Перайсьці да зьместу

Снуды

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Возера
Снуды
Панарама Снудоў
Панарама Снудоў
Возера Снуды
Краіна Беларусь
Плошча 22 км²
Плошча вадазбору 113 км²
Максымальная глыбіня 17,8 м
Сярэдняя глыбіня 4,9 м
Празрыстасьць 6 м
Найбольшая даўжыня 8,8 км
Найбольшая шырыня 4,9 км
Даўжыня берагавой лініі 34,4 км
Вышыня над узроўнем мора 129,6 м
Аб’ём вады 0,107 км³
Каардынаты 55°45′14.66″ пн. ш. 27°3′43.46″ у. д. / 55.7540722° пн. ш. 27.0620722° у. д. / 55.7540722; 27.0620722Каардынаты: 55°45′14.66″ пн. ш. 27°3′43.46″ у. д. / 55.7540722° пн. ш. 27.0620722° у. д. / 55.7540722; 27.0620722
Снуды на мапе Беларусі
Снуды
Снуды
Снуды
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Снуды́ — возера ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласьці, за 10 км на поўнач ад гораду Браслаў, каля вёскі Глінішкі. Другое паводле плошчы ў групе Браслаўскіх азёраў. Належыць да басэйна ракі Друйкі.

Вадаём знаходзіцца ў басэйне ракі Друйка. Другое паводле велічыні возера сярод вадаёмаў Браслаўскай групы. Плошча возера складае 22 км². Найбольшая глыбіня возера — 16,5 м, сярэдняя — 4,9 м. Даўжыня — 8,8 км, найбольшая шырыня — 4,9 км. Даўжыня берагавой лініі — 34,4 км. Аб’ём вады ў возеры складае 107 млн м³, плошча вадазбору — 113 км².

Прыток вады ў возера йдзе па 13-ці невялікіх струменях, шмат зь якіх улетку перасыхае, а таксама пратокаю з возера Воласа Паўночны.

У 1935 годзе дасьледаваньне возера праводзіў польскі географ Кандрацкі. Паводле ягоных вымярэньняў плошча возера складала 24,38 км². 30 гадоў пазьней, у 1965 годзе супрацоўнікі Ўпраўленьня Гідрамэтэаслужбы БССР, вывучаючы возера, выявілі, што ягоная плошча зьменшылася да 22 км² у сувязі з штучным паніжэньнем ўзроўню вады.

Спорава-пылковы аналіз, які быў праведзены вучонымі Інстытуту геахіміі і геафізыкі АН БССР засьведчыў, што возера ўтварылася 10 тысячаў гадоў таму, а сучаснае аблічча набыла 3—5 тысячаў гадоў таму.

Катлавіна і рэльеф

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Катлавіна возера выцягнутая з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход і мае складаны тып. Схілы катлавіны возера маюць вышыню да 30 мэтраў. Схілы сугліністыя і пяшчаныя. На ўсходзе і паўднёвым усходзе схілы абрываюцца блізка каля ўрэзу вады. Берагі возера нізкія, пераўвільготненыя. Уздоўж усходняга берага праходзіць озавая града, парослая лесам.

Пойма Снудоў мае шырыню ад 5 да 150 мэтраў. Упадзіны дна чаргуюцца зь пяшчанымі мелкаводзьдзямі. Большасьць мелкаводзьдзяў парасла трысьнягом.

Мелкаводная зона возера пяшчаная, месцамі гліністая, камяністая. На глыбінях дно высланае сапрапэлем і гліністым глеем. Агульная магутнасьць адкладаньняў на большай частцы дна не перавышае 3—4 мэтраў, але ў закрытых затоках яна павялічваецца да 9—10 мэтраў.

Максымальныя глыбіні знаходзяцца ў паўднёвым плёсе возера. Найбольшая зь іх — 17,8 мэтраў — знаходзіцца ва ўсходняй частцы возера. У найбольш шырокай паўночнай частцы возера глыбіні не перавышаюць 13 мэтраў.

Глыбіні больш за 10 м складаюць каля 24% плошчы паверхні возера, глыбіні больш за 5 м — каля 29% плошчы.

На возеры знаходзяцца 11 выспаў, агульная плошча якіх складае 1,6 км². У малаводныя гады мелкаводзьдзі возера могуць агаляцца. У такіх выпадках колькасьць выспаў павялічваецца да 16.

У склад найбольш вялікіх астравоў уваходзяць Турмас, Чырвонагорка, Лакіна, Лішавец. Гэтыя астравы выцягнутыя з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход уздоўж доўгай восі возера. Выспы складаюцца пераважна з чырвона-бурай марэны зь вялікай колькасьцю валуннага матэрыялу. Яны амаль пазбаўленыя расьліннасьці і вельмі добра заўважныя на тле блакітнай вады.

Выспы на возеры чаргуюцца з паніжэньнямі правільнай формы.

Вада ў возеры добра перамешваецца. Як вынік, утрыманьне кіслароду ў возеры высокае практычна на ўсіх глыбінях. Дэфіцыт кіслароду назіраецца толькі на найбольшых глыбінях і ў прыдонным пласьце вады. Дэфіцыт асабліва ўзмацняецца пасьля догага бязьветравага надвор’я.

Тэмпэратурнае падзяленьне вады вельмі яскрава выражанае ў паўднёвай частцы, дзе рознасьць паверхневых і прыдонных тэмпэратураў вады можа дасягаць 13—15°, і менш значна — у паўночнай частцы, дзе назіраецца паступовае паніжэньне тэмпэратуры з павелічэньнем глыбіні.

Узімку назіраюцца адносна нізкія прыдонныя тэмпэратуры, якія могуць сягаць да 2,4—2,7 °C. Гэта зьвязана з слабым зімовым разаграваньнем і асеньнім ахалоджваньнем возера. Высокая насычанасьць кіслародам у зімовы час, якая складае ня менш за 40—45%, забясьпечваецца паніжанным утрыманьнем арганічных рэчываў ў вадзе.

Для возера характэрныя сярэдняя мінэралізацыя і высокая празрыстасьць вады, якая складае каля 6 мэтраў.

Шырыня паласы расьліннасьці, якая прадстаўленая трысьнягом і чаротам, уздоўж берагоў складае ад 300 мэтраў. Прыбярэжная расьліннасьць пашыраная да глыбіні 2 м, падводная — да глыбіні 8 м.

Трысьнёг адрозьніваецца разрэжанасьцю і невялікай біямасай, але разам з тым займае вялікую паласу ва ўсходняй і паўднёва-ўсходняй частцы возера.

З глыбіні 4—5 мэтраў адзначаныя скапленьні рдзестаў і харавых водарасьцяў. Яны займаюць шырокую паласу да глыбіні 7,5 мэтраў. На возеры вялікае распаўсюджваньне атрымала эладэя, якая здольная паглянаць з вады шкодныя рэчывы і спалучэньні.

Фітаплянктон Снудоў складаецца з 33 відаў водарасьцяў, большасьць зь якіх складаюць дыятомавыя. Агульная біямаса фітаплянктону складае 4 г/м³. Зааплянктон складаецца з 97 відаў. Ягоная біямаса ўлетку складае 1,0—1,5 г/м³, што зьяўляецца сьведчаньнем абмежаванай комнасьці вадаёма. Асноўную масу заабэнтасу складаюць малюскі.

У возеры налічваюцца 22 віды рыб, асноўнымі зь якіх зьяўляюцца платва, шчупакі, акуні, ліны, сялява, вугры. Таксама пашыраныя ўкляя, які, сьняткі. З суседніх азёраў у Снуды патрапілі амурскія сазаны і срэбныя карасі.

Возера зьяўляецца прыёмнікам вады з 14 невялікіх азёраў, агульная плошча якіх складае 7,3 км². У Снуды ўпадаюць 13 ручаёў і дробных рэк. Большасьць зь іх перасыхаюць у летні час. Возера папаўняецца вадой круглы год толькі ручаямі, якія ўпадаюць у ягоную паўночна-заходнюю частку. Таксама вялікая колькасьць вады трапляе ў возера праз атмасфэрныя ападкі.

Возера Снуды злучанае пратокай з возерам Струста на поўдні, канавай з возерам Воласа Паўночны на ўсходзе. Пратока, якая злучае азёру Снуды і Струста мае дастаткова вялікую шырыню, глыбіню каля 3 мэтраў і зьяўляецца асноўным вытокам вады з возера Снуды.

Рэкрэацыя і антрапагенны фактар

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На возеры вядзецца прамысловы і аматарскі лоў рыбы. Раней сярэдні прамысловы вылоў складаў 130—280 цэнтнэраў у год.

У 1985 року на Снудох створаны арніталягічны заказьнік мясцовага значэньня[1].

Вадаём уваходзіць у зону адпачынку «Браслаў». Створаны непадалёк міжазёрны ляндшафтны заказьнік прымыкае да ўсходняга берага Снудоў.

  • Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995.— 799 с. ISBN 985-11-0026-9.
  • Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1
  • Озера Белоруссии. О. Ф. Якушко и др. — Мн.: Ураджай, 1988.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]