цебская во́бласьць — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Беларусі. Плошча вобласьці складае 40,1 тыс. км². Насельніцтва на 2018 год — 1 180 202 чалавекі[1]. Адміністрацыйны цэнтар — места Віцебск.

Герб Віцебскага ваяводзтва

Геаграфічнае становішча

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Віцебская вобласьць разьмешчаная ў паўночнай частцы Беларусі. Максымальная працягласьць тэрыторыі з поўначы на поўдзень — 300 км, а з усходу на захад — 175 км. Тэрыторыя вобласьці займае 40,8 тыс. км².

На ўсходзе мяжуе са Смаленскай, на поўначы — з Пскоўскай абласьцямі Расеі, на паўночным захадзе — з Латвіяй, на захадзе — зь Летувой і Гарадзенскай вобласьцю, на поўдні — зь Менскай і Магілёўскай абласьцямі Беларусі.

Амаль уся тэрыторыя вобласьці разьмешчаная ў межах Беларускага Паазер’я. У цэнтральнай частцы і на захадзе Полацкая, на паўночным усходзе Сураская, на ўсходзе Лучоская нізіны, на поўдні Чашніцкая раўніна і Верхнебярэзінская нізіна. Узвышшы (Гарадоцкае, Віцебскае, Аршанскае, часткова Смаленскае, Вушацка-Лепельскае) і грады (Браслаўская і Сьвянцянскія) займаюць чвэрць тэрыторыі вобласьці і пераважаюць на яе ўскраінах.

Выведаныя радовішчы далямітаў, частка іх прамыслова распрацоўваецца. Ёсьць паклады цэмэнтавых і легкаплаўкіх глінаў і суглінкаў, шмат торфу, будаўнічых пяскоў. У азёрах сустракаюцца мінэральныя воды й бузы.

Клімат і расьліннасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Клімат умерана-кантынэнтальны. Сярэдняя тэмпэратура студзеня ад −6,6 °С на паўднёвым захадзе да −8,4 °С на паўночным усходзе, ліпеня каля 17—18 °С. Вэгетацыйны пэрыяд 180—190 дзён. Ападкаў выпадае ад 600 мм у рок на раўнінах да 750 мм на ўзвышшах.

Лясы займаюць 37,4% усёй тэрыторыі. Яны ў асноўным хваёвыя і яловыя. Ёсьць таксама бярозавыя, алешнікавыя, асінавыя. Пад балотамі — каля 6%, палова зь іх асушаная.

На Віцебшчыне вялікае значэньне надаецца захаваньню прыродных помнікаў, Нацыянальны парк «Браслаўскія азёры» сумесна зь Бярэзінскім біясфэрным запаведнікам улучаныя ў праект Вольнай эканамічнай зоны «Залатое кольца Беларусі». Таксама створаныя 26 заказьнікаў дзяржаўнага значэньня, узятыя пад ахову каля 80 аб’ектаў прыроды.

Луг у Віцебскай вобласьці
Луг у Віцебскай вобласьці

Вобласьць займае першае месца ў Беларусі паводле шчыльнасьці рачной сеткі, па колькасьці і агульнай плошчы азёраў. Яе рэкі належаць басэйну Дзьвіны (80%), а таксама Дняпра, Нёману, Ловаці. Найвялікшыя — Заходняя Дзьвіна з прытокамі Усьвяча, Обаль, Палата, Дрыса, Каспля, Лучоса, Вула, Вушача, Дзісна, і Дняпро. Тут бяруць пачатак яго прытокі Бярэзіна і Друць. У вобласьці больш за 2,8 тыс. азёраў, буйнейшыя Асьвейскае, Лукомскае, Дрысьвяты, Дрывяты, Няшчэрда, Снуды, Езярышча, Струста, Абстэрна.

Па тэрыторыі вобласьці праходзяць чыгуначныя міжнародныя магістралі Масква — Ворша — Менск — Варшава, Санкт-Пецярбург — Віцебск — Ворша — Кіеў, Смаленск — Віцебск — Полацак — Рыга. Важнае значэньне маюць таксама лініі Ворша — Унеча, Невель — Полацак — Маладэчна, Ворша — Лепель, Каралеўшчына — Паставы і далей у Летуву. Найбуйнейшыя вузлы — Ворша, Віцебск, Полацак. Эксплюатацыйная даўжыня чыгунак складае звыш 1 210 км.

Галоўныя аўтамагістралі, якія перасякаюць вобласьць: Масква — Ворша — Менск — Берасьце, Санкт-Пецярбург — Віцебск — Ворша — Кіеў, Смаленск — Віцебск — Полацак — Дзьвінск, Віцебск — Лепель — Менск. Дарогі зь цьвёрдым пакрыцьцём складаюць звыш 3,6 тыс. км. Суднаходзтва зьдзяйсьняецца па Заходняй Дзьвіне ад Вяліжа да Полацку і па Дняпры ніжэй за Воршу.

У Віцебску ёсьць аэрапорт.

Па тэрыторыі вобласьці праходзіць адгалінаваньне нафтаправода «Дружба», пракладзены газаправод «Зьзяньне Поўначы».

Асноўная спэцыялізацыя — вытворчасьць электраэнэргіі, перапрацоўка нафты, нафтахімія, машынабудаваньне, лёгкая і харчовая галіны. Тут вырабляюць усе льняныя тканіны, поліэтылен, палову беларускіх нафтапрадуктаў і электраэнэргіі, каля 40% дываноў, больш за 30% панчошна-шкарпэткавых вырабаў. Выпускаюцца станкі, абутак, будаўнічыя матэрыялы, алей, мясныя і малочныя кансэрвы. Дзейнічае самая магутная ў Беларусі Лукомальская ДРЭС. Найбуйнейшыя спэцыялізаваныя прадпрыемствы засяроджаныя ў Віцебску, Полацкім прамысловым вузьле, Воршы. Функцыянуе вольная эканамічная зона «Віцебск». Вобласьць уваходзіць у эўрарэгіён «Азёрны край». На 2023 год дзейнічала звыш 1400 прамысловых прадпрыемстваў. Сярод іх найбольшымі былі «Нафтан» у Наваполацку, «Полацак-Шкловалакно», «Даламіт» у Віцебскім раёне, абутковыя прадпрыемствы «Марко» і «Белвэст» у Віцебску, а таксама «Віцебскія дываны»[5].

Сельская гаспадарка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сельская гаспадарка спэцыялізуецца на вырошчваньні зерневых і кармавых культураў, а таксама льну. Разьвітыя азёрна-рыбныя гаспадаркі. Глебы сельскагаспадарчых земляў пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-забалочаныя, тарфяныя, займаюць 40,5% вобласьці. Для іх характэрная мазаічнасьць і камяністасьць. Працуюць калектыўныя сельгаспрадпрыемствы і каапэратывы, каля 400 фэрмэрскіх гаспадарак. На 2023 год працавала 215 земляробчых прадпрыемстваў[5].

  • 2018 год — 1 180 202 чал.[1]
  • 2017 год — 1 187 983 чал.[6]
  • 2016 год — 1 193 587 чал.[7]
  • 2014 год — 1 202 200 чал.[8]

Насельніцтва вобласьці паводле перапісу (1999) склала 81% колькасьці даваенных рокаў, або 1377,2 тыс. чалавек, у тым ліку ў мескіх паселішчах — 923,1 (67%), у сельскіх — 454,1 тыс. чалавек (33%).

За пэрыяд з 1959 па 1999 рок мескае насельніцтва павялічылася ў 2,3 разы, сельскае за гэты жа час паменшылася на 48%.

Этнічны склад: беларусы — 82%, расейцы — 13,6%,
украінцы — 1,6%, палякі — 1,5%, іншыя — 1,3%

Працягласьць жыцьця дасягнула да канца 80-х рокаў ХХ ст. 71,3 году, але пасьля гэтага стала пасьлядоўна зьніжацца, і ў 2002 року склала 67,5 году, у тым ліку ў мужчын — 61,9 году, у жанчын — 73,6.

У вобласьці налічваецца 6480 сельскіх населеных пунктаў, зь іх 366 — без насельніцтва. Сярод сельскіх населеных пунктаў пераважаюць невялікія селішчы — зь лікам жыхароў да 10 чалавек. Такіх населеных пунктаў на пачатак 2006 року было 4718, або 73% ад агульнай колькасьці. У іх пражывае 19% сельскага насельніцтва. Асноўная дзель вяскоўцаў пражывае ў 116 населеных пунктах з колькасьцю больш за 500 чалавек у кожным зь іх. Найбуйнейшымі зьяўляюцца — аг. Акцябарская і аг. Ноўка Віцебскага, в. Фарынава Полацкага, в. Каралеўшчына Докшыцкага, в. Бароўка Лепельскага, в. Бабінічы і в. Андрэеўшчына Аршанскага раёнаў. У сярэднім у адным сельскім населеным пункце вобласьці пражывае 58 чалавек. Найбольш малалікія селішчы разьмешчаныя ў Браслаўскім, Мёрскім і Пастаўскім раёнах, а шчыльнанаселеныя — у Аршанскім і Віцебскім.

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2023 год вобласьць налічвае 21 раён, 19 местаў, 22 мястэчкі[5] і 6400 вёсак.

  1. ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  2. ^ Перепись населения — 2009. Витебская область. Национальный состав населения (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  3. ^ GeoNames (анг.) — 2005.
  4. ^ У якіх межах былі абвешчаныя Беларуская Народная Рэспубліка і БССР? // 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  5. ^ а б в Даты гісторыі: 85 гадоў Віцебскай, Гомельскай, Менскай і Магілёўскай абласьцям // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 12 студзеня 2023 г. Праверана 26 студзеня 2023 г.
  6. ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  7. ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
  8. ^ Demographic situation in January 2014 (анг.) // Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь, 9 лютага 2014
  • Витебская область // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]